УЭ́ЛС, Уэлес (Welles) Орсан (6.5.1915, г. Кеноша, ЗША — 10.10.1985), амерыканскі рэжысёр, акцёр, сцэнарыст, прадзюсер. З 1931 у т-ры, з 1934 на радыё. Рэж.-наватар пастановак «Макбет» (1936) і «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра (1937), «Вайна сусветаў» паводле Г.​Уэлса (1938, на радыё). Для творчасці характэрны смелыя пошукі ў драматургіі і кінамове, імкненне да абагульненых прытчавых форм маст. выказвання, увасаблення рэзкіх кантрастаў і маштабных характараў. Паставіў фільмы: «Грамадзянін Кейн» (1941, прэмія «Оскар», аўтар сцэнарыя з Дж.​Манкіевічам, выканаўца гал. ролі), «Цудоўныя Эмберсоны» (1942), «Макбет» (1948), «Атэла» (1952, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Пячатка зла» (1958), «Працэс» (1962), «Паўночныя званы» (1966) і інш. Зняўся ў фільмах «Падарожжа ў страх», «Трэці чалавек», «Мобі Дзік», «Ватэрлоо», «Матылёк» і інш. Спец. прэмія «Оскар» 1970. Залаты прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі (1982) за ўклад у сусв. кіно.

Літ.:

Орсон Уэллс: Статьи. Свидетельства. Интервью. М., 1975.

т. 16, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАМЕЙНІ́ Рухалах Мусаві (17.5.1900?, г. Хамейн. Іран — 3.6.1989),

іранскі рэліг. і дзярж. дзеяч, вял. аятала. Атрымаў рэліг. адукацыю. З 1922 у г. Кум. За крытыку рэформ шаха Мухамеда Рэза Пехлеві высланы ў Ірак (1964), пазней пераехаў у Францыю. За час выгнання стаў лідэрам іранскай апазіцыі. У студз. 1979 вярнуўся на радзіму, узначаліў Іранскую рэвалюцыю 1978—79. З 1.2.1979 лідэр Савета ісламскай рэвалюцыі, да якога 11—13.2.1979 перайшла ўся ўлада ў краіне. Паводле распрацаванай ім канцэпцыі тэакратычнай дзяржавы і створанай на яе аснове канстытуцыі Ісламскай Рэспублікі Іран 1979 Х. быў пажыццёвым духоўным лідэрам (рахбарам) і фактычным правіцелем Ірана. Праводзіў курс на ісламізацыю ўсіх бакоў жыцця Ірана, канфрантацыю з ЗША, на пераможнае завяршэнне ірана-іракскай вайны 1980—88 (у ліп. 1988 пагадзіўся на мірнае ўрэгуляванне канфлікту).

Тв.:

Рус. пер. — Завещание. Б.м., б.г.

Літ.:

Агаев С.А. Рухолла Мусави Хомейни // Вопр. истории. 1989. № 6.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РЫК Рыгор Ільіч (н. 3.1.1951, Мінск),

бел. артыст аперэты (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1973), Бел. кансерваторыю (1978). У 1978—92 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Яго мастацтву ўласцівы арганічнае спалучэнне рацыянальнага пачатку з эмацыянальнасцю, сцэн. абаяльнасцю, вострым, часам да гратэскавасці, гумарам. Сярод партый: Якім, Сцяпан («Паўлінка», «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі), Юрась («Несцерка» Р.​Суруса), Давыдаў («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Урач («Мільянерка» Я.​Глебава), Майкл Госелін («Джулія» У.​Кандрусевіча), Прысыпкін («Клоп» У.​Дашкевіча), граф Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), містэр Ікс, Эдвін («Прынцэса цырка», «Сільва» І.​Кальмана), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Хігінс («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Міколка («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Вільям Гарысан («Мая жонка — ілгуння» В.​Ільіна і У.​Лукашова), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Фельзера), Сірано («Сірано» С.​Пажлакова) і інш. З 1992 у ЗША.

В.​Г.​Брылон.

І.Харык.

т. 16, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́РЦІ (Horthy) Міклаш (18.6.1868, г. Кендэрэш, Венгрыя — 9.2.1957),

дзяржаўны дзеяч Венгрыі. Контр-адм. (1918). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ў г. Фіуме (цяпер Рыека ў Харватыі), служыў у ВМФ Аўстра-Венгрыі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў крэйсерам, ВМФ (з 1918); у 1918 падавіў паўстанне ваен. маракоў у порце Котар (цяпер у Чарнагорыі). З 1919 ваен. міністр венг. ўрада ў г. Сегед, галоўнакаманд. нац. арміяй, якая дзейнічала супраць Венг. Сав. Рэспублікі. Пасля яе падзення праводзіў белы тэрор. З 1.3.1920 рэгент (правіцель) Венг. каралеўства (якое не мела караля). Устанавіў аўтарытарны рэжым, у знешняй палітыцы з 1930-х г. арыентаваўся на фаш. Германію, на баку якой Венгрыя ўдзельнічала (з 1941) у вайне супраць СССР. Аднак у 1944 намагаўся заключыць перамір’е з СССР, шукаў кантакты з ЗША і Вялікабрытаніяй, за што ў кастр. 1944 скінуты ням. і мясц. фашыстамі (гл. Нілашысты) і інтэрніраваны ў Баварыі. З 1949 жыў у Партугаліі.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ТАРН, Готарн (Hawthorne) Натаніэл (4.7.1804, г. Сейлем, штат Масачусетс, ЗША — 19.5.1864), амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік амер. рамантызму. Скончыў Бодайнскі каледж (1825). На яго творчасць значна паўплывалі трансцэндэнталісты. Майстар псіхал. і алегарычных аповесцей і апавяданняў (зб-кі «Двойчы расказаныя гісторыі», 1837, 1842; «Легенды старога двара», 1846) пра пошукі прыгажосці, амер. даўніны, цяжкасці духоўнага самапазнання. Пурытанскія традыцыі паўплывалі на праблематыку сумлення і граху, духоўнасці і фанатызму, дабра і зла ў раманах «Пунсовая літара» (1850, экранізаваны ў 1972) і «Дом з сямю шпілямі» (1851). Аўтар «Рамана пра Блайтдэйл» (1852), рамана «Мармуровы фаўн» (1860), кніг апавяданняў і казак для дзяцей «Дзядулева крэсла» (1841), нарысаў «Наша старая радзіма» (1863), нататак, біяграфій гіст. асоб і інш. Яго творы адметныя рытмічнасцю мовы, дыдактычнай скіраванасцю, спалучэннем рэальна-канкрэтнага з умоўна-фантаст., насычаны сімваламі і алегорыямі.

Тв.:

Рус. пер. — Новеллы. М.; Л., 1965;

Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1982.

Е.​А.​Лявонава.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́ВЕР (Shever) Джон (27.5.1912, г. Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 19.6.1982),

амерыканскі пісьменнік. Працаваў у перыяд. выданнях. Літ. дзейнасць пачаў у 1930-я г. псіхал. апавяданнямі. У дылогіі «Сямейная хроніка Уопшатаў» (1957) і «Скандал у сям’і Уопшатаў» (1964), сатыр. рамане «Булет-Парк» (1969), зб. апавяд. і навел «Гісторыі Джона Чывера» (1978), аповесці «Ну проста райскі куток» (1982) крызіс «грамадства спажывання», катастрафічныя сац. і маральныя тэндэнцыі ў амер. рэчаіснасці. Паэтыка Ч. адметная спалучэннем дакладнасці фактаў і дэталей, каларытнасці персанажаў, псіхалагізму з элементамі ўмоўнасці і прытчавасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Исполинское радио М., 1962;

Ангел на мосту. М., 1966;

Прощай, брат. Л., 1983;

Семейная хроника Уопшотов... М., 1983.

Літ.:

Мендельсон М.О. Социально-критические мотивы в творчестве Беллоу, Апдайка и Чивера // Проблемы литературы США XX в. М., 1970;

Олдридж Дж. Джон Чивер и облегченная форма трагедии // Олдридж Дж. После потерянного поколения: Пер. с англ. М., 1981.

Е.​А.​Лявонава.

т. 17, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ХАЎ Міхаіл Аляксандравіч (28.8.1891, С.-Пецярбург — 30.9.1955),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Засл. арт. Рэспублікі (1924). Пляменнік А.П.Чэхава. Скончыў Тэатр. школу А.​Суворына ў Пецярбургу. Працаваў у т-ры Суворына. З 1913 акцёр Маскоўскага маст. т-ра, 1-й Студыі гэтага т-ра, пазней Маскоўскага маст. акад. т-ра 2-га (у 1924—27 маст. кіраўнік). З 1928 за мяжой (Германія, Латвія, Вялікабрытанія, ЗША): іграў у т-ры, здымаўся ў кіно, кіраваў тэатр. студыямі. Акцёр, надзелены вынаходлівасцю, абвостраным адчуваннем драматызму жыцця, схільны да экспрэсіяністычнага гратэску: Эрык XIV («Эрык XIV» А.​Стрындберга), Гамлет, Мальволіо («Гамлет», «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Аблявухаў («Пецярбург» А.​Белага) і інш. Даследаваў праблемы акцёрскай псіхатэхнікі; пераасэнсаваўшы законы тэатр. творчасці, адкрытыя К.​Станіслаўскім, распрацаваў «тэорыю імітацыі» (магчымасці поўнага пераўвасаблення акцёра). Аўтар. кн. «Шлях акцёра» (1928), «Пра тэхніку акцёра» (1953).

Літ.:

Громов В. Михаил Чехов. М., 1970.

т. 17, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСА́КІ (Esaki) Лео (н. 12.3.1925, г. Осака, Японія),

японскі фізік. Чл. Яп. акадэміі (1975), замежны чл. Нац. АН ЗША (1975), Рас. АН (1994) і інш. Скончыў Такійскі ун-т (1947). З 1960 у карпарацыі «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс» (з 1976 кіраўнік яе яп. аддзялення). У 1992—98 прэзідэнт ун-та Цукуба, з 2000 прэзідэнт Тэхнал. ін-та Шыбаура ў Токіо. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, паўправадніковай электроніцы, звышправоднасці. Адкрыў з’яву тунэлявання ў паўправадніках, стварыў першае квантава-электроннае прыстасаванне — тунэльны дыёд (1957). Упершыню атрымаў штучную перыяд. структуру ў сістэме паўправаднікоў — паўправадніковую звышрашотку (1969). Прадказаў і эксперыментальна пацвердзіў існаванне з’явы рэзананснага тунэлявання (1973), стварыў першы рэзанансны тунэльны дыёд (1974). Нобелеўская прэмія 1973 (з Б.Д.Джозефсанам і А.Джаеверам).

Тв.:

Рус. пер. — Молекулярно-лучевая эпитаксия и развитие технологии полупроводниковых сверхрешеток и структур с квантовыми ямами // Молекулярно-лучевая эпитаксия и гетероструктуры. М., 1989. С. 7—36.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Эсакі.

т. 18, кн. 1, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ШМА (араб.),

асадкава-метамарфагенная тонка- або скрытакрышт. шчыльная горная парода. Складзена з тонказярністых агрэгатаў кварцу і афарбавана аксідамі і гідраксідамі жалеза і інш. мінер. прымесей у чырв., жоўты, зялёны, карычневы, шэры, белы і інш. колеры. Адрозніваюць дэкар. тыпы Я.: аднародныя, плямістыя, палоскавыя (плоскапаралельныя і хвалістыя), стракатыя («паркалёвыя» і «парчовыя»), брэкчыяпадобныя і пейзажныя (утвараюцца пры перакрышталізацыі і метасаматозе першасных сургучных і інш. аднародных Я.). Выкарыстоўваецца як вырабны камень у ювелірнай справе, як тэхн. камень (апорныя прызмы, ступкі, матрыцы і інш.), у гемалогіі і каменярэзнай справе. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Індыі, Венесуэле, на Украіне і інш. У гемалогіі і каменярэзнай справе да Я. адносяць яшмоіды і яшмападобныя пароды, блізкія да іх па фіз. уласцівасцях і дэкаратыўнасці (акварцаваныя туфіты зеленакаменных тоўшчаў, халцэдонавыя і кварц-халцэдонавыя гідратэрмальна-метасаматычныя ўтварэнні базальтавых тоўшчаў, кварц-палевашпатавыя кантактавыя рагавікі, кіслыя эфузіўныя пароды — фельзіты і фельзітавыя парфіры.

т. 18, кн. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інва́йранмент

(англ. environment = акружэнне, наваколле)

від сучаснага мастацтва, які спалучае твор і адначасова мастацкае дзеянне, скіраваныя на арганізацыю прасторы, што дае магчымасць гледачу адчуваць сябе арганічна ўключаным у дзею праз аўдыёвізуальныя, кінетычныя і іншыя сродкі ўздзеяння і сувязі; узнік у ЗША і Еўропе ў 1960-я гады як вынік развіцця поп-арту і постканструктывізму.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)