КОСЦЬ,
асноўная частка шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з эмбрыянальнай злучальнай тканкі — мезенхімы. У састаў К. ўваходзяць касцявая тканка, надкосніца, касцявы мозг, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы, часам храстковая тканка. Па форме і будове К. бываюць доўгія (трубчастыя; напр., плечавыя, сцегнавыя), плоскія (шырокія; напр., К. чэрапа) і кароткія (напр., пазванкі). У доўгіх К. адрозніваюць сярэднюю ч. (цела К. — дыяфіз) і 2 канцы (эпіфізы). Паводле характару злучэння К. бываюць нерухомыя (зрашчэнні, або сінартрозы, напр., швы чарапных К.) і рухомыя (суставы, або дыяртрозы, напр., злучэнні К. канечнасцей). З суставамі і звязкамі, якія злучаюць К. паміж сабой, і мышцамі, якія прымацоўваюцца да К. сухажыллямі, К. ўтвараюць апорна-рухальны апарат. Касцявая тканка шкілета ў чалавека амаль поўнасцю перабудоўваецца праз 10 гадоў.
А.М.Петрыкаў.
т. 8, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)