КУЛА́Н (Equus hemionus),

няпарнакапытнае млекакормячае сям. коневых. 8 падвідаў. Пашыраны ў пустынях і паўпустынях Пярэдняй, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Жыве табунамі (да 100 і больш жывёл). Трапляецца ў высакагор’ях да выш. 5000 м. 2 падвіды: К. індыйскі (E.h. khur) і К. сірыйскі (E.h. hemippus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 2,6 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 350 кг. Афарбоўка пясчана-жоўтая, уздоўж хрыбта цёмная паласа, ніз цела і ногі белыя. У адрозненне ад каня мае большую галаву, вушы даўжэйшыя, ногі танчэйшыя з вузкімі капытамі. Грыва кароткая, стаячая. На канцы хваста доўгія грубыя валасы ўтвараюць кутас. Кормяцца травой і хмызняком, могуць піць марскую ваду. Хутка бегаюць (да 75 км/гадз), плаваюць.

Э.​Р.​Самусенка.

Кулан.

т. 8, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)