МАЛЧА́НАВА Лідзія Аляксандраўна

(н. 15.7.1921, в. Бузанава Астроўскага р-на Кастрамской вобл., Расія),

бел. этнограф. Д-р гіст. н. (1969). Скончыла Ленінградскі ун-т (1944). З 1948 у Ін-це гісторыі, з 1957 — Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную культуру беларусаў (нар. жыллё, земляробчую тэхніку, адзенне). Аўтар манаграфій «Беларуская народная архітэктурная разьба» (1958), «Матэрыяльная культура беларусаў» (1968), «Народная метралогія» (1973), «Нарысы матэрыяльнай культуры беларусаў XVI—XVIII стст..» (1981). Адна з аўтараў нарыса «Беларусы» для шматтомнага выдання «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964), рэгіянальнага гіст.-этнагр. атласа Украіны, Беларусі і Малдавіі, прац «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988).

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)