ІАА́Н ЛЕ́ЙДЭНСКІ (Jan van Leiden, Johann von Leiden),
Ян Бокелзан (Jan Beuckelszoon, Bockelson; каля 1509, паблізу г. Лейдэн, Нідэрланды — 23.1.1536), кіраўнік Мюнстэрскай камуны. У 1533 далучыўся да старшыні нідэрландскіх анабаптыстаў Яна Матыса, хрысціўся ў яго і стаў адным з яго апосталаў. Разам з інш. анабаптыстамі ў 1534 захапіў уладу ў Мюнстэры, а пасля смерці Матыса ўзначаліў савет «12 старэйшын» — вярх. орган улады камуны. Пазней абвясціў сябе «царом Новага Сіёна» (Мюнстэра), валодаў неабмежаванай уладай, увёў палігамію. Імкнуўся пашырыць паўстанне на інш. вестфальскія гарады і Паўн. Нідэрланды. Пры захопе Мюнстэра войскамі епіскапа 25.7.1535 трапіў у палон, катаваны і пакараны смерцю. Гал. герой оперы Дж.Меербера «Прарок» (1849).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́, Пятра, Пятрок,
у беларусаў і інш.слав. народаў стараж. земляробчае свята. Адзначалася 29 чэрв.ст. стылю. З’яўлялася своеасаблівым працягам Купалля. Назва язычніцкага свята, да якога царква прымеркавала свята апосталаў Пятра і Паўла, не захавалася. У бел. фальклоры П. — апякун хлеба і хлебаробаў. Калі спрыяла надвор’е, з П. пачыналі сенакос. З гэтага свята звычайна пачыналіся т.зв. пятроўскія карагоды, якія працягваліся да Спаса. У час святкавання спявалі пятроўскія песні, адбывалася кумаванне дзяўчат з хлопцамі, якому ў старажытнасці папярэднічала кумаванне дзяўчат паміж сабой (абмяняўшыся пярсцёнкамі або чым-небудзь з вопраткі, яны на працягу года лічыліся кумамі). Пасля П. дзень ішоў на спад, лета хілілася на восень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУБЕ́С (сапр.Іванаў) Сцяпан, цаніннік 2-й пал. 17 ст. Выхадзец з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Майстар паліхромных маёлікавых рэльефаў. З 1654 (?) працаваў у Маскве ў кн. Трубяцкога, у 1660—66 аздабляў Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры. З 1666 майстар Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля. Аўтар кафляных фрызаў царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (да 1672) і Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве (да 1674, паводле інш. крыніц 1671—79; абодва з І.Максімавым), маёлікавай аздобы «Церамка» над брамай Круціцкага падвор’я (1693—94). Мяркуюць, што ўдзельнічаў у аздабленні Церамнога палаца, царквы Спаса за залатой рашоткай і Аптэкарскага прыказа ў Крамлі. Найб. значны твор — маёлікавыя рэльефы апосталаў для царквы Успення ў Ганчарах (1691). Іл.гл. ў арт.Кераміка.
С.Палубес і І.Максімаў. Фрагмент дэкору Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ НІ́ЖНЯЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж. дойлідства. Пабудавана ў 12 ст. майстрамі Гродзенскай школы дойлідства на тэр.Гродзенскага Старога замка. Пасля пажару 1183 да сярэдзіны 13 ст. разбурылася. Яе руіны выяўлены пад фрагментамі больш позняй Гродзенскай Верхняй царквы ў час археал. раскопак 1931—37. Часткова захаваліся рэшткі сцен (да выш. 3,5 м), фрагменты падкупальных слупоў і элементы дэкар. ўпрыгожання.
Паводле плана гэта быў 4-стаўповы храм тыпу ўпісанага крыжа без нартэкса з развітой алтарнай часткай. Фасады аздоблены паліраванымі і неапрацаванымі рознакаляровымі камянямі, маёлікавымі квадратнымі пліткамі і паліванай чашападобнай кафляй. Гал. ўпрыгожанне інтэр’ера — маёлікавая ўзорыстая падлога і алтарная перагародка. Захаваліся дэталі багата ўпрыгожанай драўлянай алтарнай перагародкі, пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў і святых у абрамленні кругоў са складаным раслінным і плеценым арнаментам.
Да арт.Гродзенская Ніжняя царква. Фрагмент маёлікавай падлогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЎЛЬБЕРЧ, Маўльперч (Maulbertsch, Maulpertsch) Франц Антон (хрышчаны 8.6.1724, Лангенарген, Германія — 8.8.1796), аўстрыйскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік аўстр. барока. Вучыўся ў Венскай АМ (1741—49), з 1770 яе прафесар. Зазнаў уплывы венецыянскага жывапісу і Рэмбранта. Працаваў у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, Славакіі, Чэхіі. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, падкрэсленым дынамізмам кампазіцыі, насычанасцю каларыту і святлоценявой мадэліроўкі; работы позняга перыяду маюць рысы класіцызму. Майстар манум. жывапісу: фрэскі ў касцёле п’ярыстаў (1752—53) і ун-це (1756—59) у Вене, цэрквах у Інсбруку (1775—76, Аўстрыя) і ў Шумегу (1757—58), саборы ў Папе (1780—81) і епіскапскай рэзідэнцыі ў Сомбатхеі (1783, Венгрыя), капэле палаца прымаса ў Браціславе (1781) і інш. Аўтар алтарных карцін «Св. Павел» (1759), «Узняцце крыжа» (1760), «Св. Тройца» (каля 1785—86) і інш.; гравюр («Прычашчэнне апосталаў», 1765, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ.
Існавалі ў 17—20 ст. у Магілёве. Комплекс пабудаваны ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў стылі барока. Уключаў мураваныя будынкі калегіума (закладзены каля 1686), школы (абодва закончаны ў 1699) і касцёла св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў Ахоўнікаў (пасля 1833 правасл. Васкрасенская царква). Касцёл — 3-нефавая базіліка з паўкруглым завяршэннем цэнтр. нефа. Гал. фасад завяршаўся 2 вежамі з барочнымі купаламі. Інтэр’ер аздоблены карынфскімі пілястрамі, размалёўкай. Калегіум засн. Я.Здановіч. 2-павярховы, мураваны, прамавугольны ў плане будынак. Гладкія сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З 1820 туг была ваен.-афіцэрская школа, у 1826 следчая камісія вяла допыт дзекабрыстаў — чл. «Паўднёвага таварыства» С.І. і М.І.Мураўёвых-Апосталаў, М.П.Бястужава-Руміна і інш. Касцёл і часткова калегіум разабраны пасля Вял.Айч. вайны. Рэшткі калегіума (падвалы, паўд.-зах. дваровы фасад) выкарыстаны пры буд-ве філіяла абл. краязнаўчага музея — музея дзекабрыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАНЕ́Г Пётр, бел. дойлід 12 ст. Прадстаўнік Гродзенскай школы дойлідства. Ім узведзены шэраг манум. будынкаў у Гродне (верагодна, Ніжняя, Барысаглебская і Прачысценская цэрквы, княжацкія палаты і мураваныя абарончыя сцены). У пач. 12 ст. быў асабістым дойлідам кіеўскага кн. Рурыка. Яго прозвішча зафіксавана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1119 пры сведчанні пра ўзвядзенне ў Выдубіцкім манастыры пад Кіевам мураванай падпорнай сценкі з боку р. Дняпро (адначасова з’яўлялася агляднай пляцоўкай). На заказ князя М. пабудаваў цэрквы св. Васіля ў Оўручы, св.Апосталаў у Белгарадзе і Пятніцкую ў Чарнігаве. У гэтых помніках відавочны традыцыі гродзенскай архітэктуры, што дазваляе даследчыкам меркаваць пра аўтарства М.: у сцены ўмураваны каляровыя шліфаваныя камяні і паліваныя керамічныя пліткі, скошаныя вонкавыя вуглы, аналагічныя падпорныя і аглядныя сцены Выдубіцкага манастыра і на мысе Гродзенскага дзядзінца.
Літ.:
Рапапорт П. Пётр Міланег — гродзенскі дойлід XII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́ВА ((Canova) Антоніо) (1.11.1757, Пасаньё, каля г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.10.1822),
італьянскі скульптар, буйнейшы прадстаўнік італьян. класіцызму. Вучыўся ў Венецыі (1768—74). Працаваў пераважна ў Венецыі і Рыме. З 1810 дырэктар акадэміі Св. Лукі ў Рыме. На пачатку творчасці прытрымліваўся традыцый барока («Арфей», 1776—78), пазней працаваў у рэчышчы класіцыстычнага наследавання ант. скульптуры. Творам уласцівы ўрачысты спакой кампазіцыі, яснасць і вытанчанасць пластычнай формы, якая спалучалася з халаднаватай адасобленасцю, падкрэсленай дакладнай апрацоўкай і паліроўкай паверхні мармуру: «Амур і Псіхея» (1793), «Пацалунак Амура і Псіхеі» (1796), «Персей» (1801), «Пааліна Баргезе ў выглядзе Венеры» (1805—07) і інш. У 1812 выканаў скульптуру «Багіня міру» для ўладальніка Гомеля М.П.Румянцава. Аўтар надмагілляў пап Клімента XIV у царкве св.Апосталаў у Рыме (1787) і Клімента XIII у саборы св. Пятра ў Рыме (1792), эрцгерцагіні Марыі Крысціны ў царкве аўгусцінскага манастыра ў Вене (1798—1805). Пластыка К. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. акадэмізм 19 ст.
раннехрысціянскія творы пра жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Узніклі на мяжы 1—2 ст.н.э., аўтарамі Е. лічаць апосталаў або іх вучняў. Е. падзяляюцца на кананічныя — ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана (уваходзяць у Новы Запавет) і апакрыфічныя (гл.Апокрыфы). На Беларусі Е. бытуюць з 10 ст. Найбольш стараж. Е., якія дайшлі да нас, — Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкія (12—14 ст.), Мсціжскае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае (14 ст.), Жыровіцкае (15 ст.), Шарашоўскае (16 ст.; гл. адпаведныя артыкулы). Евангельскія сюжэты, вобразы, прытчы, сімвалы шырока выкарыстоўвалі ў літ. і асветніцкай дзейнасці Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Ф.Скарына, В.Цяпінскі (першы надрукаваў Е. на старабел. мове), С.Будны, Л. і С.Зізаніі, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, А.Філіповіч і інш. Сюжэты, змест і вобразы Е. выкарыстоўвалі майстры скульптуры, жывапісу, кніжнай графікі, пісьменнікі (Сімяон Полацкі, М.Багдановіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.Караткевіч і інш.).
Літ.:
Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.
Да арт.Евангеллі. «Евангелле вучыцельнае» Каліста. Еўе. 1616.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НСТЭРСКАЯ КАМУ́НА,
панаванне ў 1534—35 пратэстантаў-анабаптыстаў у г.Мюнстэр (Вестфалія); уздым рэв. падзей у Германіі пасля паражэння Сялянскай вайны 1524—25. Пасля перамогі прыхільнікаў Рэфармацыі ў Мюнстэры (1533) і выгнання адтуль князя-епіскапа ў Мюнстэры сканцэнтраваліся анабаптысты і з інш. гарадоў Вестфаліі і Нідэрландаў. У лют. 1534 яны на чале з Янам Матысам і Іаанам Лейдэнскім атрымалі большасць у магістраце і фактычна захапілі ўладу ў горадзе. Мюнстэр яны абвясцілі «Новым Іерусалімам», г.зн. цэнтрам «Царства боскага», якое, паводле пропаведзі Яна Матыса, павінна быць усталявана на зямлі мячом «праведных». Ва ўмовах аблогі войскамі епіскапа анабаптысты правялі ў горадзе шэраг пераўтварэнняў (падпарадкаванне майстроў-рамеснікаў гар. абшчыне ў справе арганізацыі вытв-сці і выкананні заказаў, канфіскацыя золата, серабра і каштоўных рэчаў на агульную карысць, скасаванне грошай і ўвядзенне натуральнага абмену, улік прадуктаў спажывання, наладжванне агульных трапез і інш.). Пасля гібелі ў баі Яна Матыса (5.4.1534) І.Лейдэнскі распусціў магістрат і стварыў савет «12 апосталаў», а потым устанавіў асабістую дыктатуру тэакратычнага тыпу і быў абвешчаны царом Новага Сіёна (Мюнстэра) і будучым уладыкам усяго свету. Блакіраваная праціўнікам, М.к. пасля працяглай гераічнай абароны пала. Яе ўцалелыя дзеячы, у т. л. Іаан Лейдэнскі, пасля катаванняў пакараны смерцю.