Жэ́ґліць ’паліць’ (шчуч., З нар. сл., 42). В.-луж.žehlic ’прасаваць’, ’мігцець’, žehlić so ’тлець’, чэш.žehliti ’прасаваць’, разм. ’скардзіцца’, славац.zehliť ’прасаваць’. Улічваючы выбухны характар ґ і геаграфію, відаць, з польск., дзе зафіксавана żeglić ’слаба паліцца, тлець’. Паходжанне слова звязана з жэгаць, жыгаць, жгаць (гл.), прычым, калі дапускаць рэдуплікацыю, магчыма гаварыць і аб варыянтнасці l‑r (параўн. серб.-харв.жа̏грити ’паліць’, рус.дыял.жа́грить ’моцна паліць печ’), падобнай да вар’іравання жураць — жуляць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВАСЬМІНО́ГІ (Octopoda),
атрад галаваногіх малюскаў. Васьміногаў і зрэдку ўсіх буйных галаваногіх малюскаў наз. спрутамі. 11 сям., каля 40 родаў, 200 відаў. Пашыраны ў марскіх водах да глыб. 8000 м ад Арктыкі да Антарктыкі. Донныя, прыдонна-планктонныя і планктонныя жывёлы. Найб. вядомыя васьміног звычайны (Octopus vulgaris, васьміног глыбакаводны блінападобны (Opistoteuthis depressa), васьміног глыбакаводны бязвокі (Cirrothauma murrayi) і інш.
Даўж. тулава 1—60 см, са шчупальцамі («рукамі») — да 3—6 м (зрэдку да 9,6 м), маса да 50—100 кг (зрэдку да 270 кг). Цела авальнае, мяшэчкападобнае, галава слаба адасоблена ад тулава. 8 «рук» часта аб’яднаны паміж сабой тонкай перапонкай з прысоскамі. У мелкаводных васьміногаў ёсць залоза, з якой пры абароне выпускаюць чарнільную вадкасць. Васьміногі глыбакаводныя маюць органы свячэння. Актыўныя драпежнікі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,
характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.
Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз.гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУЛЬ (кірг. гарачае возера),
бяссцёкавае возера ў Кыргызстане, у Паўн. Цянь-Шані, у межах Ісык-Кульскай катлавіны, на выш. 1608 м. Пл. 6236 км² (па інш. даных 6330 км²). Даўж. 178 км, шыр. да 60 км, глыб. да 668 м. Пл. вадазбору 21,9 тыс.км². Упадае больш за 50 рэк; найб. з іх Джэргалан і Цюп. Берагі расчлянёны слаба, глыбокія залівы толькі на У і ПдУ. Зімой не замярзае. Т-ра вады на паверхні летам да 20, зімою каля 2,7 °C. Вада саленаватая (каля 6%). Рыбалоўства (голы асман, чэбак, сазан, марынка, стронга). Суднаходства. Асн. парты: Рыбачае і Прыстань-Пржавальск. На І.-К. курорты Чалпон-Ата і Тамга. Возера ў складзе Ісык-Кульскага запаведніка. На беразе — магіла М.М.Пржавальскага. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖАНЫ́, лятучыя мышы (Microchiroptera),
падатрад гладканосых лятучых мышэй атр.рукакрылых. 20 сям., больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 15 відаў, найб. пашыраны вячэрніца рыжая (гл.Вячэрніцы), начніцы вадзяная і вусатая (гл.Начніцы), вушан звычайны, нетапыр-карлік і кажан двухколерны. Селяцца ў пячорах, дуплах дрэў, на гарышчах. Утвараюць калоніі.
Даўж. цела да 14 см. Зубы дробныя, вострыя. Зрок развіты слаба. Арыентуюцца ў прасторы з дапамогай рэхалакацыі. Гетэратэрмныя (у перыяд спакою т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя). Ва ўмовах умеранага і халоднага клімату зімой упадаюць у спячку, некат. мігрыруюць. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці Большасць насякомаедныя. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў і 3 падвіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЖА,
рака ў Крупскім р-не Мінскай вобл. і Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бобр (бас.р. Дняпро). Даўж. 77 км. Пл. вадазбору 530 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Шынкі Крупскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, у сярэднім цячэнні (часткова) і ў нізоўі — праз лясныя масівы. Асн. прытокі: Бярозка, Казлянка і Мясрэда (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у ніжнім цячэнні невыразная. Схілы пераважна спадзістыя, слаба парэзаныя далінамі прытокаў і каналаў. Пойма двухбаковая часам чаргуецца па берагах, шыр. 200—400 м. Рэчышча сярэднязвілістае, на некаторых участках выпрастана. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі да 8 м, у ніжнім цячэнні 10—20 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,4 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТО́ЛЫ, гідроксінафталіны,
вытворныя нафталіну з адной ці некалькімі гідраксільнымі групамі ў малекуле. Маюць агульную ф-лу C10H8−(OH)11, дзе n = 1—3 і болей.
З’яўляюцца прамежкавымі прадуктамі ў сінтэзе азафарбавальнікаў.
Бясколерныя крышт. рэчывы з характэрным пахам. Добра раствараюцца ў этаноле, дыэтылавым эфіры. бензоле, хлараформе, шчолачах, мала — у вадзе. Пры награванні ўзганяюцца. Паводле хім. уласцівасцей — тыповыя фенолы. Найб. пашыраны монанафтолы 1-Н. (нафталінол-1) і 2-Н. (нафталінол-2). Выкарыстоўваюць 1-Н у вытв-сці заацыдаў (напр., 1-нафтылмачавіны), 2-Н. як моцны антысептык, антыаксідант шкіпінару і каўчукоў, яго этылавы эфір (нералін) як пахучае рэчыва ў парфумерыі. 2-Н. слаба раздражняе скуру, слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, ГДК 0,1 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБО́Й ДЫЭЛЕ́КТРЫКА,
страта дыэлектрыкам ізаляцыйных уласцівасцей пад уздзеяннем эл. поля. У цвёрдых дыэлектрыках суправаджаецца ўтварэннем праводнага (прабойнага) канала і мае неабарачальны характар. Газы (поўнасцю) і вадкасці (часткова) аднаўляюць свае дыэл. ўласцівасці пасля прабою.
Асн. характарыстыкі: эл. трываласць (найменшая напружанасць эл. поля, пры якой адбываецца П.д.) і прабіўное напружанне (найменшае напружанне на дыэлектрыку, якое вядзе да прабою). Адрозніваюць цеплавы і эл. П.д. Цеплавы прабой абумоўлены парушэннем раўнавагі паміж выдзеленай і адведзенай цяплотамі, у выніку чаго павялічваецца т-ра дыэлектрыка. Рост т-ры ў сваю чаргу вядзе да павелічэння электраправоднасці ўзору і працэс набывае лавінападобны характар. Эл. трываласць дыэлектрыка змяншаецца з ростам т-ры навакольнага асяроддзя і таўшчыні ўзору. Электрычны прабой абумоўлены ўтварэннем электроннай лавіны. Эл. трываласць слаба залежыць ад т-ры і павялічваецца з памяншэннем таўшчыні ўзору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ, граныя песні. Адносяцца да веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Выконваліся на заключным этапе веснавых свят і абрадаў усх. славян — на русальны, або граны, тыдзень (гл.Русаллі), звязаны са стараж. вераваннямі пра русалак. Сярод Р.п. вылучаюцца песні, што непасрэдна звязаны з русальным абрадам (адлюстроўваюць і суправаджаюць яго), і песні, тэматычна слаба звязаныя з абрадам. У песнях, як правіла, указваюцца час і месца абраду, русалкі просяць у людзей адзежу ці ваду, каб ажывіцца. Вобраз русалкі ў Р.п. не пазбаўлены супярэчнасцей, як і наогул нар. ўяўленні пра яе. З аднаго боку, яна — ахоўніца багатага ўраджаю, а з другога — шкодная істота, супраць якой засцерагаліся пры дапамозе ахоўнай магіі. Такая дваістасць вобраза — вынік узаемапранікнення нар. язычніцкіх вераванняў і хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІФЛЮ́КЦЫЯ (ад лац. solum глеба + fluctio выцяканне),
павольнае спаўзанне глеб і рыхлых грунтоў па схілах у працэсе іх прамярзання і адтавання і пад уплывам сілы цяжару. Адзначаецца на схілах 2—5° і больш, пераважна ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты і сезоннага прамярзання грунтоў. С. садзейнічаюць актыўнае раставанне снегу і моцныя ліўні. Скорасці спаўзання звычайна складаюць некалькі сантыметраў за год, пры хуткіх зрушэннях на больш стромкіх схілах дасягаюць соцень метраў за гадзіну. С. прыводзіць да ўтварэння спецыфічных форм мярзлотнага рэльефу — саліфлюкцыйных тэрас, валоў, град і інш. На тэр. Беларусі С. была пашырана ў перыяд адступання ледавікоў у антрапагенавы перыяд. У сучасных умовах развіта слаба, дробныя формы С. трапляюцца на схілах Мінскага, Навагрудскага ўзвышшаў, Мазырскай грады, у далінах рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць і некат. малых рэк.