апафео́з

(гр. apotheosis = абогатварэнне)

1) праслаўленне, узвелічэнне якой-н. асобы, з’явы, падзеі;

2) урачыстая заключная сцэна ў некаторых спектаклях з удзелам усіх выканаўцаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

велича́ние

1. (действие) называ́нне, -ння ср.; веліча́нне, -ння ср.; праслаўле́нне, -ння ср.; (залі́шняе) узніма́нне, -ння ср., (залі́шняе) узнясе́нне, -ння ср., (залі́шняе) расхва́льванне, -ння ср.; см. велича́ть;

2. уст., обл. (песня) веліча́нне, -ння ср.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Сла́ва ‘шырокая вядомасць, прызнанне’ (Гарэц., Кос., Некр. і Байк.), ‘рэпутацыя’ (Ласт., Федар. 4, Пятк. 2), ‘думка іншых людзей’ (Сержп.), ‘ганьба’ (Ян.), ‘ганьба, дрэнная погаласка’, ‘ацэнка, рэпутацыя’ (ТС), ‘чуткі, размовы’ (ТСБМ), ‘хвала, гонар’ (Гарэц., Некр. і Байк.). ст.-бел. слава ‘агульная думка, рэпутацыя; хвала, гонар; шырокая вядомасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 77). Укр., рус. сла́ва, польск., в.-луж., н.-луж. sława, чэш., славац. sláva, серб.-харв. сла̏ва ‘слава, праслаўленне’, ‘свята ў гонар пэўнага святога’, славен. sláva, балг. сла́ва, макед. славапраслаўленне, родавае свята’, ст.-слав. слава. Прасл. *slava. Як сцвярджае Махэк₂ (552), поствербальны дэрыват ад прасл. *slaviti. Звязана чаргаваннем галосных з слова (гл.). Роднасныя літ. slóvẽ ‘гонар; хвала’, šlãvinti ‘славіць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; слава’, грэч. χλέος ‘слава’, ст.-інд. çrávas н. р. ‘хвала, слава, гонар’; гл. Траўтман, 307 і наст.; Мее, Études, 208; Буга, РФВ, 75; 145; Фасмер, 3, 664 з літ-рай. Корань *slav‑/*‑slav‑ часта сустракаецца ў славянскіх складаных імёнах тыпу: Славамір, Станіслаў, Барыслаў і пад. Гл. яшчэ БЕР, 6, 829–830. Сла́віць ‘праслаўляць’ узыходзіць да прасл. *slaviti, параўн. укр. сла́вити, рус. сла́вить, польск. sławić, в.-луж. sławić, н.-луж. sławić, чэш. slaviti, славац. slaviť, серб.-харв. сла̏вити, славен. slavíti, балг. сла́вя, макед. слави, ст.-слав. славити. Гл. аб дзеяслове Фасмер, 3, 664; БЕР, 6, 833 з аглядам літ-ры. Праблему складаюць адносіны назоўніка і дзеяслова. Трубачоў (SlW, 33) сцвярджае, што *slava > *slaviti, падобна да іншых выпадкаў утварэння каузатыўных дзеясловаў ад назоўнікаў тыпу *bava > *baviti, *trava > *traviti і пад., г. зн. слова ўяўляецца як сярэдняе звяно дэрывацыйнага рада: *sluti (гл. слыць) > slava > *slaviti, гл. таксама Трубачоў, Труды, 1, 148–150. Супрацьлеглага пункта погляду, выказанага Махэкам₂ (там жа), прытрымліваюцца Немец (SlW, 20 і наст.) і Шаўр (Slavia, 49, 1–2, 19–25), згодна з якімі слова паходзіць ад *slaviti, утворанага шляхам дэпрэфіксацыі *proslaviti, *oslaviti, паколькі прэфіксальныя формы больш раннія за непрэфіксальныя, паводле матэрыялаў “Слоўніка стараславянскай мовы”; развіццё уяўляецца як sluti > *oslaviti > *oslava > *slaviti > *slava, паколькі першапачаткова *slaviti не значыла ‘праслаўляць’, а ‘пашыраць добрыя звесткі аб некім’, што неістотна. Адносіны *slava да *slova (гл. слова), паводле Ломы (Пракосово, 171), уяўляюцца наступным чынам: або *slava ад *slova шляхам падаўжэння карэннай галоснай o > a, або як поствербатыў ад дзеяслова *slaviti, які ў сваю чаргу з’яўляецца ітэратывам ад *sloviti ‘выслаўляць, выражаць’, што ўтварыўся як дэмінатыў ад *slovo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПРАВАСЛА́ЎЕ (ад слоў «правільнае праслаўленне» Бога),

адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з каталіцызмам, пратэстантызмам і стараж. ўсходнімі цэрквамі). Склалася як яго ўсх. галіна пасля падзелу Рымскай імперыі (395) і аформілася ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Атрымала пашырэнне гал. чынам ва Усх. Еўропе і Б. Усходзе. Першапачаткова была пануючай рэлігіяй Візантыйскай імперыі, таму зведала ўплыў яе гіст. развіцця, што адбілася ў яе веравучэнні і ў арганізацыі правасл. цэркваў.

Аснову веравучэння П., сфармуляванага ў сімвале веры, прынятым на Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) усяленскіх саборах, складаюць Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (патрыстыка, пастановы першых 7 усяленскіх сабораў і інш.). Яно зыходзіць з прызнання трыадзінага Бога — творцы і кіраўніка Сусвету, замагільнага свету, пасмяротнай адплаты, збавіцельнай місіі Ісуса Хрыста, які адкрыў магчымасць для выратавання чалавека, на якім ляжыць пячаць першароднага граху. Адно з гал. месцаў у богаслужэбнай практыцы П. займаюць 7 хрысціянскіх таінстваў. хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства, пакаянне (споведзь), мірапамазанне, шлюб, ялееасвячэнне (сабораванне). Вял. значэнне надаецца святам і пастам. У П. адвяргаецца шэраг прынятых у каталіцызме догматаў (аб бязгрэшнасці папы рымскага, аб зыходжанні Св. Духа і ад Бога-бацькі, і ад Бога-сына, аб чысцілішчы, аб бязгрэшным зачацці Ганнай Дзевы Марыі, аб цялесным унебаўзяцці Дзевы Марыі), па-іншаму выконваюцца некат. таінствы. Існуюць адрозненні ў царк. архітэктуры і начынні, строях святароў, інш. атрыбутыцы і абраднасці. У П. богаслужэнне вядзецца на родных (у слав. краінах — на царк.слав.) мовах. Святары (не манахі) павінны быць жанатымі, архірэі — бясшлюбнымі (пасвячаюцца з манаскага духавенства). У П. аўтакефальныя (самастойныя) цэрквы складаюць усяленскую правасл. царкву, аднак адсутнічае адзіны духоўны цэнтр. Канстанцінопальскі патрыярх, прадстаяцель царквы ў сталіцы б. Візант. імперыі традыцыйна захоўвае тытул усяленскага, але не мае адм. улады над інш. цэрквамі.

На 2001 у свеце 15 кананічных аўтакефальных цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэшскіх зямель і Славакіі, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі; 9 першых з іх узначальваюцца патрыярхамі) са сваёй шматступеньчатай іерархіяй (гл. Духавенства, Епіскап, Мітрапаліт). Шэраг рэліг. аб’яднанняў таксама называюць сябе цэрквамі, але яны не атрымалі кананічнага прызнання (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква на эміграцыі, Украінская аўтакефальная правасл. царква, Кіеўскі патрыярхат і інш). Прыхільнікі П складаюць большасць вернікаў у Расіі, Беларусі, Украіне, Малдавіі, Грузіі, Балгарыі, Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі, Грэцыі, Кіпры, Румыніі. П. значна пашырана ў Албаніі, Ліване, Сірыі і інш. краінах, а таксама сярод эмігрантаў з гэтых краін у Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі традыцыйна годам увядзення П. лічыцца 992 (заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі). Гісторыю П. на Беларусі гл. ў арт. Беларуская праваслаўная царква.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хвала́, ‑ы, ж.

1. Праслаўленне, усхваленне. Дык урачыста, з пачуццём Братэрства нашых сэрцаў, — хорам, Браты, уславім залп «Аўроры», Хвалу Кастрычніку спяём! А. Александровіч. Пайшла пра звеннявую на ўвесь край Такая слава і хвала, Што і сама таго Агата ўцяміць не магла. Маеўскі. // Адабрэнне, добры водзыў, пахвала. Людзі чулі, як іх хлопца, хлопца іх сяла, пахваліў такі вучоны чалавек, і гэта хвала лажылася трохі і на іх саміх. Колас.

2. у знач. вык. Вокліч захаплення, прызнання, удзячнасці каму‑, чаму‑н. Хвала вам, адважных героі! □ Хвала табе, Кастрычніка дзяржава! Машара. І земляроб у кожным доме, на кожнай ніве паўтарыў: — Хвала дажджу!.. Вялюгін.

3. Разм. Рэпутацыя каго‑н., агульная думка пра каго‑н. Граф Кісялёў, які «заваяваў» сабе хвалу «рэфарматара», не вельмі спяшаўся зрабіць вывады. «Полымя».

•••

Адна хвала — усё роўна. [Цімох:] — Ці так або сяк прападу — Адна табе ўсюды хвала. Колас. Адзін хоць з’еш вала — усё адна хвала. Прыказка.

Пець хвалу гл. пець.

Хвала богу (у знач. пабочн.) — тое, што і дзякуй (дзякаваць) богу (гл. дзякуй).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РУ́БЕНС ((Rubens) Пітэр Паўэл) (28.6.1577, г. Зіген, Германія — 30.5.1640),

фламандскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў жывапісу барока. З 1589 жыў у Антверпене. З 1591 вучыўся ў Т.​Верхахта, А. ван Норта, О.​Веніуса (ван Вена); з 1600 у Італіі, вывучаў творы Мікеланджэла, братоў Карачы, М.​Караваджа, жывапісцаў венецыянскай школы. З 1608 у Антверпене, гал. прыдворны жывапісец інфанты Ізабэлы Аўстрыйскай. У ранніх творах выявілася імкненне Р. да адлюстравання італьян. уражанняў у духу нац. маст. традыцый. Не парушаючы прынцыпаў сталага барока, асн. зместам творчасці стала праслаўленне жыцця ў яго стыхійных праяўленнях. У творах ствараў ілюзію неабсяжнай прасторы, разбураў ізаляванасць выяў кампазіцыі. Манум. рэліг. творы пач. 1610-х г. поўныя дэкар. размаху, асіметрычныя, падначаленыя неспакойнаму, складанаму рытму; фігуры часта выяўляюцца ў руху і рэзкіх ракурсах, шырока ўжыты кантрасты святлаценю: «Узняцце крыжа» (каля 1610—11), «Зняцце з крыжа» (каля 1611—14). Пісаў карціны на міфалагічныя тэмы, парадныя партрэты ў рэчышчы нідэрландскіх традыцый 16 ст. («Аўтапартрэт з Ізабэлай Брант», 1609), якім уласцівы інтымная прастата кампазіцыі, дасканаласць прапрацоўкі мадэлі і адзення, стрыманы вытанчаны каларыт. У 1612—20 творчасць Р. дасягнула росквіту ў работах на біблейскія сюжэты і тэмы ант. міфалогіі, якія ён трактаваў з выключнай смеласцю і свабодай выяўлення прыгажосці аголенага чалавечага цела, апявання пачуццёвай радасці зямнога быцця: міфалагічныя кампазіцыі «Саюз Зямлі і Вады» (каля 1618), «Выкраданне дочак Леўкіпа» (каля 1619—20), «Персей і Андрамеда» (каля 1620—21). Фігуры людзей, ант. божастваў, жывёл на фоне квітнеючай прыроды або фантаст. архітэктуры ў яго карцінах сплятаюцца ў складаныя кампазіцыі, гарманічна ўраўнаважаныя або прасякнутыя дынамікай (два варыянты «Страшнага суда», каля 1615—16 і каля 1618). Паступова адмаўляўся ад характэрнага для ранніх твораў лакальнага колеру, дасягнуў выключнага майстэрства ў перадачы градацый святла і колеру, паветраных рэфлексаў. Пейзажы Р. («Возчыкі камення», каля 1620) часцей прыдуманыя, але поўныя адчування гарманічнасці і цэласнасці асяроддзя. Каля 1611—18 спраектаваў свой дом у Антверпене, арх. аблічча якога вылучалася тэатралізаванай раскошай. У 1615—20 Р. набыў шырокую вядомасць. З 1617 майстэрня Р. (яго вучні і памочнікі А. ван Дэйк, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс) выканала паводле яго эскізаў шэраг серыйных, манум.-дэкар. кампазіцый («Гісторыя Марыі Медычы», каля 1622—25). З выключным майстэрствам і пачуццёвай пераканаўчасцю Р. перадаваў знешнасць і асаблівасці характару мадэлі ў парадных партрэтах («Т.​Эрэндэль з сям’ёй», 1620; «Марыя Медычы», каля 1622—25). Асаблівай віртуознасцю вылучаюцца інтымныя партрэты, у т. л. «Партрэт камерысткі інфанты Ізабэлы» (каля 1625), дзе з дапамогай празрыстых каляровых пераходаў і мяккіх рэфлексаў перададзена трапяткая жыццёвасць мадэлі. Пасля смерці першай жонкі (1626) Р. часова адышоў ад жывапісу; быў на дыпламат. службе, наведаў Галандыю, Іспанію, Англію. Карціны 1630-х г. вылучаюцца большай стрыманасцю маст. сродкаў, жывапіс становіцца больш інтымным і задушэўным, каларыт страчвае шматколернасць і будуецца на багацці колеравых адценняў, вытрыманых у эмацыянальна насычанай чырвона-карычневай гаме. Пісаў партрэты сваёй другой жонкі («Алена Фаўрмент з дзецьмі», каля 1636; «Футра», каля 1638—40) часам у вобразе міфал. і біблейскіх персанажаў («Вірсавія», каля 1635), сцэны вясковых свят («Кермеса», каля 1635—36), пейзажы («Пейзаж з вясёлкай», каля 1632—35), карціны на тэмы ант. міфалогіі («Вакх», паміж 1638 і 1640). Віртуознасцю жывапісу, строгасцю і лаканізмам маст. сродкаў вылучаюцца «Тры грацыі» (1638—40), «Аўтапартрэт» (каля 1637—40). Аўтар шматлікіх малюнкаў.

Літ.:

Лазарев В.Н. Рубенс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;

П.​П.​Рубенс: Письма. Док. Суждения современников. М., 1977;

Лебедянский М.С. Портреты Рубенса. 2 изд. М., 1993;

Буркхарт Я. Рубенс: Пер. с нем. СПб., 2000.

Я.​Ф.​Шунейка.

П.П.Рубенс.
П.П.Рубенс. Вакх. Паміж 1638 і 1640.

т. 13, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ра́са1 ’верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства’ (ТСБМ), сюды ж ра́сішча (ря́сище) ’падранае адзенне, лахманы’, pácce, ря́ссе ’транты, рыззё, зношанае адзенне’ (Нас., Мат. Маг., Юрч., ЛА, 5, Растарг.), ря́ска ’неахайная жанчына ў падранай вопратцы’ (хоцім., Янк. 2), ’зношаная адзежына’ (Юрч.); ст.-бел. рѧсы: рѧсы золотыи оучинимъ тобѣ (Альтбаўэр). Запазычана праз стараж.-рус. і ц.-слав. раса ’тс’ з с.-грэч. ράσον ’манашаскія шаты, убор’, н.-грэч. ρασο ’тс’; зыходнай формай лічыцца лац. rāsum (Фасмер, 3, 443–444, 538; БЕР, 6, 185). Формы з ‑я‑ (‑ѧ‑) другасныя, параўн. рус. ря́са ’убор святара, манаха’, укр. ря́са ’тс’, паводле Брукнера (6) з ням. Rasch ’грубая тканіна, камлот’; усходнебеларускія формы, магчыма, з’яўляюцца гіперычнымі (у мяккаэрых гаворках) або ўзніклі пад уплывам *ręsa ’махры; вісюлькі’ (гл. раса́2).

Ра́са2 ’групоўка людзей аднаго фізічнага тыпу’, ’парода’ (Некр. і Байк., ТСБМ). З ням. Rasse (праз польскую або рускую); зыходнай можа быць італ. razza ’тс’ і араб. raʼs ’галава, выток’ (Брукнер, 454; Фасмер, 3, 444; Сной₂, 602). Сюды ж расо́вы ’пародзісты, надзелены якасцямі добрай пароды’ (Скарбы), што з’яўляецца запазычаннем з польск. rasowy ’тс’.

Раса́1 ’вадзяныя кроплі на паверхні раслін’ (ТСБМ, Стан., Ласт., Сл. ПЗБ), pocа́ ’тс’ (ТС), расі́на ’капля расы; вельмі малая колькасць якой-небудзь вадкасці’ (Нас., Байк. і Некр., Ян.), расі́ца памянш. ’раса’ (Нас.), ро́ска ’капля вадкасці, якая выступае на саску ў каровы незадоўга перад цяленнем’ (ТС), параўн. ст.-бел. роса ’тс’ (Альтбаўэр), укр. роса́ ’раса’, рус. роса́ ’тс’, польск. rosa ’тс’, в.-луж., н.-луж. rosa ’тс’, чэш., славац. rosa ’тс’, ’пот’, ’сляза’, славен. rósa ’раса’, ’пот, сляза’, серб., харв. roòa ’раса’, балг. роса́ ’раса’, ’кропля поту’, макед. роса ’тс’, ст.-слав. роса ’тс’. Прасл. rosa, параўн. літ. rasa, лат. rasa ’тс’, ’дробны дождж’, грэч. δρόσος ’кропля расы’, ’вільгаць’, ст.-інд. rasā‑ ’сок раслінаў’, ’вільгаць’. Імаверна, аддзеяслоўная форма ад і.-е. асновы *res‑ ’цячы’ < *eres‑ ’тс’, параўн. хец. aršzi, ст.-інд. ársati ’тс’ (Міклашыч, 283; Фасмер, 3, 503; Скок, 3, 158; Бязлай, 3, 197; Шустар-Шэўц, 2, 1237; Глухак, 531; Сной, 545). Сюды ж раса́, роса́ ’пацёкі на вокнах’ (Сл. ПЗБ; чач., хойн., лельч., ЛА, 4) — метафарычны перанос, параўн. рус. пск. роса́ ’тс’, літ. rasóti ’пакрывацца расой’ і ’запацяваць (пра акно)’. Параўн. таксама як раса́ вісі́ць ’пра вялікую колькасць’ (Ян.).

Раса́2 ’жытняя кветка’ (Арх. Федар.): расуе жыта, што раса, калмаценька (дзятл., Сл. ПЗБ), ’цвіценне, красаванне’: расуе жыта, пускае расочкі — гэта раса (воран., Сл. ПЗБ), ре́сы ’парасткі на клубнях бульбы’ (драг., ЖНС), ра́сы ’махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), сюды ж расо́чка ’пылок кветкі жыта’ (Сл. ПЗБ), параўн. укр. ря́са ’каласок жыта ці аўса’, рус. дыял. ряса́, ря́са ’махры, кутасік’, польск. rzęsa ’вейка’, ст.-польск. rzęsa ’усялякія вісячыя ўпрыгожванні’, rząsa ’коцікі ляшчыны і альхі’, чэш. řasa ’вейка; складка (у тканіне)’, славац. riasa ’тс’, н.-луж. rěsa ’мужчынскія кветкі на вярбе, альсе, бярозе, што маюць форму завушніцы’, славен. resa ’асцюк; ніці, што вісяць па краі адзення’, серб.-харв. ре́а ’кіціца; махры, кутасік’, балг. реса̀ ’тычынка, суквецце арэха, ляшчыны, вярбы; фрэнзлік, кутасік’, макед. реси мн. л. ’водарасці (у Охрыдскім возеры)’. Ад прасл. *ręsa, што хутчэй за ўсё з *ręd‑sa < *ręd‑ (Фасмер, 3, 538; Бязлай, 3, 173; Сной, 534; Глухак, 525), роднаснага да *ręditi ’упрыгожваць’, ’нанізваць’, параўн. рус. наряжать, наряд, рядить. Іншыя версіі гл. Махэк₂, 529 (< *rępsáti ад кораня *ręp‑ ’драць, трапаць, згібаць’), Скок, 3, 131 (няпэўнае параўнанне з ст.-інд. raçana ’папружка, рэмень’, прапанаванага раней Младэнавым, 560). Няяснымі застаюцца адносіны да краса, красаванне ’цвіценне злакавых раслін’ (гл.). Спробы вытлумачыць семантычную эвалюцыю ад *krasa ’росквіт жыцця’ да *krasa > rasa ’кветка раслін’ не ўлічваюць розную якасць *r‑ (непалаталізаваны/палаталізаваны). Параўнанне краса ’ўпрыгожванне, паляпшэнне свайго выгляду, выстаўленне сябе на агляд’ і краса́, раса́ ’квітненне злакавых’, што супастаўляюцца з паралельнымі формамі з семантыкай ’выхваленне, праслаўленне, хвальба’ — ісл. hrosa ’хваліць, хваліцца’, hroesni ’хвальба, ліслівасць’, нарв. rose ’тс’, нарв. дыял. rösen ’статны, заўважны, відны’, швед. rosa ’праслаўляць’ (Общ. лекс., 144–146), не пераконваюць. Можна канстатаваць адваротнае развіццё раска > краска, падобна як сустракаецца пераасэнсаванне ветка > кветка і наадварот (Станкевіч, Зб. тв. 1, 442–443): арш. кветка аўсу, квяцісты авёс / гродз. ветка аўсу, вяцісты авёс, параўн. адарві кветку кляновую (Нас.). Гл. расаваць.

Раса́3 ’абрадавы выхад (святкаванне з рытуальнымі дзеяннямі і пачастункам) у поле на веснавога Юр’я’ (мін., Доўн.-Зап. 1), расу́ таптаць (Шлюб.), хадзіць на ро́су (лях., Архіў БЭЛА), росу трусыты/тэрусіць/гнать ’тс’ (пін., Агапкіна, Основы), Rasa ’Купанне’ (Федар. 1). Семантычная кандэнсацыя словазлучэнняў тыпу (ісці, пайсці, выйсці, хадзіць і пад.) на/у расу з далейшым пераасэнсаваннем назоўніка як каляндарнага тэрміна сферы традыцыйнай культуры. Параўн. рус. зах. роса́ ’свята Івана Купалы’ (Даль), калін. ро́сы мн. л. ’касьба раніцой або ўвечары’, уладз. па ро́су пойти ’пайсці на сенакос’. Да раса1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424–426; Агапкіна, Основы, 417–418.

Раса́4: расы́ няма на яго ’пажаданне няшчасця’ (Ян.). Верагодна, аддалена звязана з народнымі ўяўленнямі аб расе як шкоднай вадкасці (амбівалентнымі звычайным пазітыўным, жыццядайным), якая набывае такія ўласцівасці пад чароўным уздзеяннем. Таксама імавернай падаецца метафарычная замена: (хваробны, смяротны) пот → раса. Параўн. рус. дыял. медвяная роса́ ’хвароба раслін, пры якой яны пакрываюцца саладкаватай жыжкай’, варонеж. ро́сный ’заражаны мучністай расой ці грыбковымі хваробамі (аб раслінах)’, а таксама укр. перегна́ти на ро́су (каго) ’даць каму-небудзь; выцяць’. Да раса1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424. Параўн. росісць ’нешта дрэннае’: шоб вас поела росісць (ТС), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)