Зе́ціць, зітаць ’прасіць’ (арг., Фасмер, Этюды). Рус. арг. зетить ’гаварыць, прасіць’, укр. арг. зітати, зэтать ’прасіць’, польск. арг. zitać ’гаварыць’. З грэч. ζητῶ ’прашу’. Бандалетаў, Этимология, 1980, 71; Фасмер, Этюды. З, 63. Параўн. яшчэ рус. зе́титьпадглядваць, глядзець’, якое Шанскі (2, З, 89) звязвае з зеница, зиять.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прашчалы́ка ’хлопчык ці дзяўчынка, якія любяць падглядваць’ (Нас.), прашчалы́га ’прайдзісвет, махляр, круцель’ (ашм., Стан.). Рус. прощелы́га ’прайдзісвет, жулік, ашуканец; насмешнік’. Рускае слова ўзводзяць да щель ’шчыліна’ (гл. шчэлка) і ўключаюць ў семантычны рад пройдоха, проныра, пролаза (гл. Гараеў, 283; Праабражэнскі 2, 137; Фасмер, 3, 387). Пранікненне з рускай мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спата́чаваць ‘сачыць, падглядваць; выкрываць, лавіць (на чым-небудзь); разумець’ (Нас., Стан.). Насовіч (Нас., 608) выводзіў з *tekti ‘бегчы, рухацца’, гл. уцякаць. Няпэўна. Магчыма, ітэратыў да папярэдняга слова. Тады да та́каць ‘паддакваць, пагаджацца’, параўн. рус. та́кать ‘тс’, та́чить ‘песціць, апекавацца’, балг. та́ча ‘паважаць, шанаваць’, гл. так (Трубачоў у Фасмер, 4, 29).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капава́ць1 ’цяміць, кумекаць’ (стаўбц., Нар. сл.; смарг. Сцяш. Сл.; зэльв. Жыв. сл.), капавіты ’разумны, кемлівы’ (Сцяшк.). Паводле геаграфічнага пашырэння — паланізм (< kapować ’тс’, ’падглядваць, віжаваць, сачыць’, якое узыходзіць да лац. caput ’галава’).

Капава́ць2 ’складаць у копы’ (браг., Мат. Гом.), капнаваць, напіць ’тс’ (там жа). Да напаі. Сюды ж і капавішча ’месца, дзе ставяць капу сена’ (слаўг., Яшк.).

Капава́ць3 ’мець або пражыць 60 год’ (смарг. Сл. паўн.-зах.). Да капах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяка́ць ’паступова выцякаць’ (Ласт., Бяльк.), ’пазбаўляцца вадкасці’, ’праходзіць, адыходзіць’ (Ян.), ’зыходзіць (крывёю)’, ’падглядваць, шукаць’ (Нас.), ’выцякаць’, ’рабіцца тонкім, кволым (пра гародніну)’ (маст., шчуч., Сл. ПЗБ), сце́каць ’выцякаць’ (ПСл), ’абхапіць’: як рука сцекае ’як рукой абхапіць’ (ганц., Сл. ПЗБ), ’выцякаць’, ’марнець, слабець, млець’ (ТС), сцякці́ ’зарасці’ (Сцяшк. Сл.), сце́кці ’выцячы, зыйсці’ (Нас., ТС), ’ахапіць’ (ТС), сюды ж сцёклісты, сцёклы ’худы, тонкі’ (ТС), сце́кціся ’зрабіцца кволым, змарнець’ (лудз., Сл. ПЗБ). Да сцячы, цячы, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

піп-шо́у

(англ. реер show, ад реер = падглядваць + show = відовішча, паказ)

эратычнае відовішча, якое ўяўляе сабой дэманстрацыю спецыяльна натрэніраванай жанчынай свайго цела ў закрытым памяшканні перад нябачнымі ёю гледачамі, што назіраюць за ёю праз асобыя вокны ў сценах гэтага памяшкання.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

лапата́ць, лапачу, лапочаш, лапоча; незак.

1. Удараць па якой‑н. паверхні, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі; шалясцець. Лапатаць па вадзе крыламі. Лапочуць сцягі. □ Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Па страсе лапоча лівень, а побач стогнуць векавыя дрэвы... Грамовіч. Акунёк лапатаў у руках у Гаманька, калючым егерам распускаў спінны плаўнік. Броўка.

2. што і без дап. Разм. Нязвязна, паспешліва гаварыць, расказваць. Галілей суняўся.. і вінавата лапатаў: — Сушыльня... ага... сушыльня... Зарэцкі. Усе жанчыны як па камандзе, перабіваючы адна адну, пачыналі лапатаць, не згаджацца з прамоўцам. Грамовіч. // Невыразна вымаўляць, незразумела гаварыць. [Арынка] нешта лапоча на сваёй дзіцячай мове. «Звязда». // Гаварыць на чужой, незнаёмай для каго‑н. мове. Бег немец з паднятымі рукамі і нешта лапатаў. Чорны.

3. што і без дап. Разм. Гаварыць многа і бесперастанку аб чым‑н. нязначным, пустым; балбатаць, балабоніць. Жанчына жыла адна і любіла збіраць па вёсцы плёткі, — бегала з канца ў канец па хатах, лапатала пра ўсё, што на язык трапляла. Пташнікаў. [Маці:] — О-о, зноў лезе .. ведзьма, Міхаліна. Будзе тут цэлы дзень лапатаць ды падглядваць! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сачы́ць 1, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. сказам. Назіраць за тым, што рухаецца, пераводзячы за ім позірк. Там спіць салдат, які не раз Сачыў кірунак іх палётаў, Хоць воблакаў было ў той час На небе менш, чым самалётаў. Гаўрусёў. Малашкін доўга сачыў за воблачкам, аж пакуль яно не растала ў паветры. Пестрак. Вось і цяпер Грыша прылажыў брылём руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю. Пальчэўскі. // і без дап. Глядзець на каго‑, што‑н., не адрываючы вачэй. Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Мележ. [Мірон] пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Маўр. // у што. Пазіраючы куды‑н., падглядваць. Маці прычыніла дзверы і нават у шчылінку не сочыць. Гарбук. — Вартавы не сочыць у шкельца, — пахлопаў [Петруся] па плячы Рыгор. Гартны.

2. за чым і з дадан. сказам. Цікавячыся чым‑н., назіраць за развіццём, станам, ходам чаго‑н. З неаслабнай увагай.. [дзяўчаты] сачылі за ўсім ходам такой урачыстасці. Дубоўка. Чытач увесь час напружана сочыць, як Леапольд Гушка ажыццяўляе сваю мару аб зямлі і свабодзе. Луфераў. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца. Колас. // Цікавячыся ўсім, што адбываецца ў якой‑н. галіне, быць у курсе справы. Асабліва сачыў.. [Алесь] адзін час за падзеямі ў Грэцыі. Паслядовіч. // перан. Уважліва ўглядвацца, услухвацца ў што‑н., каб правільна зразумець, не ўпусціць чаго‑н. Сачыць за размовай. □ — Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе. Колас. Падпёршы шчаку далоняй, Алесь сачыў за выразам яе [Варвары] твару і чакаў адказу. Васілевіч.

3. за кім-чым, што, са злучн. «каб». Назіраць, наглядаць за кім‑, чым‑н. (з мэтай кантролю, аховы і пад.). Сачыць за паказаннямі прыбораў. □ Толькі ходзяць вартавыя, За спакоем лесу сочаць. Кірэенка. Парадак сочыць сыч-глушак і клопату багата мае. Дубоўка. [Якуб Андрэевіч:] — Вы тут сачыце, каб ноччу ніхто святла не паліў. Жычка. // Апекаваць каго‑н., клапаціцца аб кім‑, чым‑н., пра што‑н. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам. Лынькоў. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Грахоўскі.

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім‑, чым‑н. з тым, каб выкрыць, выявіць што‑н., злавіць каго‑н. на чым‑н. Андрон добра ведаў, што за ім сочыць стараста Макей — хітры багаты мужык, і даносіць гэта ўрадніку. Каваль. [Ліда] кожны дзень выязджала машынай з мястэчка.., што давала ёй магчымасць сачыць за рухам аўтатранспарту на шашы. Брыль. Многа дзён сачыў.. [Багданёнак] са сваім атрадам за бандыцкім гняздом. Чарнышэвіч.

5. што. З нецярплівасцю чакаць. Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам. Колас.

6. каго-што. Падпільноўваць, асочваць. Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць, Сочыць на каханку. Купала.

7. каго-што. У мове паляўнічых — адшукваць па следу, высочваць. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Колас.

сачы́ць 2, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. Выцякаць па кроплі, струменьчыкамі, цячы (пра вадкасць). // Выдзяляць (пах і пад.). А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас.

2. Здабываць што‑н. з чаго‑н. Сачыць мёд з сотаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)