навука і комплекс практычных мерапрыемстваў па стварэнні і паляпшэнні парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў; адна з форм эвалюцыі жывых арганізмаў. Падпарадкоўваецца тым жа законам, што і эвалюцыя відаў у прыродзе, але натуральны адбор заменены штучным адборам. Тэарэт. аснова С. — генетыка. Асн. метады — адбор лепшых фенатыпаў (масавы адбор) або лепшых генатыпаў (індывідуальны адбор), гібрыдызацыя з выкарыстаннем гетэрозісу і цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, поліплаідыя, мутагенез і інш. Этапы селекцыйнага працэсу: абгрунтаванне мэт і задач, стварэнне ці падбор зыходнага матэрыялу, распрацоўка схемы, правядзенне селекцыйных мерапрыемстваў, сорта- ці пародавыпрабаванне. С. праводзяць па якасці (смак, знешні выгляд, лёжкасць пладоў, колькасць бялкоў і амінакіслот у зерні, тлушчамалочнасць і інш.); устойлівасць да хвароб, шкоднікаў і неспрыяльных умоў асяроддзя; урадлівасць у раслін, плоднасць і прадукцыйнасць у жывёл і інш.
Несвядомы адбор «на племя» ўзнік у часы прымітыўнага земляробства, у выніку якога створаны шматлікія стараж., «мясц.» пароды і сарты. У выніку свядомай масавай С. некалькі стагоддзяў назад узніклі вядомыя сарты пшаніцы (Крымка, Белатурка, Палтаўка), сланечніку (Зялёнка, Фуксінка), лёну (Смаленскі, Пскоўскі), канюшыны (Пермскі), яблыні (Антонаўка, Грушаўка), пароды авечак (каракульская і раманаўская), коней (арабская, ахалтэкінская), буйн. раг. жывёлы (малочныя яраслаўская і халмагорская, шэрая ўкраінская) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. ўзнікла т.зв. прамысл. С. У Вялікабрытаніі створаны селекцыйныя гадавальнікі, арганізавана племянная жывёлагадоўля, заведзены племянныя кнігі. Праводзіліся працы па стварэнні лейстэрскай пароды авечак, шортгорнскай пароды буйн. раг. жывёлы. Сталі вядомы сарты пшаніцы англ. селекцыянераў П.Шырэфа, Ф.Галета, ням. В.Рымпаў і інш. Узнікненне навук. С. звязана з эвалюцыйным вучэннем Ч.Дарвіна (гл. Дарвінізм). Высновай для распрацоўкі тэорыі С. з’явіліся працы дацкага генетыка В.Іагансена, швед. селекцыянера Г.Нільсана-Эле; па хім. і радыяцыйным мутагенезе — сав. генетыкаў У.У.Сахарава, М.М.Мейселя, англ. Ш.Аўэрбаха; па эвалюц. генетыцы — сав. вучонага С.С.Чацверыкова, амер. С.Райта, англ. Дж.Б.С.Холдэйна. Гл. таксама Селекцыя раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДу мовазнаўстве,
частка слова, утвораная галосным гукам або яго спалучэннем з зычнымі на аснове злітнага з імі вымаўлення. У залежнасці ад прынцыпаў складападзелу існуе некалькі тэорый будовы С. У бел. мове складаўтваральныя галосныя «а», «э», «о», «у», «і», «ы» з адным («гэ», «ра»), двума («збы», «цаў»), трыма («стра», «сква», «клас»), чатырма («гвалт», «пстры») і большай колькасцю зычных, часам толькі галоснымі (акрамя «ы»): «у-бок», «а-сабліва», «і-мя». У слове бывае ад 1 да 6 і болей С. У вуснай мове пераважаюць словы больш кароткія па колькасці С. У бел. мове больш слоў 1- і 2-складовых. С. бываюць націскныя (вымаўляецца больш выразна і напружана, аднак сіла, працягласць, вышыня тону гучання не заўсёды мацней і даўжэй за ненаціскны) і ненаціскныя (пераднаціскныя: «па-ляў-нічымі», паслянаціскныя: «паляўні-чы-мі»). У слове з 5 і болей С. з націскам на 1-м С. ўзнікае пабочны націск на перадапошнім С. («вы-ра-та-ва-ны-мі»). Ад месца С. ў слове залежыць іх падзел на пачатковыя (характэрна большая гучнасць і разнастайнасць спалучэння зычных: «ка-валак»), канцавыя і неканцавыя («кло-паты»). У залежнасці ад месца галоснага С. бываюць адкрытыя (на канцы галосны: «два») і закрытыя (на канцы зычны: «дах»), непрыкрытыя (пачынаецца з галоснага: «эх») і прыкрытыя (пачынаецца з зычнага: «вугал»). Адкрытыя і закрытыя С. могуць быць прыкрытымі («мы», «дах») і непрыкрытымі («а», «іл»). Адкрытымі непрыкрытымі могуць быць толькі С., утвораныя адным галосным; найб.колькасць тыпаў С. — прыкрытыя. У бел. мове (у параўнанні з рус.) больш адкрытых і менш непрыкрытых С. Колькасцю С., вымаўленых за адзінку часу (секунду, мінуту), вымяраецца тэмп маўлення. Сярэдні тэмп маўлення на бел. мове — 3 С. ў секунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і Польшчы. Папярэднікам С.п. было Слонімскае намесніцтва, якое з 1413 уваходзіла ў Трокскае ваяводства. У выніку адм. рэформы 1565—66 С.п. набыў акрэсленыя межы і ўключаны ў Навагрудскае ваяводства. У яго ўвайшлі Слонімскае, Моўчадскае і Здзітаўскае дзярж. староствы і вял.колькасць шляхецкіх маёнткаў, найб. з іх Дзярэчын, Здзяцел (Дзятлава), Ружаны. На тэр. павета знаходзіўся Жыровіцкі Успенскі манастыр. С.п. меў павятовую харугву чырв. колеру з выявай «Пагоні». У 1795 С.п. далучаны да Рас. імперыі і практычна ў тых жа межах уключаны ў Слонімскую губерню; з 12.12.1796 у Літоўскай губерні, з 28.8.1802 у Гродзенскай губерні. Пл. каля 6,3 тыс. кв. вёрст. У 1861—66 утвораны 23 воласці: Боркінская, Быценская, Гічыцкая, Дабромысленская, Дварэцкая, Дзераўноўская, Дзярэчынская, Дзятлаўская, Жыровіцкая, Казлоўская, Кастровіцкая, Косаўская, Курылавіцкая, Люшнеўская, Мар’янская, Міжэвіцкая, Пацаўская, Пескаўская, Раготнаўская, Ружанская, Старавеская, Чамерская, Шылавіцкая. Насельніцтва ў 1878—161,2 тыс.чал. (у т. л. ў Слоніме 15,4 тыс.чал.). Мелася 1035 нас. пунктаў, у т. л. 15 мястэчак (Бусяж, Быцень. Вензавец, Галынка, Дварэц, Дзераўная, Дзярэчын, Азярніца, Жыровічы, Здзітаў, Здзяцел (Дзятлава), Косава, Моўчадзь, Ружаны, Старыя Дзевяткавічы), 534 дробныя паселішчы (менш як па 25 чал.). Апрача Жыровіцкага манастыра, былі 73 царквы, 5 касцёлаў, 30 іудзейскіх малітоўных дамоў і сінагог. У 1897 у С.п. 226,3 тыс.чал., у т. л. ў Слоніме 15,9 тыс.чал. У 1915 тэр. С.п. занята нямецкімі, у пач. 1919 — польскімі войскамі. З 4.2.1921 С.п. у складзе Навагрудскага ваяв. Польшчы. У 1923 падзяляўся на 18 гмін: Быценскую, Дабромысленскую, Дварэцкую, Дзераўноўскую, Дзярэчынскую, Дзятлаўскую, Жыровіцкую, Казлоўшчынскую, Кастровіцкую, Курылавіцкую, Мар’янскую, Міжэвіцкую. Моўчадскую, Пацаўскую, Раготнаўскую, Старавескую, Чамерскую, Шылавіцкую. З 14.11.1939 у складзе БССР, 4.12.1939 увайшоў у Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 павет скасаваны. Яго тэрыторыя падзелена паміж Быценскім, Дзятлаўскім, Казлоўшчынскім і Слонімскім р-намі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫ́ФНАЯ СЕ́ТКА,
шкала, якая ў форме тарыфных каэфіцыентаў вызначае суадносіны тарыфных ставак работнікаў розных разрадаў; адзін з асн. элементаў тарыфнай сістэмы. З яе дапамогай робіцца дыферэнцыяцыя і рэгуляванне асн. часткі заработнай платы розных прафес.-кваліфікацыйных груп работнікаў у залежнасці ад значэння галіны эканомікі, складанасці, зместу і спецыфікі працы у рабочых, спецыялістаў, кіраўнікоў, агульных умоў працы. Складаецца з тарыфных разрадаў і тарыфных каэфіцыентаў, якія ім адпавядаюць.
На Беларусі колькасць разрадаў і міжразрадныя суадносіны тарыфных каэф. з часу ўвядзення «Адзінай тарыфнай сеткі Рэспублікі Беларусь» (студз. 1992) мяняліся некалькі разоў у залежнасці ад тарыфных ставак 1-га разраду, а таксама ў сувязі з інфляцыяй і фін. магчымасцямі дзяржавы. На 1.1.2002 існуе 27-разрадная сетка з суадносінамі паміж крайнімі разрадамі 1 : 7,84. Рабочыя ўсіх галін эканомікі размеркаваны з 1-га па 8-ы разрад уключна. Некаторыя прафесіі рабочых (грузчыкі, вадзіцелі, ліфцёры і інш.) у тарыфна-кваліфікацыйны даведнік не ўнесены і ім устаноўлены месячныя аклады. У катэгорыі служачых вылучаны наст. групы: тэхн. выканаўцы (з 5-га па 10-ы разрад), спецыялісты ўсіх галін эканомікі (з 10-га па 15-ы разрад), кіраўнікі падраздзяленняў (з 14-га па 23-і разрад), кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў (з 16-га па 23-і разрад) і інш. У бюджэтнай сферы з 8-га па 21-ы разрад размеркаваны работнікі культуры, уключаючы кіраўнікоў, з 13-га па 17-ы — урачы, з 17-га па 23-і — кіраўнікі мед. устаноў, з 16-га па 21-ы — навук. супрацоўнікі, з 22-га па 27-ы — кіраўнікі ВНУ. У залежнасці ад умоў працы, меры адказнасці і інш. да тарыфных ставак рабочых адпаведных разрадаў ужываецца каэф. павышэння ставак (напр., у рабочых, якія працуюць у шахтах, на буд-ве метрапалітэна ён складае 1,9).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ФО́РМЫ, цыклы,
музычныя формы, якія складаюцца з некалькіх частак, завершаных паводле будовы і звязаных у цэлае адзінай маст. задумай. Паводле выканальніцкага складу і жанравых асаблівасцей бываюць інстр., вак. (вак.-інстр.) і сцэнічныя. Інструментальныя (сюітныя, санатна-сімф.) вядомы з эпохі Адраджэння, сфарміраваліся ў 17—18 ст. Сюітныя складаюцца з танц. п’ес, якія дапаўняюць адна адну па тэмпавым і жанравым кантрасце і аб’яднаны адной танальнасцю, маюць неабмежаваную колькасць частак (І.С.Бах, Венская класічная школа). У 19 ст. яны ператварыліся ў цыклы інстр.мініяцюр. Санатна-сімф. маюць складаны змест, 2—5 частак кантрастных тэмпа-жанравых суадносін з устойлівымі функцыямі і формамі (сімфонія, саната, квартэт, канцэрт), для іх характэрна тэматычнае адзінства частак і абагульненне папярэдняга развіцця ў фінале. У 19 ст. з’явіліся праграмныя санатна-сімф. Ц.ф., сімфоніі з нетрадыц. колькасцю частак. Свабодныя, змешаныя, кантрастна-складаныя формы могуць утвараць т.зв. самкнутыя цыклы. Вакальныя (кантатна-аратарыяльныя і камерна-вак.) — месы, пасіёны, кантаты, араторыі. У пач. 19 ст. ўзніклі камерныя вак. цыклы — рамансы, песні для голасу з суправаджэннем (Л. ван Бетховен, І.Брамс, Ф.Ліст, П.Чайкоўскі, Ф.Шуберт, Р.Шуман, С.Пракоф’еў, Г.Свірыдаў, Дз.Шастаковіч, Л.Абеліёвіч, А.Багатыроў, Э.Тырманд). Сцэнічныя (опера, балет, музыка да драм. спектакляў) засн. на заканамернасцях муз. формаўтварэння і прынцыпах драм. дзеяння. Паводле структурна-кампазіцыйных асаблівасцей опера і балет могуць быць аднесены да суперцыклаў: дзеянне ў іх арганізавана як самаст. комплекс складаных муз. форм.
Літ.:
Мазель Л. Строение музыкальных произведений. М., 1960;
Асафьев Б. Музыкальная форма как процесс. 2 изд. М., 1971;
Протопопов В. Принципы музыкальной формы И.С.Баха. М., 1981;
Ручьевская Е.А., Кузьмина Н.И. Цикл как жанр и форма // Форма и стиль. Л., 1990. Ч. 2;
Дулова Е. Балетный жанр как музыкальный феномен: (Рус. традиция конца XVIII — нач. XX в.). Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯ́ГЛЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
катэгорыя феадальна-залежных сялян у ВКЛ і Расіі. 1) У ВКЛ у 15—18 ст. феадальна-залежныя сяляне, гал. формай зямельнай рэнты якіх была паншчына. На Полаччыне іх наз. таксама прыгоннымі людзьмі; у актах Метрыкі ВКЛ іх вызначалі як «с сохою, с серпом, с косою, с топором и иную тягль тянули по тому, как иншие селяне». Узніклі з развіццём фальварка, калі значная колькасць сялян розных катэгорый паводле характару гал. павіннасцей (даннікаў, сялян-слуг, баяр) пераведзена ў катэгорыю Ц.с. Да сярэдзіны 16 ст. ў бас. Нёмана і Буга Ц.с. сталі асн. катэгорыяй сялянства паводле характару гал. павіннасці. У ходзе валочнай памеры Ц.с. атрымалі надзел у адну валоку (21, 36 га; часта па 2 двары), якая служыла і адзінкай абкладання рознымі павіннасцямі. За карыстанне валокай зямлі Ц.с. адбывалі 2 дні паншчыны ў тыдзень, плацілі натуральныя і грашовыя падаткі, а таксама выконвалі інш. работы. На працягу 16—18 ст. іх зямельныя надзелы скарачаліся, павіннасці павялічваліся.
2) У Расіі ў 14—1-й пал. 19 ст. феадальна-залежныя сяляне, якія адбывалі цягло на карысць дзяржавы і феадалаў. Разам з пасадскімі людзьмі складалі цяглае насельніцтва. У 2-й пал. 17 ст. ў разрад Ц.с. уключаны і бабылі. Да 1679 існавала пазямельнае пасошнае, потым падворнае цягло. Пасля ўвядзення падушнага падатку (1724) Ц.с. наз. падатнымі людзьмі. У 18—1-й пал. 19 ст. цяглымі наз. памешчыцкіх сялян, якія мелі поўны зямельны надзел і адбывалі павіннасці памешчыку і дзяржаве ў памеры цэлага цягла. Сяляне, якія мелі палавіну зямельнага надзелу, наз. паўцяглымі і выконвалі павіннасці ў памеры палавіны цягла. Ц.с. зніклі разам з адменай прыгоннага права ў 1861.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСТО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,
тып лінгвістычнага даведніка, у якім адлюстраваны лічбавыя паказчыкі выкарыстання моўных адзінак (афіксаў, словаформ, лексем, словазлучэнняў) у тэкставай выбарцы пэўнага аб’ёму. Да лічбавых паказчыкаў адносяць: частату ўжывальнасці пэўнай адзінкі; колькасць тэкстаў, у якіх выкарыстоўваецца пэўная моўная адзінка; частату ўжывальнасці мнагазначнай лексемы асобна для кожнага з яе значэнняў; частату выкарыстання слоў пэўнай часціны мовы; частату кожнай з першай тысячы самых ужывальных моўных адзінак і інш. Ч.с. выкарыстоўваюць пры вызначэнні лексічных мінімумаў і напісанні вучэбных дапаможнікаў па мовах, распрацоўцы кодаў для машыннага перакладу, устанаўленні крытэрыяў моўнай нормы, вырашэнні тэарэт. пытанняў фанетыкі, лексікалогіі, граматыкі, стылістыкі пэўнай мовы, іх генет. або тыпалагічнай блізкасці. Першы Ч.с. на Беларусі — спіс найбольш частых слоў, ужытых у артыкуле «Рэалісты» Дз.І.Пісарава, складзены М.Г.Булахавым (1969). Найб. поўны паводле аб’ёму рэестравага матэрыялу і велічыні абследаванай тэкставай выбаркі «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі і А.Я.Супруна (вып. 1—5, 1976—92), кожны выпуск якога пабудаваны на матэрыяле маст. прозы, публіцыстыкі, вуснай нар. творчасці, паэзіі, гутарковай мовы. Зводны «Частотны слоўнік беларускай мовы» Мажэйкі (2003; 1801 тыс. словаўжыванняў) апрача матэрыялаў папярэдняга Ч.с. ўключае вынікі стат. аналізу дзелавых, навук., вучэбных і энцыклапедычных тэкстаў. Ч.с. ствараюць і на ЭВМ (падрыхтаваны «Частотны слоўнік словаформаў» П.Ф.Глебкі ў 2 т.). Да бел. Ч.с. у пэўнай ступені можна аднесці шэраг гіст. канкардансаў [поўны паказальнік слоў з ілюстрацыямі пэўнага літ. тэксту; напр., «Частотны слоўнік» (т. 10, 1992) у рукапісным «Канкардансе беларускай мовы XIX ст.» ў 11 т.] і слоўнікаў мовы пісьменнікаў, паколькі ў іх прадстаўлены і стат. параметры: «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 т. (т. 1—5, 1997—2003) і інш.
Літ.:
Алексеев П.М. Статистическая лексикография: (типология, составление и применение частотных словарей). Л., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМНАВОДНЫЯ І ПАЎЗУНЫ.
Герпетафауна Беларусі па колькасці відаў нешматлікая: 13 відаў земнаводных (амфібій) і 7 відаў паўзуноў (рэптылій) з 4 атрадаў. Адносіцца да Палеарктычнага падцарства. Большасць відаў характэрна для Еўрапейска-Сібірскай зоагеаграфічнай вобласці, і толькі квакша звычайная і чарапаха балотная адносяцца да фауны вобласці Стараж. Міжземнамор’я (Міжземнаморскай падвобласці). Найбольш пашыраны: вуж звычайны, гадзюка звычайная, жабы азёрная, вастрамордая, зялёная, травяная, рапухі зялёная і шэрая, трытон звычайны, яшчаркі жывародная і порсткая. Каля 20% відаў герпетафауны Беларусі знаходзіцца на краі сваіх арэалаў з абмежаваным пашырэннем на тэрыторыі краіны, што абумоўлівае нераўнамернасць складу фауны земнаводных і паўзуноў па розных рэгіёнах Беларусі. Шэраг відаў прыстасоўваецца да існавання ў месцах, пераўтвораных чалавекам у выніку гаспадарчай дзейнасці (жабы азёрная і зялёная, рапуха зялёная, часночніца звычайная, яшчарка порсткая), іх колькасць павялічваецца ў месцах дзейнасці чалавека. Значныя тэрыторыі Беларусі асушаны і выкарыстоўваюцца пад сельгасугоддзі, што парушае асяроддзе пражывання дзікіх жывёл. Забруджванне асяроддзя таксама вядзе да зніжэння іх колькасці. Умовай стрымлівання гэтых працэсаў з’яўляецца развіццё і адпаведны ўзровень асабліва ахоўваемых тэрыторый, прыродаахоўная аптымізацыя разнастайнай гасп. дзейнасці. Земнаводныя і паўзуны знішчаюць шкодных насякомых. Яны з’яўляюцца каштоўнымі аб’ектамі лабараторных і папуляцыйна-экалагічных даследаванняў, шырока выкарыстоўваюцца ў мэтах біяманіторынгу і біяіндыкацыі. Большасць земнаводных і паўзуноў — корм для рыб, птушак, звяроў. Многія земнаводныя і паўзуны карысныя сельскай гаспадарцы — знішчаюць мышападобных грызуноў, шкодных насякомых. У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі занесены 3 віды: з земнаводных — рапуха чаротавая, з паўзуноў — мядзянка і чарапаха балотавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 10—13 ст.
У 10—11 ст. мастацтва Беларусі фарміравалася пад уплывам культур Візантыі і Кіеўскай Русі. Зберагліся адзінкавыя арнаментальныя фрагменты фрэскавых размалёвак у апсіднай частцы Полацкага Сафійскага сабора (11 ст.). Найб.колькасць фрэсак 12 ст. ў Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. У храме захоўваўся крыж, выкананы ў 1161 ювелірам Лазарам Богшам. Іканапіс 10—13 ст. практычна не захаваўся. У 11 ст. сфарміраваліся асн. прынцыпы ўпрыгожання кніг. Узоры жывапісу сустракаюцца ў афармленні рукапісаў — мініяцюры, буквіцы, застаўкі і канцоўкі. Мастацтва рукапісаў удасканальвалася ў кансісторыях пры храмах буйных гарадоў. Найб. пашыраным стылем упрыгожання быў тэраталагічны, ці «звярыны»; напр., у Аршанскім евангеллі (13 ст.) больш за 300 ініцыялаў, акрамя звяроў і птушак у ёй змешчаны мініяцюры евангелістаў Матфея і Лукі. У 12—13 ст. сфарміравалася полацка-смаленская школа мініяцюрнага жывапісу. Да яе адносяцца Служэбнік Варлаама Хутынскага, аздоблены высокамастацкімі мініяцюрамі з выявамі Васіля Вялікага і Іаана Златавуста на залатым фоне; Універсітэцкае, Полацкае, Друцкае і інш. евангеллі. Асновай развіцця бел. пластыкі былі помнікі язычніцкай культуры — т.зв. каменныя бабы, антрапаморфныя ідалы (напр., каменны Шклоўскі ідал 10 ст.). Творы дробнай пластыкі рэлігійнага і свецкага прызначэння знойдзены на стараж. паселішчах Мінска, Гродна, Полацка, Ваўкавыска. З пашырэннем хрысціянства замест язычніцкіх абярэгаў часцей выкарыстоўвалі нацельныя крыжы-энкалпіёны і невял. абразкі з косці, каменю, дрэва, металу (створка крыжа з выявай Маці Божай Купяціцкай, «Касьма і Даміян»). Іканаграфія і кампазіцыйныя схемы, узятыя з візантыйскіх узораў, спалучаюцца з мясц. асэнсаваннем вобразаў святых: створка трыпціха з Ваўкавыска, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (12 ст.), «Маці Божая. Апостал Пётр», «Мікола і Стафан» з Мінска, «Канстанцін і Алена» з Полацка (12 ст.). Сярод твораў свецкага характару шахматныя фігуркі: пешка «Барабаншчык», тура «Насада», антрапаморфныя выявы караля і ферзя.
Канстанцін і Алена. Абразок з Полацка. 12 ст.Шахматная фігура тура з Ваўкавыска. 13 ст.