гігіенічны нарматыў, які рэгламентуе забруджванне навакольнага асяроддзя хім. ці радыеактыўным рэчывам і забяспечвае бяспечныя ўмовы жыцця і працы чалавека. Вызначаецца максімальнай колькасцю шкоднага рэчыва (у міліграмах) у адзінцы аб’ёму (паветра, вады ці інш. вадкасці) або масы (напр., харч. прадуктаў), якая пры штодзённым уздзеянні на арганізм на працягу неабмежавана працяглага часу не выклікае паталагічных змен ці захворванняў.
Для высокакумулятыўных рэчываў прадугледжана рэгламентацыя максімальных, разавых і сярэднязменных ГДК у паветры вытв. памяшканняў, сярэднясутачных і максімальных разавых ГДК у паветры населеных пунктаў. Узроўні ГДК аднаго і таго ж рэчыва розныя для розных аб’ектаў навакольнага асяроддзя, напр., для свінцу і яго арган. злучэнняў у вадзе вадасховішчаў гаспадарча-пітнога і культ.-быт. прызначэння ГДК — 0,005 мг/л, у паветры рабочай зоны вытв. памяшканняў — 0,01 мг/м³, у атмасферы — 0,007 мг/м³.
Літ.:
Беспамятнов Г.П., Кротов Ю.А. Предельно допустимые концентрации химических веществ в окружающей среде. Л., 1985.
рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Адзін з арганізатараў «Цэха паэтаў» (гл.Акмеізм). Скразныя тэмы паэзіі Гарадзецкага — роздум пра лёс радзімы на розныхгіст. этапах, рамантыка барацьбы за шчасце народа, цікавасць да простых працаўнікоў горада і вёскі, інтэрнац. салідарнасць. Аўтар зб. вершаў «Яр» (1907, тэмы і вобразы рус. фальклору), «Пярун» (1907), «Русь» (1910), «Серп» (1921), «З цемры да святла» (1926), «Грань» (1929), «Думы» (1942), «Паўночнае ззянне» (апубл. 1968), раманаў «Пунсовы смерч» (1927, пра падзеі 1-й сусв. вайны на Каўказе) і «Сады Семіраміды» (апубл. 1971, пра трагічныя падзеі ў Зах. Арменіі ў канцы 1916), аповесцей «Сутулаўскае гняздоўе» (1915), «Помнік паўстання» (1928), «Чорны шаль» (1929), паэм «Чырвоны Піцер» (1922), «Тры сыны» (1956) і інш., новага лібрэта да оперы М.Глінкі «Іван Сусанін» (1937—44). Перакладчык вершаў і паэм Я.Купалы («Над ракою Арэсай») і Я.Коласа («Новая зямля», «Рыбакова хата», з Б.Ірыніным і П.Сямыніным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДКІ́,
руская нар. спартыўная гульня. Бітамі (палкі даўж. Да 1 м) неабходна выбіць з горада (пляцоўка 2 × 2 м) 5 гарадкоў (цуркі даўж. 20 см, дыяметрам 5 см), складзеных у выглядзе розных фігур (звычайна ў партыі іх 15). Біты кідаюць з пэўнай адлегласці (кон — 13 м, паўкон — 6,5 м). Перамагае спартсмен ці каманда, што затрацілі на выбіванне фігур найменшую колькасць біт. Камандныя спаборніцтвы складаюцца з 3—5 партый, у асабістым першынстве спартсмены на працягу 3 тураў выбіваюць 90 фігур (па 30 у кожным). Фіксуюцца рэкорды на выбіванне 15, 30, 45, 60, 90 фігур.
Зарадзіліся гарадкі ў 1820-я г. ў Расіі і на Украіне. Правілы распрацаваны ў 1923. На Беларусі спарт. гарадкі развіваюцца з 1924, чэмпіянаты рэспублікі з 1949, найб. актыўна з 1960-х г. Каманда Беларусі бронзавы прызёр Кубка Еўропы 1994, А.Ярашэвіч — чэмпіён Еўропы 1996. З 1993 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гарадошнага спорту (штаб-кватэра ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІК (ад грэч. harmonikos сугучны, стройны, зладжаны),
ручны, клавішна-пнеўматычны муз. інструмент класа духавых язычковых. Складаецца з гукавытворчай механікі (планкі са стальнымі язычкамі, рэзанатары і клавішны механізм), корпуса (2 драўляныя рамы, злучаныя мехам) і меха (паветр. рэзервуар). Вылучаецца насычанасцю і разнастайнасцю тэмбравых і дынамічных гукавых фарбаў, багаццем выразных і тэхн. магчымасцей. Створаны ў 1822 у Германіі (удасканалены ў 1829 у Вене), хутка пашырыўся ў многіх краінах свету, зазнаўшы ўздзеянне пэўных этнічных традыцый. Існуе ў розных відах і мае розныя сістэмы. Акрамя гармоніка ручнога (у т. л. канцэрціна, баян, акардэон) вядомы таксама нажныя (у т. л. фісгармонія) і губныя гармонікі. На Беларусі з 2-й пал. 19 ст.найб. пашыраны ручныя гармонікі «венка» і «хромка», з пач. 20 ст. — педалёўка (паветра ў мех напампоўваецца з дапамогай нажной педалі). У сістэме нар.муз. інструментарыя гармонік займае вядучае становішча. Выкарыстоўваецца ў самадз. і прафес. практыцы (сольнай, ансамблевай і аркестравай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́КАПІС у музыцы, увасабленне сродкамі музыкі розных гукавых і пазагукавых з’яў навакольнага свету. Апіраецца на выяўл. магчымасці муз. мастацтва, якія выступаюць у 2 асн. тыпах: гукавая імітацыя і выяўленчасць асацыятыўнага характару. Сярод рэальных гучанняў прадметнага асяроддзя, якія часта імітуюцца ў музыцы: пляск хваль, шум мора, шапаценне лесу (у оперы «Марынка» Р.Пукста), гучанне муз. інструментаў, гаворка, стогны, плач чалавека і інш. Імітацыя можа быць ідэнтычная аб’екту пераймання па тэмбры, інтанацыях ці больш апасродкаванай. Гукавыяўленчасць асацыятыўнага тыпу засн. на слыхавым успрыманні муз. гукаў як узаемазвязаных з рознымі пазагукавымі з’явамі (дынамічнымі, каларыстычнымі, аптычнымі). Асацыятыўны гуказапіс часта выступае як элемент праграмнай музыкі, дзе загалоўкі і рэмаркі канкрэтызуюць вобразны змест. На практыцы імітацыйны і асацыятыўны гуказапісы часта аб’ядноўваюцца (харэаграфічная навела «Мушкецёры» Я.Глебава). З узнікненнем электроннай музыкі (муз. камп’ютэраў, сінтэзатараў і інш. эл.-муз. канструкцый) у гуказапісе шырока выкарыстоўваюцца новыя гукавыяўл. эфекты, незвычайныя, «незямныя», «касмічныя» гучнасці (у т. л. ў кіно, драм. т-ры, на эстрадзе і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЫШКІЛІЯ́НІ (Атар Міхайлавіч) (н. 21.8.1923, г. Новачаркаск, Расія),
балетмайстар і оперны рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1961). Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1955). З 1955 балетмайстар у розных т-рах Расіі. З 1965 гал. балетмайстар, у 1972—76 гал. рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 гал. рэжысёр Ніжагародскага т-ра оперы і балета. Д.-балетмайстру ўласцівы сцвярджэнне рэаліст. вобразнасці, пошукі ў галіне сцэн. формы. Актыўна супрацоўнічаў з бел. кампазітарамі. Першы пастаноўшчык балетаў «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1974) Я.Глебава, «Пасля балю» Г.Вагнера (1971). Сярод інш. пастановак на бел. сцэне: балеты «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга (1966), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1968), оперы «Хаваншчына» М.Мусаргскага (1970), «Пікавая дама» (1972) і «Іаланта» (1975) П.Чайкоўскага, «Дон Жуан» В.А.Моцарта (1973), «Русалка» А.Даргамыжскага (1974). У Ніжагародскім т-ры паставіў балет «Маленькі прынц» Глебава (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ, Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў,
тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаў і філарэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты і г.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л. і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі і найб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў чэрв. 1968 з групы лялечнікаў, якая існавала пры Брэсцкім абл.драм. т-ры з 1963. Адкрыўся спектаклем «Салдат Даніла» («Птушынае малако») Е.Тудароўскай і В.Мятальнікава. Гал. рэжысёры А.Сярогін, А.Шкілёнак, В.Казлова, С.Юркевіч, А.Жугжда (з 1990). У пастаноўках выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм, прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане, яны выступаюць у масках і без масак.
У рэпертуары т-ра: «Прыгоды трох парасят» і «Крок у бессмяротнасць» Н.Мацяш, «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Хлопчык з легенды» паводле Г.Васілеўскай, «Прывід старога млына» В.Навацкага і Ю.Фрыдмана, «Па шчупаковай волі» Л.Тарахоўскай, «Блакітнае шчаня» У.Гюлы, «Чыпаліна» паводле Дж.Радары, «Дзень нараджэння ката Леапольда» А.Хайта, «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан, «...Забыць Герастрата!» Р.Горына, «Крэслы» Э.Іанеска, «Што здарылася ў заапарку» Э.Олбі і інш.
Дз.У.Стэльмах.
Да арт.Брэсцкі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЕ́ВІЧ (Іосіф Іванавіч) (15.5.1883, в. Варгуцева Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 25.1.1964),
рэвалюцыянер. Скончыў пач. школу. З 1905 чл. партыі эсэраў, потым эсэр-максімаліст, з 1919 чл. РКП(б). З 1895 рабочы на прамысл. прадпрыемствах Пецярбурга. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У кастр. 1907 арыштаваны, высланы на радзіму. З 1909 за мяжой (Аргенціна, Францыя, ЗША), удзельнічаў у рабочым руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся на радзіму. Са жн. 1917 у Оршы, чл. гарсавета, старшыня рэўкома, камісар працы. З пач. 1918 старшыня Аршанскага пав. выканкома, дэлегат V Усерас. з’езда Саветаў. За агітацыю супраць Брэсцкага міру 1918 арыштаваны. У час леваэсэраўскага мяцяжу 6.7.1918 вызвалены паўстанцамі, абраны старшынёй Аршанскага часовага ВРК. Пасля задушэння аршанскага выступлення эсэраў зноў арыштаваны (апраўданы Гомельскім губрэўтрыбуналам). Са жн. 1919 на розных пасадах у Оршы, Сянне і інш. З пач. 1930-х г. у Маскве, нам. дырэктара Музея рэвалюцыі, нач. упраўлення Наркамата саўгасаў СССР і інш. У 1948—49 старшыня калгаса ў в. Варгуцева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХЕНВА́ЛЬД (Buchenwald),
нямецка-фашысцкі канцлагер у 1937—45 каля г. Веймар (Германія). Меў 66 філіялаў і знешніх працоўных камандаў. Спачатку ў Бухенвальдзе трымалі ням. палітзняволеных, потым і ваеннапалонных розных нацыянальнасцей, прымусова вывезеных у Германію сав. грамадзян. За гады існавання праз лагер прайшло каля 239 тыс. вязняў, загублена больш за 56 тыс. чалавек 18 нацыянальнасцей (у т. л. каля 19 тыс.сав. ваеннапалонных). Вязняў катавалі, марылі голадам, бязлітасна эксплуатавалі на з-дах буйных прамысл. фірмаў, праводзілі над імі мед. эксперыменты. 18.8.1944 у Бухенвальдзе забіты дзеяч ням. і міжнар. рабочага руху Э.Тэльман. Тут дзейнічалі падпольная антыфаш. арг-цыя, інтэрнац. лагерны камітэт на чале з ням. камуністам В.Бартэлем. Да крас. 1945 налічвалася 178 падпольных груп (у т. л. 56 савецкіх). 11.4.1945 баявыя групы інтэрнац. камітэта авалодалі лагерам. 12.4.1945 у лагер увайшлі амер. войскі. У 1958 створаны Міжнар. камітэт былых вязняў Бухенвальда, адкрыты мемарыяльны комплекс.
Да арт.Бухенвальд. Мемарыял на ўшанаванне памяці ахвяр канцлагера. Скульптар Ф.Крэмер. 1958.