шматнацыянальная манархічная дзяржава, якая ўзнікла ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў выніку далучэння да Маскоўскага вялікага княства зямель і княстваў Паўн.-Усх. Русі. Маскоўскі вял.кн.Іван III [1462—1505] першы пачаў называць сябе вял. князем і «гасударам усяе Русі». Вярх. ўлада ў дзяржаве належала вял. князю, з 1547 — цару. Дарадчы орган — Баярская дума, з 1549 склікаліся земскія саборы. Тэр. Р.ц.дз. ў 1550-я г. складала каля 3 млн.км², насельніцтва — 7—9 млн.чал. (рускія, татары, удмурты, мары, мардва, чувашы, карэлы і інш.). Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт.Расія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙ (першапач. Рага),
горад у Іране, за 8 км на ПдУ ад Тэгерана. Згадваецца ў "Авесце» і Бехістунскім надпісе. Уваходзіў у склад. Парфянскага царства. У 639—44 заваяваны арабамі. У пач. 10 ст. ў складзе Саманідаў дзяржавы, потым ва ўладаннях дынастый Зіярыдаў, Бузідаў. У пач. 11 ст. належаў Газневідам, Сельджукідам (быў іх рэзідэнцыяй), з канца 12 ст. — Харэзмшахам. У 1220 разгромлены манголамі. У выніку археал. даследаванняў (1934—36) устаноўлена, што на месцы Р. першапачаткова было энеалітычнае паселішча; выяўлены рэшткі пабудоў парфянскага, сасанідскага і сельджукідскага часоў. З Р. паходзіць люстраная кераміка (гл.Люстр) з сюжэтнай і арнаментальнай размалёўкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СААКА́ДЗЕ Георгій, Вялікі Маўраві (каля 1580, с. Пелі, Грузія — 13.10.1629), грузінскі дзярж. дзеяч і палкаводзец. Паходзіў з царскіх азнауры. У 1608—12 правіцель (маўраві) Тбілісі. У выніку феад. міжусобіц у 1612 уцёк у Іран. У 1620 шах Ірана Абас / прызначыў С. апекуном малалетняга цара васальнага Картлійскага царства Сімона II — фактычным правіцелем дзяржавы.
У 1625 С. ўзначаліў антыіранскае паўстанне. Пасля паражэння ў Марабдзінскай бітве 1.7.1625 вёў партызанскую вайну, якая прымусіла шаха Ірана прызнаць царом Тэймураза I. Неўзабаве С. падняў мяцеж супраць Тэймураза I, але ў 1628 разбіты, уцёк у Турцыю, дзе быў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЗІ́Ф, Сісіф,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж.Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІ́ТЫ (ад Сім, грэч. Sēm, стараж.-яўр. Шэм, імя аднаго з біблейскіх прабацькоў),
тэрмін, які ўжываецца да народаў, што гавораць на семіцкіх мовах; уведзены ў навук. ўжытак у 1780 ням. вучонымі А.Л.Шлёцэрам і І.Г.Айхгарнам. Паводле найб. распаўсюджанай думкі радзіма С. — Аравійскі п-аў, адкуль адбылося рассяленне семіцкіх плямён. На мяжы 4—3-га тыс. да н.э. адасобіліся групы зах. і ўсх. семітаў. Усх. С. ў пач. 3-га тыс. да н.э. трапілі ў Міжрэчча (гл.Месапатамія), дзе ў сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. стварылі дзяржаву Акад, а да пач. 2-га тыс. да н.э. асімілявалі стараж. насельніцтва Шумера. У далейшым гісторыя гэтай групы С. цесна звязана з гісторыяй Вавілоніі і Асірыі. Зах. група С. засяліла Сірыю і Палесціну, у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. яна стварыла на Пн Сірыі дзяржаву Эбла. Пазней з іх вылучыліся амарыты, хананеі, фінікійцы, яўрэі і арамеі; мова апошніх паступова стала найб. пашыранай семіцкай мовай Б.Усходу ў стараж.час.Паўд. С. стварылі ў 2—1-м тыс. да н.э. своеасаблівую цывілізацыю на Пд Аравіі (дзяржавы Маін, Сабейскае царства, Катабан, Хім’ярыцкае царства і інш.). У пач 1-га тыс.н.э. сфарміравалася агульная супольнасць арабаў, якія ў выніку арабскіх заваяванняў (7—9 ст.) рассяліліся на вял.тэр. ў Азіі і Афрыцы, асімілявалі семіцкія і некат. інш. народы. У 1-м тыс. да н.э. С. з Аравіі трапілі ў Эфіопію. Цяпер да С. адносяць арабаў, яўрэяў, мальтыйцаў, асірыйцаў, народы Эфіопіі (амхара, тыгрэ і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙЯ,
індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе. 700 тыс.чал., у т. л. ў Мексіцы 670 тыс. (1992). Мова М. з галіны майя-кічэ. Вернікі — католікі. Продкі М. стварылі адну з найб. развітых цывілізацый дакалумбавай Амерыкі, якая існавала на тэр. сучасных паўд.-ўсх. Мексікі, Гватэмалы, Беліза і Гандураса. Узнікненне цывілізацыі М. звязана з культурай альмекаў. Умоўна стараж. гісторыю М. падзяляюць на «Стараж.царства» (1-е тыс. да н.э. — 8—9 ст. н.э.) і «Новае царства» (11—16 ст.). «Стараж.царства» — час найб.культ. росквіту цывілізацыі М., асн. цэнтры якой знаходзіліся ў даліне р. Усумасінта і на плато Петэн. З гэтых часоў захаваліся руіны больш як 40 гар. цэнтраў М.: Цікаля, Вашактуна, Капана, Паленке, Банампака і інш. Паводле апошніх даследаванняў, яны былі сапраўднымі гарадамі, а не толькі цырыманіяльнымі цэнтрамі, як лічылася раней. М. ведалі развітую сістэму земляробства («паднятыя палі», ірыгацыю, палі на тэрасах), якая дазваляла ім вырошчваць кукурузу, фасолю, гарбузы, памідоры, караняплоды, бавоўнік. З свойскіх жывёл гадавалі індыкоў і сабак. Займаліся паляваннем, рыбалоўствам і пчалярствам. Унутр. супярэчнасці і ўварванне інш. плямён прывялі да заняпаду і поўнага абязлюдзення гарадоў. З 9 ст. пачаўся рост паселішчаў М. на п-ве Юкатан, якія да пач. 11 ст. былі заваяваны плямёнамі тальтэкаў з Мексікі. Узнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Сталіцай тальтэкаў быў г. Чычэн-іца, які разбурылі паўстаўшыя М. ў пач. 13 ст. У 13—15 ст. на Юкатане панавалі правіцелі г. Майяпан; значнымі цэнтрамі былі гарады Ушмаль, Тулум і інш. (захаваліся руіны). Пасля разбурэння ў сярэдзіне 15 ст. Майяпана на Юкатане ўзнікла мноства незалежных гарадоў-дзяржаў, што былі заваяваны іспанцамі (апошні з іх, Тайясаль, у 1697). М. неаднаразова паўставалі супраць іспанцаў і ўлад Мексікі (найб. працяглым было паўстанне 1847—1904). Ад стараж. цывілізацыі М. захаваліся шматлікія рэшткі будынкаў — храмы на вял. 4-гранных ступеньчатых пірамідах («Храм Сонца» і «Храм надпісаў» у Паленке і інш.), шматпакаёвыя палацы, пляцоўкі для культавых гульняў. Значнае развіццё набыла скульптура ў выглядзе рэльефаў на сценах храмаў і стэлах. Жывапіс прадстаўлены насценнымі размалёўкамі (Банампак). М. стварылі найб. дасканалую ў дакалумбавай Амерыцы сістэму пісьма (гл.Майя пісьмо), валодалі ведамі ў матэматыцы і астраноміі, якія дазволілі ім стварыць дакладны сонечны каляндар.
Літ.:
Рус А. Народ майя: Пер. с исп. М., 1986;
Гуляев В.И. Города-государства майя. М., 1979;
Яго ж. Древние майя: Загадки погибшей цивилизации. М., 1983.
В.У.Адзярыха.
Да арт.Майя. Рэшткі палацавых пабудоў у Паленке (Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́КТРЫЯ,
гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі па сярэднім і верхнім цячэнні Амудар’і (цяпер тэр.Паўн. Афганістана, Паўд. Таджыкістана і Узбекістана). З 1-й пал. 1-га тыс. да нашай эры рабаўладальніцкая дзяржава. Сталіца — г. Бактра. У 6—4 ст. да нашай эры адна з сатрапій (правінцый) Ахеменідаў дзяржавы, потым у складзе імперыі Аляксандра Македонскага і Селеўкідаў. З сярэдзіны 3 ст. да нашай эры самаст. Грэка-Бактрыйскае царства. У 2 ст. да нашай эры заваявана тахарамі; наз.Тахарыстан.
Літ.:
Ставиский Б.Я. Кушанская Бактрия: проблемы истории и культуры. М., 1977;
Пьянков И.В. Бактрия в античной традиции: (Общ. данные о стране: назв. и территория). Душанбе, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БІДАС (стараж.-грэч. Abidos),
цяпер г.Арабет-эль-Мадфунах, адзін з найб. гарадоў Стараж. Егіпта, дзе, паводле легенды, быў забіты і пахаваны бог Асірыс. Гісторыя Абідаса прасочваецца з сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. У эпоху Сярэдняга царства (каля 2050—каля 1700 да н.э.) стаў гал. цэнтрам культу Асірыса, у выніку чаго ўзнік звычай рабіць у Абідасе паломніцтва, хаваць там нябожчыкаў і ставіць памінальныя надпісы. Захаваліся рэшткі 2 храмаў, пабудаваных у гонар Асірыса фараонамі Сеці I (14 ст. да н.э.) і Рамсесам II (14—13 ст. да н.э.), а таксама кенатаф Сеці I.
Залатыя завушніцы Рамсеса II, знойдзеныя ў Абідасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДЗІ-ЭЛЬ-АРА́БА,
старажытныя медныя руднікі ў аднайм. даліне-грабене ў Зах. Азіі, на мяжы Іарданіі і Ізраіля; вядомыя таксама пад назвай «Капальні цара Саламона». Адкрыты ў 1945, археолага-геал. даследаванне праводзілася з 1959. Пл. да 400 км². Асн. тып арудзянення — медзістыя пясчанікі. Каля 3000 стараж. распрацовак. Найб. раннія з іх належаць да меднага веку (4-е тыс. да н.э.), пазнейшыя — да пачатку н.э. (перыяд рымскага ўладарніцтва). Найб. актыўна эксплуатаваліся ў перыяд Новага ЦарстваСтараж. Егіпта (14—11 ст. да н.э.). Асн. тыпы вырабатак — ствалы, штрэкі, штольні. Макс.глыб. шахтаў 36 м, даўж. штрэкаў каля 50 м і больш. Вядомы медзеплавільні з металургічнымі горнамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН (Van),
горад на У Турцыі, каля воз. Ван. Адм. ц. іля Ван. Каля 150 тыс.ж. (1990). Чыг. станцыя. Харчовая, цэм.прам-сць.
Узнік у 1-м тыс. да н.э. Да 6 ст. да н.э. пад назвай Тушпа сталіца дзяржавы Урарту. Да 1 ст. да н.э. значны горад Стараж. Арменіі. У 364 разбураны войскамі сасанідскага цара Шапура II. У 10 ст. ў складзе Васпураканскага царства. З 1022 пад уладай Візантыі, пасля — сельджукаў. У 2-й пал. 14 ст. двойчы разбураны войскамі Цімура. З 17 ст. пад уладай Турцыі. У 1-ю сусв. вайну 1914—18 арм. насельніцтва Вана выселена і знішчана тур. ўладамі.