круглаві́на і кругло́віна, ‑ы, ж.

Акруглы ўчастак, які вылучаецца чым‑н. на агульным фоне. Жыта абівалі на полі. Даніла Іванёнак выкасіў круглавіну на пожні, дзяўчаты падчысцілі яе рыдлёўкамі — ток быў гатовы. Асіпенка. Мы збіраліся ў лес. Дакладней, на балота Узмутнае, дзе бацька нагледзеў ладную кругловіну асакі. Масарэнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плёса1 пустое, голае месца’ (Жд. 1), ’абсевак’ (стаўб., ЛА, 2), плёса ’агрэх на засеяным полі’ (ганц., Сл. ПЗБ). Ад плеш, плех (гл.) пры ад’ідэацыі плёсі ’адкрытае месца ў полі, у лузе’.

Плёса2 (плёса) ’разнавіднасць асакі’ (баран., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё — літуанізм, параўн. літ. plūšos ’рагоз’, pliuse ’трыснёг’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЎГУСЦІНО́ВІЧ (Тамаш) (Фама) Мацвеевіч (1809, Віленская губ. — 1891),

лекар, батанік, падарожнік. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся на мед. ф-це Віленскага ун-та, пасля яго закрыцця — у Кіеўскай медыка-хірург. акадэміі (1830—35). Працаваў вайск. лекарам, штаб-лекарам у Бранску (1835—43), лекарам і інспектарам на Украіне і ў Палтаўскай губ. (1845—53). Удзельнічаў у навук. экспедыцыях Рас. геагр. т-ва на Урал (1870), у Забайкалле, Прыморскі край і на Сахалін (1871 — 72), у Табольскую губ. на р. Об і Іркуцкую губ. на р. Лена (1874), на Чукотку (1875—76). Навук. даследаванні прысвечаны флоры Беларусі, Украіны, Паўн.-Усх. Сібіры і Д.​Усходу. Аўтар альбома хірург. інструментаў (1835). У гонар Аўгусціновіча названы від асакі Carex augustinoviczii Meinsh.

Тв.:

О дикорастущих врачебных растениях Полтавской губернии. Киев, 1853;

Три года в Северо-Восточной Сибири за Полярным кругом // Древняя и новая Россия. 1880. Т. 18, № 12.

В.​А.​Гапоненка.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫРЦЫ́,

вадаплаўныя птушкі сям. качыных атр. гусепадобных. 2 роды (Aythya i Netta), 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў: Н. белавокі (A. nuroca, нар. назва чарнушка), Н. чырвонагаловы, або блакітная чэрнець (A. ferina; нар. назвы: жылец, сівак, сіваплечая чэрнь, сівая чэрнь), Н. чырвананосы (N. rufina), чэрнець марская (A. marila; нар. назва плясоўка) і чэрнець чубатая (A. fuligula; нар. назвы: хахлач, хахлаты нырок). Н. чырвананосы і чэрнець марская — рэдкія пралётныя віды. Астатнія віды гняздуюцца, жывуць на вадаёмах у зарасніках трыснягу, асакі.

Самы вял. Н. чырвананосы (даўж. да 60 см, маса да 1,5 кг). Дзюба доўгая, пляскатая. Усе Н. на заднім пальцы маюць шырокую скурыстую перапонку. Здабываюць корм (раслінны і жывёльны), ныраючы на глыб. да 4 м (адсюль назва). Аб’екты палявання. Гл. таксама Чэрнеці.

Нырцы: 1 — нырок чырвананосы; 2 — чэрнець чубатая (а — самец, б — самка).

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГАІ́ (Botaurus),

птушкі сямейства чаплевых атр. буслападобных. Каля 20 відаў. Насяляюць усе кантыненты, акрамя Антарктыды. На Беларусі трапляюцца бугай вялікі (B. stellaris) і бугай малы (Ixobrychus minutus), занесеныя ў Чырв. кнігу. Бугай тыгровы (Tigrisoma fasciatum), які жыве ў Бразіліі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 32—80 см, маса 0,13—1,7 кг. Дзюба доўгая, роўная, вострая, ногі доўгія, апярэнне вохрыстае з цёмнымі плямкамі. Спосаб жыцця скрытны, пераважна начны. Гняздуюцца асобнымі парамі на забалочаных берагах азёраў, сажалак, рачных заліваў, у плаўнях, зарасніках чароту, трыснягу, асакі, лазняку. Гнёзды на купінах або невысока над вадой на сцёблах раслін. Нясуць 3—9 яец. Гучныя крыкі самцоў бугая вялікага ў гнездавы перыяд нагадваюць рыканне бугая (нар. назвы: вадзяны бык, бухала, бугай, гібейла). Нар. назвы бугая малога — малы бугайчык, ваўчок, лазнюга, малы гібялюйчык. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, воднымі беспазваночнымі, птушанятамі і інш. дробнымі жывёламі.

Бугаі: 1 — вялікі; 2 — малы (а — самец; б — самка).

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мяку́ха1 ’ступа’ (бешан., Касп.). Да мяць (гл.). Аб суфіксе -иха гл. Слаўскі, SP, 1, 75.

Мяку́ха2 ’мякатніца адналістая, Malaxis monophyllos Sol.’ (в.-дзв., глыб., воран.), ’від асакі (бывае асака і мяісуха і разуха)’ (глыб., Сл. ПЗБ). Да мяккі (гл.). Аб суфіксе ‑уха гл. Сцяцко, Афікс. наз., 124. Параўн. таксама мякіш, мякішнік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стрыка́цца, ‑аецца; незак.

Абл.

1. Мець уласцівасць стрыкаць, апякаць скуру (пра крапіву). Спачатку па крапіве, якая вельмі пякуча стрыкалася і кусала за голыя лыткі, пасля па зараслях асакі .. Юля дайшла да ракі. Сачанка. І крапіва маладая стрыкаецца, Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін. Барадулін.

2. Сцёбаць крапівою каго‑н. або адзін аднаго. Хлопцы крапівою стрыкаюцца.

3. перан. Гаварыць колкасці каму‑н. А ты ўсё стрыкаешся, як крапіва. Шарахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лягджа́й, ляґджа́й, ляжджа́й, лежджай ’від асакі, Carex L.’ (свісл., маст., КЭС; Сл. ПЗБ), ляжа́й ’тс’ (асіп., рагач., бярэз., Сл. ПЗБ); ’рагоз, Typha L.’ (Сл. ПЗБ). Балтызм, параўн. літ. lagėsčiai, lagesčiai, legė̃stas ’дзядоўнік, бадзяк, Cirsium oleraceum Scop.’ Для гэтай назвы ў бел. гаворках існуе і глухі варыянт, характэрны для балтызмаў: ляшч ’тс’ (там жа), плюшчэй ’тс’ (Кіс.), падпраўлены народнай этымалогіяй ад плюшч.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСАКА́ (Carex),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 1500 відаў (паводле інш. даных — да 2500). Пашырана на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Большасць відаў трапляецца ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмераным і халодным паясах. На Беларусі 68 відаў. Большасць з іх расце ў лясных (каля 18 відаў), балотных і прыбярэжна-водных (43 віды) фітацэнозах, некаторыя — дамінанты ў раслінных згуртаваннях: асака вострая (Carex acuta), вастраватая (Carex acutiformis), дрыжнікавая (Carex brizoides), валасістая (Carex pilosa), бутэлечная (Carex rostrata), пузыраватая (Carex vesicaria) і інш. Каля дарог трапляюцца асака касматая (Carex hirta), заечая (Carex leporina), суседняя (Carex contigua) і чорная (Carex nigra).

Шматгадовыя травяністыя адна-, радзей двухдомныя расліны з падоўжанымі ці ўкарочанымі карэнішчамі, утвараюць рыхлыя або шчыльныя дзернавіны і купіны. Сцябло суцэльнае, трохграннае, зрэдку амаль цыліндрычнае з вузламі каля асновы, часцей бязлістае. Лісце лінейнае з вострашурпатымі краямі, ніжняе лускападобнае, рознай афарбоўкі. Кветкі аднаполыя, дробныя, адзінкавыя ці ў коласападобных суквеццях. Плод — арэшкападобны, трохгранны або пукаты, у мяшочку рознай формы (важная сістэматычная прыкмета). Асака — асноўны торфаўтваральнік на нізінных і пераходных балотах. Большасць яе відаў кармавыя расліны, некаторыя — лек., дэкар., тэхнічныя. 11 відаў асакі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

А.​М.​Скуратовіч.

Асака: 1 — пузыраватая; 2 — двухдомная; 3 — птушканожкавая; 4 — прысадзістая.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ляжджа́й1, лежджа́й, магчыма, ’асот, палявы, Sonchus arvensis L. або плюшч звычайны, Hedera helix L.’ (Федар. Дад.), ’асака’ (бераст., Сцяшк. Сл.), ’балотная трава, асака’ (Сцяшк.; маст., свісл., Арашонкава, БЛ, 3), ’рачная трава, Typha angustifolia’ (навагр., БСС–72), ляжджа́йчык ’сена з асакі, Carex L.’ (гродз., Мат. АС). Літуанізм. Параўн. літ. lazdá ’лугавая трава’, lizdáitė ’балотная расліна’ (Лаўчутэ, Сл. балт., 119–120). Гл. таксама лягджай.

Ляжджа́й2 ’мера ачэсанага льну, роўная 10 жменям’ (шчуч., Бел. хр. дыял.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)