ДЗЮ БЕЛЕ́ ((Du Bellay) Жаашэн) (1522, Лірэ, каля г. Шале, Францыя — 1.1.1560),
французскі паэт. Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Плеяда», у маніфесце якой «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549) сфармуляваў шляхі абнаўлення франц. паэзіі — заснаванне новых жанраў, узбагачэнне моўных сродкаў, наследаванне ант. паэтам і інш. Аўтар зб. санетаў «Аліва» (1549—50) і зб. од «Лірычныя вершы» (1549). У 1553—57 жыў у Рыме, дзе стварыў свае лепшыя зб-кі санетаў «Старажытнасці Рыма» і «Шкадаванні», зб. од і элегій «Сельскія гульні» (усе апубл. 1558), якія перадаюць італьян. ўражанні паэта — яго адмоўнае стаўленне да каталіцкага Рыма, погляд на гісторыю развіцця чалавецтва, асуджэнне войнаў, туга па радзіме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́МЗЕН,
(Mommsen) Тэадор (30.11.1817, г. Гардынг, Германія — 1.11.1903), нямецкі гісторык антычнасці. Вучыўся ў Кільскім ун-це (1838—43) і Італіі (1844—47). Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Праф.рым. права ва ун-тах Лейпцыга (1848—50), Цюрыха (з 1852), Брэслаў (з 1854), з 1858 праф.стараж. гісторыі ў Берлінскім ун-це. Дэп. прускага ландтага (1863—66, 1873—79) і рэйхстага (1881—84). Выступаў супраць кансерватыўнай палітыкі О.Бісмарка і антысемітызму Г. фон Трайчке. Гал. працы: «Рымская гісторыя» (т. 1—3, 1854—55, т. 5, 1885; у цэнтры ўвагі праслаўленне Юлія Цэзара і рым.ваен. манархіі як моцнай нац. дзяржавы на шырокай нар. аснове), «Рымскае дзяржаўнае права» (т. 1—3, 1871—88), «Рымскае крымінальнае права» (1899). Выдаваў стараж. крыніцы, у т. л. збор лац. надпісаў «Corpus Inscriptionum Latinarum» (з 1863). Нобелеўская прэмія па л-ры 1902.
Літ.:
Чухно Т.А. Теодор Моммзен в исторической литературе // Вопросы всеобщей истории и историографии. Томск, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАСЛА́ЎЕ (ад слоў «правільнае праслаўленне» Бога),
адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з каталіцызмам, пратэстантызмам і стараж. ўсходнімі цэрквамі). Склалася як яго ўсх. галіна пасля падзелу Рымскай імперыі (395) і аформілася ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Атрымала пашырэнне гал. чынам ва Усх. Еўропе і Б. Усходзе. Першапачаткова была пануючай рэлігіяй Візантыйскай імперыі, таму зведала ўплыў яе гіст. развіцця, што адбілася ў яе веравучэнні і ў арганізацыі правасл. цэркваў.
Аснову веравучэння П., сфармуляванага ў сімвале веры, прынятым на Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) усяленскіх саборах, складаюць Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (патрыстыка, пастановы першых 7 усяленскіх сабораў і інш.). Яно зыходзіць з прызнання трыадзінага Бога — творцы і кіраўніка Сусвету, замагільнага свету, пасмяротнай адплаты, збавіцельнай місіі Ісуса Хрыста, які адкрыў магчымасць для выратавання чалавека, на якім ляжыць пячаць першароднага граху. Адно з гал. месцаў у богаслужэбнай практыцы П. займаюць 7 хрысціянскіх таінстваў. хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства, пакаянне (споведзь), мірапамазанне, шлюб, ялееасвячэнне (сабораванне). Вял. значэнне надаецца святам і пастам. У П. адвяргаецца шэраг прынятых у каталіцызме догматаў (аб бязгрэшнасці папы рымскага, аб зыходжанні Св. Духа і ад Бога-бацькі, і ад Бога-сына, аб чысцілішчы, аб бязгрэшным зачацці Ганнай Дзевы Марыі, аб цялесным унебаўзяцці Дзевы Марыі), па-іншаму выконваюцца некат. таінствы. Існуюць адрозненні ў царк. архітэктуры і начынні, строях святароў, інш. атрыбутыцы і абраднасці. У П. богаслужэнне вядзецца на родных (у слав. краінах — на царк.слав.) мовах. Святары (не манахі) павінны быць жанатымі, архірэі — бясшлюбнымі (пасвячаюцца з манаскага духавенства). У П. аўтакефальныя (самастойныя) цэрквы складаюць усяленскую правасл. царкву, аднак адсутнічае адзіны духоўны цэнтр. Канстанцінопальскі патрыярх, прадстаяцель царквы ў сталіцы б.Візант. імперыі традыцыйна захоўвае тытул усяленскага, але не мае адм. улады над інш. цэрквамі.
На 2001 у свеце 15 кананічных аўтакефальных цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэшскіх зямель і Славакіі, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі; 9 першых з іх узначальваюцца патрыярхамі) са сваёй шматступеньчатай іерархіяй (гл.Духавенства, Епіскап, Мітрапаліт). Шэраг рэліг. аб’яднанняў таксама называюць сябе цэрквамі, але яны не атрымалі кананічнага прызнання (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква на эміграцыі, Украінская аўтакефальная правасл. царква, Кіеўскі патрыярхат і інш). Прыхільнікі П складаюць большасць вернікаў у Расіі, Беларусі, Украіне, Малдавіі, Грузіі, Балгарыі, Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі, Грэцыі, Кіпры, Румыніі. П. значна пашырана ў Албаніі, Ліване, Сірыі і інш. краінах, а таксама сярод эмігрантаў з гэтых краін у Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі традыцыйна годам увядзення П. лічыцца 992 (заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі). Гісторыю П. на Беларусі гл. ў арт.Беларуская праваслаўная царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БЕНС ((Rubens) Пітэр Паўэл) (28.6.1577, г. Зіген, Германія — 30.5.1640),
фламандскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў жывапісу барока. З 1589 жыў у Антверпене. З 1591 вучыўся ў Т.Верхахта, А. ван Норта, О.Веніуса (ван Вена); з 1600 у Італіі, вывучаў творы Мікеланджэла, братоў Карачы, М.Караваджа, жывапісцаў венецыянскай школы. З 1608 у Антверпене, гал. прыдворны жывапісец інфанты Ізабэлы Аўстрыйскай. У ранніх творах выявілася імкненне Р. да адлюстравання італьян. уражанняў у духу нац.маст. традыцый. Не парушаючы прынцыпаў сталага барока, асн. зместам творчасці стала праслаўленне жыцця ў яго стыхійных праяўленнях. У творах ствараў ілюзію неабсяжнай прасторы, разбураў ізаляванасць выяў кампазіцыі. Манум.рэліг. творы пач. 1610-х г. поўныя дэкар. размаху, асіметрычныя, падначаленыя неспакойнаму, складанаму рытму; фігуры часта выяўляюцца ў руху і рэзкіх ракурсах, шырока ўжыты кантрасты святлаценю: «Узняцце крыжа» (каля 1610—11), «Зняцце з крыжа» (каля 1611—14). Пісаў карціны на міфалагічныя тэмы, парадныя партрэты ў рэчышчы нідэрландскіх традыцый 16 ст. («Аўтапартрэт з Ізабэлай Брант», 1609), якім уласцівы інтымная прастата кампазіцыі, дасканаласць прапрацоўкі мадэлі і адзення, стрыманы вытанчаны каларыт. У 1612—20 творчасць Р. дасягнула росквіту ў работах на біблейскія сюжэты і тэмы ант. міфалогіі, якія ён трактаваў з выключнай смеласцю і свабодай выяўлення прыгажосці аголенага чалавечага цела, апявання пачуццёвай радасці зямнога быцця: міфалагічныя кампазіцыі «Саюз Зямлі і Вады» (каля 1618), «Выкраданне дочак Леўкіпа» (каля 1619—20), «Персей і Андрамеда» (каля 1620—21). Фігуры людзей, ант. божастваў, жывёл на фоне квітнеючай прыроды або фантаст. архітэктуры ў яго карцінах сплятаюцца ў складаныя кампазіцыі, гарманічна ўраўнаважаныя або прасякнутыя дынамікай (два варыянты «Страшнага суда», каля 1615—16 і каля 1618). Паступова адмаўляўся ад характэрнага для ранніх твораў лакальнага колеру, дасягнуў выключнага майстэрства ў перадачы градацый святла і колеру, паветраных рэфлексаў. Пейзажы Р. («Возчыкі камення», каля 1620) часцей прыдуманыя, але поўныя адчування гарманічнасці і цэласнасці асяроддзя. Каля 1611—18 спраектаваў свой дом у Антверпене, арх. аблічча якога вылучалася тэатралізаванай раскошай. У 1615—20 Р. набыў шырокую вядомасць. З 1617 майстэрня Р. (яго вучні і памочнікі А. ван Дэйк, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс) выканала паводле яго эскізаў шэраг серыйных, манум.-дэкар. кампазіцый («Гісторыя Марыі Медычы», каля 1622—25). З выключным майстэрствам і пачуццёвай пераканаўчасцю Р. перадаваў знешнасць і асаблівасці характару мадэлі ў парадных партрэтах («Т.Эрэндэль з сям’ёй», 1620; «Марыя Медычы», каля 1622—25). Асаблівай віртуознасцю вылучаюцца інтымныя партрэты, у т. л. «Партрэт камерысткі інфанты Ізабэлы» (каля 1625), дзе з дапамогай празрыстых каляровых пераходаў і мяккіх рэфлексаў перададзена трапяткая жыццёвасць мадэлі. Пасля смерці першай жонкі (1626) Р. часова адышоў ад жывапісу; быў на дыпламат. службе, наведаў Галандыю, Іспанію, Англію. Карціны 1630-х г. вылучаюцца большай стрыманасцю маст. сродкаў, жывапіс становіцца больш інтымным і задушэўным, каларыт страчвае шматколернасць і будуецца на багацці колеравых адценняў, вытрыманых у эмацыянальна насычанай чырвона-карычневай гаме. Пісаў партрэты сваёй другой жонкі («Алена Фаўрмент з дзецьмі», каля 1636; «Футра», каля 1638—40) часам у вобразе міфал. і біблейскіх персанажаў («Вірсавія», каля 1635), сцэны вясковых свят («Кермеса», каля 1635—36), пейзажы («Пейзаж з вясёлкай», каля 1632—35), карціны на тэмы ант. міфалогіі («Вакх», паміж 1638 і 1640). Віртуознасцю жывапісу, строгасцю і лаканізмам маст. сродкаў вылучаюцца «Тры грацыі» (1638—40), «Аўтапартрэт» (каля 1637—40). Аўтар шматлікіх малюнкаў.
Літ.:
Лазарев В.Н. Рубенс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;
П.П.Рубенс: Письма. Док. Суждения современников. М., 1977;
Лебедянский М.С. Портреты Рубенса. 2 изд. М., 1993;