1) збудаванне са значнай перавагай вышыні над стараной ці дыяметрам асновы. Бываюць квадратныя, прамавугольныя, шматгранныя, круглыя і інш., пастаяннага або пераменнага сячэння, ярусныя.
Вядомыя ў архітэктуры Асірыі, Фінікіі, Стараж. Грэцыі і Рыма, у сярэднія вякі — у краінах паўн.-ўсх. і Сярэдняй Азіі, Арабскага Усходу, Каўказа. У сярэдневяковай Зах. і Паўн Еўропе вежа стала неад’емным элементам кампазіцыі гарадскіх умацаванняў, замкаў, храмаў раманскай і гатычнай архітэктуры, палацаў (вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі), ратушаў і інш. Сярод найб. яскравых прыкладаў — кампаніла ў Пізе (т.зв. падаючая Пізанская вежа, Італія, 1174—1372). Вежы былі характэрным элементам рус. і ўкр. абарончай (Маскоўскі, Смаленскі, Каломенскі, Яраслаўскі крамлі і інш.), грамадз. і культавай архітэктуры (званіцы Івана Вялікага ў Маскве, 1508—1600, у Кірылаўскім манастыры ў Кіеве, 18 ст.). У Прыбалтыцы вежы выкарыстоўваліся пры буд-ве замкаў і гарадскіх грамадз. і культавых збудаванняў (парахавая вежа ў Рызе, 17 ст., вежа «Доўгі Герман» у Таліне, канец 15 ст., вежа Гедзіміна ў Вільні 14 ст. і інш.). Сярод выдатных твораў рус. архітэктуры, у кампазіцыі якіх дамінуе вежа, Петрапаўлаўскі сабор (1712—33), Адміралцейства (1806—23) у С.-Пецярбургу.
На Беларусі абарончыя драўляныя вежы будаваліся на гарадзішчах ранняга жал. веку (в. Валадарск Рэчыцкага р-на). У стараж. гарадах Беларусі вежы ўваходзілі ў сістэму абарончых умацаванняў, часам выконвалі функцыю брамы. У 2-й пал. 13 ст. пабудаваны першыя мураваныя вежы — данжоны (Берасцейская вежа, Камянецкая вежа). З 14 ст. мураваныя 4-гранныя вежы, злучаныя з абарончымі сценамі, сталі адметнай асаблівасцю замкаў (Лідскі замак, Крэўскі замак), уключалі жылыя, гасп., культавыя (капліцы) памяшканні. Мураваныя замкавыя вежы ў архітэктуры стыляў готыкі і рэнесансу аздабляліся сістэмай нішаў, паяскоў, парэбрыкаў і інш. элементаў дэкору (Нясвіжская замкавая вежа). Заглыбленыя часткі сцен бялілі вапнай, выступы мелі натуральны колер чырвонай цаглянай муроўкі, што стварала 2-колернае вырашэнне фасадаў (Мірскі замкава-паркавы комплекс). Невысокія квадратныя і прамавугольныя ў плане вежы, прыстаўленыя да знешняга боку абарончых сцен і накрытыя 2-схільным дахам, наз. «бычкамі», высокія 8-гранныя — круглікамі. Існавалі шмат’ярусныя вежы, у якіх звычайна над ніжнімі чацверыковымі ярусамі будавалі васьмерыкі. Некаторыя драўляныя вежы завяршаліся ізбіцамі. Сцены абарончых вежаў прарэзваліся байніцамі, амбразурамі, машыкулямі. У 18 — пач. 20 ст. асобна пастаўленыя вежы выкарыстоўвалі ў палацава-паркавых кампазіцыях (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль), у манастырах і кляштарах. У 16 — пач. 20 ст. ў культавым дойлідстве былі найб.пашыраны вежы-званіцы (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл). Вежы з’яўляліся адным з гал. элементаў кампазіцыі ратуш (гл.Магілёўская ратуша, Віцебская ратуша). Круглыя або гранёныя вежы фланкіравалі па вуглах аб’ёмы культавых гатычных і рэнесансавых храмаў (Мураванкаўская царква-крэпасць) або ўтваралі на гал. фасадзе высокія званіцы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У барочных культавых будынках з 2-й пал. 17 ст.найб.пашыраны 2-вежавыя гал. фасады. У сучаснай бел. архітэктуры вежападобныя кампазіцыі выкарыстоўваюць пры вырашэнні буйных горадабудаўнічых задач (вежы-прапілеі ў ансамблі Прывакзальнай пл. ў Мінску). У жылой забудове верт. дамінанты — дамы вежавага тыпу.
2) Інж. збудаванні са сталі, жалезабетону, каменю, дрэва (тэлевізійныя вежы, воданапорныя вежы, радыёвежы, сіласныя і інш.). Канструкцыя вежы — звычайна прасторавая стрыжнёвая сістэма або жалезабетонная абалонка. Успрымаюць ветравыя, тэмпературныя і інш. нагрузкі. Разлічваюцца на трываласць, устойлівасць, дэфармавальнасць.
3) Засцерагальная (часта паваротная) канструкцыя з брані на баявых караблях, танках, бронеаўтамабілях, іншых баявых збудаваннях для ўстаноўкі зброі і прылад.
4) Вежы абслугоўвання ў касманаўтыцы — метал. канструкцыя, што забяспечвае доступ людзей і падачу прылад да касм. лятальных апаратаў. Перад стартам адводзіцца на бяспечную адлегласць ад пускавой сістэмы. Вышыня больш за 100 м. Некаторыя вежы аўтаномныя, маюць уласную электрастанцыю, ацяпленне, іншае інж. абсталяванне.
Ю.А.Якімовіч (архітэктура).
Пізанская вежа. 1174.Вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі. 14 ст.Замкавая вежа ў Нясвіжы. 2-я пал. 16 ст.Вежа царквы-крэпасці ў в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.Вуглавая вежа замка ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.Вежа-званіца Троіцкага касцёла ў в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. Канец 16 ст.Тэлевізійная вежа вышынёй 550 м у г. Таронта (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НС (франц. balance літар. вагі) у эканоміцы, сістэма паказчыкаў, якая характарызуе пэўную з’яву праз супастаўленне асобных яе частак (бакоў), якія павінны ўраўнаважваць адна адну. Дае магчымасць скаардынаваць патрэбнасці і рэсурсы, сувымяраць затраты і вынікі вытв.-гасп. дзейнасці на асобных прадпрыемствах, у галінах эканомікі ці маштабе ўсёй нар. гаспадаркі, у межах пэўных рэгіёнаў ці ўсёй краіны. Як правіла, баланс складаецца з 2 частак: 1-я характарызуе ўтварэнне рэсурсаў па крыніцах паступлення, 2-я — іх размеркаванне па кірунках выкарыстання.
Асобныя віды ці элементы балансу выкарыстоўваліся ў эканам. практыцы здаўна. У 18 ст. шатландскі эканаміст Дж.Сцюарт увёў тэрмін «плацежны баланс». На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі і ЗША прапанавана методыка яго складання, стандартызаваная Лігай Нацый і Міжнар. валютным фондам для ўсіх краін свету. Пазней сістэма балансу і балансавы метад распрацаваны ў СССР і выкарыстоўваліся ў сацыяліст. краінах, у т. л. на Беларусі, як найважнейшы інструмент планавай эканомікі. У краінах з развітой рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца міжнар. сістэма нацыянальных рахункаў, але не выключаецца і магчымасць выкарыстання балансу. Напрыклад, у 1930-я г. В.Лявонцьеў з дапамогай міжгаліновага балансу вывучаў структуру амер. эканомікі. Гэты метад атрымаў назву «затраты—выпуск».
Самы пашыраны — бухгалтарскі баланс, які з’яўляецца асн. дакументам бухгалтарскай справаздачнасці прадпрыемстваў і ўстаноў. Ён складаецца ў форме 2 табліц — актыву (адлюстроўвае склад, размяшчэнне і выкарыстанне гасп. сродкаў) і пасіву (крыніцы ўтварэння гэтых сродкаў і іх мэтавае прызначэнне). Астатнія балансы падзяляюцца на матэрыяльныя, вартасныя і балансы нар. гаспадаркі (з яго састаўнымі часткамі). Матэрыяльныя балансы адлюстроўваюць вытв-сць і выкарыстанне відаў прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, наяўнасць і выкарыстанне вытв. магутнасцяў, абсталявання, асн. фондаў і інш.; распрацоўваюцца ў фіз. адзінках, умоўна-натуральным і вартасным выражэнні. З матэрыяльных балансаў найб. пашыраныя: паліўна-энергетычны (характарызуе наяўнасць, размеркаванне і выкарыстанне паліва і энергіі); вытворчых магутнасцяў [паказвае наяўныя магутнасці на пач. і канец пэўнага перыяду, іх рух (прырост, выбыццё), ступень выкарыстання ў выпуску канкрэтных відаў прамысл. прадукцыі]; машын і абсталявання (адлюстроўвае іх наяўныя рэсурсы і размеркаванне па відах выкарыстання); асноўных фондаў (характарызуе іх узнаўленне ў маштабе нар. гаспадаркі, галіны эканомікі, а таксама па формах уласнасці). Да матэрыяльных балансаў адносяць таксама балансы зямельных угоддзяў, с.-г. прадукцыі, кармоў і інш.Вартасныя балансы адлюстроўваюць утварэнне даходаў з усіх крыніц паступлення і іх размеркаванне па кірунках выкарыстання. З вартасных балансаў найб.пашыраны: баланс грашовых даходаў і расходаў насельніцтва па краіне, яе асобных рэгіёнах, па сац. групах для разліку рэальных даходаў і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, попыту і прапаноў на тавары, рэгулявання грашовага абарачэння і эмісіі грошай; баланс фінансавых рэсурсаў — прагнозна-аналітычны дакумент, паказчыкі якога з’яўляюцца асновай для распрацоўкі дзярж. бюджэту, абгрунтавання падатковай, цанавой і крэдытнай палітыкі краіны; плацежны баланс адлюстроўвае знешнеэканам. аперацыі краіны за пэўны перыяд (ён актыўны, калі сума грашовых паступленняў перавышае суму расходаў і плацяжоў, і пасіўны, калі сума расходаў і плацяжоў большая за суму паступленняў); гандлёвы баланс — суадносіны экспарту і імпарту тавараў у краіне, аснова плацежнага балансу. Сярод працоўных балансаў асн. з’яўляецца баланс працоўных рэсурсаў, які складаецца па краіне, абласцях і раёнах, уключае звесткі пра наяўныя рэсурсы і пра іх выкарыстанне па сферах, галінах і відах занятасці.
З 1926 у СССР, у т. л.БССР, распрацоўваўся баланс народнай гаспадаркі для характарыстыкі працэсу грамадскага ўзнаўлення, яго маштабаў, тэмпаў, прапорцый, стану і тэндэнцый развіцця ўнутр.эканам. сувязяў. Ён складаўся з 4 асн. раздзелаў: баланс сукупнага грамадскага прадукту, нац. даходу, працоўных рэсурсаў і зводнай табліцы, якая абагульняла ўсе раздзелы і адлюстроўвала збалансаванасць асн. элементаў нар. гаспадаркі. Аднак сістэма разлікаў, асабліва валавога прадукту і нац. даходу, істотна адрознівалася ад міжнар. практыкі і скажала рэальны стан эканомікі. Таму з 1995 баланс нар. гаспадаркі Беларусі не распрацоўваецца. Спынена і распрацоўка балансу грамадскага прадукту (адлюстроўваў агульны аб’ём вытв-сці прадукцыі, яе матэрыяльна-рэчыўную, галіновую і сац. структуру), балансу нацыянальнага даходу (паказваў яго вытв-сць, размеркаванне і выкарыстанне) і міжгаліновага балансу (інструмент эканам. аналізу і ўстанаўлення прапорцый у працэсе расшыранага ўзнаўлення ў маштабе галін нар. гаспадаркі). Гэтыя балансы трансфармуюцца з улікам стандартаў міжнар. сістэмы нац. рахункаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка фізіка-геагр. раёна Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады на ПдЗ Гродзенскай вобл. Мяжуе з Нёманскай нізінай на Пн, Слонімскім узв. на У, Прыбугскай раўнінай на Пд, Беластоцкай раўнінай на З, Гродзенскім узв. на ПнЗ. Працягнулася з З на У на 70 км, шыр. 65 км. Найб. вышыня 256 м (на З ад г.п. Поразава), найменшая 103 м. Пл. 3,2 тыс.км². Прымеркавана да стыку Бел. антэклізы і Падляска-Брэсцкай упадзіны.
Паверхня крышт. фундамента на глыб. 60—500 м ніжэй за ўзр. м. У антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 70—210 м (макс. 254 м) найб. развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Канчаткова аформілася ў час паслямаксімальнага стадыялу дняпроўскага зледзянення. Складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых адкладаў (пераважна мелу).
Канцовамарэнны градава-ўзгорысты, уваліста-ўзгорысты і ўзгорысты рэльеф утварае шэраг дугападобных напорных град каля г.п. Поразава, г.п. Краснасельскі, в. Пескі. Грады пабудаваны з мноства скіб-адорвеняў мелавых і палеагенавых парод, якія чаргуюцца з марэннымі і водна-ледавіковымі пародамі антрапагену. Пашыраны таксама марэнныя платопадобныя і водна-ледавіковыя раўніны з паасобнымі камамі і озамі, уздоўж далін — вузкія палоскі забалочаных зандравых і азёрна-ледавіковых нізін. На Пд трапляюцца скразныя даліны. Рачныя даліны ўрэзаны на 20—50 м (да 70 м). Карысныя выкапні: цэментныя і легкаплаўкія гліны, мел (у адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, прэсныя падземныя воды. Каля г.п. Краснасельскі крэменездабыўныя шахты часоў неаліту. Сярэднія т-ры студз. ад 1,1 да -13,6 °C, ліп. 15,2—21 °C, ападкаў 450—640 мм за год (г. Ваўкавыск). Рачная сетка густая, належыць да бас. Нёмана. Гал. рэкі Зальвянка, Рось з прытокамі і правыя прытокі Свіслачы — Верацейка, Берастаўчанка і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя, найб. урадлівыя — перагнойна-карбанатныя сугліністыя. Пад лесам каля 15% тэрыторыі — хваёвыя з дамешкамі елкі, дубу, грабу, ялова-грабавыя, ясянёвыя, дубровы. Па далінах рэк парослыя вербняком лугі. Пад ворывам 50% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ РАЁН,
на ПдЗ Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,1 тыс.км². Нас. 39,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Ваўкавыск; гар. пасёлкі Краснасельскі і Рось, 194 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Ваўкавыскі, Воўпаўскі, Вярэйкаўскі, Гнезнаўскі, Ізабелінскі, Падароскі, Рэплеўскі, Субацкі, Шылавіцкі.
Раён размешчаны на Ваўкавыскім узвышшы. Паверхня хвалістаплатопадобная. Пераважаюць выш. 140—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад г. Ваўкавыск). Карысныя выкапні: мел (цэментны і на выраб вапны), гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -4,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 530 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Найб.р. Рось з прытокамі Ваўпянка, Нятупа, Харужаўка, рэкі Верацейка (прыток Свіслачы) і Зальвянка. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Лясы займаюць 23% тэр. раёна, пераважна хваёвыя. Помнік прыроды — агаленне адорвеня верхнемелавых парод (каля чыг. ст. Рось). Ваўкавыскі заказнік.
На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,3 тыс.га, з іх асушана 7 тыс.га. У раёне 10 калгасаў, 9 саўгасаў, 2 с.-г. прадпрыемствы («Зара» і «Шылавічы»). Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінагадоўля). Пасевы цукр. буракоў. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вапна, азбестацэментныя трубы, цэгла сілікатная), дрэваапр. (драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай, харч. прам-сці. Ваўкавыск — вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Пагранічны, Шчучын, Слонім, Ружаны; аўтамаб. шаша Баранавічы—Пагранічны. У раёне 14 сярэдніх, 11 базавых і 7 пач. школ, 24 дашкольныя ўстановы, 44 клубы, 40 б-к, 7 бальніц, 23 фельч.-ак. пункты, санаторый «Рось», 3 прафілакторыі. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна (1773) у в. Воўпа, касцёл Міхаіла Архангела (1524) і сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Гнезна, Міхайлаўская царква канца 18 ст. і Петрапаўлаўскі касцёл (1778) у в. Ізабелін, сядзіба 19 — пач. 20 ст. ў в. Краскі, царква Аляксандра Неўскага сярэдзіны 19 ст. ў в. Кузьмічы, сядзіба сярэдзіны 19 ст. ў в. Падароск. Вылаецца газ. «Наш час».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСКІ РАЁН,
на ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Дрысенскі раён (да 1962). Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 33,2 тыс.чал. (1996), гарадскога 32%. Сярэдняя шчыльн. 15,6 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Верхнядзвінск, г.п.Асвея, 275 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 12 сельсаветаў: Асвейскі, Бігосаўскі, Боркавіцкі, Валынецкі, Голубаўскі, Дзёрнавіцкі, Жоўнінскі, Каханавіцкі, Сар’янскі, Сенькаўскі, Чапаеўскі, Шайцераўскі.
Большая ч. раёна ў межах Полацкай нізіны, на ПнЗ — Асвейская града. Паверхня пераважна плоскараўнінная, выш. да 150 м; найвыш. пункт 191,8 (на Пн ад в. Гарадзілавічы). Карысныя выкапні: торф, гліны, даламіты, пясчаны матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сар’янка, Ужыца, Росіца, Дрыса (са Свольнаю). 25 азёр, самыя вялікія Асвейскае, Лісна, Белае, Цятна, Ізубрыца, Стралкоўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 27% тэр. раёна; лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя. Балоты займаюць 6% (11,4 тыс.гатэр.); асн. балотныя масівы — Асвейскае, Крупец, Цятна, Крэўнікі і інш.Біял. заказнік Асвейскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 89,6 тыс.га, з іх асушана 27,8 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 17 калгасаў і 9 саўгасаў, 2 с.-г. кааператывы. Лясгас. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочная, мясная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла), паліўнай (торфабрыкет), харч., лёгкай (швейныя вырабы, перапрацоўка лёну), дрэваапр. (піламатэрыялы) і металаапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Полацк—Верхнядзвінск—Даўгаўпілс (Латвія), аўтадарогі Верхнядзвінск—Невель і Полацк—Санкт-Пецярбург. У раёне 12 сярэдніх, 10 базавых, 11 пач. школ, 2 школы-інтэрнаты, ПТВ № 170, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 26 дашкольных устаноў, 34 клубы, 46 б-к, 6 бальніц. Помнікі архітэктуры: манастырскі шпіталь сярэдзіны 18 ст. ў г.п. Асвея; парк 18 ст. на беразе воз. Асвейскае; чыг. вакзал (1924—26) у в. Бігосава; сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Вопытная; Троіцкі касцёл пач. 20 ст. ў в. Росіца; касцёл (1852—57) і парк 19 ст. ў в. Сар’я. Выдаецца газ. «Дзвінская праўда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКІ́ (Beta),
род адна-, двух- і шматгадовых травяністых раслін сям. лебядовых. 6 відаў (па іншых звестках 15). Пашыраны ў Зах. Еўропе, Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Індыі, вырошчваюць таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. У культуры двухгадовыя віды: буракі лісцевыя, ці мангольд, і буракі звычайныя караняплодныя (B. vulgaris), да якіх належаць групы разнавіднасцей цукр., сталовых і кармавых буракоў. Пачалі спажываць карані буракоў у 3—1 ст. да н.э. У канцы 12 ст. з’явіліся ў культуры кармавыя формы, у 18—19 ст. — цукровыя. На Беларусі буракі ў культуры з 1830-х г.
У 1-ы год буракі ўтвараюць сакаўны мясісты караняплод з разеткай лісця, на 2-і даюць кветаносы і насенне. Сцябло травяністае, прамастойнае, галінастае, паяўляецца на 2-і год. Лісце буйное, гладкае або хвалістае, прыкаранёвае на доўгіх чаранках, сцябловае амаль сядзячае. Кветкі двухполыя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца, утвараючы суплоддзі — клубочкі.
Сталовыя буракі (агароднінныя) культывуюцца ў 2 формах: сталовыя караняплодныя (больш пашыраныя) і буракі лісцевыя (мангольд). Караняплоды масай 0,4—0,9 кг, цёмна-чырвоныя, бардовыя, чырвона-фіялетавыя, багатыя цукрам (9—16%), бялком (1,8—3%), мінер. солямі, арган. к-тамі, клятчаткай, вітамінамі C, групы B, P, PP. Спажываюцца караняплоды і лісце вараныя, кансерваваныя, сушаныя. Лепшыя для іх глебы на Беларусі — акультураныя дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя. Раянаваныя сарты: Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18. Кармавыя буракі багатыя вугляводамі, мінер. солямі, вітамінамі. Караняплоды масай да 10—12 кг, жоўтыя, белыя, чырвоныя. Скормліваюцца ўсім відам жывёлы, пераважна малочным. Бацвінне ідзе на корм свежае і сіласаванае. Сеюць на акультураных тарфяніках, на сугліністых і супясчаных мінер. глебах з нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору. Раянаваныя сарты: Бел. чырвоныя, Экендорфскія жоўтыя і інш.Цукровыя буракі — найважнейшая тэхн. культура — сыравіна для цукр. прам-сці. Маюць белыя караняплоды масай 400—500 г, багатыя цукрам (19—20%, макс. да 23%). Цепла- і святлолюбівыя, вельмі патрабавальныя да ўмоў жыўлення і вільгаці, асабліва ў перыяд фарміравання лісця і караняплода (ліп.—жн.). Вырошчваюцца на добра ўгноеных сугліністых і супясчаных дзярнова-падзолістых глебах, на акультураных тарфяна-балотных. Бацвінне, жамерыны, патака ідуць на корм. Гл. таксама Буракаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ РАЁН,
на Пд Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,3 тыс.км². Нас. 49,2 тыс.чал. (1996), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал/км². Цэнтр — г.Быхаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Абідавіцкі, Баркалабаўскі, Верхнятошчыцкі, Гарадзецкі, Глухскі, Грудзінаўскі, Дунайкаўскі, Лудчыцкі, Навабыхаўскі, Следзюкоўскі, Трылесінскі, Холстаўскі, Чарнаборскі, Чырвонаслабодскі, Ямненскі. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка тэр. раёна забруджана радыеактыўнымі элементамі. Жыхары в. Александроў адселены.
Размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 150—160 м, найвыш. пункт 183,5 м (каля в. Трылесіна). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, керамічныя гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб.р. Дняпро з прытокамі Чарнаўка, Баброўка, Трасна, Ухлясць з Варонінкай, Тошчыца, Адаменка, Рдзіца, Лахва; на З — р. Друць (на ёй Чыгірынскае вадасх.) з прытокамі Грэза і Балонаўка. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 39% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, яловыя і бярозавыя.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў складае 103,1 тыс.га, з іх асушана 23,9 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 23 калгасы, племзавод «Вараніно», адкрытае акцыянернае т-ва «Быхаўмалако». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (спірт-сырэц, масла, сухое абястлушчанае малако, крухмал, агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), паліўнай (брыкет), металаапр. (бочкі), буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Магілёў—Жлобін, аўтадарогі Магілёў—Гомель, Магілёў—Бабруйск. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія і 15 базавых школ, 35 дашкольных дзіцячых устаноў, 46 клубаў, 45 б-к, 7 бальніц, З амбулаторыі, 35 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі прыроды — хвоі-гіганты каля в. Барсукі. Арх. помнікі: царква 19 ст. ў в. Балонаў-Сялец; царква Казанскай Маці Божай (1904) у в. Баркалабава; палацава-паркавы ансамбль пач. 19 ст. ў в. Грудзінаўка; царква пач. 20 ст. ў в. Лубянка; Успенская царква (1865) у в. Мокрае. Мемарыял воінскай славы ў в. Лудчыцы. Выдаецца газ. «Маяк Прыдняпроўя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, на Пн Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей. Мяжуе са Слонімскім узв. на ПнЗ, Навагрудскім узв. і Капыльскай градой на Пн і ПнУ, Клецкай раўнінай на У, Прыпяцкім Палессем на Пд і Прыбугскай раўнінай на З. Працягнулася з З на У на 85 км, з Пн на Пд на 20—40 км. Сярэдняя выш. 180—190 м над узр. мора, найб. 218 (каля в. Канюхі Ляхавіцкага р-на). Пл. 2,2 тыс.км².
Знаходзіцца на стыку тэктанічных структур: Беларускай антэклізы, Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Магутнасць адкладаў антрапагену ад 30—40 на Пд да 140—160 м на Пн і ў ледавіковых лагчынах (Шчарская, Мышанская). Рэльеф згладжаны, сфарміраваны ледавіковымі водамі ў час дэградацыі сожскага ледавіковага покрыва. Пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйна-ўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы) з перавышэннямі 30—40 м. Па схілах далін яры глыб. 3—4 м. На ПнУ азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак р. Шчара. На памежжы з Палессем развіты дзюны, эолавыя грады і масівы выш. 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асн. марэны. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, баластавыя пяскі, торф, мел і мергель (апошнія ў ледавіковых адорвенях). Сярэднія т-ры студз. ад 0,2 °C да -14,1 °C, ліп. 14—20,8 °C, ападкаў 400—760 мм за год (Баранавічы). Гідрасетка належыць да бас. Нёмана. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда, Іса, Лахазва, азёры — Калдычэўскае, Дамашэўскае, Мышачак, на р. Лахазва вадасх. Гаць. Глебы дзярнова-падзолістыя на пясках і супесках, дзярнова-падзолістыя забалочаныя (глеяватыя) на марэнных суглінках, тарфяна-балотныя і алювіяльныя. Пад лесам 31% тэрыторыі — бары, субары з прымессю шыракалістых пародаў, на левабярэжжы Шчары — дубровы; развіты чорнаалешнікі, бярозавыя і асінавыя групоўкі. Есць нізінныя і пераходныя балоты, заліўныя лугі. Пад ворывам 44% тэрыторыі. У межах Баранавіцкай раўніны біял. заказнікі: Баранавіцкі, Слонімскі, Стронга; Барэцкая дуброва, Лам’еўскія пасадкі карэльскай бярозы і пасадкі лістоўніцы еўрапейскай у Моўчадскім лясніцтве — помнікі прыроды.
Г.П.Рудава.
Баранавіцкая раўніна. Краявід у Баранавіцкім біялагічным заказніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб.пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДК амаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.
Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7∙103кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2 — кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5∙103кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у т. л. фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2 пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25∙103кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83∙103кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3 — сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.
Літ.:
Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць алюміній, пераважна ў ступені акіслення + 3. Бясколерныя, белыя ці шэрыя цвёрдыя рэчывы. Найб.пашыраны алюмінію злучэнні з кіслародам (крышт.алюмінію аксід і аморфны алюмагель, гідраксід алюмінію), солі алюмінію з моцнымі кіслотамі (нітрат, сульфат, галагеніды, фасфаты), комплексныя солі алюмінію (алюмініевы галын, алюмасілікаты), солі алюмініевых кіслот (алюмінаты), алюмінійарган. злучэнні (гл. ў арт.Металаарганічныя злучэнні), нітрыд і гідрыд алюмінію, алюмінію злучэнні з некаторымі больш электрададатнымі, чым алюміній, металамі, напр. арсенід алюмінію.
Алюмінію гідраксід (Al(OH)3] сустракаецца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў — састаўная частка баксітаў, існуе ў трох крышт. і аморфнай мадыфікацыях; не раствараецца ў вадзе, спіртах; амфатэрны, з кіслотамі ўтварае солі, са шчолачамі алюмінаты. Атрымліваюць гідролізам алюмасілікатаў у шчолачным асяроддзі, аморфны — асаджэннем з раствораў соляў алюмінію аміякам. Выкарыстоўваюць для вытв-сці аксіду алюмінію і алюмагелю, як адсарбцыйны сродак у медыцыне. Алюмінію сульфат [Al2(SO4)3], т-ра раскладання больш за 770 °C, раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца ўзаемадзеяннем кааліну ці баксіту з сернай кіслатой. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмініевага галыну, для праклейвання паперы, асвятлення і пазбаўлення колеру вады, як пратраву пры фарбаванні тканін. Алюмінію фтарыд (AlF3), т-ра ўзгонкі 1279 °C, раствараецца ў вадзе, утварае крышталегідраты. Кампанент электраліту ў вытв-сці алюмінію, таксама флюсаў, эмаляў, керамікі. Алюмінію хларыд (AlCl3), дыміць на паветры, т-ра ўзгонкі 180 °C, tпл 192,5 °C, у вадзе гідралізуецца. Атрымліваецца хларыраваннем кааліну, баксіту ці гліназёму. Каталізатар крэкінгу нафты, у рэакцыях алкіліравання. Алюмінію нітрыд (AlN), т-ра раскладання ~2000 °C, дыэлектрык, устойлівы да дзеяння кіслот і шчолачаў пры t 20 °C. Атрымліваюць узаемадзеяннем азоту з алюмініем пры t 1000 °C ці аднаўленнем аксіду алюмінію. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял для тыгляў, футровак электролізных ваннаў, для нанясення каразійна- і зносаўстойлівых пакрыццяў на сталь, графіт і інш.Алюмінію гідрыд (AlH3), т-ра раскладання 105 °C, існуе ў палімерным стане. Выкарыстоўваецца як кампанент цвёрдага ракетнага паліва, аднаўляльнік у арган. Сінтэзе. Алюмінію арсенід (AlAs), т-ра плаўлення 1740 °C, кампанент паўправадніковых цвёрдых раствораў для лазераў, фотадыёдаў, сонечных батарэй.