СКЛАД у мовазнаўстве,
частка слова, утвораная галосным гукам або яго спалучэннем з зычнымі на аснове злітнага з імі вымаўлення. У залежнасці ад прынцыпаў складападзелу існуе некалькі тэорый будовы С. У бел. мове складаўтваральныя галосныя «а», «э», «о», «у», «і», «ы» з адным («гэ», «ра»), двума («збы», «цаў»), трыма («стра», «сква», «клас»), чатырма («гвалт», «пстры») і большай колькасцю зычных, часам толькі галоснымі (акрамя «ы»): «у-бок», «а-сабліва», «і-мя». У слове бывае ад 1 да 6 і болей С. У вуснай мове пераважаюць словы больш кароткія па колькасці С. У бел. мове больш слоў 1- і 2-складовых. С. бываюць націскныя (вымаўляецца больш выразна і напружана, аднак сіла, працягласць, вышыня тону гучання не заўсёды мацней і даўжэй за ненаціскны) і ненаціскныя (пераднаціскныя: «па-ляў-нічымі», паслянаціскныя: «паляўні-чы-мі»). У слове з 5 і болей С. з націскам на 1-м С. ўзнікае пабочны націск на перадапошнім С. («вы-ра-та-ва-ны-мі»). Ад месца С. ў слове залежыць іх падзел на пачатковыя (характэрна большая гучнасць і разнастайнасць спалучэння зычных: «ка-валак»), канцавыя і неканцавыя («кло-паты»). У залежнасці ад месца галоснага С. бываюць адкрытыя (на канцы галосны: «два») і закрытыя (на канцы зычны: «дах»), непрыкрытыя (пачынаецца з галоснага: «эх») і прыкрытыя (пачынаецца з зычнага: «вугал»). Адкрытыя і закрытыя С. могуць быць прыкрытымі («мы», «дах») і непрыкрытымі («а», «іл»). Адкрытымі непрыкрытымі могуць быць толькі С., утвораныя адным галосным; найб. колькасць тыпаў С. — прыкрытыя. У бел. мове (у параўнанні з рус.) больш адкрытых і менш непрыкрытых С. Колькасцю С., вымаўленых за адзінку часу (секунду, мінуту), вымяраецца тэмп маўлення. Сярэдні тэмп маўлення на бел. мове — 3 С. ў секунду.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
Г.В.Лосік.
т. 14, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)