ХО́РЦІ (Horthy) Міклаш (18.6.1868, г. Кендэрэш, Венгрыя — 9.2.1957),

дзяржаўны дзеяч Венгрыі. Контр-адм. (1918). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ў г. Фіуме (цяпер Рыека ў Харватыі), служыў у ВМФ Аўстра-Венгрыі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў крэйсерам, ВМФ (з 1918); у 1918 падавіў паўстанне ваен. маракоў у порце Котар (цяпер у Чарнагорыі). З 1919 ваен. міністр венг. ўрада ў г. Сегед, галоўнакаманд. нац. арміяй, якая дзейнічала супраць Венг. Сав. Рэспублікі. Пасля яе падзення праводзіў белы тэрор. З 1.3.1920 рэгент (правіцель) Венг. каралеўства (якое не мела караля). Устанавіў аўтарытарны рэжым, у знешняй палітыцы з 1930-х г. арыентаваўся на фаш. Германію, на баку якой Венгрыя ўдзельнічала (з 1941) у вайне супраць СССР. Аднак у 1944 намагаўся заключыць перамір’е з СССР, шукаў кантакты з ЗША і Вялікабрытаніяй, за што ў кастр. 1944 скінуты ням. і мясц. фашыстамі (гл. Нілашысты) і інтэрніраваны ў Баварыі. З 1949 жыў у Партугаліі.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)