МІРО́НАВА Кацярына Эдуардаўна (18.11.1883, г. Орша Віцебскай вобл. — 15.1.1946),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1940). Творчую дзейнасць пачала ў 1898 на аматарскай сцэне ў Оршы. З 1920 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Вобразы, створаныя М., вызначаліся выразнай дасканаласцю сцэн. малюнка, эмацыянальным тэмпераментам, адчуваннем акрэсленага характару свайго персанажа. Сярод лепшых роляў: Паланея («Прымакі» Я.​Купалы), Паўліна («Канец дружбы» К.​Крапівы), пані Зямацкая («Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча), княгіня Прушынская («Панскі гайдук» Н.​Бываеўскага), Скрылёва («Гута» Р.​Кобеца), Яблонская («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Галчыха («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Фядосся («Апошнія» М.​Горкага), Моця («Машачка» А.​Афінагенава), Марыя Львоўна («Неспакойная старасць» Л.​Рахманава), місіс Даджэн («Вучань д’ябла» Б.​Шоу), пані Журдэн («Мешчанін у дваранах» Мальера) і інш.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́СТАЎ Аляксандр Фёдаравіч (7.9.1903, г. Валгаград, Расія — 14.5.1960),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1953). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1928). З 1929 працаваў у т-рах Ленінграда, Куйбышава, Масквы. З 1944 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Валодаў моцным трагедыйным тэмпераментам. Глыбокі псіхалагізм, грамадз. пафас, яснасць задумы спалучаліся ў творчасці К. з багатай гукавой і пластычнай тэхнікай. Лепшыя ролі ў Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі: кароль Лір, Атэла, сэр Тобі («Кароль Лір», «Атэла», «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Іван Шуйскі («Цар Фёдар Іванавіч» А.​Талстога), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Радазубаў («Варвары» М.​Горкага), Прыбыткаў («Апошняя ахвяра» Ą.Астроўскага), Варапаеў («Шчасце» паводле П.​Паўленкі), Струкаў («Далі неабсяжныя» М.​Вірты), Ермашоў «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча) і інш. Здымаўся ў кіно.

Літ.:

Бурьян Б., Лисневский И. На высоком взлете. Мн., 1962.

Б.​І.​Бур’ян.

А.Ф.Кістаў.
А.Кістаў у ролі Струкава (справа).

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́НСКІ Аляксандр Васілевіч (2.3.1899, с. Рускія Юрткулі Старамайнскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 31.8.1955),

расійскі рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1930). З 1932 працаваў у т-рах Бураціі, у пасляваен. гады ў Разанскім абл. т-ры. З 1948 у абл. драм. т-рах Беларусі: Магілёўскім, Брэсцкім (з 1949), Гродзенскім (з 1953). Рэжысура М. спалучала пед. прынцыпы выхавання акцёра з выразным пастановачна-відовішчным увасабленнем задумы спектакля. Сярод найб. значных пастановак: у Брэсцкім т-ры — «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Авадзень» паводле Э.​Войніч (абодва 1949), «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага (1950), «Жывы труп» Л.​Талстога (1951), «Ветрык, вей!» Я.​Райніса (1952), «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967); у Гродзенскім т-ры — «Марыя Цюдар» В.​Гюго (1954), «Нявольніцы» А.​Астроўскага (1955).

Б.​І.​Бур’ян.

А.В.Міронскі.

т. 10, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я,

трыццаць другая і апошняя літара бел. алфавіта. Запазычана з рус. графікі ў 19 ст. У старабел. мове гук «а» пасля мяккіх зычных і ётаваны «а» абазначаліся літарамі ѧ (юс малы) пасля мяккіх зычных («зѧмлѧ», «кнѧзь») і ꙗ («а» ётаванае) пасля галосных і ў пачатку слова («боꙗринъ», «ꙗзыкъ»), У 16 ст. гэтыя літары, акрамя рукапіснай, набылі друкаваную форму. У рус. графіцы 18 ст. літара ꙗ выйшла з ужытку, а на аснове скарапіснай ѧ узнікла «я», уключаная потым у грамадз. азбуку. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «а» сярэдняга раду ніжняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («мята» — «м’ата»), а ў пачатку слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йа» («яблыня» — «йаблын’а», «маяк» — «майак», «Гаўя» — «Гаўйа», «трэльяж» — «трэл’йаш», «бур’ян» — «бурйан»), Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 18, кн. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЎЦАЎ Барыс Канстанцінавіч (28.7.1913, г. Разань, Расія — 20.10.1983),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). Працаваў у Бел. т-ры рабочай моладзі, з 1937 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. З 1960 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. Мастацтву К. былі ўласцівы натуральнасць і псіхалагізм. Лепшыя ролі ў т-ры імя Я.​Купалы: Левановіч, Паланевіч («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Піліп («Палешукі» Я.​Рамановіча), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Калеснікаў, Лагута («Цытадэль славы», «На крутым павароце» К.​Губарэвіча), Луконін («Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава), Аляксандр, Анціпа («Апошнія», «Зыкавы» М.​Горкага), Тэадора («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.​Шылера); у т-ры на Малой Броннай: Сцяпан («Брацкая ГЭС» Я.​Еўтушэнкі), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Бірук («Алёнушка» Л.​Лявонава). Здымаўся ў кіно.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПКО́ Эдуард Пятровіч (13.6.1903, г. Ліепая, Латвія — 28.10.1977),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1946). У 1922—59 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы, дзе сфарміраваўся як акцёр пад кіраўніцтвам Е.Міровіча. Характарны і камед. акцёр. Яго мастацтва вылучалася сакавітасцю сцэн. фарбаў, дэталёвай распрацоўкай паводзін і знешняга аблічча персанажа, дакладнасцю сац. характарыстык вобразаў. Сярод лепшых роляў: Шмігельскі, Праменны («Партызаны», «Мілы чалавек» К.​Крапівы), Прыстаў («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Лейтэнант («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Кругляш («Гута» Р.​Кобеца), Дароднаў, Лыняеў, Мілаўзораў, Барабошаў («Позняе каханне», «Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Мантэкі («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Настаўнік філасофіі, Жак («Мешчанін у дваранах», «Скупы» Мальера), фон Кальб («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Пера Каленіч («Пані міністэрша» Б.​Нушыча), Вернер («Рускія людзі» К.​Сіманава), Рэдзька («У стэпах Украіны» А.​Карнейчука) і інш.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 17, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎКО́ Андрэй Васілевіч (3.12.1897, с. Юркі Палтаўскай вобл., Украіна — 5.12.1972),

украінскі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў укр. сав. прозы. Першая кніга — зб. вершаў «Самацветы» (1919). Аўтар апавяданняў і аповесцей (зб-кі «Дзяўчынкі з шляху», 1923; «Пасынкі стэпу», 1928; «Магу», 1926), п’ес («У чырвоных шумах», 1924; «Райскі яблык», 1946, кінасцэнарый «Калі сустракаюцца двое», 1956), кінасцэнарыяў (зб. «Гады маладыя», 1956), нарысаў і інш. У раманах «Бур’ян» (1927), «Арцём Гармаш» (ч. 1—3, 1951—70; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1969) адлюстраваў жыццё і класавую барацьбу ўкр. сялянства ў перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі, у рамане «Маці» (1932, 2-я рэд. 1934) — падзеі рэвалюцыі 1905—07 і гады рэакцыі на Украіне. Творчасць Галаўко тэматычна і жанрава разнастайная, адметная актуальнасцю праблематыкі, майстэрствам кампазіцыі, паглыбленым псіхалагізмам. На бел. мову творы Галаўко пераклалі Я.​Васілёнак, С.​Міхальчук, Я.​Пфляўмбаўм, Л.​Салавей.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Київ, 1976—77;

Бел. пер. — Піліпка. Мн., 1930.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАЛЬКО́Ў Яўген Сямёнавіч (30.9. 1909, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 15.12.1969),

расійскі літ.-знавец, крытык, перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1930). У Вял. Айч. вайну рэдактар выдання час. «Беларусь» (на рус. мове). У 1948—69 старшыня камісіі, потым савета па бел. л-ры пры праўленні Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1924. Аўтар прац пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, К.​Чорнага, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Куляшова, К.​Крапівы. На рус. мову пераклаў творы Я.​Коласа, К.​Чорнага, М.​Лынькова, І.​Мележа, А.​Кулакоўскага, І.​Навуменкі. Пад яго рэдакцыяй упершыню выдадзены ў рус. перакладах творы Багдановіча, Куляшова, М.​Танка, збор твораў Я.​Коласа, кнігі Я.​Купалы. Выступаў з артыкуламі па праблемах гісторыі і ідэйна-эстэт. традыцый бел. л-ры. За кнігу «Янка Купала» (1949) Дзярж. прэмія СССР 1950.

Тв.:

Якуб Колас. М., 1960;

Поющая земля: Лит. очерки и портреты. М., 1965.

Б.​І.​Бур’ян.

Я.С.Мазалькоў.

т. 9, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІ́ПАЎ Раман Сяргеевіч (24.1.1936, г. Сімферопаль, Украіна — 18.2.1992),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна ў Маскве (1957). Працаваў у т-рах Масквы, у т. л. з 1970 у Малым т-ры. У 1962—70 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Ствараў глыбока псіхал. і маштабныя вобразы, адметныя выразным псіхалагізмам, яркасцю дэталей. З лепшых роляў у т-ры імя Я.​Купалы: Яраш («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Андрэй Бялугін («Андрэй Бялугін» А.​Астроўскага і М.​Салаўёва), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Лапатухін («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Сацін («На дне» М.​Горкага), Платаў («Сябры і гады́» Л.​Зорына), Кароль («Канец—справе вянец» У.​Шэкспіра), Джэсі Махоні («Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта). Зняўся ў тэлеспектаклі «Крах» (прэмія Міжнар. фестывалю тэлевіз. спектакляў у Варне, 1969), кінафільмах «Па Русі», «Дзікае паляванне караля Стаха» і інш.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖБА́ Іосіф Абрамавіч (14.12.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.9.1995),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Пасля сканчэння студыі Маскоўскага трама працаваў у Маск. т-ры імя Ленінскага камсамола. У Айч. вайну ў рус. трупе Чувашскага т-ра драмы. З 1944 у Дзярж. рус. т-ры Беларусі. Выканаўца пераважна характарных роляў. Найб. ярка рысы творчай індывідуальнасці выявіліся ў вобразах нац. драматургіі; Малышаў, Духонін («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Багун, Мякішаў («Білет у мяккі вагон», «Пад адным небам» А.​Маўзона), Фёдар Шупеня, Ніканаў («Трывога», «Соль» А.​Петрашкевіча). Стварыў каларытныя вобразы і ў класічнай, сучаснай і замежнай драматургіі: Шалы («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Андрэй Жаркоў («З вечара да поўдня» В.​Розава), Леўшын, Маўрыкій Манахаў, Данат («Ворагі», «Варвары», «Ягор Булычоў і іншыя* М.​Горкага), Сілан і Бяссудны («Гарачае сэрца», «На бойкім месцы» А.​Астроўскага), Луп Кляшнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Казарын («Маскарад» М.​Лермантава), Яга і Глостэр («Атэла» і «Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Паўлет («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Харнблаўэр («Мёртвая хватка» Дж.​Голсуарсі) і інш. Выступаў у радыёспектаклях.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)