заты́чка і за́тычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Тое, чым затыкаюць што‑н. Гумно было адамкнёна, а ў прабоі тырчала звычайная драўляная затычка, прывязаная да прабоя канаплянаю вяровачкай. Дамашэвіч. Раз-пораз Карней Адамавіч адкрываў затычку ў сцяне і праз шчылінку пазіраў на дарогу. Жычка. // перан. Пра таго, кім часта замяняюць, падмяняюць каго‑н. — Калі выбралі мяне старшынёю, дык і слухайцеся, а не хочаце — скідайце, — гаварыў Тамаш. — А толькі я затычкай не буду. Гурскі.
•••
Ад усіх дзірак (бочак) затычка — пра чалавека, які любіць умешвацца не ў свае справы.
Затычка ад пустой бочкі — пра непатрэбнага, лішняга чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
межава́цца, мяжуюся, мяжуешся, мяжуецца; незак.
1. з чым і без дап. Мець агульную мяжу, быць сумежным. Мяжуюцца сенажаці суседзяў. Сталовы пакой мяжуецца з кухняй. □ Жыта межавалася з бульбаю, ячмень з грэчкаю і пры аўсе ліпела палоска льну. Чорны. // перан.; з чым. Быць блізкім да чаго‑н. Даверлівасць .. да знаёмых і таварышаў межавалася з дзіцячай непасрэднасцю і наіўнасцю. Хведаровіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), з чым. Перамяжоўвацца, чаргавацца. Любіць [янот] вялікія пералескі, якія мяжуюцца з паплавамі. В. Вольскі. [Слабодкі] забудоўваюцца без плана.. Даўжэзныя баракі мяжуюцца з наспех збітымі хацінамі і зямлянкамі. Жычка.
3. Зал. да межаваць (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазбы́цца, ‑збудуся, ‑збудзешся, ‑збудзецца; зак., каго-чаго і ад каго-чаго.
1. Збавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Пазбыцца клопатаў. Пазбыцца памылак. □ Кожнаму хацелася пачуць больш дакладна: як будзе з зямлёю для сялян? Калі пазбудземся асаднікаў? Пестрак. Гэты жудасны малюнак стаіць у мяне перад вачыма, і я не магу ад яго пазбыцца. Жычка. Лес пасвятлеў, пабялеў і пазбыўся свае хмурай панурасці пад белаю чысцюткаю посцілкаю. Колас. // Пазбегнуць чаго‑н. Пазбыцца хочаш ты бяды і хочаш праўду бачыць вокам? Дубоўка.
2. Разм. Страціць што‑н. Пазбыцца спакою. □ Як старым-старым стаў Янка, Як пазбыўся сілы ўдалай, — Баяў байкі-казкі ўнукам. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пішча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіць піск (пра птушак і некаторых жывёл). Пішчалі шустрыя маладыя шпачкі. Сачанка. У блізшай кане чуваць было, як пішчалі мышы... Лобан. // Выдаваць пісклівыя гукі (пра нежывыя прадметы). Пішчала, курчылася ад гарачыні на скаварадзе яечня. Васілевіч. І калёсы гадоў пяць мо не мазаныя. Восі аж пішчаць. Жычка.
2. Плакаць або смяяцца тонкім голасам (пра дзяцей). Петрык рад — ручкамі махае і пішчыць ад радасці. Крапіва.
3. Гаварыць або спяваць тонкім пісклявым голасам. — Вобыск у вас трэба зрабіць! — пагард[лів]а, пакручваючыся на вываксаваных крывых ботах, пішчаў жандар. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сваво́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто сваволіць; гарэза, дуронік. Варта.. [Даты] было выскачыць са школы, як за ёй са свістам гналася чарада свавольнікаў. Ракітны. — Ой, даскачашся, свавольнік, — Алена Антонаўка ківае.. пальцам. Жычка.
2. Свавольны чалавек; упарты, неслух. — Што ты робіш з мамаю, свавольнік! — ужо з ласкавай грозьбай гаварыла яна, і ў голасе чутны былі слёзы.. — Цябе ж траха машына не пераехала. Скрыган.
3. Несур’ёзны, легкадумны чалавек. [Гарошка:] — Не хапала, бачыце, яму [Рыгору Маркавічу], свавольніку, дзяўчат у сваім сяле, закахаўся ў беразаўчанку. Краўчанка. / у перан. ужыв. Эх, свавольнік палявы [вецер], Здзёр панаму з галавы! Калачынскі. Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спружы́на, ‑ы, ж.
1. Пругкая металічная палоска, спіраль і пад., якая, з’яўляючыся дэталлю механізма, процідзейнічае ціску. Баявая спружына. □ Верх у той шапцы трымала з сярэдзіны сталёвая спружына, і ён быў увесь напяты, роўненькі і круглы. Краўчанка. Адзін [крот] залез галавой у пастку, спружына пераціснула яму шыю. Жычка.
2. перан.; чаго або якая. Рухаючая сіла чаго‑н. Сапраўды, выяўленне спружын грамадскіх паводзін чалавека — велізарная каштоўнасць мастацтва. Перкін. Пісьменнік .. хоча сам стаць у .. становішча [героя], зразумець унутраных спружыны яго паводзін. Кучар.
•••
Як на спружынах — вельмі хутка, энергічна. Дзед, як па спружынах, падхапіўся (адкуль той і спрыт узяўся!) і пекануў у каршуна. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сушы́цца, сушуся, сушышся, сушыцца; незак.
1. Трацячы вільгаць, станавіцца сухім, сушэйшым; прасушвацца (пра што‑н. мокрае, вільготнае і пад.). Паміж сосен была нават нацягнута вяроўка і, зусім як на дачы, сушылася бялізна. Карпаў. [Гаспадар] хадзіў па панадворку і ганяў індыкоў ад пшаніцы, якая сушылася на разасланых посцілках каля ганка... Чарот.
2. Сушыць на сабе мокрую вопратку, абутак. [Мірон і Віктар] увесь час пільнавалі агонь, грэліся, сушыліся. Маўр.
3. Трацячы вільгаць, засушвацца, высушвацца. Праз усё лета на вешалках пад застрэшшамі сушацца тварожныя сыры. Чорны. Грыбы перабіралі і клалі ў печ, закрывалі засланкай. Яны там сушыліся, моцна пахлі. Жычка.
4. Зал. да сушыць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узро́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Колькасць часу, гадоў, пражытых ад нараджэння, пачатку росту; перыяд, ступень у развіцці, росце чалавека, жывёлы, расліны. Ва ўзросце трох год. Людзі аднаго ўзросту. Дзіцячы ўзрост. Сталы ўзрост. □ [Шайдак:] — Мне ішоў тады пятнаццаты год. Узрост, ведаеце які: усё хочацца ведаць, усюды паспець. Жычка. За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Колас. Толькі на Палессі можна яшчэ любавацца дубамі, узрост якіх дасягае добрых шасці стагоддзяў. В. Вольскі.
•••
Бальзакаўскі ўзрост — узрост ад 30 да 40 год, уласцівы гераіням бальзакаўскіх раманаў, якія ў гэты перыяд захавалі свежасць і маладосць пачуццяў.
Выйсці з узросту гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фурго́н, ‑а, м.
1. Крытая конная павозка. А побач з Насцяй цягнуць коні Фургон закрыты, а ў фургоне Герой мой, прапаршчык Дзяжа. Колас. Як расказваюць старажылы, конка добра бегла пад гару, а на пад’ёмах нават чатыры кані не маглі цягнуць цяжкі фургон. Жычка. Насустрач ім выехаў нейкі старамодны фургон, запрэжаны тройкай добрых коней. Шамякін.
2. Закрыты кузаў на аўтамашынах, прычэпах, калёсах для перавозкі грузаў. З хлебнага фургона, рэзка затармазіўшы машыну, выскачыў шафёр і кінуўся цераз вуліцу наперарэз гасцям з Афрыкі, хочучы сказаць ім нешта важнае... Навуменка. Па калдобістай дарозе імчацца магутныя грузавікі, фургоны рамонтных майстэрань, аўтакрамы... Хведаровіч.
[Фр. fourgon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шрот, ‑у, М шроце, м.
1. зб. Дробныя свінцовыя шарыкі, якія разам з порахам служаць зарадам для паляўнічых стрэльб. Дазвол далі Грыгору паляваць у графскіх лясах, яшчэ і пораху і шроту выдалі. Колас. У стрэльбе быў добры зарад шроту. Корбан.
2. зб. Спец. Адходы пасля выціскання алею з насення алейных раслін, якія ідуць на корм жывёле.
3. перан. Пра тое, што сваім знешнім выглядам і ўласцівасцямі нагадвае такія шарыкі. Вадзяны шрот сыпаўся нам на шапкі, на целагрэйкі, сек па каленях. Ермаловіч. Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары — Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны. Жычка.
[Ням. Schrot.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)