МІЛАВІ́ДАЎ Аляксандр Іванавіч (1864 — пасля 1933),
гісторык, археограф, бібліёграф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію. Супрацоўнік Віленскай публічнай б-кі, дырэктар музея М.М.Мураўёва. Даследаваў помнікі кірылічнага пісьменства, гісторыю правасл. царквы, паўстання 1863—1864, рэліг. сектаў, архіўнай справы. Стаяў на пазіцыях заходнерусізму. Падрыхтаваў да выдання «Архіўныя матэрыялы Мураўёўскага музея, якія датычацца польскага паўстання 1863—1864 гг. у межах Паўночна-Заходняга краю» (ч. 1—2, Вільня, 1913—15; рукапіс 3-га т. ў Гіст. архіве Літвы). Выдаваў каталогі апісанняў старадрукаваных кніг са збораў Вільні. З 1918 на архіўнай рабоце ў Петраградзе.
Тв.:
Описание славяно-русских старопечатных книг Виленской публичной библиотеки (1491—1800 гг.). Вильна, 1908;
Старопечатные славяно-русские издания, вышедшие из западно-русских типографий XVI—XVII вв. Вильна, 1908;
Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки. Его история и состав. Вильна, 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЕР Герард Фрыдрых (29.10.1705, г. Герфард, Германія — 22.10.1783),
расійскі гісторык, археограф. Чл. Пецярбургскай АН (1731). У 1725 прыехаў у Расію. З 1725 ад’юнкт, з 1731 праф. гісторыі, у 1728—30 і 1754—65 канферэнц-сакратар АН. У 1733—43 удзельнічаў у экспедыцыі па вывучэнні Сібіры, даследаваў і апісаў архівы больш чым 20 яе гарадоў, сабраў вял. колькасць копій дакументаў па гісторыі Сібіры і еўрап.ч. Расіі (т. зв. партфелі М.). Аўтар прац па гісторыі і геаграфіі Расіі са старажытнасці да сярэдзіны 18 ст., гал. з якіх — «Гісторыя Сібіры» (апубл. ў 1750). Прыхільнік нарманскай тэорыі. Апублікаваў шэраг крыніц і прац па рас. гісторыі, у т. л. Судзебнік 1550 з каментарыямі В.М.Тацішчава, лісты Пятра I да Б.П.Шарамецева, «Гісторыю Расійскую» Тацішчава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНІ́ТКА Андрэй Канстанцінавіч (1866, Вільня — 13.3.1920),
археограф, археолаг, этнограф, краязнавец і музеязнавец. Скончыў Рыжскі політэхн.ін-т (1888). Адзін з арганізатараў Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта (з 1908 сакратар, з 1909 старшыня), Мінскага царкоўна-археалагічнага музея (1908). З 1915 настаўнік гімназіі ў Чарнігаўскай губ. Вёў раскопкі ў Мінскім, Барысаўскім, Ігуменскім пав., у Пінску, Тураве, Слуцку. Абследаваў манастыры Слуцка, Пінска, Турава. Удзельнічаў у выданні зб. дакументаў «Мінская даўніна», у 4-м вып. якога апісаў дакументы Слуцкага Свята-Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. Апісаў Нікольскую царкву ў Смалявічах, Мінск у 17 ст., склаў радавод слуцкіх князёў Алелькавічаў і інш. Аўтар гісторыі Слуцка (рукапіс захоўваецца ў архіве Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі) і артыкулаў па гісторыі Беларусі, у якіх ухваляў дзейнасць правасл. царквы і царызму на Беларусі з вялікадзярж. клерыкальна-манархісцкіх пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЙДО́ВІЧ Канстанцін Фёдаравіч (1.6.1792, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 1.5.1832),
рускі гісторык, археограф, філолаг, даследчык бел. мовы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1825). Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). Працаваў выкладчыкам гімназіі, з 1817 у архіве Мін-ва замежных спраў. У 1813 на вайск. пасадзе знаходзіўся ў Беларусі, вывучаў мову і побыт беларусаў. З 1815 прымаў удзел у Румянцаўскім гуртку, збіраў і даследаваў стараж.ўсх.-слав. помнікі. У 1817—18 разам з П.М.Строевым адшукаў «Ізборнік Святаслава 1070», выдаў творы К.Тураўскага ў «Помніках расійскай славеснасці XII ст.» (1821). Выявіў і апісаў старадрукі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Даследаваў «Слова аб палку Ігаравым» і адстойваў яго стараж. паходжанне. Склаў кароткі слоўнік бел. мовы і апублікаваў яго ў працы «Пра беларускую гаворку» (1822). Найб. вядомыя яго творы «Іаан Экзарх Балгарскі» (1824), «Дакладнае апісанне славяна-расійскіх рукапісаў, якія зберагаюцца... у б-цы... Ф.А.Талстога» (1825, з Строевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ Віктар Отан Сямёнавіч (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкага ваяв., Польшча — 6.11.1862),
гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нац.вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат К.Каліноўскага. Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях, з 1852 — на мед. ф-це Маскоўскага ун-та. У 1858—62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы, у каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную б-ку гал.ч. па гісторыі ВКЛ (больш за 5000 рукапісаў і кніг). Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І.Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., дзе і памёр.
Літ.:
Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў. Гіст.літ.зб.Мн., 1990. [Вып. 1].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СІН-ПУ́ШКІН Аляксей Іванавіч (27.3.1744, С.-Пецярбург — 13.2.1817),
расійскі дзярж. дзеяч, археограф і гісторык. Граф. Чл.Рас. акадэміі (1789). Служыў у арміі, потым на прыдворнай і грамадзянскай службе. У 1791—97 обер-пракурор Сінода, у 1794—99 прэзідэнт Акадэміі мастацтваў. З 1775 збіраў пісьмовыя і рэчавыя помнікі рас. гісторыі. Засн. гурток гісторыкаў, які адкрыў Лаўрэнцьеўскі летапіс, выдаў шэраг помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л.«Рускую праўду» (1792), «Кнігу Вялікаму Чарцяжу» (1792), «Духоўную вялікага кн. Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха...» (1793, гл.«Павучанне Уладзіміра Манамаха»); сам адкрыў і выдаў «Слова пра паход Ігаравы» пад назвай «Гераічная песня пра паход на полаўцаў удзельнага князя Ноўгарада-Северскага Ігара Святаславіча» (1800). Зборам М.-П. (частка яго, у т. л. адзіны спіс «Слова аб палку Ігаравым», згарэла ў Маскве ў вайну 1812) карысталіся многія рас. гісторыкі, у т. л. М.М.Карамзін.
Літ.:
Козлов В.П. Кружок А.И.Мусина-Пушкина и «Слово о полку Игореве»: Новые страницы истории древнерус. поэмы в XVIII в. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛКО́ВІЧ (Шолкавіч, Шаўковіч) Сямён Вуколавіч (15.5.1840, в. Тонеж Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 20.10.1886), бел. гісторык, археограф. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Кіеўскі ун-т (1863). З 1864 настаўнік Віленскага мужчынскага дваранскага ін-та (пасля рэарганізацыі — рэальная прагімназія, з 1868 рэальнае вучылішча). З 1870 чл.Віленскай археаграфічнай камісіі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 14 тамоў прац камісіі. Аўтар прадмоў да 4, 5, 9 і 13-га тамоў Актаў Віленскай камісіі, «Пісцовай кнігі былога Пінскага староства» (1874), «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі» (1876), «Пісцовай кнігі Гродзенскай эканоміі» (1881—82) і інш. Падрыхтаваў «Зборнік палеаграфічных здымкаў са старажытных грамат і актаў, якія захоўваюцца ў Віленскім цэнтральным архіве і Віленскай публічнай бібліятэцы» (1884), у якім змешчаны ўзоры дзелавой пісьменнасці ВКЛ 15—16 ст.Навук. погляды Ш. вызначаліся крайнім манархізмам і паланафобіяй, што асабліва характэрна для падрыхтаваных ім прац «Зборнік артыкулаў, якія тлумачаць польскую справу адносна Заходняй Расіі» (вып. 1—2, 1885—87), «Аб межах Польскай кароны і Вялікага княства Літоўскага» (1885).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕЎСКІ Пётр Васілевіч (23.2.1808, в. Долбіна Сувораўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 6.11.1856),
расійскі фалькларыст, археограф. Брат І.В.Кірэеўскага. З 1840-х г. адзін з прадстаўнікоў славянафільства. У аснове яго фальк. канцэпцыі ідэі агульнаслав. народазнаўства З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. З 1830 збіраў фальклор (сабраў тысячы нар. песень, пераважна з цэнтр. губерняў Расіі); сярод яго карэспандэнтаў А.Пушкін, М.Гогаль, А.Кальцоў, М.Языкаў, У.І.Даль і інш. У 1830-я г. наведаў Беларусь, ад мясц. збіральнікаў атрымаў больш за 800 тэкстаў бел.нар. песень і прыпевак, пераважна з Мінскай губ. У 1848 выдаў духоўныя вершы «Рускія народныя песні», сярод якіх ёсць беларускія. Бел. матэрыялы (валачобныя, купальскія, жніўныя, калядныя і інш. песні, прыпеўкі да танцаў, скакухі з ваколіц Слуцка, Мінска, Барысава, Івянца, Талачына) склалі т.зв. «Беларускі архіў» К., частку якога П.А.Бяссонаў уключыў у свае зб-кі «Дзіцячыя песні» (1868) і «Беларускія песні» (1871). Бел. рукапісныя матэрыялы К. ў Гіст. музеі і Цэнтр. архіве л-ры і мастацтва ў Маскве.
Літ.:
Соймонов А.Д. П.В.Киреевский и его собрание народных песен. Л., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬТЭБРА́НТ Пётр Андрэевіч (8.5.1840, в. Пер’і Разанскай вобл., Расія — 12.12.1905),
рускі археограф, этнограф, фалькларыст, гісторык. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1861—62). Працаваў у пецярбургскай газ. «Голос», з 1895 пам. архіварыуса Віленскага цэнтр. архіва стараж. актавых кніг, заг. аддзела рукапісаў Віленскай публічнай б-кі, з 1871 у Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу, з 1884 у сінадальнай друкарні, з 1897 у Мін-ве асветы. Арганізаваў шэраг экспедыцый на Беларусь для выяўлення рукапісных матэрыялаў і рэдкіх кніг. Пры абследаванні нясвіжскага архіва Радзівілаў выявіў урывак Слуцкага летапісу 16 ст. У 1869 упершыню надрукаваў з каментарыямі Тураўскае евангелле. У «Виленском вестнике» і «Литовских епархиальных ведомостях» змяшчаў артыкулы па нар. творчасці, музейнай і бібліятэчнай справе, археалогіі. З матэрыялаў, сабраных навучэнцамі Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, выдаў «Зборнік помнікаў народнай творчасці ў Паўночна-Заходнім краі» (Вільня, 1866; 300 песень, 151 прыказка, 93 загадкі), у прадмове да якога выявіліся шавініст. і антысеміцкія настроі аўтара. Бел. фальклорны матэрыял, які Гільтэбрант збіраўся выдаць у 2-м выпуску зборніка, зберагаецца ў Нац.Рас. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 37—38;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГЯ́ЛА Дзмітрый Іванавіч (1.11.1868, в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — крас. 1942?),
беларускі гісторык, архівіст, археограф, крыніцазнавец. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). З 1897 працаваў у Віцебскім, Віленскім архівах стараж. актаў. З 1906 член, з 1912 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі, рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества», ганаровы чл.Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. З 1921 заг. Магілёўскага губ. архіва. З 1925 супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар б-кі АНБССР, з 1937 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АНБССР. Аўтар прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі. Першы даследаваў гісторыю і гіст. тапаграфію полацкіх, Барысаўскага, Свіслацкага, Аршанскага замкаў, вывучаў гісторыю нац. меншасцей у Беларусі. Складальнік, рэдактар, удзельнік выдання «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў» (т. 27—32, 1899—1906), Актаў Віленскай камісіі (т. 32—37, 1907—12), «Беларускага архіва» (т. 1—3, 1927—30), «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936) і інш. 10.12.1937 арыштаваны, 11.9.1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1964.
Тв.:
3 беларускага пісьменства XVII ст.Мн., 1927;
Літоўская Метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі. Рыга, 1933.