пло́скі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае ўпадзін і ўзвышшаў; з роўнай паверхняй. Направа — плоскія ўзгор’і, адзінокія скалы, яры між імі. Самуйлёнак. Наперадзе паказаліся будынкі з плоскімі дахамі, белыя, вясёлыя. Алешка. // Без звычайнай выпукласці, пляскаты. Нядобрая ўсмешка ўсё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міканоравага твару. Мележ. // Не круглы, сплюшчаны. Арцём, адпачыўшы, бярэцца за работу. Аполак у яго ўжо гатовы. Плоскім цяслярным алоўкам ён размячае яго на кавалкі. Ракітны.

2. Пазбаўлены арыгінальнасці; банальны, пошлы. Плоскія жарты. □ Гутарка, зразумела, ідзе не пра той абавязковы, наперад зададзены «казённы» аптымізм «бурапены» ці плоскай і павярхоўнай адналінейнасці. Бугаёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дошка / тоўстая: дыля, дылёўка / таўшчынёю ў цалю: цалёўка / у падлозе: масніца, маснічына / з краю бервяна, з аднаго боку выпуклая: аполак / якою шалююць: шалёўка

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

По́лка1 ’кавалак тканіны’, ’пялёнка’ (Ян.), ’пялёнка’ (Жд. 1), ’крысо’ (Сл. Брэс.), ’адно палотнішча (у дзяружцы, мяшку і інш.)’ (ТС), ’посцілка’ (ЛА, 2). Укр. пілка ’полка’, рус. полка ’кавалак тканіны ва ўсю шырыню’, по́лочка ’пярэдняя частка жаночай вопраткі’, славац. polka ’кавалак палатна спавіваць дзіця’, ’адно палотнішча’, балг. полка ’верхняя жаночая вопратка’, ’блуза’. Памяншальная форма ад прасл. *pola, якое ад *polъ ’палова, бок’ (гл. паў-), параўн. польск. poła ’палова’, славац. pola ’полка; крысо’, балг. пола́ ’ніжняя частка вопраткі’, ’палавінка варот’. Гл. пала́.

По́лка2 ’палок у лазні’, ’насціл для сушкі гароху і інш.’ (Ян.). Рус. полка ’паліца’, польск. półka ’тс’. Памянш. да пол2, першапачаткова ’дошка, плашка’; Банькоўскі (2, 689) рэканструюе *polъka ’расколатае напалову бервяно, што служыла паліцай’, што да праслав. *pelti ’раздзіраць на дзве часткі’ з і.-е. *(s)p(h)el‑ ’расколваць’. Ідэнтычнае polъ ’палова; бок, край’, параўн. апо́лак ’крайняя дошка з бервяна’. Гл. паў-, палова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарбы́ль ’узгорак, бугор’ (Касп.), ’маленькае ўзвышша на роўным месцы’ (Яшкін), ’горб’, ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’аполак, сегментальная ў папярочным сячэнні дошка’ (Сцяшк. МГ, Шатал.). Бясспрэчна, гэта лексема звязана з іншымі словамі, утворанымі таксама ад асновы горб‑ і якія маюць падобную суфіксацыю. Параўн. гарбе́ль ’гарбаты’ (БРС), далей гарбу́ль ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’гарбаты чалавек’ (Шатал.). Як бачым, каранёвая частка гэтых слоў тая ж самая, а суфікс мае адзін і той жа кансанантны элемент (‑l). Такім чынам, мы маем зыходнае *gъrb‑ylь, *gъrb‑ulь і *gъrb‑elь (*gъrb‑ělь?). Першыя дзве лексемы маюць суфіксацыю, якая звязана апафанічнымі адносінамі (‑y‑lь: ‑u‑lь*‑ū‑lь: *ou̯‑lь). Адносна ‑elь сказаць штосьці пэўнае аб яго непасрэднай сувязі з названымі суфіксамі цяжка (маем на ўвазе яго вакалічны элемент). Але ўсе тры базіруюцца на кансанантным ‑l‑ (агляд гэтай суфіксацыі гл. у Слаўскага, SP). Роднаснасць суфіксацыі, яе аднатыпнасць у функцыянальным плане дазваляюць меркаваць, што ўсе тры лексемы — гэта паралельныя ўтварэнні, аднолькавыя па словаўтваральнай структуры і па семантыцы. Іх паралелізм існавання можна высветліць тым, што яны ўзніклі ў розных дыялектах (у якіх выступала адна з форм названай суфіксацыі). Сама аснова *gъrb‑ мае шмат значэнняў (так было і ў прасл. дыялектах; агляд семантыкі прасл. *gъrbъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 199–201), якія добра высвятляюць дыяпазон ’горб’ — ’гара, узвышша’ і г. д. Параўн. аналагічныя ўтварэнні і ў рус. гаворках: горбу́ль ’маленькае ўзвышша; намёт снегу; дошкі-аполкі; агароджа з такіх дошак; пірог з бульбяной начынкай’ (СРНГ, 7, 23), горбы́ль ’горб; гарбаты чалавек; патыліца ў чалавека; нос чалавека; невялікае ўзвышша; пень; агароджа з дошак-аполкаў; рыба сазан’ (СРНГ, 7, 25).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́ха1 пла́шка, плашча́к, плахты́на, плу́ха, плушка ’палавіна расколатага уздоўж дрэва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Янк. 3., Шушк., Яруш., Маш., Некр., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.) ’вялікая трэска’ (шчуч., шальч., чэрв., Сл. ПЗБ), ’маснічыны’ (Сцяшк. МГ), пла́шычка ’плаха’ (Юрч. СНЛ). Укр. харк. пла́ха ’шырокая дошка; палена, плаха’, рус. пла́хта ’дошка’, ’аполак’, ’масніца’, ’палка’, ’пень’, ’зрубанае і ачышчанае ад сукоў дрэва’. Усх.-слав.-польск. ізалекса, роднасная прыметніку плоскі (Праабражэнскі, 2, 70; Фасмер, 3, 275) < прасл. *ploskъ ’плоскі’, у якім карэннае ‑o‑ атрымала экспрэсіўнае падаўжэнне (Махэк₃, 462), параўн. таксама польск. płocha ’бёрда’, чэш. plochý ’плоскі’, славац. plošina ’раўніна’, ’пляцоўка, платформа’. Яму адпавядаюць лат. plaskains, plāskains, літ. plókščias (< plāšk‑tjas) ’плоскі’ — у такім выпадку можна дапусціць існаванне ў прасл. мове формы *plaskъ, параўн. польск. płaski, plaskaty ’роўны, гладкі’, ляш. plʼaskaty, чэш. splaskovati ’сплюшчваць’, ’спадаць (пра пухліну)’, бел. пласка ’брыца, Echinochloa L.’, пласкі ’пакаты’. Дапускаецца роднаснасць са ст.-в.-ням. flah ’плоскі’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112), са ст.-грэч. πλάξ ’паверхня, плошча’, ’дошка’ (Голуб-Ліер, 378). Сюды ж плаха, пла́хта ’вілападобная частка сахі, на якую набіты жалезныя сашнікі’ (Выг., Бес., Янк. 3., Тарн., Сл. ПЗБ, Дэмб. 2, Смул.; Сержп. Земл.), ’рама, аснова драўлянай бараны’ (Сл. ПЗБ; Дэмб. 2; чэрв., Хрэст. дыял.), а таксама пла́шка ’палова капусты’ (Вешт.; калінк., Сл. ПЗБ), пла́харэм ’плазам’ (ТС). У слав. мовах назіраецца чаргаванне зычных асновы sk, k і x (Брукнер, 419), а таксама падкрэсліваецца генетычная тоеснасць форм *plaskъ > з *plax‑ъta (Фасмер, 3, 276).

Пла́ха2, пла́шка, пла́хта, пла́шачка, плашчы́на, прыпла́шнык ’доўжань, века вялікай бакавой адтуліны ў вуллі-калодзе’ (лун., Шатал.; паст., Сл. ПЗБ; Нікан.; віц., гродз., брэсц., гом., ЛА, 1), ’драўляны каркас лежака’ (паст., Сл. ПЗБ). Да пла́ха1.

Пла́ха3, пла́шышча ’шырокі кавалак поля’, ’пласт сала’ (ТС; светлаг., SOr, 39, 352; Юрч. СНЛ), плахві́на ’пляц’ (ТС): пла́ха ’элемент узору на тканіне ў форме прамавугольніка’ (брагін., З нар. сл.), пла́шкі ’узор у 4 ніты’ (Уладз.); пла́хі ’плахта, несшываная спадніца’ (Ян.). Да прасл. *plaxa (Банькоўскі, 2, 614) > плаха1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)