МЕДУ́ЗЫ,

асобіны палавога пакалення кішачнаполасцевых жывёл, якія свабодна плаваюць. Характэрны для сцыфоідных і многіх гідроідных. Некат. сцыфоідныя (стаўрамедузы) жывуць на дне, прымацаваныя да субстрату. Пашыраны ў морах, часам у прэсных водах. М. ўзнікаюць пры адпачкаванні ад прымацаваных да субстрату асобін бясполага пакалення — паліпаў. У некат. гідроідных (трахіліды) і сцыфоідных чаргаванне пакаленняў страчана, М. развіваецца з яйца.

Дыяметр ад некалькіх міліметраў да 2,3 м. М. уласціва гетэрапалярная радыяльна-восевая сіметрыя. Цела паўпразрыстае, у форме парасона або звона; па краях шчупальцы (даўж. да 30 м), у некат. з жыгучымі клеткамі, і органы пачуццяў. Ротавая адтуліна ў сярэдзіне ніжняга боку парасона. Рухаюцца рэактыўным спосабам (выкідваюць ваду з поласці парасона). Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя. Палавыя прадукты выкідваюць у ваду, дзе яны апладняюцца і развіваюцца.

Медузы: 1 — каранярот; 2 — крыжавічок; 3 — батрынема; 4 — карына.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НЦЫРНЫЯ МАЛЮ́СКІ, хітоны (Loricata, Polyplacophora),

клас боканервовых малюскаў. Вядомы з ранняга кембрыю (каля 560 млн. г. назад). 4 атр., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах, найб. у Паўд. паўшар’і. Жывуць на дне на камянях, скалах, пераважна на мелкаводдзі.

Даўж. 0,5—40 см, маса да некалькіх кілаграмаў. Цела падоўжана-авальнае або чэрвепадобнае, падзяляецца на галаву, тулава і шырокую плоскую мускулістую нагу, якой яны могуць прысмоктвацца да субстрату. Ракавіна з 8 рухома сучлененых пласцінак дазваляе П.м. паварочвацца на брушны бок, накшталт макрыц. Дыхаюць шчэлепамі. Маюць своеасаблівыя органы пачуццяў (эстэты), размешчаныя ў каналах, што пранізваюць ракавіну; служаць для ўспрымання ціску вады, часткова пераўтвораны ў вочкі. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем, лічынка плавае. Некат. віды ядомыя.

С.​Л.​Максімава.

Панцырныя малюскі: 1 — акантахітон; 2 — таніцэла; 3 — плацыфарэла; 4 — мапалія.

т. 12, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМЕ́Т,

у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.​Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.​Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.​Берклі, Э.​Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец. спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТАПЧЫНА́ Еўдакія Пятроўна (4.1.1812, Масква — 15.12.1858),

руская пісьменніца. Графіня. Друкавалася з 1831. Першы зб. — «Вершы» (1841). Яе паэзіі ўласцівы тонкае спалучэнне пачуццяў і разважанняў, шчырае раскрыццё свету жаночай душы. У сатыр. паэме «Дом вар’ятаў у Маскве ў 1858 г.» (апубл. 1885 як «працяг» паэмы А.​Ваейкава «Дом вар’ятаў») крытычная ацэнка тагачаснага грамадскага жыцця. Аўтар драм. паэм, рамана ў вершах «Дзённік дзяўчыны» (1850), камедыі ў вершах «Вяртанне Чацкага ў Маскву, ці Сустрэча знаёмых асоб пасля дваццаціпяцігадовай разлукі» (1856, апубл. 1865), «свецкіх» аповесцей «Чыны і грошы», «Паядынак» (абедзве 1838), аўтабіягр. раманаў «Шчаслівая жанчына» (1852), «Ля прыстані. Раман у лістах» (1857) і інш. Многія вершы Р. пакладзены на музыку.

Тв.:

Стихотворения. Проза. Письма. М., 1986;

Талисман: Избр. лирика;

Нелюдимка: Драма;

Документы, письма, воспоминания. М., 1987;

Счастливая женщина: Лит. соч. М., 1991.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНАМУ́НА (Unamuno) Мігель дэ (29.9.1864, г. Більбао, Іспанія — 31.12.1936),

іспанскі пісьменнік; прадстаўнік экзістэнцыялізму і персаналізму. Акад. (з 1932). Скончыў Мадрыдскі ун-т (1884). З 1 891 праф., з 1901 рэктар Саламанкскага ун-та. У 1924—30 у эміграцыі (Францыя). У цэнтры рэліг.-філас. канцэпцыі У. (т.зв. кіхатызму) — вобраз Дон Кіхота як «душы Іспаніі», як увасабленне трагічных пачуццяў рэчаіснасці («Жыццё Дон Кіхота і Санча», 1905). У філасофіі быў паслядоўнікам С.К’еркегора. Асн. тэмы яго твораў — каханне, смерць, адзінота, пошукі Бога (раман «Туман», 1914; аповесць «Святы Мануэль Добры, пакутнік», 1933; «Павучальныя навелы», 1920; драмы «Сфінкс», 1909, «Федра», 1910, «Медэя», 1933). Аўтар аўтабіягр. кн. «Як робіцца раман» (1927), шматлікіх вершаў, эсэ, дыялогаў, артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Назидательные новеллы. М.; Л., 1962;

Избр. лирика. М., 1980;

Избранное. Т. 1—2. Л., 1981.

т. 16, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАГАНА́Р (Fragonard) Жан Анарэ (5.4.1732, г. Грас, Францыя — 22.8.1806),

французскі мастак. Вучыўся ў Парыжы ў Ж.Б.С.Шардэна, Ф.Бушэ, К.​Ванлоо, у Французскай акадэміі ў Рыме (1756—61). Працаваў у Парыжы, у 1789—94 захавальнік Нац. музея (Луўр). Прадаўжаў традыцыі мастацтва ракако. У творчасці дасягнуў асаблівай пачуццёвасці ў перадачы лірычных сцэн паўсядзённага жыцця, інтымных чалавечых пачуццяў, паэзіі прыроды, міфалаг. і рэліг. кампазіцый. Яго манера вылучаецца вытанчанай дэкаратыўнасцю каларыту, лёгкасцю жывапіснай манеры, плаўнымі кампазіцыйнымі рытмамі: «Выйграны пацалунак» (да 1761), «Жрэц Карэз ахвяруе сабой, каб выратаваць Калірою» (1765), «Свята ў Сен-Клу» (1775), «Фантан кахання» (да 1785), «Пацалунак крадком» (канец 1780-х г.). Шматлікім малюнкам і афортам Ф. ўласцівы тонкія святлоценявыя эфекты.

Літ.:

Золотов Ю.К. Фрагонар. М., 1959;

Лившиц Н.А. Ж.​О.​Фрагонар. [М., 1970].

Ж.А.Фраганар. Пацалунак крадком. Канец 1780-х г.

т. 16, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арганалепты́чны

(ад орган + гр. leptikos = схільны браць або прымаць)

які выяўляецца пры дапамозе органаў пачуццяў, напр. смак, пах аб’ектаў знешняга асяроддзя (вады, паветра, ежы і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

уга́р​I

1. чад, род. ча́ду м.;

выделя́ть уга́р чадзі́ць;

2. перен. чад, род. ча́ду м.; запа́л, -лу м.; (экстаз) экста́з, -зу м.;

в уга́ре страсте́й у экста́зе пачу́ццяў.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

СКАРУ́ЛЬСКІ (Skorulski) Антоній Адам (22.11.1715, Жамойць — 28.1.1777),

філосаф, асветнік. З 1730 чл. ордэна езуітаў, у 1742 пасвячоны ў ксяндза. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў езуіцкіх навуч. установах Латвіі і Літвы. Рэктар калегіумаў у Навагрудку (1760—64) і Коўне (1764—66), у 1766—72 правінцыял літоўскі (кіраўнік Літ. правінцыі ордэна). Рэктар Віленскай акадэміі (1772—74; з 1803 Віленскі ун-т). Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) заставаўся белым ксяндзом, з 1775 канонік віленскі. У адзіным творы С. «Каментарыі па філасофіі, або логіцы, гэта значыць метафізіцы, агульнай і спецыяльнай фізіцы» (1755) выкладзены асн. філас. сістэмы Новага часу і адкрыцці ў прыродазнаўстве, прыведзены каштоўныя звесткі па астраноміі, механіцы і інш. галінах ведаў. Лічыў, што існуе толькі адзін свет, а не мноства; ён абмежаваны пэўнымі межамі сваёй велічыні, заснаванай у пэўны час. Адмаўляў асн. палажэнні вучэння М.​Каперніка, тэорыі першасных і другасных якасцей, атамізму. Гнасеалагічныя погляды С. знаходзіліся пад уплывам сенсуалізму. Паводле С., пазнанне рэчаіснасці пачынаецца з уздзеяння аб’екта на органы пачуццяў; любое адчуванне ўключае 3 элементы: орган пачуццяў, уздзеянне, якое робіцца на яго, і здольнасць да ўспрымання гэтага ўздзеяння. Крытыкаваў тэорыю прыроджаных ідэй і інтуітыўнага пазнання, перасцерагаў ад легкадумнага, некрытычнага адмаўлення ўсялякай новай ідэі без папярэдняга апрабавання яе розумам. Даследаваў праблему лагічнага метаду ў непарыўнай сувязі з традыц. аперацыямі розуму (паняцце, суджэнне і вывад); пры гэтым лагічны метад падзяляў на сінтэтычны, з дапамогай якога пазнанне рухаецца ад простага да складанага, ад частак да цэлага, ад прычыны да выніку, і аналітычны, пры дапамозе якога розум вяртаецца ад складанага да простага, ад усеагульнага да адзінкавага.

Тв.:

Рус. пер. — Комментарии по философии, или логике, то есть метафизике, общей и специальной физике. Вильна, 1755 // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лабія́льны

(лац. labialis = губны)

1) лінгв. утвораны з удзелам губ, губны гук (напр. «б», «п»);

2) які нагадвае сабой губы (напр. л-ыя органы пачуццяў у насякомых).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)