ШАЛКО́ВІЧ (Шолкавіч, Шаўковіч) Сямён Вуколавіч (15.5.1840, в. Тонеж Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 20.10.1886), бел. гісторык, археограф. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Кіеўскі ун-т (1863). З 1864 настаўнік Віленскага мужчынскага дваранскага ін-та (пасля рэарганізацыі — рэальная прагімназія, з 1868 рэальнае вучылішча). З 1870 чл. Віленскай археаграфічнай камісіі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 14 тамоў прац камісіі. Аўтар прадмоў да 4, 5, 9 і 13-га тамоў Актаў Віленскай камісіі, «Пісцовай кнігі былога Пінскага староства» (1874), «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі» (1876), «Пісцовай кнігі Гродзенскай эканоміі» (1881—82) і інш. Падрыхтаваў «Зборнік палеаграфічных здымкаў са старажытных грамат і актаў, якія захоўваюцца ў Віленскім цэнтральным архіве і Віленскай публічнай бібліятэцы» (1884), у якім змешчаны ўзоры дзелавой пісьменнасці ВКЛ 15—16 ст. Навук. погляды Ш. вызначаліся крайнім манархізмам і паланафобіяй, што асабліва характэрна для падрыхтаваных ім прац «Зборнік артыкулаў, якія тлумачаць польскую справу адносна Заходняй Расіі» (вып. 1—2, 1885—87), «Аб межах Польскай кароны і Вялікага княства Літоўскага» (1885).

М.​Ф.​Шумейка.

т. 17, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)