Кварта́л ’чацвёртая частка года’ (ТСБМ, Нас.), ’частка горада, абмежаваная некалькімі перакрыжаванымі вуліцамі’ (ТСБМ, Яшк.), ’адзін з квадратных участкаў, на якія разбіваецца лес’ (ТСБМ, Сцяшк., Яшк.). Ст.-бел. кварталъ ’чвэрць’ (з 1692 г.). З польск. kwartał < с.-лац. quartale. Як у папярэднім выпадку, для старабеларускага нямецкае пасрэдніцтва не даведзена (параўн. Булыка, Запазыч., 145; Слаўскі, 3, 462–463; ЕСУМ, 2, 415). Аднак для мовы XIX–XX стст. трэба мець на ўвазе магчымасць рускай крыніцы. Аб гэтым сведчыць месца націску.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апыну́цца ’аказацца ў пэўным месцы, папасці ў пэўнае становішча’; апыні́цца (Яруш., Мядзв., Сцяшк.), апыняцца (Др.-Падб.). Укр. опинитися, дыял. рус. (паўдн., зах.) опынуться ’тс’. Параўн. спыніцца, прыпынак, перапынак, укр. перепинок, спинитися, зупинка ’прыстанак’ і інш. Дзеяслоў утвораны з прыстаўкай о‑ і коранем *pin‑ (гл. пяць 2). Фанетыка ўказвае на магчымасць запазычання слоў з гэтым коранем з украінскай мовы, хаця нельга выключыць узнікнення ы ў выніку альтэрнацыі галосных (мала тыповай). ‑у‑ ўзнікла ў выніку народнаэтымалагічнага разумення суфікса ‑ну‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ме́сячнік 1 ’прыгонны селянін, які атрымліваў штомесячную натураплату ад памешчыка’ (ТСБМ). Да ме́сячны < ме́сяц 1 (гл.). Параўн. ме́сячна ’штомесячна’ (Ян.).
Ме́сячнік 2 ’месячны адрэзак часу, прызначаны для правядзення якога-небудзь грамадскага мерапрыемства’ (ТСБМ). З рус. месячник ’тс’.
Ме́сячнік 3 ’лунацік’ (іўеў., Сл. ПЗБ). З ме́сячны, параўн. ст.-рус. мѣсячный ’тс’ (пач. XIV ст.). Не выключана і пасрэдніцтва польскай мовы. Параўн. польск. miesięcznik, miesięczny ’тс’. Устарэлай формай у суч. чэш. мове лічыцца měsičník ’тс’. Параўн. і серб.-харв. mjesečanin, mjesečnjak.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Курду́пель ’чалавек малога росту’ (Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Нар. лекс., ТС, Касп., Сцяшк. Сл.). Укр. курдупель ’тс’, польск. kurdupel ’тс’ хутчэй за ўсё запазычаны з беларускай або ўкраінскай мовы. Бел. курдупель ад курдупы (гл.). Складанае слова рэканструюецца як kъrno‑dupъ (параўн. kъrno‑nosъ ’курносы’). Падрабязна гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 72–73 з картай на с. 71. Гіпотэза аб балтыйскім паходжанні неверагодная. Літ. kurdùpelis само запазычана з бел. курдупель (параўн. Лаўчутэ. Балтизмы, 116).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Друшля́к ’прабойнік’, ’друшляк’ (БРС). У значэнні ’друшляк’ адзначаецца ў ст.-бел. помніках з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч.). Рус. дуршла́г, друшла́г, дуршла́к, друшла́к, укр. друшля́к. Запазычанне з польск. druszlak, durszlak ’тс’ < ням. Durchschlag. Булыка, там жа, 103; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 213–214. Фасмер (1, 555) лічыць рус. лексемы прамым запазычаннем з ням. мовы, што недакладна (крытыку гл. у Шанскага, там жа, 214): на пачатку XX ст. у рус. мове з’явіліся формы тыпу друшла́к, а не дуршла́к.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ду́па ’pars posterior, anus’, укр. ду́па ’тс’. Кюнэ (Poln., 52) прыводзіць бел. слова з Дабравольскага і мяркуе, што, зыходзячы з гукавых і лінгвагеаграфічных момантаў, трэба лічыць гэту лексему запазычаннем з польск. dupa ’тс’. Параўн. ду́пка (гл.). Падрабязны агляд форм і семантыкі прасл. *dupa ’дзюрка, яма, дупло, anus і г. д.’ гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 157–158 (тут наогул не ставіцца пытанне аб магчымым запазычанні некаторых усх.-слав. слоў гэтай групы з польск. мовы; няпэўна).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дурма́н ’дурман’ (БРС), ’расліна дурнап’ян’ (Бяльк.). Рус. дурма́н, укр. дурма́н ’тс’. Паводле Фасмера (1, 555), звязана з дур‑ (што ў словах рус. дурно́й, одуря́ть). Таксама Махэк₂ (135) мяркуе, што запазычанае з рус. мовы чэш. durman звязана з durný, таму што расліна вельмі ядавітая. Іншая версія (падрабязна аб гэтым Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 212–213, з аглядам літ-ры) выводзіць слова з цюрк. моў, а сувязь са слав. dur‑, durьnъ і г. д. лічыць народнай этымалогіяй.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Д’ябал ’д’ябал’ (БРС, Сцяшк., Нас., Шат., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. diabeł (у ст.-польск. была яшчэ форма diaboł). Польск. слова са ст.-чэш. diábel (чэш. ďabel) < лац. diabolus < грэч. διάβολος (гл. Слаўскі, 1, 146). Запазычанне сведчыцца наяўнасцю гука ‑б‑ (ва ўсх.-слав. мовах, дзе слова ўзята прама з грэч. мовы, формы тыпу рус. дья́вол, укр. дия́вол, дія́вол). Іншая форма слова — дзя́бал (дзя́бэл — Нас.), якая, паводле Кюнэ (Poln., 52), таксама запазычана з польск. diabeł (djabeł).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́мжа ’пахмурнае, імглістае надвор’е’ (Гарэц., Др.-Падб.), ’пошасць, напасць’ (Касп., Нік. Очерки). Рус. смал. памжа ’надвор’е (звычайна дрэннае)’, цвяр. ’санлівасць, дрымота’, пск., паўдн. ’бяда, напасць; хвароба, смерць; аб чым-н. кіслым; лаянк. чорт; аб няўдачніку’. У сувязі з апошнімі рус. значэннямі, магчыма, сюды ж адносіцца і славен. pamž, pamža ’крыкун, крыклівае дзіця’, але гэта няпэўна. Аддзеяслоўны дэрыват з суф. -а ад *памжыць < мжыць (гл.). Паколькі прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі, магчыма, і пранікненне з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Праму́га, прану́ба ’прамежак паміж чым-небудзь’ (Сл. ПЗБ), праму́да ’прастора паміж тылавой сценкай печы і сцяной хаты’ (лях., Янк. Мат.; Жд. 2, Сцяшк. Сл.), прамога ’закутак, цёмны куток’ (Скарбы). Паводле Арашонкавай і інш. (Весці АН БССР, 1969, 4, 126), запазычанне з польск. framuga, дыял. farmuga ’ніша, выемка’ або з літ. pramūga ’ніша, яма на дарозе, прамежак паміж лесам і возерам, пралом, прасека’, pramūge ’тс’, параўн. prasimùginti ’праціскацца’. З семантычнага пункту погляду версія аб запазычанні з літоўскай мовы менш верагодная.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)