энзао́тыя
(н.-лац. enzootia, ад гр. en = у, на + zoon = жывёліна)
пашырэнне інфекцыйнай хваробы жывёл на абмежаванай тэрыторыі або акваторыі (параўн. панзаотыя, эпізаотыя).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
агрызну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Злосна забурчаць ці забрахаць, пагражаючы ўкусіць таго, хто закрануў (у адносінах да некаторых жывёл). Нават самы добры кот, калі хто нечакана смаргане яго за хвост, агрызнецца. Гарэцкі.
2. перан. Разм. Груба, са злосцю адказаць на чыё‑н. пытанне, заўвагу. — Ды маўчы ты, — агрызнуўся на жонку Лявон. Сабаленка. Не хацелася яму [Саньку] аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў... Смала, а не чалавек... Ды Сідараў, пэўна, не ўмеў і агрызнуцца добра. Чыгрынаў. // Аказаць супраціўленне. Спачатку нехта ўдарыў з вінтоўкі, потым на голас вінтоўкі злосна агрызнуўся і кулямёт. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
першабы́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да найстаражытнейшага перыяду гісторыі чалавецтва. Першабытны чалавек. Першабытнае грамадства. Першабытная культура.
2. перан. Устарэлы, прымітыўны. Першабытная тэхніка. □ У гэтым млыне і пад’ёмны механізм быў таксама стары, першабытны. Брыль. // Дзікі, некультурны. Першабытныя норавы.
3. Першапачатковы, былы. Тут, у вёсцы, першабытная цішыня, хвалюючы водар зямлі, пах усяго жывога, што расце, цягнецца да сонца, дыхае. Навуменка. І вецер імкнецца наўсцяж развінуць сваю першабытную дужасць. Глебка. // Некрануты, у натуральным стане. Першабытны лес.
4. Ужываецца ў якасці састаўной часткі назваў некаторых выкапнёвых жывёл. Першабытны зубр.
•••
Першабытны камунізм гл. камунізм.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прына́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прынаджваць — прынадзіць.
2. Тое, чым прынаджваюць птушак, рыб, жывёл. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, Іх упалюеш без прынады. Колас. // Тое, што прыцягвае, прываблівае. Высокі ясень — прынада для птушак, і яны ляцяць з-за канала, з лясных і балотных гушчынь. Пестрак. [Гунава:] — Я гатовы паручыцца галавой, што праз гадзіну .. [салдаты] будуць тут. Х-хэ! Дымок над страхой — нядрэнная прынада. Самуйлёнак. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прырэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.
1. каго. Перарэзаўшы горла, дабіць, паскорыць смерць. Каб скаціна доўга не мучылася, маці збегала па суседа дзядзьку Марку, і той прырэзаў яе. Лось. // Забіць на мяса (пра некаторых свойскіх жывёл). Было два выпадкі, калі Антось лічыў справу ўладжанай і нават збіраўся прырэзаць цялё на вясельную закуску. Нядзведскі.
2. што і чаго. Прыбавіць зямлі, зямельны ўчастак шляхам межавання, дадатковага размеркавання. Людзі ведалі, што каля дрэў збожжа расце меншае і радзейшае і згадзіліся прырэзаць на цень. Пальчэўскі. [Анісіму] прырэзалі зямлі, і цяпер ён адчувае сябе як бы і не прымаком. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́дзіч, ‑а, м.
1. Гіст. Член роду (у 1 знач.).
2. Разм. Сваяк; чалавек блізкі па паходжанню. [Люба:] — Горш за ўсё мець начальнікам блізкага родзіча. З ім жа ніколі па-чалавечы не дамовішся. Шамякін. Старыя пройдзены дарогі І сцежак тысячы людскіх, Дзе і мае хадзілі ногі І ногі родзічаў маіх. Колас. / Пра жывёл і раслін аднаго роду (у 8 знач.). І качкі, што падарыў Люсі і яе маці Амархан, хваляваліся, выцягвалі шыі, прыслухоўваліся да галасоў дзікіх родзічаў. Даніленка. Родзіч нашага ядлоўцу кіпарыс, жыхар паўднёвых краін, можа пражыць да чатырох-пяці тысяч гадоў. Гавеман.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́ла, ‑а, н.
1. Выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл; лыч. Носам хмыкнула Хаўроння, Адвярнула рыла, Рада тым, што дзівака Лоўка абхітрыла. Дзеружынскі.
2. Верхняя або пярэдняя выцягнутая частка чаго‑н. З кішэні капота тырчала куртатае рыла бутэлькі. Асіпенка. Юрка пачуў, як зноў яму балюча ткнулі ў плечы рылам аўтамата, што тупым і цяжкім жалезным прутам. Пташнікаў. Кулямётчыкі павярнулі тупое рыла «максіма» на коннікаў. Хомчанка.
3. Груб. Твар чалавека. — У цябе ж не твар, а такое зладзейскае рыла, якога свет не бачыў! Чорны.
•••
Ні вуха ні рыла гл. вуха.
Суконнае рыла (уст.) — гандляр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уры́цца, урыюся, урыешся, урыецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рыючы, пранікнуць у глыб чаго‑н. (пра жывёл).
2. Схавацца ў вырытым паглыбленні або ў чым‑н. сыпкім; зарыцца. «Салавей» урыўся ў вялізны стог сена і адпачываў. Бядуля.
3. З сілай, на хаду урэзацца ў што‑н. [Аляксей:] — Машына з ходу ўрыецца ў гразь, як свіння, узніме цэлы вал твані наперадзе, і сядзі. Мележ. [Косцік] шыўся далей, да гурбы каровак. Нехта штурхнуў яго так, што ён урыўся ў іх носам, яшчэ не ўспеўшы падняцца, пачаў адчыняць каробкі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчаці́нне, ‑я, н., зб.
Жорсткая і кароткая шэрсць у некаторых жывёл. Увесь.. [дзік] пакрыты густым і цёмным, амаль чорным шчаціннем. В. Вольскі. // Такая шэрсць, якая з’яўляецца сыравінай для прамысловасці і ідзе на выраб шчотак, пэндзляў і пад. [Цётка:] Адзін ездзіць косткі збірае, другі — шчацінне, трэці — шкуркі кратовыя. Жычка. // Разм. Валасы на твары чалавека. Дзямід Сыч здзіўлена паглядзеў на зарослы чорным шчаціннем неахайны твар Песенькі і адразу памякчэў. Паслядовіч. // перан. Разм. Пра што‑н. жорсткае, калючае. З пустазелля, з густога шчаціння хмызнякоў як бы ішоў голас палёў — жывы дакор чалавеку. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
элі́та, ‑ы, ДМ эліце, ж.
1. Спец. Лепшае, адборнае насенне, расліны або жывёлы, атрыманыя ў выніку селекцыі і прызначаныя для далейшага развядзення. Эліта пшаніцы. Эліта бульбы. □ [Юстын:] — А потым штогод мы ўсё большае і большае поле палескай элітай засявалі і ўвесь ураджай на насенне захоўвалі. Краўчанка. // Сам адбор такіх раслін або жывёл. Метад эліты.
2. Лепшыя прадстаўнікі грамадства або якой‑н. яго часткі. Эліта рабочага класа. Тэатральная эліта. // У эксплуататарскім грамадстве — асобы, якія належаць да так званага вышэйшага класа; група асоб, якая ажыццяўляе кіруючыя функцыі ў грамадстве. Правячая эліта.
[Фр. élite — лепшы, адборны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)