Я́ШМА (араб.),
асадкава-метамарфагенная тонка- або скрытакрышт. шчыльная горная парода. Складзена з тонказярністых агрэгатаў кварцу і афарбавана аксідамі і гідраксідамі жалеза і інш. мінер. прымесей у чырв., жоўты, зялёны, карычневы, шэры, белы і інш. колеры. Адрозніваюць дэкар. тыпы Я.: аднародныя, плямістыя, палоскавыя (плоскапаралельныя і хвалістыя), стракатыя («паркалёвыя» і «парчовыя»), брэкчыяпадобныя і пейзажныя (утвараюцца пры перакрышталізацыі і метасаматозе першасных сургучных і інш. аднародных Я.). Выкарыстоўваецца як вырабны камень у ювелірнай справе, як тэхн. камень (апорныя прызмы, ступкі, матрыцы і інш.), у гемалогіі і каменярэзнай справе. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Індыі, Венесуэле, на Украіне і інш. У гемалогіі і каменярэзнай справе да Я. адносяць яшмоіды і яшмападобныя пароды, блізкія да іх па фіз. уласцівасцях і дэкаратыўнасці (акварцаваныя туфіты зеленакаменных тоўшчаў, халцэдонавыя і кварц-халцэдонавыя гідратэрмальна-метасаматычныя ўтварэнні базальтавых тоўшчаў, кварц-палевашпатавыя кантактавыя рагавікі, кіслыя эфузіўныя пароды — фельзіты і фельзітавыя парфіры.
т. 18, кн. 1, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)