спрэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Спаборніцтва на словах, абмеркаванне чаго‑н. дзвюма або некалькімі асобамі, у часе якога кожная з іх адстойвае сваю пазіцыю. За ўвесь сённяшні дзень гэта было адно пытанне [аб начлезе], па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Маўр. Зіна пайшла да сваіх, пакінуўшы радыстаў з іх даўняй спрэчкай: як будуць жыць пасля вайны людзі. Ваданосаў. // Барацьба думак па розных пытаннях навукі, літаратуры і пад.; палеміка (звычайна ў друку). Ужо даўно ідуць спрэчкі наконт таго, ці можна нарыс падзеляць на мастацкі і немастацкі. «ЛіМ». // Разм. Сварка, рознагалоссі. У Косцікавым двары такая пачалася гарачая гаворка, што кончылася яна слязьмі і спрэчкаю. Чорны. Яны [вада, агонь і вецер] уступілі трое ў спрэчку між сабою, крычаць, шумяць, трасуцца ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.

2. Аспрэчванне правоў на валоданне чым‑н. Спрэчкі аб маёмасных правах. □ Сонца звярнула з поўдня, пакуль разабраў старшыня іх [Кузьмы і Петрака] спрэчку і вызначыў ім мяжу. Нікановіч.

3. перан. Барацьба, змаганне з чым‑н.; супраціўленне чаму‑н. У прыказках і прымаўках знайшла адлюстраванне спрэчка, якую вёў чалавек працы з непрымальнымі для яго поглядамі. Шкраба. Гэта была вострая спрэчка паміж старым і новым старшынёю. Гурскі.

4. Публічнае абмеркаванне якіх‑н. пытанняў. Ні першага даклада, ні спрэчак, якія разгарнуліся пасля яго, прафесар амаль не чуў. Галавач. [Старшыня сходу:] — Ужо другая гадзіна ночы, а яшчэ не выступіла і палавіна таварышаў, якія запісаліся для спрэчак. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

срэ́бра, ‑а, м.

1. Высакародны метал шаравата-белага колеру з бляскам. З унікальных мастацкіх вырабаў увагу спыняў вялікі крыж са срэбра і золата. «Помнікі». Але і гандаль рабамі не задавальняў партугальцаў, якія прагнулі захапіць усю краіну з яе багатымі залежамі срэбра. «Маладосць». // перан. Што‑н. бліскуча-белае, колерам ці бляскам падобнае на гэты метал. Сонца стала ўставаць, Ззяла срэбрам трава. Лойка. Дождж срэбра сваё ледзяное На ядраным лузе рассыпаў. Калачынскі. / Пра сівізну. Не, гэта не срэбра на скронях, не вузлы сініх вен на руках і нават не сетка маршчынак ля вачэй. Данілевіч. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч.

2. зб. Вырабы з гэтага металу. Сем дываноў, фарфор і срэбра, А што за мэбля ў яго! Панчанка. // перан. Пра багацце, раскошу. І ўжо ніяк нельга падумаць, што жыхары Серабранкі хадзілі тут у срэбры ды золаце... Новікаў. [Тапурыя:] — Я вольны марак і просты чалавек, і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пасярэбраныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання.

3. зб. Разменная манета са сплаву, у якім галоўнай састаўной часткай з’яўляецца срэбра або нікель. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны .. лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пацеркі. Колас. Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг, Цыган паважна звоніць срэбрам. Крапіва.

4. перан. Меладычнасць, гучнасць, чысціня (пра гук, голас і пад.). Голас у Насці срэбрам разышоўся па хаце. Чорны. А над намі льюцца срэбрам Птушак галасы. Журба.

•••

Жывое срэбра — ртуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́йка, ‑і, ДМ тройцы; Р мн. троек; ж.

1. Лічба 3. Напісаць тройку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 3 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 3.

2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем пасрэдна. Клава думала .. пра тыя тры валы, якія яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта тройка па пісьму і чацвёрка па хіміі. Кавалёў. Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік: А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Ігральная карта, дошчачка даміно з трыма ачкамі. Казырная тройка.

4. Трое коней, запрэжаных поруч у адзін экіпаж. Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў: Дзед Мароз, Зіма ў кароне І Сняжыначкі з бакоў. Галіноўская. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. // Экіпаж з трыма запрэжанымі ў яго коньмі. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч.

5. Група з трох чалавек, кіруючая група, створаная для выканання пэўнай работы. Тройка па барацьбе з паводкай. Аператыўная тройка. □ ЦК ЛКСМБ строга патрабаваў ствараць невялікія групы — тройкі, пяцёркі, якія маглі лепш захоўваць канспірацыю. Дзенісевіч. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Чарот.

6. Касцюм (мужчынскі або жаночы), у які ўваходзіць пінжак (жакет), штаны (спадніца) і камізэлька. Пашыць тройку.

7. Разм. Тры рублі.

•••

На тройках ехаць гл. ехаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Вызначыць, выявіць што‑н. па якіх‑н. нязначных прыкметах; здагадацца аб чым‑н. Тым часам падышоў і брыгадзір. Міхась нясмела зірнуў на яго, стараючыся ўгадаць яго настрой. Якімовіч. Свідраль непрыкметна сачыў за выразам твару Пазняка, жадаючы ўгадаць, з добрым ці благім намерам завітаў ён у позні час пры такім няважным надвор’і. Дуброўскі. Па пытаннях, якія гадаваў Кавалеўскі, па тым, чым цікавіўся, неўзабаве можна было ўгадаць і кірунак, у якім ішлі яго думкі. Карпаў. // Прадугледзець, прадбачыць што‑н. — Трэба дбаць не пра аднаго, а пра сотні чалавек, ды ўсё абдумаць, угадаць. Мележ.

2. каго-што. Раскрыць, распазнаць сэнс, сутнасць каго‑, чаго‑н. Вядомы акцёр і рэжысёр, Галубок прафесійным чуццём угадаў у Міхасю драматурга. Рамановіч.

3. каго-што. Разм. Пазнаць у чым‑н. знаёмы прадмет, у кім‑н. знаёмага чалавека. — Памыйся, — прапанавала .. [Паўлу] Маша, — а то і не ўгадаць цябе. Гроднеў. Павел Іванавіч зноў паказвае рукою, але адчувае, што здалёк Надзя можа і не ўгадаць гэтага дома. Кулакоўскі.

4. Выпадкова даць правільны адказ, мець рацыю, падставы; адгадаць. — Ты на яго ані не падобна, — сказаў Федзя. — Угадаў! — скупа ўсміхнулася Галя. — Гэты — айчым. Мой тата памёр у сорак сёмым, калі мне было паўгода. Ваданосаў. — Ты не з горада, часамі? — запытаў Анікей. [Рыгор:] — Угадаў, браце... Гартны.

5. Разм. Патрапіць добра зрабіць што‑н. [Дзед Рыгор:] — А ямку мы з табой выкапаць якраз угадалі. Бачыш, як прасторна ў ёй карэнням. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упра́віцца, упраўлюся, управішся, управіцца; зак.

1. з чым і без дап. Паспець скончыць, завяршыць што‑н. у тэрмін; ухадзіцца з чым‑н. Пакуль змеркне, кожны з нас стараўся ўправіцца з работаю. Чорны. Кароўнік дзед Жораў управіўся скончыць якраз у пару. Паслядовіч. [Андрэй:] — Снапы ў гумне, тата. — У гумне? — У гумне. Управіліся да дажджу. Чарнышэвіч. // Даць рады чаму‑н., справіцца з чым‑н. Станіслаў упарціўся: было сорамна — які ён жаніх. Але і выйсця не знаходзіў. Аднаму з гаспадаркай не ўправіцца. Асіпенка. Цётка Гануля .. абяцала схадзіць [да Мікодыма], як толькі ўправіцца з хатнімі клопатамі. Марціновіч. [Рыбак] не стукаў, дзверы былі не запёртыя, управіцца з імі яму, колішняму вясковаму жыхару, было звыкла, .. і дзверы, трошкі рыпнуўшы, расчыніліся. Быкаў.

2. Паспець за які‑н. тэрмін схадзіць або з’ездзіць куды‑н. і вярнуцца назад. [Косця:] — Можа выбраць вольны час ды пад’ехаць самому — Маладзечна не так далёка, за дзень управіўся б. Адамчык.

3. Змагчы, паспець зрабіць што‑н. Мартын не ўправіўся адказаць: з боку лесу пачулася глухое тухканне ног па мяккай зямлі. Колас. — Фш-шы-ых-х! — прашыкаў звер. Стары ледзьве ўправіўся адскочыць убок. Масарэнка.

4. Адолець, стрымаць каго‑, што‑н., падпарадкаваць сваёй волі. — Адно толькі незразумела, — дадаў.. [студэнт]. — Як.. [рысь] злавіла яго? Алень малады і дужы, як гэта яна ўправілася. В. Вольскі. [Аляксандр:] — Цара скінулі — не пабаяліся, Керэнскаму па загрыўку далі, і з гэтымі ўправімся. Грахоўскі. Гнядок стрыгануў вушамі, збочыў з дарогі і панёсся проста па раллі. Бацька ледзь-ледзь управіўся з канём. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́сціць, чышчу, чысціні, чысціць; незак., каго-што.

1. Рабіць чыстым, ачышчаць каго‑, што‑н., здымаючы гразь, пыл і пад. Чысціць дыван. □ Запаліўшы ліхтар, фурман чысціў скрэблам і шчоткай каня. Пальчэўскі. Хто [з партызан] чысціў зброю, хто гатаваў ежу, у зямлянках сядзець нікому не хацелася. Сонца прыпякала. Новікаў. // Здымаючы які‑н. налёт (пылу і пад.) з паверхні чаго‑н., наводзіць бляск, глянцаваць. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты. Лынькоў. // Ачышчаць, вызваляць ад таго, што забруджвае, загрувашчвае што‑н. Ранейшыя зімы, калі ў Мсціжах стаяла аўтакалона, дарогу чысцілі трактарам. Пташнікаў. — Мо зноў нарад у мястэчку аэрадром чысціць? — спрабаваў выказаць здагадку бацька. Паўлаў. // Выдаляць, убіраць што‑н., расчышчаючы. Чышчу снег каля хаты, Што надзьмулі вятры. Смагаровіч.

2. Разм. Здымаць лупіны, скуру, луску і пад. (з гародніны, пладоў, рыбы і інш.). Бабуля садзіцца чысціць ментузоў, а дзед з Рамірам абедаюць. Асіпенка. Свякроў і нявестка селі на ўслончык на панадворку і пачалі чысціць бульбу на вячэру. Пестрак.

3. перан. Разм. Рабіць праверку з мэтай вызвалення ад шкодных, варожых элементаў.

4. перан. Разм. Рабаваць, абкрадаць. Чысціць кішэні. Чысціць сумкі. □ [Семяняка:] — Сынок яго ў лесе хаваецца ды валасныя касы чысціць, а ён [Сядура] тут нас на вайну ўгаворвае? Лобан. У той ваколіцы шляхта мела многа лесу. Гарадскія купцы іх патроху чысцілі. Бядуля.

5. перан. Разм. Лаяць, сварыцца на каго‑н. І ў захапленні тут жанкі Так пачалі нас чысціць спраўна, Ціпун бы ім на языкі. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпі́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Прыстасаванне з тонкага дроту або пластмасы для заколвання валасоў у жаночай прычосцы. Тады мама нагнулася і, выняўшы з валасоў шпільку, выкалупала ключык са шчыліны. Арабей.

2. Засцежка для вопраткі, адзін канец якой хаваецца ў кручкаватае паглыбленне (галоўку). Закалоць кішэню шпількай. // Адзін з відаў іголкі, на тупым канцы якой прымацавана галоўка. Калола Антона гэтае запытанне, нібы накаленая да чырвані шпілька. Бядуля. // Іголка з каляровай галоўкай для аздаблення жаночых галаўных убораў. Жанчына ў старасвецкай дамскай шапачцы, з вялікаю шпількаю ўпоперак цераз яе. Чорны. // перан.; чаго. Пра тое, што падобна на іголку. З зямлі тырчаць чорныя пакручастыя, вузлаватыя карэнні дрэў ды рудыя шпількі вымершай травы. Новікаў.

3. У шавецкай справе — цвік з падвойнай плешкай. Чаравікі на шпільках.

4. Спец. Стрыжань без галоўкі і з разьбой на абодвух канцах, які служыць для змацавання дэталей.

5. толькі мн. (шпі́лькі, ‑лек). Разм. Вузкія і высокія абцасы ў жаночых туфлях, а таксама туфлі на такіх абцасах. Сядзяць будучыя цешчы, Языкі свае палошчуць, Што ў настаўніцы Алёнкі Закароткая сукенка, Што абцасікі як шпількі ў заатэхніка Марылькі. Танк. [Таня] была ў белым лёгкім плацці і белых лодачках-шпільках. Паўлаў.

6. перан. З’едлівая заўвага, колкасць. Гаворка.. пацякла жвавей і лагодней, у ёй не было ўжо ні падкалуплівання, ні шпілек. Хадкевіч. — От такіх кілбас няма там у калгасе, — тонкую шпільку пусціў Цімох. Колас.

•••

Падпусціць шпільку гл. падпусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бли́зкий

1. в разн. знач. блі́зкі;

бли́зкий к о́бмороку блі́зкі да непрыто́мнасці;

бли́зкое родство́ блі́зкае свая́цтва, блі́зкая ро́днасць;

бо́лее бли́зкий больш блі́зкі, бліжэ́йшы;

са́мый бли́зкий друг са́мы блі́зкі ся́бар;

пе́рвые снежи́нки — ве́стники бли́зкой зимы́ пе́ршыя сняжы́нкі — вестуны́ блі́зкай зімы́;

журнали́ст, бли́зкий к прави́тельственным круга́м журналі́ст, блі́зкі да ўра́давых ко́лаў;

2. бли́зкие мн., сущ. блі́зкія, -кіх;

в кругу́ свои́х бли́зких сяро́д сваі́х блі́зкіх;

3. (в знач. сказуемого переводится наречием) блі́зка;

бли́зок день блі́зка дзень;

быть в бли́зких отноше́ниях с кем быць у блі́зкіх адно́сінах з кім;

не бли́зкий свет не блі́зкі свет;

бли́зок ло́коть, да не уку́сишь блі́зка ло́каць, ды не ўку́сіш;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

мирI м.

1. (вселенная) свет, род. све́ту м., мн. све́ты, -таў; сусве́т, -ту м.;

мно́жество миро́в мно́ства све́таў;

2. (область явлений, понятий, сфера жизни, среда) свет, род. све́ту м.;

неоргани́ческий мир неаргані́чны свет;

артисти́ческий мир артысты́чны свет;

капиталисти́ческий мир капіталісты́чны свет;

3. (сельская община) ист. грамада́, -ды́ ж.; мір, род. мі́ра м.;

на миру́ и смерть красна́ посл. на лю́дзях і паме́рці не стра́шна;

пусти́ть по́ миру уст. пусці́ць з то́рбамі;

ходи́ть по́ миру уст. хадзі́ць з то́рбамі; жабрава́ць;

всем ми́ром усёй грамадо́й;

не от ми́ра сего́ як не з гэ́тага све́ту, як не ў сабе́;

си́льные ми́ра сего́ ула́дныя лю́дзі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

свобо́да

1. в разн. знач. свабо́да, -ды ж.;

свобо́да во́ли свабо́да во́лі;

свобо́да сло́ва свабо́да сло́ва;

свобо́да печа́ти свабо́да дру́ку;

свобо́да собра́ний свабо́да схо́даў;

гражда́нские свобо́ды грамадзя́нскія свабо́ды;

полити́ческие свобо́ды паліты́чныя свабо́ды;

демократические свобо́ды дэмакраты́чныя свабо́ды;

предоста́вить кому́-л. по́лную свобо́ду де́йствовать даць каму́е́будзь по́ўную свабо́ду дзе́йнічаць;

свобо́да ли́чности свабо́да асо́бы;

соотноше́ние свобо́ды и необходи́мости филос. суадно́сіны свабо́ды і неабхо́днасці;

завоева́ть свобо́ду заваява́ць свабо́ду;

2. (воля) во́ля, -лі ж.;

вы́пустить птиц на свобо́ду вы́пусціць пту́шак на во́лю;

лиши́ть кого́-л. свобо́ды пазба́віць каго́е́будзь во́лі;

на свобо́де (в свободное время) у во́льны час (во́льным ча́сам, во́льнай часі́най).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)