бо́ўтнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да боўтаць.

2. Тое, што і боўтнуцца (у 1 знач.); плюхнуць. Вунь боўтнула з разгону лягушка, аж пырскі дасталі да задзірыстага Паўлікавага носа. Даніленка.

3. Разм. Кінуць што‑н. у ваду. Па дарозе.. [Тварыцкі] боўтнуў аплецены дротам гаршчок у ваду. Чорны.

4. перан. Разм. Сказаць што‑н. недарэчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плю́хаць1 ’падаць з шумам’ (ТСБМ), плю́хнуць ’упасці ў ваду’ (Бяльк.), плю́хацца ’падаць, шлёпацца ў ваду, гразь з пляскам’, ’перамяшчацца, рухацца ў вадзе, балоце’ (ТСБМ), плю́хаць ’удараючы па вадзе, рабіць плёскат, пляск’ (Шат.), хоць апошняе можа ўзыходзіць і да плёхаць (гл.). Побач з гэтым у плю́хаць, плю́хацца развіваецца значэнне ’плёскацца’, ’боўтацца па гразі’ (Шат.), ’пералівацца праз край’, ’ударацца аб што-н.’, ’купацца, мыцца, распырскваючы ваду’ (ТСБМ); адпаведна плю́х! — пра выліванне: нясуць, а іш шайкі плюх, плюх на мост (мсцісл., Нар. лекс.), альбо плюх (параўн.: плюх вады яму ў вочы!) замяняе плюсь ’тс’ (Бяльк.). Сюды ж: плю́хнуць ’упасці ў ваду’ (Бяльк.) ’ударыць’ (Жд. 1), ’лінуць’ (смарг., ваўк., Сл. ПЗБ), параўн. укр. плю́хати, плю́хнути ’плёскаць; падаць з шумам’, рус. плю́хать, плю́хнуть, польск. pluchać ’тс’, балг. плю́(х)вам, плю́хна ’даваць аплявуху; упасці на зямлю’. Да прасл. *plʼux‑ati < *plʼusk‑a‑ti, гл. плю́скаць.

Плю́хаць2 ’хлюпаць’, ’ісці (аб працяглым дажджы)’, плюхце́ць ’тс’ (ТСБМ), плюхчэць ’падаць вялікімі кроплямі’ (Нас.). Да прасл. *plʼux‑t‑ě‑ti, якое з і.-е. *pleu̯‑sk‑ ’імжэць, імгліць’. Гл. папярэдняе слова; да словаўтварэння параўн. ды́хаць/дыхце́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плі́скаць ’выплюхваць, праліваць вадкасць праз край’, плюнуць ’праліць праз край’, ’плёснуць, пляснуць, трохі праліць’, плюханне ’праліванне праз край пасудзіны’, пліску́чы ’невыгодны з-за адхоністых краёў посуд дня нашэння вадкасці’ (Нас.), плюскаць ’разліць’ (Яруш.), пліскагща ’плюхацца’ (Мік.), рус. смал. плистть ’пырскаць’, серб.-харв. плиска ’усплёск вады, калі ў яе кідаюць каменьчыкі’, балг. плисвам, плискам ’плёскаць, пырскаць, плюхаць’, макед. плиска ’тс’. Гукапераймальнае. Параўн. плісь! — пра імгненнае праліццё вадкасці праз край (Нас.). Сюды ж пляскацца ’пырскацца’ (жыле, Мат. Гом.; Жыв. сл.), плыскатыся, плэскатысь ’тс’ (пін., З нар. сл.; драг., Нар. лекс.), плісконіна ’плёханне, пырсканне’ (ТС), плюснуць ’лінуць, плюхнуць’ (Сцяшк. Сл.), пліскаi̯ (гл.). Гл. Смаль-Стоцкі, Приміт., 169; Куркіна (Этимология–1981, 15) бачыць тут комплекс /?/-, варыянт зыходнага кораня *реІ‑/*роі‑ з чаргаваннем *pliskati/*plixati, гл. плюхаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. без дап. Ударыць, стукнуць з пляскам. Каля лодкі рыбіна злосна пляснула шырокім хвастом па вадзе, спрабуючы нырнуць пад ніз. Ігнаценка.

2. каго і без дап. Ударыць, стукнуць далонню аб далонь або далонню па кім‑, чым‑н. — Што ты нарабіла? — пляснула далонямі Поля, да якой не адразу дайшло, што здарылася. Шамякін. Дзверы адчыніла мне цётка. Пляснула ў далоні, ледзьве зірнула на мяне. Савіцкі. Я прамармытаў нешта, а ён пляснуў мяне па плячы: — Значыць, дамовіліся! Рунец.

3. што. Разм. Кінуць што‑н. з шумам, з пляскам. Тады Алёша з размаху пляснуў аб падлогу мокрую анучку і рушыў да дзвярэй. Шамякін. // Упасці з шумам.

4. што або чаго. Разм. Плюхнуць на каго‑н., у што‑н. Бабка бразнула пустым посудам, ссыпала ўсе лыжкі і міскі ў начоўкі, пляснула гарачай вады. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плю́ха1 ’аплявуха’ (Нас., Др.-Падб., Яруш., Бяльк.). Скарочанае ад апляву́ха, пляву́ха (гл.) < плява́ць, варыянт плюва́ць (на рукі перад тым, як біць) пры ад’ідэацыі гукапераймання плюх! — гук пры пляванні (Шат.), параўн. плю́хаць ’пляваць’ (Шат.; швянч., Сл. ПЗБ; Растарг.) і плю́хнуць ’даць аплявуху’, выраз плю́ху падняў ’упаў азадкам’ (Нас.); плюх! — ’удар ад падзення мяккай часткай цела’ (Стан.). Рус. плю́ха ’аплявуха’ (ад плю́хнуть) Фасмер (3, 290) параўноўвае з лат. pļaũka ’тс’ (ад pļaut ’касіць, біць’). Гл. плю́хаць1.

Плю́ха2 ’аер, Acorus calamus L.’, ’касач, Iris L.’ (ТС; ЛА, 1). Магчыма, адваротны дэрыват ад плюшня, плюшнік, плюснік (гл.).

Плю́ха3 ’лёгкі малакаларыйны торф з мноствам пустацелых травяністых каранёў’ (слуц., Нар. словатв.). Да плю́ха2. Параўн. літ. plaušà ’асака’ і ’асаковы торф’ і pliūšė̃ ’трыснёг’.

Плю́ха4 ’грыб каўпак ігольчасты, падбалацянка’ (пін., Жыв. сл.), плю́хі ’салянкі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з светла-шэрай шапкай, якія растуць вялікімі зросткамі’ (карэліц., Нар. словатв.), ’від асенніх грыбоў’ (слонім., Жыв. НС), плю́ха, плюхі ’шампіньёны’ (Жд. 3), параўн. рус. маск. плю́ха ’шаруха, Lactarius flexuosus’. Апошняе слова Гаўлава (Etym. Brun., 1, 22) звязвае з пліскі ’лісічкі’ (гл.), што ў сваю чаргу ідэнтыфікуецца з *plʼuska ’скурка, лупінка’, бо шапачкі грыбоў маюць лускавінкі.

Плю́ха5 ’неахайная жанчына’ (пін., ЖНС), параўн. польск. plucha ’плюгавец’ — экспрэснае сцягненне замест plugawiec ’тс’ (Банькоўскі, 2, 611). Хутчэй за ўсё, самастойнае ўтварэнне ад плю́хаць ’боўтацца ў гразі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)