Лінёвішча ’выпоўзіны, злінялая скура вужа ці гадзюкі’ (Бяльк.), лельч. лінёвішчэ (Нар. лекс.), ліновішчэ (ТС; стол., Сл. паўн.-зах.), лях., іўеў. ліновішча, ганц. ліновіско ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. линовище, зах. ліновище, ліновиско, рус. устарэлае линовище ’тс’. Усх.-слав. ізалекса. Да ліня́ць (гл.). Параўн. яго прасл. варыянты: linjati, linati, liněti і ітэратыў linovati (> серб.-харв. ‑linjévati), ад якога і ўзніклі прыведзеныя вышэй бел. словы. Такі ж суфікс мае і іўеў. леняві́шча ’тс’, утворанае ад ⁺ленявы, звязанае чаргаваннем з lěn‑ (параўн. люб. леня́не, іўеў. ляні́шча ’выпоўзіны’, укр. ліни́тися ’ліняць’) побач з lěv‑ (параўн. славен. levíšče ’выпоўзіны’, leviti se і інш.) (Фасмер, 2, 499).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліхама́нка ’хваравіты стан з гарачкай і дрыготкай’, ’малярыя, трасца’, ’гарачкавая дзейнасць’ (Гарэц., Касп., ТСБМ, Растарг.; паўд.-усх., КЭС), укр. харк. лихома́нка, рус. лихома́нка ’тс’, ’ліхадзейка’, ’хлус’, ’благі чалавек’, ’пракуда’. Бел. слова прымыкае да рус. моўнага арэалу, у якім гэта лексема з’яўляецца табуістычнай назвай ад лихоманка ’круцелька, ашуканка’, лихома́нить ’прыносіць зло, бяду’, рус. лихоман, кур. ’д’ябал’, усх. ’махляр’, паўн.-дзв. ’вар’ят’, ст.-рус. лихоманъ ’тс’, укр. палес. лихо́ма ’бяда, цяжкае становішча’, лихоманка ’ліхаманка’, польск. lichman ’мот’. Прасл. lixomanъ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 93). Да lixo > лі́ха і maniti > мані́ць (гл.) (Зяленін, Табу, 2, 77; Фасмер, 2, 505).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліхта́р, лыхта́р ’прылада для асвятлення — футарал са шклянымі сценкамі’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Мядзв., Растарг.; КЭС, лаг.), ’падсвечнік’ (Грыг., Нас., Шат., Шпіл.; Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ст.-бел. лихтаръ, лехтаръ, лыхтаръ, ляхтаръ ’ліхтар’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. lichtarz ’падсвечнік’, якое ўзыходзіць да с.-в.-ням. liuhtaere, ням. Leuchter ’падсвечнік’ < liuhten ’свяціць’ < герм. *liuhta‑ ’ясны’ (Слаўскі, 4, 233; Чартко, Бел. лінгв. зб., 151; Жураўскі, Бел. мова, 62; Кюнэ, 72). Фасмер (2, 505) мяркуе, што насуперак Вінеру (63) пасрэдніцтва ідыш з’яўляецца неімаверным. Сюды ж ліхта́рня ’падсвечнік’ (Нас., Сцяшк.), ’ліхтар’ (Растарг.; паўд.-усх., КЭС), ’від ліхтара’ (паст., чыж., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Выр, вырь ’вырай, цёплыя краіны, куды адлятаюць птушкі на зіму’ (Яшк., бых., Рам., 8), вырь ’паварот’ (Нас.), выръ, виръ ’вір’ (Шн., Песні). Няясна. Магчыма, зваротнай дэрывацыяй ад вырай, вырья або ўкраінізаваная форма ад вір (гл.), якая потым была збліжана з вырай у семантычных адносінах. Але параўн. рус. цвяр. вырь, бырь ’вір’, выр ’месца хуткага цячэння вады, вір; яма, над якой утвараецца вір’, якія па фанетычных прычынах не могуць быць аб’яднаны з вір (Фасмер, 1, 370). Гл. яшчэ Безлай, ССл, 1976, 5, 65 і наст., дзе аб сувязі рус. вырь, вырий і славен. ir(ij) ’балота’, а таксама іншы славенскі матэрыял.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вядзме́дзь, таксама нядзведзь ’мядзведзь’ (Інстр. II). Рус. дыял. ведме́дь, укр. ведмі́дь (дыял. медві́дь). Гэтыя словы ўзніклі перастаноўкай складоў з прасл. *medvědь (*medhu̯‑ēd‑is), літаральна ’мёдаед’: ст.-рус., ст.-слав. медвѣдь, бел. мядзве́дзь, рус. медве́дь, польск. дыял. miedźwiedź, чэш. medvěd, балг. медве́д, серб.-харв. мѐдвјед і г. д. Першапачатковая і.-е. назва захоўваецца ў грэч. ἄρκτος, лац. ursus, ст.-інд. ŕ̥kšas ’мядзведзь’. Славяне замянілі першапачатковае і.-е. слова апісальным выразай з меркаванняў табу (падобнае сустракаецца, напр., у ням. мове, дзе Bär ’мядзведзь’ азначае літаральна ’карычневы’). Гл. Фасмер, 2, 589; Бернекер, 2, 30 і далей; Клюге, 50–51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вінт1 ’болт са спіральнай нарэзкай шруба’ (КТС, БРС). Укр. гвінт, рус. винт, макед., балг. винт ’тс’, чэш. народн. vint ’нарэзка шруба’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 27) < польск. gwint ’вінт’ < ням. Gewinde ’нарэзка’, winden ’абвіваць, намотваць, круціць’ (Брукнер, 165; Шанскі, 1, В, 101; Фасмер, 1, 317). Цалкам магчыма, што бел. вінт паходзіць непасрэдна з польск. мовы. Сюды ж вінтавы́.

Вінт2 ’частка рухавіка парахода ці самалёта ў выглядзе лопасцей, замацаваных на валу’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 98).

Вінт3 ’карцёжная гульня’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы; параўн. винт ’тс’ < ням. Gewinde. Да вінт1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галлё ’галіны, хвораст’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ), таксама го́лле ’тс’ (Касп.). Дакладна адпавядае ўкр. гілля́ (зборн. наз., н. р.). Бел. і ўкр. словы Фасмер (1, 434) параўноўвае з рус. дыял. голья́ ’галіна, сук’ (ж. р., адз. л.!) і далей са славен. gȏl ’ачышчаны ад сучкоў ствол маладога дрэва’, чэш. hůl ’палка, галіна’. Далей бачаць сувязь з галу́за ’галінка’ і да т. п. Больш пераконвае дапушчэнне, сувязі прама з *golъ ’голы; ачышчаны ад лісця’. Тады *golьje — гэта проста зборны назоўнік з першасным значэннем ’голыя галінкі’. У рус. мове голья, магчыма, са старога гольё (н. р., зборн. наз.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ганча́р1 ’ганчар’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. гонча́р, укр. ганча́р, гонча́р, польск. garncarz, чэш. hrnčíř, балг. грънча́р, серб.-харв. грнчар, ст.-слав. гръньчар̑ь. Прасл. слова, якое з’яўляецца назвай дзеяча ад прасл. *gr̥nьcь ’гаршчок’, утворанай суфіксам *‑arь. Гл. Слаўскі, 1, 259; Фасмер, 1, 438; падрабязна Шанскі, 1, Г, 129; гл. таксама Трубачоў, Ремесл. терм., 192, 336. Неабгрунтавана Цімчанка (1, 508), які выводзіць укр. слова з польск. garncarz. Вытворнае: ганча́рня (Шат., Касп.).

Ганча́р2 ’вілкі’ (Шатал.): «Вазьмі ганчара і ўстаў гаршчка ў печ». Адсюль відаць, што функцыянальна ганча́р2, хутчэй за ўсё, гэта «сапсаванае», трансфармаванае ганча́рка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ніць ’ганіць, ганьбаваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк.). Укр. га́нити, рус. га́нить ’тс’ (толькі ў зах. і паўд. гаворках, гл. СРНГ, 6, 134–135), польск. ganić, чэш. haněti, haniti. Гэта слова сустракаецца толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (у паўднёвых славян няма). Паходжанне яго спрэчнае. Лічыцца роднасным са слав. дзеясловам *ganjati: *goniti: *gъnati ’гнаць, ганяць’. З іншага боку некаторыя этымолагі думаюць пра запазычанне з ням. (с.-в.-ням.) hōna або роднаснасць з *gadъ, *gaditi. Агляд версій гл. у Слаўскага, 1, 254–255. Шатэрнік (гл. заўвагу ў яго слоўніку), здаецца, хоча лічыць бел. слова запазычаннем з польск. ganić. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 392.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гардзі́на1 (БРС). Рус. гарди́на ’тс’, укр. гарди́на. Запазычанне з ням. Gardine ’тс’ (франц. courtine). Гл. Фасмер, 1, 393. Шанскі (1, Г, 29) удакладняе, што ў рус. мове гэта слова (у форме гордина) было ўжо ў Пятроўскую эпоху і вядома, прынамсі, з 1709 г. Можна меркаваць, што бел. слова (як і ўкр.) запазычана непасрэдна з рус. мовы.

Гардзі́на2 ’карціна, малюнак’ (Бяльк.). Азванчэннем зычных к і ц узнікла з карціна; пры гэтым, магчыма, пэўны ўплыў мела, здаецца, і асацыяцыя са словам тыпу рус. гарди́на (асацыяцыя, так сказаць, «па функцыі» або лепш «па месцу»: тое, што вісіць на сцяне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)