ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Мікалай) (1903, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 2.9.1934),
бел. гісторык, географ, педагог. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Пражскі ун-т (1928). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1928 на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка». Рэдагаваў час. «Маладое жыццё» ў Вільні. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Бел.культ.т-ва імя Ф.Скарыны ў Празе. Змяшчаў артыкулы па гісторыі Беларусі ў энцыклапедычных выданнях Чэхаславакіі. Аўтар працы «Культурна-геаграфічны характар Беларусі» (1928), інфарм. нарыса «Беларусь і беларусы» (1930), «Кароткага нарыса псіхалогіі» (1932). З 1929 выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і правасл. духоўнай семінарыі. У 1930—31 рэдагаваў час. «Саха».
Тв.:
Расейская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панавання Кацярыны II і Паўла I (1772—1801). Вільня, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЕНКА (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 15.12.1928, г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1974). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у 1964—92 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю першабытнаабшчыннага ладу, гідраніміку. Адкрыў на тэр.Бел. Палесся больш за 300, даследаваў 14 стаянак каменнага і бронзавага вякоў. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), кніг «Беларуская археалогія» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1, 1997). З 1993 займаецца вывучэннем гісторыі Вял.Айч. вайны на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́ЦКІЯ СЯЛЯ́НЕ, «гарадскія» сяляне,
катэгорыя сельскага феад.-залежнага насельніцтва, прыпісанага да маёнткаў, што належалі гарадам; існавала ў 15—19 ст. пераважна ў зах. частцы Беларусі. Гарадское землеўладанне склалася ў 15—16 ст. шляхам куплі магістратамі маёнткаў у прыватных асоб, што пацвярджалася прывілеямі вял.кн.ВКЛ. Такія правы атрымалі Брэст (1408), Гродна (1502 і 1506) і інш. У 1611 сейм Рэчы Паспалітай забараніў гарадам набываць маёнткі, М.с. атрымлівалі ў карыстанне зямлю і адбывалі за гэта паншчыну ці плацілі аброк. У 19 ст. некаторыя гар. думы прыцягвалі іх да выканання грамадскіх павіннасцей па прыбіранні вуліц, рамонце мастоў і інш. Пасля 6-й рэвізіі (1811) сяляне гар. вёсак абкладаліся падушным падаткам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРТЫ́ЗМ,
палітычная кампанія праследавання Камуніст. партыі ЗША, блізкіх да яе прафсаюзаў, дзярж. служачых, дзеячаў культуры і інш. у час «халоднай вайны». Ініцыіраваны і разгорнуты старшынёй (з 1953) пастаяннай сенацкай падкамісіі па расследаваннях Дж.Макарці (адсюль назва). У ходзе М. ў ЗША узмацніліся антыкамуністычныя, нацыяналіст. і антысеміцкія погляды, абвінавачанні ў «падрыўной дзейнасці» і шпіянажы на карысць СССР; з дзярж. службы звольнены каля 8,8 тыс. «ненадзейных элементаў». Ад паклёпу пацярпелі многія амерыканцы (пазбавіліся працы, незаконна асуджаны, у т. л. пакараны смерцю муж і жонка Розенбергі), што прывяло да значнай дыскрэдытацыі ўлад краіны. 2.12.1954 сенат вынес ганьбаванне Макарці за перавышэнне ім улады, пасля чаго ён страціў паліт. ўплыў, a М. паступова згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНСА́РДА (ад франц. mansarde),
паддашак, памяшканне, пераважна жылое, на гарышчы, кожны схіл даху якога складаецца з 2 частак — верхняй пакатай і ніжняй стромкай. М. дае дадатковую карысную плошчу, а т.зв. мансардавы дах узбагачае сілуэт і аб’ёмную кампазіцыю будынка, надае яму своеасаблівы выгляд за кошт выцягнутых па вертыкалі прапорцый. Канструкцыю М. распрацаваў франц.арх. Ф.Мансар (адсюль назва). На Беларусі М. пашырана з 17 ст. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым, пераважна жылым, буд-ве. Дамы з М. часта будуюць у мяшанай тэхніцы: асн. аб’ём мураваны, М. — з дрэва. У шырокім сэнсе М. — любое памяшканне на гарышчы пад высокім дахам.
В.Б.Ангелаў.
Мансарда сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобл.Мансарда. Паводле чарцяжа арх. Ф.Мансара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕ́НТ У ГО́НАР МА́ЦІ-ПАТРЫЁТКІ,
мемарыяльны комплекс у г. Жодзіна Мінскай вобл. Адкрыты ў 1975 (скульпт. А.Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў, арх. А.Трафімчук; Дзярж. прэмія СССР 1977) каля шашы Мінск—Масква. Манумент у выглядзе шасціфігурнай скульпт. кампазіцыі (з бронзы), выцягнутай па гарызанталі. Фігура маці нібы застыла на 2-ступеньчатым пастаменце, а праз сімвалічную дарогу — на больш нізкім пастаменце фігуры яе 5 сыноў, што пайшлі на вайну. У помніку ўвасоблены драм. лёс маці, жыхаркі г. Жодзіна Н.Ф.Купрыянавай, усе 5 сыноў якой аддалі жыццё за вызваленне Радзімы ад ням.-фаш. захопнікаў (малодшы з іх П.І.Купрыянаў — Герой Сав. Саюза). Комплекс арганічна ўпісваецца ў навакольнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЦЭ́ВІЧ (Фларыян Данатавіч) (1890, в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 30.7.1941),
бел. педагог, грамадскі дзеяч. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1910). Настаўнічаў у Дзвінскім пав. Віцебскай губ. Збіраў бел. песенны і муз. фальклор, займаўся музыкай, дасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва» (псеўд. Якім Парэчка). З 1917 удзельнічаў у арганізацыі школьнага навучання на радзіме. Выступаў за адкрыццё бел. школ у Зах. Беларусі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССРдэп.Нар. сходу Зах. Беларусі, удзельнічаў у стварэнні новай сістэмы нар. адукацыі, у Друі ўзначальваў курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў бел. школ, працаваў настаўнікам у в. Малая Кавалеўшчына Міёрскага р-на. У пачатку ням.-фаш. акупацыі Беларусі арыштаваны гітлераўцамі і пасля катаванняў расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА ПРО́МЫСЛУ,
якасна-колькасны ліміт здабычы якога-н. прыроднага рэсурсу, што забяспечвае яго самааднаўленне, або для неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў, рацыянальныя тэмпы расходавання. Напр., Н.п. дзікіх жывёл, або норма здабычы (вылаву), — гранічная колькасць асобін дадзенага віду ці групы (для рыб — агульная маса), дазволеная да здабычы на пэўнай тэр. ці аднаму паляўнічаму (рыбалову) за пэўны перыяд (дзень, сезон) з улікам полаваўзроставага складу папуляцый. Для ласёў, высакародных аленяў, дзікоў, казуль, баброў і глушцоў (на Беларусі здабываюцца па разавых дазволах) вызначаны працэнт забірання ў залежнасці ад шчыльнасці іх пражывання. Н.п. біял. рэсурсаў дазваляюць падтрымліваць прыродную шчыльнасць, структуру і функцыянаванне папуляцый і экасістэм ці змяняць іх у гаспадарча мэтазгодным кірунку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДБА́ЙЛА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 28.1.1923, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Варашылаўградскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1943), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял.Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах пілот, камандзір звяна, эскадрыллі штурмавога авіяц. палка. Зрабіў 219 баявых вылетаў. Вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі (у чэрв.—ліп. 1944 наносіў паветр. ўдары па праціўніку каля Оршы, Талачына, у мінскім«катле»), Прыбалтыкі, Усх. Прусіі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваенна-навучальных установах ВПС. Аўтар кнігі «У гвардзейскай сям’і» (1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ Існаваў у 1673—1-й трэці 19 ст.за 1 км на Пд ад Нясвіжа. Засн. падканцлерам ВКЛ Міхалам Казімірам Радзівілам, які запісаў на пабудову касцёла св. Крыжа 30 тыс. злотых. Новыя ахвяраванні зрабіў яго сын Кароль Станіслаў. У 1690 рашэнне пра заснаванне кляштара зацвердзіў сейм. Мураваны касцёл па бенедыкцінскай традыцыі быў крыжападобны ў плане, са светлавым купалам на сяродкрыжжы і вежай над гал. фасадам (пацярпеў ад пажару 1793). Паводле інвентара 1804, у касцёле было 5 ілюзорных алтароў, маляваных на сценах, 1 алтар і амбон разьбяныя. Побач з кляштарам размяшчаліся гар. прывілеяваныя могілкі. У 1830-я г. кляштар скасаваны. Будынкі разабраны ў 19 ст.