Асакі Г. 6/577; 9/180

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЕ БАЛО́ТА,

у Беларусі, на Пн Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., у вадазборы Асвейскага возера. Нізіннага (37%), вярховага (35%), мяшанага (25%) тыпаў. Пл. 5,1 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс. га. Глыб. торфу да 6,3 м, сярэдняя 2,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 20,6 млн. т. На ПдЗ балота паклад сапрапелю магутнасцю да 3,5 м, агульныя запасы 7,4 млн. м³. Неасвоеная ч. балота ў складзе біял. заказніка Асвейскі, часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць. Растуць бяроза, хвоя, вольха, месцамі травяное покрыва з асакі, касача, падвею.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПЕ́КТ

(ад лац. aspectus погляд, выгляд),

1) пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцці, з’явы; разуменне чаго-н. у пэўнай плоскасці.

2) У экалогіі — знешні выгляд расліннага згуртавання (фітацэнозу) у залежнасці ад пары года і відавога складу раслін. Ствараецца з агульнага фону расліннасці. Адрозніваюць аспект сезонны (па сезонным стане расліннасці) і аспект прыватны (паводле віду пераважных раслін, якія цвітуць або пладаносяць). Аспект наз. звычайна па афарбоўцы раслін, якія пераважаюць (напр., блакітны Аспект незабудкі, залаціста-жоўты аспект адонісу, буры аспект лісця высахлай асакі). Звычайна аспекты фітацэнозаў пастаянныя на працягу шэрагу гадоў і парушаюцца толькі ў гады масавага цвіцення або плоданашэння асобных відаў. Змена аспектаў рэгіструецца метадам каляровай фатаграфіі з зямлі або з космасу.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГАІ́

(Botaurus),

птушкі сямейства чаплевых атр. буслападобных. Каля 20 відаў. Насяляюць усе кантыненты, акрамя Антарктыды. На Беларусі трапляюцца бугай вялікі (В. stellaris) і бугай малы (Ixobrychus minutus), занесеныя ў Чырв. кнігу. Бугай тыгровы (Tigrisoma fasciatum), які жыве ў Бразіліі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 32—80 см, маса 0,13—1,7 кг. Дзюба доўгая, роўная, вострая, ногі доўгія, апярэнне вохрыстае з цёмнымі плямкамі. Спосаб жыцця скрытны, пераважна начны. Гняздуюцца асобнымі парамі на забалочаных берагах азёраў, сажалак, рачных заліваў, у плаўнях, зарасніках чароту, трыснягу, асакі, лазняку. Гнёзды на купінах або невысока над вадой на сцёблах раслін. Нясуць 3—9 яец. Гучныя крыкі самцоў бугая вялікага ў гнездавы перыяд нагадваюць рыканне бугая (нар. назвы: вадзяны бык, бухала, бугай, гібейла). Нар. назвы бугая малога — малы бугайчык, ваўчок, лазнюга, малы гібялюйчык. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, воднымі беспазваночнымі, птушанятамі і інш. дробнымі жывёламі.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎГУСЦІНО́ВІЧ Тамаш

(Фама) Мацвеевіч (1809, Віленская губ. — 1891),

лекар, батанік, падарожнік. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся на мед. ф-це Віленскага ун-та, пасля яго закрыцця — у Кіеўскай медыка-хірург. акадэміі (1830—35). Працаваў вайск. лекарам, штаб-лекарам у Бранску (1835—43), лекарам і інспектарам на Украіне і ў Палтаўскай губ. (1845—53). Удзельнічаў у навук. экспедыцыях Рас. геагр. т-ва на Урал (1870), у Забайкалле, Прыморскі край і на Сахалін (1871 — 72), у Табольскую губ. на р. Об і Іркуцкую губ. на р. Лена (1874), на Чукотку (1875—76). Навук. даследаванні прысвечаны флоры Беларусі, Украіны, Паўн.-Усх. Сібіры і Д.Усходу. Аўтар альбома хірург. інструментаў (1835). У гонар Аўгусціновіча названы від асакі Carex augustinoviczii Meinsh.

Тв.:

О дикорастущих врачебных растениях Полтавской губернии. Киев, 1853;

Три года в Северо-Восточной Сибири за Полярным кругом // Древняя и новая Россия. 1880. Т. 18, № 12.

В.А.Гапоненка.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАКА́

(Carex),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 1500 відаў (паводле інш. даных — да 2500). Пашырана на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Большасць відаў трапляецца ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмераным і халодным паясах. На Беларусі 68 відаў. Большасць з іх расце ў лясных (каля 18 відаў), балотных і прыбярэжна-водных (43 віды) фітацэнозах, некаторыя — дамінанты ў раслінных згуртаваннях: асака вострая (Carex acuta), вастраватая (Carex acutiformis), дрыжнікавая (Carex brizoides), валасістая (Carex pilosa), бутэлечная (Carex rostrata), пузыраватая (Carex vesicaria) і інш. Каля дарог трапляюцца асака касматая (Carex hirta), заечая (Carex leporina), суседняя (Carex contigua) і чорная (Carex nigra).

Шматгадовыя травяністыя адна-, радзей двухдомныя расліны з падоўжанымі ці ўкарочанымі карэнішчамі, утвараюць рыхлыя або шчыльныя дзернавіны і купіны. Сцябло суцэльнае, трохграннае, зрэдку амаль цыліндрычнае з вузламі каля асновы, часцей бязлістае. Лісце лінейнае з вострашурпатымі краямі, ніжняе лускападобнае, рознай афарбоўкі. Кветкі аднаполыя, дробныя, адзінкавыя ці ў коласападобных суквеццях. Плод — арэшкападобны, трохгранны або пукаты, у мяшочку рознай формы (важная сістэматычная прыкмета). Асака — асноўны торфаўтваральнік на нізінных і пераходных балотах. Большасць яе відаў кармавыя расліны, некаторыя — лек., дэкар., тэхнічныя. 11 відаў асакі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

А.М.Скуратовіч.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)