ГАЛАЎКО́ Андрэй Васілевіч
(3.12.1897, с. Юркі Палтаўскай вобл., Украіна — 5.12.1972),
украінскі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў укр. сав. прозы. Першая кніга — зб. вершаў «Самацветы» (1919). Аўтар апавяданняў і аповесцей (зб-кі «Дзяўчынкі з шляху», 1923; «Пасынкі стэпу», 1928; «Магу», 1926), п’ес («У чырвоных шумах», 1924; «Райскі яблык», 1946, кінасцэнарый «Калі сустракаюцца двое», 1956), кінасцэнарыяў (зб. «Гады маладыя», 1956), нарысаў і інш. У раманах «Бур’ян» (1927), «Арцём Гармаш» (ч. 1—3, 1951—70; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1969) адлюстраваў жыццё і класавую барацьбу ўкр. сялянства ў перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі, у рамане «Маці» (1932, 2-я рэд. 1934) — падзеі рэвалюцыі 1905—07 і гады рэакцыі на Украіне. Творчасць Галаўко тэматычна і жанрава разнастайная, адметная актуальнасцю праблематыкі, майстэрствам кампазіцыі, паглыбленым псіхалагізмам. На бел. мову творы Галаўко пераклалі Я.Васілёнак, С.Міхальчук, Я.Пфляўмбаўм, Л.Салавей.
Тв.:
Твори. Т. 1—5. Київ, 1976—77;
Бел. пер. — Піліпка. Мн., 1930.
т. 4, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)