Nchsicht

f - пабла́жлівасць, пабла́жка, дарава́нне, вызвале́нне (ад чаго-н.)

mit j-m ~ üben — быць пабла́жлівым да каго́-н., патура́ць каму́-н.

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Патака́ць1 ’паблажліва, нястрога адносіцца да каго-н., патураць каму-н.’ (ТСБМ), пат́акнуць ’кіўнуць сцвярджальна’ (Яруш.), пата́каваць ’згаджацца’ (КЭС, лаг.), патако́ўнік ’патуральнік’ (Нас.), пата́чкапаблажка’ (ТСБМ). Укр. пота́катися ’згаварыцца’, потака́йло, потака́ч ’той, хто паддаквае’, пота́кувати ’паддакваць’; рус. пота́ка́ть ’патураць’, потака ’прытворства, прыкідванне’, ст.-рус. потаков(ь)никъ ’уступчывы, падатлівы’, польск. potakiwać, potakać, potaknąć ’патакаць’, чэш. potakací slovo ’слова, якімі мы пацвярджаем’. Утворана ад сцвярджальнай часціцы так (такъ, тако) пры дапамозе прыстаўкі па‑ (< прасл. po‑) (Праабражэнскі, 2, 115; Фасмер, 3, 343; Варш. сл., 4, 801).

Патака́ць2 ’ткаць іншым матэрыялам’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Відаць, з падтыка́ць < падаткнуць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́ска ’любоў, пяшчота, лагоднасць’, ’ласкавасць, добрая воля, паслуга, спачувальныя, прыхільныя адносіны’, ’літасць, міласць, паблажка, спагада’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Яруш., Сл. паўн.-зах.) і іншыя значэнні гэтай лексемы ў фразеалагізмах (гл. ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. яшчэ ласка — тое ж, што і кграция (XVI ст.). Укр. ласка, рус. ласка, польск. łaska, чэш., славац. láska, славен. láska (паводле БЕР, 3, 316), балг. ласка, ц.-слав. ласка, серб.-харв. ла̏ска, макед. ласка ’ліслівасць’. Прасл. laska ’пяшчота, любоў, лашчанне, міласэрнасць, велікадушнасць, прыхільнасць, спагада, дружба’ (Слаўскі, 5, 20), якому адпавядаюць літ. lokšnùs (*lāsk‑nus) ’уражлівы, адчувальны, пяшчотны, мілы’ (Буга, Rinkt., 1, 451), лац. lascīvus ’гарэза, распуста, юрлівы’, ст.-інд. laṣati ’жадае’, lásati ’ззяе, блішчыць’, lālasas ’прагны’, ст.-ірл. lainn (< *las‑ni‑s) ’тс’, ст.-грэч. (Гесіхій) λάστη ’распусніца’, гоц. lustus, ст.-в.-ням. lust, ням. Lust ’радасць, задавальненне, жаданне, імкненне, юрлівасць’. Да і.-е. *lās‑/*las‑/*l̥s. Агляд версій гл. Фасмер, 2, 461; Слаўскі, 5, 19–21; БЭР, 3, 316–317. Няма падстаў бачыць тут запазычанне з польск. łaska (Пальцаў, Лекс. і грам., 38).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ла́ска 1, ‑і, ДМ ласцы, ж.

1. Выражэнне любві, пяшчоты. Матчына ласка. □ Асенні вечар ля акон... І твае словы, жэсты, ласка Запамінаюцца бы казка Дзіцячых, бесклапотных дзён. Лойка. // Мяккасць, пяшчота, лагоднасць. — Яшчэ сядзіш, дачушка? — ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч. Сонца пракладае Шлях красе маёвай, Атуляе хаты Ласкай і цяплом. Журба.

2. Спачувальныя, прыхільныя адносіны, прыветлівае абыходжанне. Стары не выказаў ніякага здзіўлення з прычыны нечаканай начальніцкай ласкі. Самуйлёнак.

3. Міласць, паблажка, спагада. Не будуць сіроты Ласкі панскай прасіць!.. Танк. Байцы, забыўшы слова — страх, у смерці ласкі не прасілі. Хадыка.

•••

Без чужой ласкі — самастойна, без чужой дапамогі (зрабіць, абысціся і г. д.).

Быць у ласцы гл. быць.

Дзякуй за ласку гл. дзякуй.

Добрая ласка чыя — як пажадае хто‑н. І гэта іх [дзяцей] добрая ласка: захочуць праведаць старую маці — прыедуць... Ракітны.

З вялікай ласкі чыёй — дзякуючы каму‑н.

З ласкі чыёй — па чыйму‑н. дазволу, загаду і пад.

З ласкі на пацеху — так сабе, нізавошта; так уздумалася, так раптоўна захацелася.

Зрабі(це) ласку гл. зрабіць.

З якой (гэта) ласкі? — навошта? чаму?

Калі ласка — ветлівы зварот, ветлівая просьба, ветлівае пабуджэнне. Віця пачырванеў ад няёмкасць і далікатна прапанаваў: — Дык, калі ласка, праходзьце далей... Якімовіч.

Ласку прыняць гл. прыняць.

Мець ласку гл. мець.

На ласку — а) на добрую волю каго‑, чаго‑н.; б) ветлівы зварот. [Салдат:] — Скажы, на ласку, ці з сяла ніхто Не ўратаваўся? Танк.

Не ў ласцы — не ў гуморы, не ў настроі. — Паненка наша нешта не ў ласцы сёння, — укалола сястру Тэкля. Гартны.

Ні гневу ні ласкі гл. гнеў.

Праз ласку чыю — па чыёй‑н. віне, праз каго‑н.

Прасіць ласкі гл. прасіць.

Трапіць у ласку гл. трапіць.

Убіцца ў ласку гл. убіцца.

Як ваша (твая, яго) ласка — як вы (ты, ён) захочаце (захоча), пажадаеце (пажадае).

ла́ска 2, ‑і, ДМ ласцы; Р мн. ласак; ж.

Невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых з тонкім гібкім целам. Дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)