КЕЖУ́Н (Браніслаў Адольфавіч) (н. 8.9.1914, С.-Пецярбург),

рускі паэт і перакладчык. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1935), «Дарогі ў свет» (1939), «Балтыйскія зоркі» (1959), «Запаветныя агні» (1962), «Шляхі-дарогі дальнія» (1970), «Дыханне зямлі» (1977) і інш. Падарожнічаў па Беларусі, напісаў арт. пра Я.​Купалу «Ад сэрца» (1972), успаміны пра П.​Глебку «На Няве і на Волзе» (у кн. «Пясняр мужнасці», 1976), вершы «Беларускай зямлі», «Брэст», «Беларускім паэтам» і інш. Адзін з перакладчыкаў на рус. мову «Анталогіі беларускай паэзіі» (1948), зб. вершаў бел. паэтаў «Беларусь мая» (1983), асобных твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, К.​Буйло, М.​Калачынскага, М.​Танка, У.​Корбана, К.​Крапівы, А.​Куляшова, М.​Хведаровіча. На бел. мову яго вершы пераклалі В.​Вітка, Х.​Жычка, Калачынскі, М.​Лужанін, Р.​Няхай, М.​Танк, Ю.​Свірка, М.​Аўрамчык і інш.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНЕ́ВІЧ ((Kieniewicz) Стафан) (20.9.1907, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1992),

польскі гісторык. Акад. Польскай АН (1969). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1937 працаваў у Скарбовым архіве ў Варшаве. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе Арміі Краёвай. У час Варшаўскага паўстання 1944 паранены, зняволены ў канцлагеры Дахаў. У 1946—77 выкладаў у Варшаўскім ун-це.

Даследаваў гісторыю барацьбы Польшчы за незалежнасць у канцы 18—19 ст., грамадскіх рухаў 19 ст., развіцця польск. нац. самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Аўтар манаграфій «Адам Сапега (1828—1903)» (1939), «Польская рэвалюцыя 1846 г.» (1950), «Легіён Міцкевіча, 1848—1849» (1957), «Брусельскі самотнік: Аповесць пра Іаахіма Лялевеля» (2-е выд., 1960). Паўстанню 1863—64 прысвечаны кнігі «Студзеньскае паўстанне» (2-е выд., 1983), «Дарашэвічы 1863» (1986) і інш.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ (Максім Паўлавіч) (25.5.1908, пас. Пуцілаўка Усурыйскага р-на Прыморскага краю, Расія — 11.6.1996),

савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1979), чл.-кар. з 1960, д-р гіст. н. (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1934). Да 1951 выкладаў у ВНУ Масквы. З 1951 у Ін-це гісторыі АН СССР. Заснавальнік і першы рэдактар (1956—60) час. «История СССР». З 1959 старшыня навук. савета АН СССР па праблеме «Гісторыя сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва ў СССР». У 1982 першы з сав. гісторыкаў заявіў пра нявырашанасць нац. пытання ў СССР. Асн. працы па гісторыі культуры і культ. рэвалюцыі ў СССР. Аўтар кн. «Праблемы тэорыі і гісторыі рэальнага сацыялізму» (1983). Пад яго рэдакцыяй выдадзена хроніка «Культурнае жыццё ў СССР» (1975—81). Дзярж. прэмія СССР 1986.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНГ ((King) Марцін Лютэр) (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),

адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўская прэмія міру 1964.

Тв.:

Рус. пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.

М.Л.Кінг.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́СЛІК (Навум Зіноўевіч) (26.9.1925, Масква — 27.12.1998),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў БДУ (1950). Настаўнічаў. Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва» (1952—58), час. «Полымя» (1958—59). Друкаваўся з 1944. Пісаў на рус. мове. У кнігах паэзіі «Размова з сябрамі» (1956), «Пошук» (1959), «Пазыўныя зямлі» (1961), «Свята снегападу» (1972), «Успаміны пра вакзалы» (1976), «Першаснежжа» (1980), «Зімовы свет» (1985) і інш. лірычнае асэнсаванне лёсу, духоўных набыткаў ваен. пакалення. У перакладзе К. на рус. мове выдадзены кнігі Р.​Барадуліна, А.​Вялюгіна, А.​Карпюка, А.​Куляшова, Я.​Купалы, І.​Мележа, П.​Панчанкі, асобныя творы Я.​Коласа, М.​Багдановіча, П.​Броўкі, Я.​Брыля, А.​Бялевіча, А.​Вялюгіна, С.​Гаўрусёва, С.​Грахоўскага, С.​Дзяргая, У.​Караткевіча, А.​Пысіна, А.​Русецкага, М.​Стральцова, М.​Танка, Ю.​Таўбіна і інш. Аўтар кнігі перакладаў «Спелы бор» (1982).

Л.​М.​Гарэлік.

т. 8, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІ́НСКІ (Ісая) (? — 15.10.1640),

праваслаўны царк. дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст. Манах Кіева-Пячэрскай лаўры, адзін з арганізатараў Кіеўскай брацкай школы. З 1620 — епіскап перамышльскі, з 1628 — смаленскі і чарнігаўскі, у 1631—32/33 — мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. У крас. 1632 пры абранні каралём Уладзіслава IV намаганнямі архімандрыта Пятра Магілы адхілены ад пасады, у 1633 афіцыйна пазбаўлены сана і зняволены (да 1635). Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Аўтар зборніка маральных выслоўяў «Духоўная лесвіца», пасланняў да духавенства і прыватных асоб і інш. Творы К. значна паўплывалі на наступныя пакаленні бел. і ўкр. царк. мысліцеляў.

Літ.:

Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. М., 1991. Кн. 2. С. 72—78;

Мартос А Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990. С. 188.

А.​А.​Яскевіч.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЦЯ́ЕВА (Антаніна Дзмітрыеўна) (7.11.1909, прыіск Южны Зейскага р-на Амурскай вобл., Расія — 12.11.1991),

руская пісьменніца. Скончыла Літ. ін-т у Маскве (1947). Друкавалася з 1935. Аўтар аповесці «Калымскае золата» (1936), кн. нарысаў «Былі Алдана» (1937) пра жыццё і працу сібірскіх старацеляў, шахцёраў-гарнякоў. У раманах «Фарт» (1940), «Таварыш Ганна» (1946), «Дар зямлі» (1963), трылогіі «Іван Іванавіч» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Дружба» (1954), «Адвага» (1958) тэмы кахання, сям’і, грамадскага прызначэння чалавека, перамены ў сац. і духоўным жыцці народаў Поўначы. Гісторыка-рэв. раман «На Урале-рацэ» (кн. 1—2, 1969—78) прысвечаны падзеям грамадз. вайны. Дакументальна-публіцыстычныя нарысы К. у зб-ках «Па слядах Ермака. З дзённіка пісьменніка» (1972), «Палымяныя кветкі пустыні» (1982).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1972—75.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЙЧЫК (Павел Гіляравіч) (15.6.1896, г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.11.1937),

бел. крытык і літ.-знавец, публіцыст. Чл.-кар. Інбелкульта (1926). Скончыў мед. ф-т БДУ (1925). З 1918 у Наркамаце па справах нацыянальнасцей РСФСР, Белнацкоме. З 1921 у Наркамаце асветы РСФСР, з 1922 у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». З 1926 працаваў ў клініцы нерв. хвароб медфака БДУ. У 1930 рэпрэсіраваны, высланы ў Чувашскую АССР. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 і 1959. Друкаваўся з 1917. Рэцэнзаваў творы А.​Гаруна, Я.​Купалы, М.​Багдановіча і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. тэатр, вершаў, даследавання «Беларуская народная вусная творчасць» (1922). Адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Выпісы з беларускай літаратуры» (1925).

Літ.:

Скалабан В. Будынак новы мы будуем...: (Вершы Паўла Каравайчыка) // Дзень паэзіі—82. Мн., 1982.

В.​У.​Скалабан.

П.Г.Каравайчык.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЁЎ (Мікалай Піліпавіч) (1.7.1906, в. Амінавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл — 9.4.1972),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1943). Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1956). З 1937 нам. старшыні, старшыня Асіповіцкага райвыканкома. З ліп. 1941 у партызанах. камандзір партыз. групы, атрада, брыгады, у ліп. 1943 — сак. 1944 — Асіповіцкай ВАГ. У крас.вер. 1943 чл. Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б. З жніўня 1944 старшыня Магілёўскага гарвыканкома, з 1953 сакратар Хоцімскага райкома КПБ, з 1958 на сав. рабоце ў Магілёве. Канд. у чл. ЦК КПБ у 1949-52, 1954—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59, у 1947—55 чл. яго Прэзідыума. Ганаровы грамадзянін г. Магілёва. Аўтар кн. «Сыны народа» (1955). У в. Амінавічы помнік.

М.П.Каралёў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМЭ́Н (Раман Лазаравіч) (29.11.1906, г. Адэса, Украіна — 28.4.1978),

расійскі рэжысёр, аператар, сцэнарыст дакумент. кіно. Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1932), з 1960 выкладаў у ім (з 1970 праф.). Фільмы вызначаюцца яскравай аўтарскай інтанацыяй, тэмпераментам, глыбінёй і дакладнасцю аналізу гіст. сітуацыі: «Дзень новага свету» (1940), «Суд народаў» (1947), «Гранада, Гранада, Гранада мая...» (1967), «Таварыш Берлін» (1969), «Чылі — час барацьбы, час трывог» (1973), «Камарадас. Таварыш» (1974, за ўсе прызы Міжнар. кінафестываляў у Лейпцыгу), «Сэрца Карвалана» (1975, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене). Кіраваў стварэннем 20-серыйнай эпапеі «Вялікая Айчынная...» (1979; аўтар 2 фільмаў, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу). За міжнар. кінапубліцыстыку і фільмы «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (1953), «Пакарыцелі мора» (1959) Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1952, 1975.

Г.​У.​Шур.

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)