Пе́р’е, пе́рʼе, пе́рʼя, пе́рря ’лісты цыбулі’ (лаг., карэліц., Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.; ТС), пе́ркі, пе́рушкі (мін., гом., ЛА, 2), пе́рка ’тс’ (Ян.), перʼе ’лісце жыта’ (свісл., Шатал.), пе́рʼечко ’ліст кропу’ (пін., Шатал.), пе́ро ’лісце часнаку’ (навагр., З нар. сл.), пе́рʼя ’лісты саламяных раслін, цыбулі і часнаку’ (Варл.); перо́ ’плаўнікі ў рыб’ (нараўл., З нар. сл.); перʼе ’пярына’ (ТС), перʼя ’акрыццё скуры ў птушак’ (Варл.). У выніку семантычнага пераносу паводле падабенства з пяро́ (гл.), зборн. наз. пе́рʼе. Сюды ж грыбы́ з пі́рʼем ’агульная назва пласцінчатых грыбоў’ (кам., Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́йка 1 (ру͡ойка) ’мядзведка, Gryllotalpa gryllotalpa’ (Сержп., Грам.). Да рыць ’капаць’ (гл.). Гэтае насякомае рые ў глебе норы да падземных частак раслін.

Ро́йка 2 ’рамонак, Matricaria L.’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Відаць, узыходзіць да польск. rojnik ’багун, Ledum palustre’, або да rojownik ’меліса, Melissa’. Названа паводле падабенства прыемнага паху, які прываблівае пчол.

Ро́йка 3 асудж. ’жанчына з непрыбранымі, распушчанымі валасамі, проставалосая’ (міёр., З нар. сл.). Генетычна звязана з смал., зах.-бранск. ро́йда ’непарадак у хаце, з адзеннем’, ’бязладны, неахайны чалавек’, якое, відаць, узыходзіць да уграфінскай крыніцы, параўн. вепс. roida ’капаць, рыць, раскопваць’, ’зносіць (будынак)’, ’раскідваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сардэ́чнік ’расліна Leonurus cardiaca L.’ (ТСБМ, Кіс.), ’майнік Majanthenum’ (Інстр. 2), ’фіялка духмяная Viola odorata L.’, ’скочкі Sempervivum tectorum L.’, ’кураслеп Anemone nemorosa L.’, ’фіялка палявая Viola arvensis Murr.’, ’чысцяк веснавы Ramunculus Ficaria L.’, ’рагулька палявая Consolida arvensis Opitz’ (Бейл.), ’лекавая расліна’ (Сцяшк.). Ад сардэ́чны, сэрца (гл.), таму што гэтыя расліны ўжываюцца ў народнай медыцыне пры хваробах сэрца (гл., напрыклад, Махэк₂, 572). Аналагічна і ў іншых славянскіх мовах, параўн. рус. серде́чник ’палявая гарчыца Cardamine pratensis L.’, чэш. srdečník ’розныя расліны, якія ужываюцца пры хваробах сэрца’, серб.-харв. ср̏дачица ’род раслін Leonurus’ і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́цвіна ’адзін з двух драцяных цяжоў, якія злучаюць галоўкі саней з пярэднімі капыламі’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Юрч.). Рус. дыял. и́тви́на ’прут, тонкая палачка’, пск., смал. ’папярочны брус, які злучае ўгары палазы саней’ (улічваючы геаграфічнае пашырэнне, магчыма, з беларускай), ви́тви́на ’сцябло, ліст каранеплодных раслін’, ’прут, тонкая палачка’, ’вялікая галінка’, витли́на ’бацвінне бульбы, гароху’. Польск. witwina ’парода вярбы’. Звязана з *viti, *větvь (з вакалізмам *vit‑; параўн. польск. witka, славен. vȋtva). Праабражэнскі, 1, 86; Фасмер, 1, 321. Адносна агульнай і.-е. карціны гл. ветка 1. Параўн. яшчэ семантычна і фармальна блізкія віціна 1, вица.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ БАРАЦЬБЫ́ са шкоднікамі і пустазеллем,

метады стварэння біял. перашкоды для распаўсюджвання, памяншэння колькасці або знішчэння шкодных з пункту гледжання чалавека арганізмаў. Засн. на ўзаемаадносінах арганізмаў у біяцэнозах, пры якіх выкарыстоўваюцца натуральныя ворагі або ўзбуджальнікі хвароб шкоднікаў ці пустазелля і найб. спрыяльныя ў экалагічным сэнсе. Тэрмін прапанаваў амер. заолаг Л.​Хоўард (1916). Мікрабіял. метад у барацьбе са збожжавымі жукамі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў І.​І.​Мечнікаў (1879). Найб. пашыраныя біялагічныя метады барацьбы: інтрадукцыя драпежнікаў або паразітаў сярод папуляцыі шкоднікаў (рыба гамбузія выкарыстоўваецца супраць малярыйнага камара; эфектыўная барацьба з чырвонай крывяной тлёй вядзецца з дапамогай паразіта афелінуса, завезенага з ЗША, і інш.); выкарыстанне патагенных мікраарганізмаў (вірус міксаматозу супраць трусоў у Аўстраліі, вірусы гранулёзу супраць азімай і зерневай совак, энтабактэрын супраць вусеняў яблыневай і пладовай моляў, баярышніцы і інш.); спец. спосабы практычнага выкарыстання энтамафагаў і акарыфагаў (развядзенне трыхаграмы для барацьбы з шэрагам с.-г. і лясных шкоднікаў, драпежнага кляшча фітасеюлюса супраць павуцінных кляшчоў у цяпліцах і інш.); рэпрадукцыйныя метады (скормліванне ваўкам, каётам і лісам стэрылянтаў, якія выклікаюць бясплоднасць самак ці зніжаюць тэмпы размнажэння і інш.); выкарыстанне жывёл для барацьбы з пустазеллем (знішчэнне святаянніку прадзіраўленага з дапамогай лістаеда і златкі); экалагічная прафілактыка (падтрымка экалагічнай мазаікі, скарачэнне плошчаў монакультур і інш.).

На Беларусі біялагічныя метады барацьбы распрацоўваюцца ў Ін-це лесу АН і НДІ аховы раслін ААН. Распрацаваны біялагічныя метады барацьбы з хвоегрызучымі шкоднікамі лесу і с.-г. раслін у закрытым грунце. Ускосна распрацоўка біялагічных метадаў барацьбы стымулявала даследаванні, якія прывялі да стварэння т.зв. біялагічнай зброі.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯВО́ДЫ, гліцыды, цукры,

вялікая група складаных арган. злучэнняў з агульнай формулай Cx(H2O)y, што ўваходзяць у хім. састаў усіх жывых арганізмаў і неабходныя для іх жыццядзейнасці. У сухой масе раслін каля 80% вугляводаў, у сухой масе жывёльных арганізмаў каля 2%. Выступаюць у якасці крыніц энергіі (крухмал, глікаген) у метабалічных працэсах (гл. Акісленне біялагічнае, Браджэнне, Гліколіз), структурных элементаў клетачных сценак раслін (цэлюлоза, геміцэлюлоза), бактэрый (мурамін), грыбоў і вонкавага шкілета членістаногіх (хіцін), уваходзяць у склад біялагічных мембран, жыццёва важных рэчываў (нуклеінавых кіслот, каферментаў, вітамінаў), складаных комплексаў з бялкамі (глікапратэінаў, пратэагліканаў) і ліпідамі (глікаліпідаў); у выглядзе гліказідаў вугляводы ажыццяўляюць транспарт розных прадуктаў абмену рэчываў. Гідрафільныя поліцукрыды садзейнічаюць падтрыманню воднага балансу клетак і г.д. Утвараюцца вугляводы раслінамі ў працэсе фотасінтэзу з вады і вуглякіслага газу, а таксама сінтэзуюцца ў клетках печані чалавека і жывёл у працэсе глюканеагенезу. Паводле саставу вугляводы падзяляюцца на простыя — монацукрыды (глюкоза, фруктоза, галактоза, маноза і інш.), алігацукрыды (найб. вядомыя дыцукрыды — мальтоза, цэлабіёза, лактоза, цукроза) і складаныя — поліцукрыды (крухмал, глікаген, дэкстраны, хіцін, цэлюлоза, гепарын і інш.). Вугляводы складаюць адну з асн. частак харчовага рацыёну чалавека і жывёл, шырока выкарыстоўваюцца ў харч. і кандытарскай прам-сці (крухмал, цукроза, пекціны, агар-агар і інш.). Хім. ператварэнні вугляводаў ляжаць у аснове тэхнал. працэсаў браджэння (вытв-сць этылавага спірту, віна, піва, хлебабулачных вырабаў, гліцэрыну, воцату, малочнай, лімоннай, глюконавай к-т і інш. рэчываў), апрацоўцы драўніны, вырабу паперы і тканін з раслінных валокнаў, пластмас, выбуховых рэчываў і інш. Глюкоза, аскарбінавая кіслата, сардэчныя гліказіды, антыбіётыкі з вугляводнай асновай, гепарын шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Гл. таксама Вугляводны абмен.

С.​А.​Вусанаў.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛОД у раслін,

орган размнажэння кветкавых (пакрытанасенных) раслін, што развіваецца з кветкі і мае насенне. Функцыя П. — фарміраванне, ахова і распаўсюджванне насення. Марфал. аснова П. — завязь (завязі), але часта ва ўтварэнні П. прымаюць удзел і інш. ч. кветкі: калякветнік, кветаложа (суніцы), кветкавыя лускавінкі (злакі) і інш. Структурныя адзнакі П. звязаны пераважна са спосабам рассейвання насення. Адрозніваюць П. сухія і сакавітыя, шматнасенныя і аднанасенныя. Сухія шматнасенныя, што раскрываюцца — каробачка, лістоўка, стручок, боб; што распадаюцца — віслаплоднік, двухкрылатка, членісты стручок; сухія аднанасенныя — жолуд, зярняўка, сямянка, арэх. Сакавітыя шматнасенныя — яблык, ягада, аднанасенныя — касцянка. Эканам. значэнне П. вельмі вял.: з іх атрымліваюць алей, крухмал, сыравіну для тэкст. прам-сці, гатуюць лек. прэпараты і інш.

Плод. 1—3. Сямянка (1 — сланечніку; 2 — ваўчкоў; 3 — дзьмухаўца). 4. Віслаплоднік баршчэўніку. 5—7. Зярняўка (5 — пшаніцы; 6 — кукурузы; 7 — кавылю). 8. Арэх ляшчыны. 9. Арэшак ліпы. 10. Шматарэшак чысцяку. 11. Жолуд дубу. 12. Струк гароху. 13. Стручок капусты. 14. Крылатка ясеню. 15. Двухкрылатка клёну. 16. Лістоўка рагулек. 17. Трохлістоўка аканіту. 18. Шматлістоўка пярэсны. 19. Стручочак торбачніку. 20—23. Каробачка (20 — маку; 21 — бавоўніку; 22 — блёкату; 23 — дурнап’яну).
Плод. 1—3. Ягада (1 — агрэсту; 2 — памідора; 3 — вінаграду). 4—6. Яблык (4 — яблыні; 5 — рабіны; 6 — грушы). 7—8. Касцянка (7 — вішні; 8 — слівы). 9—11. Памяранец (9 — лімона; 10 — мандарына; 11 — апельсіна). 12—13. Шматарэшак у мясістым кветаложы (12 — шыпшыны; 13 — суніц).
Плод. 1—3. Гарбузіна (1 — кавуна; 2 — агурка; 3 — гарбуза). 4—5. Шматкасцянка (4 — маліны; 5 — ажыны). 6—8. Суплоддзе (6 — інжыру; 7 — шаўкоўніцы, 8 — ананаса).

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОСТ,

павелічэнне масы і лінейных памераў асобіны і яе органаў. Адбываецца за кошт павелічэння колькасці і масы клетак, няклетачных утварэнняў у выніку перавагі працэсаў анабалізму над працэсамі катабалізму. У жывёл Р. звязаны з якаснымі зменамі — дыферэнцыроўкай. Некат. жывёлы (напр., малюскі, рыбы, земнаводныя) растуць на працягу ўсяго жыцця, у інш. Р. спыняецца на пэўным узросце (напр., шэраг насякомых, птушкі). Працэсы Р. маюць сезонную (звязаныя са зменай пары года, што адлюстроўваецца ў гадавых слаях шкілетных структур) і сутачную (назіраецца па частаце дзялення клетак і павелічэнні памераў усяго арганізма) рытмічнасці; ёсць інш., напр., 15-сутачныя рытмы Р. марскіх малюскаў, звязаныя з прылівамі. Спадчыннасць Р. вызначаецца ўздзеяннем многіх генаў. На Р. уплываюць забяспечанасць ежай, т-ра, вільготнасць (для наземных арганізмаў), салёнасць (для марскіх арганізмаў), шчыльнасць папуляцыі і інш. фактары навакольнага асяроддзя. Рэгулюецца пераважна гармонамі (напр., у пазваночных жывёл — гармонамі гіпофіза, вілачкавай, шчытападобнай і палавых залоз). Р. чалавека, або даўжыня цела — праекцыйная адлегласць ад т.зв. верхавінкі галавы да плоскасці ступняў. У спалучэнні з інш. адзнакамі характарызуе фіз. развіццё, прапорцыі цела, часам этн. прыналежнасць. Залежыць ад сукупнасці фактараў асяроддзя, спадчыннасці і мае ўзроставую, палавую, групавую, унутрыгрупавую (індывід.) і эпахальную зменлівасць. У 1-ы год жыцця сярэдні прырост звычайна 24 см, да 3 гадоў — 10 см, да 7 гадоў — 6—6,5 см, у перыяд палавога выспявання — 5—7 см. З 10 да 14 гадоў дзяўчынкі растуць больш інтэнсіўна, але пасля 14 гадоў хлопчыкі зноў становяцца вышэйшымі. У мужчын працэс Р. заканчваецца ў 18—20 гадоў, у жанчын — у 16—18 і даўж. іх цела на 8—11 см меншая, чым у мужчын. Пасля заканчэння Р. і прыкладна да 50 гадоў даўж. цела стабільная, потым паступова памяншаецца. У чалавека Р. не заўсёды звязаны з геагр. становішчам і кліматам. Напр., малы Р. (ніжэй за 160 см у мужчын) маюць эскімосы, бураты, в’етнамцы; вял. (вышэй за 170 см) — шатландцы, шведы, жыхары Балканскага п-ва. Размах індывід. зменлівасці большы за групавую (18—20 см ад сярэднеарыфм. значэння Р. людзей дадзенай групы). Эпахальныя змены праяўляюцца, напр., у акселерацыі. Паталаг. парушэнні Р. чалавека, звязаныя з дзейнасцю залоз унутр. сакрэцыі, — карлікавы рост і гігантызм. Р. раслін — неабарачальнае павелічэнне памераў і масы раслін, звязанае з новаўтварэннем элементаў іх структуры (клетак, тканак, органаў); аснова рухаў раслін (настый, трапізмаў). Асн. этапы Р. (дзяленне клетак, іх расцяжэнне і дыферэнцыроўка) адбываюцца ў спец. утваральных тканках, мерыстэмах, таму расліны здольны расці на працягу ўсяго жыцця. Тыпы Р. розных органаў вызначаюцца размяшчэннем мерыстэм. Важная асаблівасць — рытмічнасць (чаргаванне працэсаў інтэнсіўнага і запаволенага Р.). Ёсць рытмы, звязаныя са зменамі навакольнага асяроддзя, і рытмы, якія кантралююцца ўнутр. фактарамі, замацаванымі генетычна ў ходзе эвалюцыі. Працэс Р. перапыняецца працяглымі перыядамі яго тармажэння, якія звязаны ў паўн. ш. з памяншэннем светлавога дня і надыходам зімы, а ў паўд. — з засушлівым сезонам. Рэгуляцыя Р. фітагармонамі заснавана на яго стымуляцыі (аўксіны, гіберэліны і інш.) і прыгнечанні (абсцызавая кіслата). Інтэнсіўнасць роставых працэсаў залежыць ад асветленасці, мінер. жыўлення, воднага рэжыму, даўжыні дня, т-ры. Р. мікраарганізмаў — каардынаванае самаўзнаўленне клетачных кампанентаў, якое прыводзіць да размнажэння клетак і павелічэння біямасы папуляцыі. Працэсы Р. адбываюцца больш інтэнсіўна, чым у жывёл і раслін (напр., у некат. бактэрый падваенне біямасы адбываецца за 5 мін). Макс. магчымая хуткасць Р. залежыць ад віду мікраарганізмаў, саставу пажыўнага асяроддзя і ўмоў. Клеткі, што не растуць і не перайшлі ў стан спакою (споры), вычэрпваюць рэзервовыя рэчывы і паступова адміраюць.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сле́пет 1 зборн. ‘пчолы (дзікія)’, ‘дупло, у якім жывуць дзікія пчолы’ (Мат. Гом.), ‘мёд з дупляных лясных вулляў’ (Сцяшк. Сл.), слепета́ зборн. ‘дзікія пчолы’ (ПСл, Мар. Том.), сле́пат ‘тс’ (Некр., Маш.; палес., Сержп. Бортн.), сле́пят ‘тс’ (Маш.), сле́паты ‘тс’ (Некр.), сле́пет, сле́пят, сле́пяты, сле́патні, сле́плі, сляпні́, сле́пцы, сляпцы́ ‘тс’ (ЛА, 1), сле́петы, сле́патні ‘тс’ (ТС, Шатал.), сле́пета, сле́пето, сле́пецень, сле́пацень, сле́пет, сле́пят, сле́пец, сляпа́к ‘дупло, дзе пчолы’ (ЛА, 1); слепатне́ ‘лясныя пчолы, што жывуць у дуплах’ (ганц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. слепетъ (свепетъ) ‘дзве борці, злучаныя разам на дрэве’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. палес. сле́пень, слє́потєнь, слі́епетєнь ‘тс’. Паводле Машынскага (Pierw., 188), узыходзіць да прасл. *svep‑. Хутчэй за ўсё, у выніку збліжэння з сляпень (гл.), параўн. лезці сле́петнем (слепіцэю) ‘лезці нахабна, назойліва’ (ТС). Параўн. ЕСУМ, 5, 304. Гл. свепет.

Сле́пет 2 ‘кураслеп дуброўны, Anemone nemorose L.’ (Шат., Сл. ПЗБ, Кіс.), ‘казялец, Ranunculus L.’ (Сл. ПЗБ), слепата́ ‘тс’ (там жа). Калі меркаваць па іншых назвах раслін (сляпуха, кураслеп, слепнік (Сцяшк. Сл.), рус. куричья слепота, укр. сліпота, курослі́п), ад сляпы‑ (гл.) з суф. ‑et‑, ‑ot‑ (‑e‑ у суфіксе можа быць пад уплывам каранёвага галоснага, гл. Вондрак, Vergl. gr., 1, 450); паводле Аненкава (34), у народнай медыцыне першая з названых раслін ужываецца супраць курынай слепаты. Параўн. ЕСУМ, 5, 305.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́ктусы

(лац. cactus, ад гр. kaktos)

сямейства травяністых або кустападобных паўднёвых раслін класа двухдольных з бязлістымі сакавітымі зялёнымі сцёбламі, пакрытымі калючкамі, з яркімі кветкамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)