ТРУБКАКРУ́ТЫ.

трубакруты (Attelabidae), сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 1,3 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных лясах. Жывуць на лясных і пладовых дрэвах, кустах. На Беларусі каля 20 відаў. Найб. трапляюцца Т.: арэшнікавы (Apoderus coryli), дубовы (Attelabus curculionides), таполевы (Byctiscus populi); шкоднікі садоў букаркі, слонікі вішнёвы (Rhynchites auratus), слівавы (R.cupreus).

Вонкава падобны да слонікаў. Даўж. да 15 мм. Цела яркае — зялёнае, сіняе, чорнае, чырв., нярэдка з метал. бляскам. Галава выцягнута ў галаватрубку. Хабаток тоўсты, сагнуты. Вусікі булавападобныя, 11- і 12-членікавыя. Брушка кароткае, шырокае. Надкрылы амаль чатырохвугольныя. не прыкрываюць канец брушка. Расліннаедныя. Большасць відаў адкладвае яйцы ў тканкі ліста і скручвае яго ў трубку (адсюль назва). Лічынкі белыя, бязногія, С-падобна выгнутыя. Акукліваюцца ў глебе.

С.​Л.​Максімава.

Трубкакруты: 1 — казарка пладовая; 2 — арэхавы; 3 — таполевы; 4 — букарка пладовая.

т. 15, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)