ГА́ЗЫ НА́ФТАВЫЯ СПАДАРО́ЖНЫЯ,

вуглевадародныя газы (этан, прапан, бутан і інш.), якія спадарожнічаюць нафце і вылучаюцца з яе пры сепарацыі. Гэтыя газы раствораны ў нафце ці знаходзяцца ў газавай шапцы. Іх вылучэнне адбываецца ў выніку зніжэння ціску пры пад’ёме нафты на паверхню зямлі.

Колькасць газу (м³), прыведзенага да атм. ціску і т-ры 20 °C, якая прыпадае на 1 т здабытай нафты пры тым жа ціску і т-ры, наз. газавым фактарам (мяняецца ад 5 да 500 для розных радовішчаў). Па саставе газы нафтавыя спадарожныя адрозніваюцца ад прыроднага газу (гл. Газы прыродныя гаручыя) меншай колькасцю метану (да 45% па аб’ёме), але маюць больш прапану (5—22), бутану (3—19), бензінавых фракцый (пентан і вышэйшыя вуглевадароды да 20%). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў нафтахім. і хім. прам-сці, для атрымання звадкаванага газу, газавага бензіну.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІЯ (ад грэч. harmonia сувязь, стройнасць, суразмернасць),

унутраная і знешняя ўпарадкаванасць, узгодненасць, цэласнасць з’яў і працэсаў, суразмернасць частак, зліццё розных кампанентаў аб’екта ў адзінае арганічнае цэлае; адзін з важнейшых крытэрыяў эстэт. ацэнкі гармоніі — паказчык, мера гістарычна дасягнутага ўзроўню практычна-духоўнага асваення чалавекам навакольнага асяроддзя. Гармонія заўсёды адносная і гістарычна канкрэтная. Выступае неад’емнай якаснай характарыстыкай зместу эстэт. ідэалу, вышэйшай сац.-эстэт. мэты грамадскага развіцця. Паводле характарыстык, распрацаваных у стараж.-грэч. філасофіі, гармонія — універсальны эстэтыка-касмалагічны прынцып светапогляду. Ант. філосафы адзначалі дыялектычны характар гармоніі. Сучасная сусв. эстэтыка разумее гармонію як аб’ектыўную магчымасць стасункаў чалавека са светам і дасягальны ідэал; як дасканаласць звышнатуральнай сутнасці рэчаў, якую можна суб’ектыўна ўявіць, але нельга дасягнуць. У гісторыі эстэтыкі разглядалася як істотная характарыстыка прыгожага. Дыялектычны матэрыялізм бачыць аснову гармоніі ў матэрыяльным адзінстве свету, ва ўсеагульнай узаемасувязі і развіцці з’яў, у аб’ектыўных заканамернасцях.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРЫ́Т (ад гастр... + ...іт),

вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гастрыту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ,

галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае фактары і заканамернасці размяшчэння, умовы і асаблівасці развіцця прам-сці ў розных краінах і раёнах. Падзяляецца на агульную, рэгіянальную і геаграфію галін прам-сці. Агульная геаграфія прамысловасці даследуе заканамернасці фарміравання тэр. структуры прам-сці, выяўляе месца прам-сці ў геагр. (тэрытарыяльным) падзеле працы, яе становішча сярод інш. галін вытв-сці ў агульнай сістэме нар. гаспадаркі. Рэгіянальная геаграфія прамысловасці вывучае прамысл. вытв-сць у складзе прамысл. цэнтраў і вузлоў, раёнаў, краін, гіст.-геагр. асаблівасці яе фарміравання, характар яе галіновай структуры, грамадска-эканам. і прыродныя ўмовы размяшчэння з мэтай планавання і развіцця прамысл. вытв-сці. Геаграфія галін прамысловасці вывучае размяшчэнне прадпрыемстваў асобных галін прам-сці. На Беларусі геаграфія прамысловасці, як галіна эканам. геаграфіі, пачала развівацца ў 1920-я г. (Г.І.Гарэцкі, А.А.Смоліч, Р.​Рак, М.​Ярашэвіч, Ярмашэвіч і інш.).

т. 5, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАФО́НІЯ (ад гетэра... + грэч. phōnē гук),

сумеснае, у аснове аднагалосае выкананне мелодыі з эпізадычнымі больш ці менш працяглымі адхіленнямі ад унісону. Найстаражытнейшы муз. склад, прамежкавы паміж манадыйным і поліфанічным. Уласціва аўтэнтычным формам фальклору розных народаў, таму што яе перадумова — абавязковы момант імправізацыйнасці, пастаяннай варыянтнасці напеваў. У гетэрафоннай манеры спяваюць пераважна песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. На Беларусі пашырана ва ўсх. Палессі і на Магілёўшчыне як полірытмічны тып мелодыі, у зах. Палессі і ў паўд. раёнах Мінскай вобл. як дыяфонія на элементах бурданіравання (гл. Бурдон). Да гетэрафоніі блізкія некат. з’явы ў прафес. музыцы 19—20 ст. (К.​Дэбюсі, І.​Стравінскі).

Літ.:

Бершадская Т. Основные композиционные закономерности многоголосия русской народной крестьянской песни. Л., 1961;

Можейко З.Я. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРО́МЕТР (ад гігра... + ...метр),

прылада для вымярэння вільготнасці паветра. Бывае вагавы (абсалютны), валасяны, плёначны, электралітычны, керамічны, кандэнсацыйны і інш.; выкарыстоўваюць таксама псіхрометр. З дапамогай вагавага гігрометра вызначаюць абс. вільготнасць па павелічэнні вагі гіграскапічнага рэчыва пасля паглынання вадзяной пары з вільготнага паветра. Адносную вільготнасць паветра вымяраюць з дапамогай розных тыпаў гігрометраў, з іх найб. пашыраны валасяны (выкарыстоўваюць абястлушчаны чалавечы волас, даўжыня якога большае пры павелічэнні вільготнасці) і плёначны (у якасці адчувальнага элемента выкарыстоўваюць арган. плёнку, якая расцягваецца ў вільготным і сціскаецца ў сухім паветры). Электралітычны гігрометр заснаваны на ўласцівасці гіграскапічнага слоя электраліту (хлорыстага літыю) мяняць эл. супраціўленне ў залежнасці ад вільготнасці паветра. У керамічным гігрометры выкарыстана залежнасць эл. супраціўлення керамікі (сумесі гліны, крэменю, кааліну і інш.) ад вільготнасці паветра. Кандэнсацыйным гігрометрам вызначаюць пункт расы па т-ры, пры якой на метал. люстэрку кандэнсуецца вільгаць.

Валасяны гігрометр.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. hydrogenium вадарод),

гідрыраванне, хімічны працэс далучэння вадароду (пераважна малекулярнага) да розных рэчываў у прысутнасці каталізатара пры высокай т-ры і ціску. У якасці каталізатараў найчасцей выкарыстоўваюць металы VIII гр. перыяд. сістэмы (напр., нікель, кобальт, плаціну, паладый), аксіды металаў (напр., аксід хрому Cr2O3, алюмінію Al2O3) і інш.

Гідрагенізацыяй азоту ў прам-сці атрымліваюць аміяк, аксіду вугляроду — метылавы спірт. Практычнае значэнне мае гідрагенізацыя арган. злучэнняў з кратнымі сувязямі. Далучэнне вадароду па падвойных сувязях (C=C) ляжыць у аснове ператварэння вадкіх алеяў і тлушчаў у цвёрдыя прадукты (напр., пры вытв-сці маргарыну). Гідрагенізацыя — адна з асн. рэакцый многіх працэсаў нафтаперапрацоўкі (напр., каталітычнага рыформінгу, гідракрэкінгу). Гідрагенізацыя можа адбывацца адначасова з гідрагенолізам: разрывам сувязі C—X (X — вуглярод, азот, сера, кісларод) у малекуле арган. злучэння пад уздзеяннем вадароду (напр., пры атрыманні шмататамных спіртоў з поліцукрыдаў).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬДЗЮ́К (Юрый Мікалаевіч) (н. 15.5.1948 г. Гродна),

бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1971, клас І.​Цвятаевай). Удасканальваўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1973). У 1973—78 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры бел. кансерваторыі. З 1978 заг. кафедры, з 1991 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. З 1983 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Музыкант яркай індывідуальнасці, тонкі інтэрпрэтатар музыкі розных стыляў, гастраліруе як саліст і выканаўца камернай музыкі на Беларусі і за яе межамі, а таксама ў ансамблях з вядомымі інструменталістамі, опернымі і камернымі спевакамі. У рэпертуары творы бел. кампазітараў (Л.​Абеліёвіча, А.​Багатырова, Я.​Глебава, У.​Дамарацкага і інш.), зах.-еўрап. і рус. класічная і сучасная музыка. Сярод вучняў: А.​Сікорскі, В.​Бельцюкова, Н.​Венская і інш. Адзін з заснавальнікаў і арганізатараў міжнар. муз. фестываляў («Беларуская музычная восень», «Мінская вясна»), конкурсаў музыкантаў-выканаўцаў.

В.​П.​Савіцкая.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЫ́НІЯ,

традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на У Паўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.

Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.

Г.​У.​Вынаеў.

Гліцынія кітайская.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАІЗАЛЯ́ЦЫЯ памяшканняў,

комплекс мерапрыемстваў па змяншэнні ўзроўню шуму, што пранікае ў памяшканне з навакольнага асяроддзя. Адрозніваюць гукаізаляцыю ад шуму паветр. (мовы, спеваў, радыёперадач і інш.; перадаецца па паветры) і ўдарнага (крокаў людзей, перасоўвання мэблі і інш.; перадаецца па канструкцыях збудаванняў).

Для аховы ад паветр. шуму сцены і перакрыцці робяць з некалькіх слаёў розных матэрыялаў (у т. л. з гукапаглынальных матэрыялаў), якія рэзка адрозніваюцца фіз. ўласцівасцямі, або з канструкцый, раздзеленых суцэльнай паветр. праслойкай; выкарыстоўваюць перакрыцці з падвешанай столлю і інш. Ударны шум змяншаюць насціланнем падлогі на пругкую аснову або пругкімі пракладкамі (гл. Гукаізаляцыйныя матэрыялы), а таксама вібраізаляцыяй абсталявання з дапамогай амартызатараў. Гл. таксама Акустычныя матэрыялы.

Гукаізаляцыя агараджальных канструкцый збудаванняў: а — раздзельная канструкцыя сцяны; б — падлога па суцэльнай пругкай аснове; 1 — сценкі; 2 — паветраная праслойка; 3 — бетонны ці шлакабетонны слой; 4 — пергамін; 5 — пругкая пракладка.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)