Ве́тлівы ’ласкавы, далікатны, прыветлівы’ (БРС, КТС, Бяльк.), сюды ж вытворныя: ветліва (БРС, Гарэц., Яруш., КТС, Бяльк.), ветлівасць ’уласцівасць ветлівага чалавека’ (БРС, Гарэц., Яруш., КТС), укр. вітли́вий, паўд.-рус. ве́тливий ’прыветлівы, ласкавы; развязны, гаваркі’. У іншых слав. мовах не адзначаецца. Усходнеславянскае ўтварэнне ад ветлы (< větъ‑lъ) і суф. ‑ivъ, хаця ўжо ў ст.-слав. мове гэты суфікс успрымаецца, як ‑livъ (Сялішчаў, Старосл. яз., 2, 81).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лускаві́цінь ’мяшок, у якім адцэджваюць тварог’ (Бяльк.), рус. бран. лускави́тень ’тс’. З пчалярскай лексікі: гл. васкавень. Відавочна, спачатку было ⁺васкавіт ’мяшок, які робіць воск’, але таму, што ва ўсх.-бел. гаворках дэрываты з суфіксам ‑іт азначаюць асоб па іх занятку (барацьбі́т, сяўбі́т), да васкавіт быў далучаны суфікс ‑ень (як берасцень ’збанок, гаршчок, аплеценыя бяростай’). Пры ад’ідэацыі лексемы луска ’адходы’ в‑ было заменена ў л‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кватара́нец ’кватарант’ (Сцяшк., Янк. I, Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. кватарант. У адпаведнасці з Сцяцко, Афікс. наз., 147 суфікс ‑анец утварае назвы асобы па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам. У іх ліку кватаранец як канчанец ’жыхар супрацьлеглага канца вёскі’. Мяркуючы па братанец ’няродны брат’ (< братан), кватарант успрымалася як *кватаран, параўн. гаршчан ’ганчар’ (там жа). Тады паводле брат > братан > братанец, кватэра > кватаран(т) > кватаранец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́тухна (паваж.) ’маці’, ’фамільярны зварот да жанчыны’ (паэт.), ’блізкая, родная’ (ТСБМ, Нас.; любан., Нар. словатв.), мату́люхна ’мамачка’ (Нас.), ст.-бел. матухна ’тс’ (XV ст.); рус. смал., калуж. ма́тухна, мату́хна ’маці, мамачка’, польск. matuchna. Паўночнаславянскае. Утворана ад маці (< mat‑) пры дапамозе суфікса ‑ux‑a (параўн. рус. паўн. ма́туха, мату́ха ’матухна’, ’старэйшая ў сям’і жанчына’), пашыранага суфіксам ‑ъnа. Суфікс ‑exъn‑a сустракаецца ў серб.-харв. асабовых імёнах: Matehna = Matej.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́-бачко ‘ты’: як ты‑бачко паздатнела, ты‑бачко дзе робіш? (Сцяшк. Сл.). Да ты (гл.). Другая частка ‑бачко, відаць, ласкальны суфікс, утвораны адсячэннем канцовай часткі слоў, як у драг. лю́бочко ‘любка, мілая, харошая, зязюлька і г. д.’ у клічным склоне, параўн. лю́бачка ‘мілая, дарагая’ (гл. любка1), або, што больш верагодна, аформленая суф. ко‑ выклічнікавая форма бач (гл. бачыць), што выражае здзіўленне (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́нічы, ноньчы ’сёлета’ (Сл. ПЗБ), ’сёлета; сягоння, цяпер’ (бешанк., Нар. сл.), сюды ж таксама ноненны ’сяголетні’ (Сл. ПЗБ). Магчыма, запазычанне з рус. ноньче ’тс’ (праз мову мясцовых жыхароў-старавераў), аднак суфікс ‑ч‑ы, адзначаны, паводле Шубы (Прыслоўе, 63), у нонячы ’тс’ побач з заўтрачы, сённечы і пад., ставіць пад сумненне такую магчымасць. Хутчэй за ўсё, мясцовае ўтварэнне ад ноні ’тс’ (< прасл. *пъпё), варыянт ніні, ніня (гл.) (Фасмер, 3, 82).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маёвы1 ’майскі’ (Нас., ТСБМ). Да май1 (гл.). Суф. ‑ов больш характэрны для народнай мовы; магчыма, гэты суфікс пранік з польск. мовы, параўн. укр. майовий, польск. majowy, чэш., славац. májový. У іншых слав. і ў бел. літар. мовах тут выступае суф. ‑ск‑. Сюды ж: кобр., драг., стол. маёвыя, маёвы грыбы, маёвэі грыбэ́ > ’вясеннія грыбы’ (Жыв. сл.).

Маёвы2 ’зялёны (аб колеры)’ (Нас., ТСБМ, Касп.). Да май2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́тра-паўла ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (брасл., ЛА, 1), Пётра–Паўла (міёр., брасл., З жыцця, 169). Другасна збліжаная з імёнамі апосталаў Пятра і Паўла назва, якую нельга адрываць ад бедрык ’тс’ (гл.) (Трубачоў, Этимология–1975, 12). Сюды ж пе́транка ’божая кароўка, Coccinella’ (Сцяшк. Сл.). Суфікс ‑ка, як у іншых ласкальных назвах насякомага: кароўка, андрэйка, бедарка, матрунка, кандратка і інш. (гл. Шаталава, З жыцця, 166–178). Параўн. пе́трык (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарэ́ц ’папярочны зрэз; бакавая старана’, ’кароткі брусок для машчэння вуліцы’ (ТСБМ), торц ’папярочны зрэз’, тарцава́ць ’стругаць дрэва ўпоперак слаёў’ (Ласт.). Укр. торе́ць ’тарэц’, рус. торе́ц, торц ’тс’. З італ. torso ’торс, тулава (як частка статуі)’. У такім выпадку італьянскае слова набыло ва ўсходнеславянскіх мовах суфікс ‑ец пад уплывам іншых слоў з гэтым суфіксам. Акрамя таго, дапускаецца сувязь слова з прасл. *terti ’церці’ (ЕСУМ, 5, 604; Фасмер, 4, 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Відзік ’пейзажны малюнак у рамцы пад шклом’ (гродз., Сцяц., Словаўтв.); ’паштоўка’ (маз. Мат. Гом.). Укр. видик, рус. видик (памянш. ад від), польск. widok ’від, перспектыва, пейзаж, пейзажны малюнак’, чэш. viděk ’вёска, правінцыя, перыферыя’; ’пейзаж, від’, славац. vidiek ’тс’, серб.-харв. вѝдик ’гарызонт’; ’від’, макед. видик ’тс’. Запазычана з польск. widok; пры гэтым суфікс ‑ok заменены на беларускі ‑ік (з памяншальна-ласкальным адценнем). Пазней стала ўспрымацца як памяншальнае ад від (Сцяц., Словаўтв., 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)