ТУВА́ЛУ (Tuvalu),

дзяржава на ПдЗ Ціхага ак., у Палінезіі. Займае а-вы Тувалу (да 1975 наз. Эліс), за 1050 км на Пн ад а-воў Фіджы. Пл. 26 км². Нас. 10,8 тыс. чал. (2000). Сталіца — г. Фунафуці на аднайм. атоле. Афіц. мова — англійская. Адм. падзел — 8 астраўных саветаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).

Дзяржаўны лад. Т. — дзяржава ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1978 кіраўнік дзяржавы — манарх Вялікабрытаніі, які прадстаўлены ў краіне ген.-губернатарам. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (12 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Астравы — 9 каралавых атолаў выш. да 5 м, якія працягнуліся з ПнЗ на ПдУ ланцугом даўж. 586 км. Клімат гарачы, субэкватарыяльны. Т-ра пастаянна каля 27 °C з нязначнымі ваганнямі. Ападкаў за год ад 2500 мм на Пн да 3300 мм на Пд. Бываюць засухі. Рэк і ручаёў няма. Адзначаюцца разбуральныя тайфуны. Расліннасць аднастайная. На ўзбярэжжы солетрывалыя кусты і дрэвы (сцэвола, панданус і інш.), ва ўнутр. частках астравоў — гаі какосавых пальмаў, дрэвы гуэтарда, пізонія, калафіліюм, папараці. Жывёльны свет бедны. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Астравам пагражае затапленне, якое выклікана пацяпленнем клімату і пад’ёмам узроўню акіяна.

Насельніцтва. Больш за 90% — тувалу, народ палінезійскага паходжання. Ёсць тувалу — еўрапейскія метысы, мікранезійцы і інш. Амаль усе вернікі — пратэстанты-кангрэгацыяністы. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1,4%. Сярэдняя шчыльн. 417 чал. на 1 км². Больш за палавіну засяроджана на атоле Фунафуці, дзе знаходзіцца г. Фунафуці (каля 4 тыс. ж.). 75% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, каля 25% — у сферы абслугоўвання. Каля 1 тыс. чал. працуюць за мяжой (матросамі на замежных караблях).

Гісторыя. А-вы Т. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа і Тонга ў 1-м тыс. н. э. Першы з еўрапейцаў, хто наведаў а-вы Т., быў ісп. мараплавец А.​Менданья. У 1892. пад назвай а-вы Эліс, аст-вы Т. сталі ч. брыт. пратэктарата А-вы Гілберта і Эліс, з 1916 калонія Вялікабрытаніі. У 1974 рэферэндум жыхароў а-воў Эліс ухваліў іх адасабленне ад а-воў Гілберта. З 1.10.1975 асобная калонія Вялікабрытаніі пад мясц. назвай Т. 1.10.1978 абвешчана незалежнасць Т. ў складзе Садружнасці. У Т. адсутнічаюць паліт. партыі. Т. — чл. ААН (з 2000).

Гаспадарка. Т. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 800 дол. за год. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 50% пл. астравоў. Асн. культуры: какосавая пальма, тара, бананы, цукр. трыснёг, агародніна. Штогод нарыхтоўваецца каля 400 т копры. Гадуюць свіней і птушку (у 1999—27 тыс. курэй). Рыбалоўства. Урад ЗША выплачвае Т. штогод 9 млн. дол. за права рыбалоўства ў тэр. водах архіпелага. Ёсць некалькі дробных прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі і рыбы, па пашыве адзення і вырабе мыла. Саматужныя промыслы і рамёствы (плеценыя вееры і кошыкі, каралі з ракавін). Некалькі дробных электрастанцый (вытв-сць электраэнергіі каля 3 млн. кВт∙гадз за год). Транспарт пераважна марскі. Асн. порт і адзіны аэрапорт — Фунафуці. Штогадовы экспарт складае каля 200 тыс. дол., імпарт — каля 4—5 млн. дол. У экспарце пераважаюць копра, рыбныя прадукты, маст. вырабы, у імпарце — харч. прадукты, паліва, прамысл. тавары. Гал. гандл. партнёры: Фіджы, Аўстралія, Новая Зеландыя. Большую частку даходаў Т. атрымлівае з траставага фонду (на 1999—35 млн. дол.), які ўтвораны Новай Зеландыяй, Аўстраліяй і Вялікабрытаніяй, падтрыманы Японіяй і Паўд. Карэяй. Краіна атрымлівае даход ад продажу паштовых марак, ад грашовых пераводаў грамадзян, якія працуюць за мяжой. Грашовая адзінка — тувалійскі долар, выкарыстоўваецца і аўстралійскі долар.

І.​Я.​Афнагель.

Герб і сцяг Тувалу.

т. 16, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)