медыцынская дысцыпліна, якая вывучае лячэбныя якасці прыродных фактараў: клімату, мінер. вод, лячэбных гразей і іх уздзеянне на арганізм чалавека. Уключае бальнеалогію і бальнеатэрапію, мед. кліматалогію, пелаялогію і пелоідатэрапію (гразелячэнне), таласатэрапію і інш.
Звесткі пра лекавыя якасці прэснай і мінер. вады сустракаюцца ў працах Герадота і Гіпакрата (5—4 ст. да н.э.). У 16—18 ст. прыродна-кліматычныя фактары для аздараўлення арганізма апісвалі вучоныя і ўрачы Італіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі і інш. У 19 — пач. 20 ст. ствараліся т-вы, якія вывучалі лячэбныя якасці курортных фактараў.
На Беларусі даследаванні па К. вядуцца ў Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924) і інш. Выяўлены крыніцы мінер. вод, вызначаны іх хім. састаў, фізіка-хім. ўласцівасці і лек. эфектыўнасць. Даследаваны радовішчы сапрапелевых і тарфяных гразей, выяўлены іх лек. ўплыў на абмен рэчываў, сардэчна-сасудзістую сістэму. Вывучана станоўчае ўздзеянне лек. уласцівасцей мікракліматычных комплексаў на газаабмен лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, тэрмарэгулявальныя механізмы, скурнае покрыва. Распрацаваны паказанні і проціпаказанні для выкарыстання лячэбных гразей, мінер. вод і кліматычных фактараў і інш.
Літ.:
Шалькевич Б.В., Хасин Л.Х. Курорты и места отдыха Белоруссии. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЕ́ІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ,
цэнтр бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 17 ст. Дзейнічала ў 1630—54 пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Засн. С.Собалем, які да 1632 яе ўзначальваў. Пасля ад’езду Собаля 4 гады не працавала. Потым друкарню ўзначаліў ігумен І.Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства. Выдавала навуч.-асветніцкую, царк.-палемічную і свецкую л-ру на царк.-слав. і старабел. мовах. У ёй выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дзідаскалія...» С.Косава (абедзве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П.Бярынды (1653) і інш. Усяго ў ёй выдадзена 20 кніг. Выданні вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем (гл.Куцеінская школа гравюры). Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Літве, Расіі. У 1655 друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1655 — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 — на Друкарскі двор (Масква).
Літ.:
Зернова А.С., Горбунов Т.С. Книгопечатание в Белоруссии XVI—XVII вв. // 400 лет русского книгопечатания, 1564—1964. М., 1964. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕР (ням. Lager паселішча, стаянка),
1) Л. ваенны — месца размяшчэння войск па-за населеным пунктам, абсталяванае для выканання баявых, навуч. і інш. задач.
У старажытнасці Л. ствараліся як умацаваныя баявыя пазіцыі, найб. пашырыліся ў Стараж. Рыме (гл.Лагер рымскі). На Русі ў 11—17 ст. уладкаванне Л. (станаў) дасягнула высокага ўзроўню. У Чэхіі ў 15 ст. і ва ўкр. казакоў у 16—17 ст. Л. (табар) акружаўся некалькімі шэрагамі павозак. Ваен. Л. былі паходныя і пастаянныя (агараджаліся ровам, валам, сцяной; некаторыя з умацаваных Л. пераўтвараліся ў крэпасці). З развіццём артылерыі і інш сродкаў масавага паражэння Л. як умацаваныя стаянкі страцілі сваё значэнне. З 2-й пал. 19 ст. захаваліся толькі Л. для навучання войск у палявых умовах (у Расіі такія Л. ствараліся з канца 17 ст.). У Сав. Арміі навуч. Л. існавалі да 1960-х г. (іх замянілі навуч. цэнтры).
2) Часовае пасяленне, стаянка пэўнай групы людзей (лесарубаў, будаўнікоў, даследчыкаў).
3) Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы.
4) Месца ўтрымання ваеннапалонных, зняволеных, рэпрэсіраваных (гл.Канцэнтрацыйны лагер).
5) Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў.
6) Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для дзяцей школьнага ўзросту (напр., «Артэк», «Зубраня»).
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.Расіі (1956). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1905, педагог М.Легат). У 1905—22 саліст Марыінскага т-ра (у 1910—11 гастраліраваў у ЗША). У 1922—56 (з перапынкамі) маст. кіраўнік трупы Т-ра імя Кірава, з 1931 арганізатар і кіраўнік балетнай трупы Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, у 1936—41 маст. кіраўнік Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча. Арганізатар і кіраўнік балетмайстарскага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі (1962, з 1965 праф.). Адным з першых сярод сав. балетмайстраў пачаў аднаўляць балеты класічнай спадчыны. Стварыў бессюжэтны праграмны «балет-сімфонію» (танцсімфонія «Веліч сусвету» на муз. Л.Бетховена, 1923), сінт. спектаклі (уводзіў спевы, слова, эксцэнтрыку, буфанаду, элементы цырка, т-ра лялек і інш.). Сярод пастановак у Т-ры імя Кірава: «Веліч сусвету»; «Пульчынела» І.Стравінскага (1926), «Ледзяная дзева» на муз. Э.Грыга (1927), «Вясновая казка» на муз. П.Чайкоўскага — Б.Асаф’ева (1947). На бел. сцэне паставіў балеты «Капелія» Л.Дэліба (1935), «Салавей» М.Крошнера (разам з А.Ермалаевым), танцы ў оперы «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939). Аўтар кніг «Шляхі балетмайстра» (1925), «Шэсцьдзесят гадоў у балеце» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПЦЕВЫХ МО́РА, Сібірскае, Нордэншэльда,
ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс.км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб.глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр.ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РНІК,
жабрак (старац), які здабываў сабе сродкі для існавання спевамі ў суправаджэнні ліры. На Беларусі (як у Расіі і на Украіне) Л. вандравалі па вёсках, у дні кірмашоў і фэстаў канцэнтраваліся ў мястэчках і гарадах. Выконвалі духоўныя вершы (найб. папулярныя «Лазар», «Прытча пра блуднага сына»), песні павучальна-быт. («Сіротка», «Пра Надзю») і гістарычныя («Паранены, замучаны крываваю вайной»), часам і танц. мелодыі, гарэзлівыя прыпеўкі. Сярод Л. трапляліся таленавітыя выканаўцы (Сымон-сляпак з Віцебшчыны, Флёрык з Ляхавіч). Народ лічыў іх носьбітамі дабра, справядлівасці, выразнікамі сваіх думак. Ігры на ліры навучаліся ў спрактыкаваных майстроў-«дзядоў» або непасрэдна ў час вандраванняў. Дакументы 2-й пал. 17 ст. сведчаць пра існаванне карпарацый Л. Са зменамі сац.-эканам. умоў жыцця Л. як асобная прафес. група вясковага насельніцтва паступова зніклі. Вобразы Л. адлюстраваны ў творах маст. л-ры, у т. л. ў рамане У.Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. Т. 1. Старцы // Эгногр. обозрение. 1892. Кн. 12, № 1;
Грузинский А.Е. Из этнографических наблюдений в Речицком уезде Минской губернии // Там жа. 1891. Кв. 11. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́РЫЯ (Аляксандр Раманавіч) (16.7.1902, г. Казань, Татарстан — 14.8.1977),
расійскі псіхолаг, заснавальнік нейрапсіхалогіі ў СССР. Акад.АПНРасіі (1947) і АПНСССР (1968). Член Нац.АН ЗША (1968), Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Казанскі ун-т (1921) і 1-ы Маскоўскі мед.ін-т (1937).
У 1922 арганізаваў Казанскую псіхааналіт. асацыяцыю. З 1945 у Маскоўскім ун-це (з 1968 заг. кафедры). Разам з Л.С.Выгоцкім, А.М.Лявонцьевым і інш. распрацоўваў тэорыю культ.-гіст. развіцця і функцыянавання псіхікі. Сфармуляваў шэраг новых канцэптуальных палажэнняў па агульных метадалагічных і тэарэт. праблемах псіхалогіі: аб сац. (грамадска-гіст.) і біял. (генетычнай) дэтэрмінацыі, сістэмнай арганізацыі псіхічных функцый і свядомасці, суадносінах мозга і псіхікі і інш. Прапанаваў метады даследавання псіхафункцый (сіндромнага аналізу), нейрапсіхалогіі мовы, успрымання, памяці, мыслення, распрацаваў новыя класіфікацыі парушэнняў мовы, рухаў, памяці. Зрабіў уклад у развіццё агульнай, гіст. і дзіцячай псіхалогіі, дэфекталогіі, нейралінгвістыкі, псіхафізіялогіі, гнасеалогіі і інш.
Тв.:
Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;
Основы нейропсихологии. М., 1973;
Об историческом развитии познавательных процессов. М., 1974;
Язык и сознание. М., 1979;
Этапы пройденного пути: Науч. автобиогр. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЧНІКІ,
у старажытнасці і сярэдневякоўі пешыя і конныя воіны, узброеныя лукамі. Уваходзілі ў склад армій многіх краін, у т. л.Стараж. Усходу (напр., ў Персіі дзейнічалі на сланах і вярблюдах, у Індыі — на сланах); у большасці краін складалі аснову армій. Са з’яўленнем у 6 ст. да н.э.фалангі выкарыстоўваліся пераважна наперадзе баявога парадку ці на флангах: распачыналі бітву, прычынялі ворагу страты, парушалі яго баявыя парадкі, стваралі выгадныя ўмовы для ўступлення ў бой сваіх асн. сіл — цяжкай пяхоты і кавалерыі. У Еўропе ў часы рыцарства Л. ўваходзілі ў склад кап’я (4—10 воінаў), найб. вызначыліся англійскія Л. ў перыяд Стогадовай вайны 1337—1453. Пешыя і конныя Л., якія дзейнічалі сумесна з цяжкай пяхотай і кавалерыяй, былі ў дружынах Кіеўскай Русі, Маскоўскага княства, з канца 14 ст. — у войску ВКЛ (у сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вельмі пашыраны былі коннікі з лукамі). З 16 ст. з развіццём агнястрэльнай зброі значэнне Л. у арміях зменшылася. У Расіі ў часцях ірэгулярных войск і лёгкай кавалерыі, якія камплектаваліся з башкіраў і калмыкаў, Л. захоўваліся да пач. 19 ст. Ілюстрацыю гл. таксама да арт.Грэка-персідскія войны.
Літ.:
Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЙШУ́НЬ, Порт-Артур,
горад, порт і ваенна-марская база на ПнУ Кітая, у заліве Бахайвань Жоўтага м., у прав. Ляанін. Каля 1 млн.ж. (1997). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарогі. Цэнтр суднабудавання і суднарамонту. Могілкі рас. воінаў, якія загінулі ў час абароны Порт-Артура 1904—05 і сав. воінаў, што загінулі пры вызваленні Паўн.-Усх. Кітая ад японцаў у 1945.
Да 1880-х г. невял. рыбацкае паселішча са зручным для стаянкі караблёў рэйдам. З 1890-х г.кіт.ваен. крэпасць. У ходзе яп.-кіт. вайны 1894—95 узяты яп. войскамі, разам з Ляадунскім п-вам перададзены Японіі (крас. 1895). Пад націскам Расіі, Германіі і Францыі ў канцы 1895 вернуты Кітаю. Паводле канвенцыі 1898 Расія атрымала Л. у часовую арэнду ад Кітая. У канцы 19 — пач. 20 ст.рас. ваенна-марская база і г. Порт-Артур. У час рус.-яп. вайны 1904—05 горад гераічна абараняўся на працягу 329 дзён (гл.Порт-Артура абарона). У 1905—45 уладанне Японіі. 23.8.1945 вызвалены сав. войскамі (сумесная сав.-кіт. ваенна-марская база). У маі 1955 урад СССР вывеў з Л. свае войскі і перадаў збудаванні ў раёне базы ўраду Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ЦКІ (Яўген Аляксандравіч) (15.3.1868, Мінск — 7.7.1942),
даследчык бел. фальклору і этнаграфіі, гісторык рус. л-ры. Скончыў Маскоўскі ун-т (1893). Удзельнічаў у фалькл. экспедыцыях на ПнРасіі, у Паволжа, Літву, на Беларусь (Палессе) і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Празе, выкладаў у Карлавым ун-це. Збіраў і даследаваў бел. фальклор, нар. міфалогію: арт. «Уяўленні беларуса пра нячыстую сілу» (1890), «Хвароба і смерць ва ўяўленнях беларусаў» (1892) і інш. ў час. «Этнографическое обозрение». Аўтар даследаванняў пра стараж. пісьменнасць і «Слова аб палку Ігаравым», пра А.Пушкіна, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова, А.Чэхава, М.Горкага і інш., рэцэнзій на працы М.Доўнар-Запольскага, М.Нікіфароўскага і інш. У 1927—28 у чэш.час. «Slavia» апублікаваў цыкл арт. «Нататкі па беларусазнаўству», у італьян.час. «Rivista de letterature slave» («Часопіс славянскай літаратуры», 1927) — арт. пра творчасць Я.Коласа.
Тв.:
Несколько замечаний к вопросу о пословицах и поговорках. [Ч.] 1—5. СПб., 1897;
Материалы для изучения творчества и быта белорусов: Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898;
Материалы по белорусской словесности и языку // Изв. Отд-ния рус. языка и словесности имп. Академии наук. 1904. Т. 9, кн. 4.