1) аўтамабіль (звычайна павышанай праходнасці) з воданепранікальным кузавам, аснашчаны рухачом (грабным вінтом, вадамётным прыстасаваннем) для руху па вадзе, вадзяным рулём і помпай для адпампоўвання вады з кузава. Для пераадолення стромкіх пад’ёмаў пры выхадзе на бераг «амфібію» абсталёўваюць лябёдкай. Прызначаны для перапраўкі людзей і грузаў цераз рэкі, азёры і інш. 2) Самалёт «амфібія» — гідрасамалёт, прыстасаваны таксама для ўзлёту з сушы і пасадкі на сушу з дапамогай колавых шасі. Абслугоўваюць пасаж. авіялініі ў раёнах узбярэжжа, рыбныя і зверабойныя промыслы і інш. 3) Аэрасані-«амфібія» — аэрасані, у якіх кузаў на лыжах заменены для лепшай праходнасці адной лодкай-лыжай, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе і па вадзе, мелкаводных рэках, забалочаных вадаёмах, лёдзе з праталінамі. Выкарыстоўваюцца для сувязі, у палярных экспедыцыях і г.д. 4) Баявая або транспартная машына (танк, БТР і інш.), здольная перамяшчацца па сушы і вадзе. Плывучасць «амфібіі» забяспечваецца неабходным водазмяшчэннем яе герметызаванага корпуса, на вадзе — вадаходным рухачом (грабныя і паветр. вінты, гусенічныя ланцугі і вадамёты). Распрацоўка «амфібіі» пачалася ў час 1-й сусв. вайны, першыя ўзоры танкаў-«амфібія» зроблены ў Францыі і ЗША у пач. 1920-х г. На ўзбраенне Чырв. Арміі танкі-«амфібіі» паступілі ў пач. 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну «амфібію» шырока выкарыстоўваліся ўзбр. сіламі ЗША СССР і інш. краін.
Да арт.«Амфібія». Аўтамабіль-«амфібія».Да арт.«Амфібія». Паплаўковы гідрасамалёт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ,
горад, цэнтр Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., чыг. ст. на лініі Крулеўшчына—Варапаева, на аўтадарозе Полацк—Вільня. За 200 км ад Віцебска. У межах горада азёры Кагальнае і Вялікае. 18,5 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1414. У розны час належала Зяновічам, Корсакам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 16 ст. мястэчка. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. У ходзе войнаў Лівонскай (1558—83) і Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) Глыбокае займалі рус. войскі. У канцы 16—18 ст. заснаваны кальвінскі збор, касцёл св. Міхаіла, царква Тройцы, Ільінская капліца, сінагога. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Дзісенскага пав. У 1897 у Глыбокім 5564 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. 9,7 тыс.ж. (1939). З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Глыбоцкага р-на. У Вял.Айч. вайну з 2.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., стварылі Беразвецкі лагер смерці. 7,3 тыс.ж. у 1959, 11,9 тыс.ж. у 1970.
Прадпрыемствы харч. (Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, Глыбоцкі кансервавы завод, камбікормавы завод і інш.), мясц. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Глыбоцкі Троіцкі касцёл, Ільінская капліца, Мемарыяльная калона (абедзве — канец 18 ст.). Магілы сав. і італьян. ваеннапалонных, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬСКІ ПАЎВО́СТРАЎ.
На ПнЗ еўрапейскай ч. Расіі, у складзе Мурманскай вобл. Абмываецца Баранцавым м. на Пн і Белым м. на Пд і У. Зах. мяжой лічыцца мерыдыянальная ўпадзіна, якая цягнецца ад Кольскага заліва па даліне р. Кола, воз. Імандра і р. Ніва да Кандалакшскага заліва. Пл. каля 100 тыс.км². Берагавая лінія слабапарэзаная. Паўн. бераг стромкі і высокі, паўд. — нізінны, спадзісты. У зах.ч. горныя масівы: Хібіны (г. Часначор — 1191 м) і Лаўазёрскія тундры (1120 м). Усх.ч. больш плоская, раўніннасць парушаецца водападзельнай градой Кейвы. К.п. з’яўляецца паўн.-ўсх. ускраінай Балтыйскага шчыта і складзены пераважна крышт. пародамі дакембрыю і ніжняга палеазою. Карысныя выкапні: апатыта-нефелінавыя, нікелевыя і жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат на ўзбярэжжы мяккі, знаходзіцца пад уплывам цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння, ва ўнутр. раёнах слаба кантынентальны (умерана халодная снежная зіма, халаднаватае і вільготнае лета). Сярэдняя т-растудз. ад -8 °C (на Пн) да -13 °C (у цэнтры), летнія адпаведна 8 і 14 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Рэкі парожыстыя, найб.: Паной, Варзуга, Іоканьга, Умба, Ніва, Тулома. Найб.азёры: Імандра, Умбвозера, Лаўвозера. На Пн паўвострава тундра і лесатундра, на Пд таежныя лясы з хвоі, елкі, бярозы. Глебы падзолістыя і балотныя, на Пн тундравыя. На К.п. Лапландскі і Кандалакшскі запаведнікі. Гал. горад і порт Мурманск. Гаспадарку гл. ў арт.Мурманская вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫ КО́МПЛЕКС,
1) спалучэнне заканамерна размешчаных ледавіковых адкладаў і форм рэльефу, якія сфарміраваліся ў выніку геал. і геамарфал. дзейнасці ледавікоў. У рэльефе выражаны градамі канцовых марэн, дугападобна выгнутых у напрамку руху ледавіка, з унутр. боку па ходу ледавіка размешчаны ўзгорыста-марэнныя ці азёрна-ледавіковыя раўніны, камы, озы, друмліны, з вонкавага — маргінальныя озы, флювіягляцыяльныя тэрасы і дэльты, конусы вынасу, лагчыны сцёку, зандравыя раўніны, іншы раз ледавіковыя азёры Перад краявымі градамі пры нахіле паверхні ў іх бок могуць быць роўныя ўчасткі донных адкладаў (алеўрытавы матэрыял і стужачныя гліны) стараж. азёрна-ледавіковых вадаёмаў. Ў кожнае са стараж.зледзяненняў асобнай ледавіковай лопасці адпавядае асобны Л.к. На Беларусі ў межах паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў вылучаюць больш за 70 Л.к. Ледавіковыя адклады складаюць да 88% аб’ёму чацвярцічнага покрыва Беларусі. Звычайна ў іх аснове ляжаць водна-ледавіковыя адклады, потым марэнны гарызонт, флювіягляцыяльныя адклады, якія пераходзяць у міжледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і інш. Адклады Л.к. часцей утвараліся ледавіком, які наступаў. Характэрны павелічэнне матэрыялу ўверх па разрэзе, частая і рэзкая змена саставу, пакамечанасць і дыслацыраванасць слаёў, наяўнасць блокаў і лінзаў іншага саставу, адорвеняў. Для адкладаў ледавіка, які адступаў, характэрна памяншэнне буйнасці ўверх па разрэзе.
2) Адзінае ледавіковае цела, якое складаецца з ледавікоў розных марфал. тыпаў. У гэтым сэнсе вылучаюць Л.к. мацерыковыя, астраўныя, горна-покрыўныя, горных хрыбтоў і канічных вяршынь, плато, схілаў і перадгор’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
прэ́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае дастатковай колькасці солі або зусім пазбаўлены яе; не салёны. Прэсная вада.// Які змяшчае ў сабе такую ваду. Прэсныя азёры. □ Рачныя вугры большую частку жыцця праводзяць у прэсных вадаёмах і толькі для нерасту ідуць аж недзе ў акіян, пасля гэтага яны гінуць.Гурскі.
2. Прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку. Юшка не ўдалася. Зварылі яе шмат, і таму не хапіла ні солі, ні спецый. Рыба, як трава, прэсная, не лезла ў горла.Асіпенка.
3. Прыгатаваны без закваскі, не квашаны. Прэсны хлеб. Прэсны корж.
4.перан. Пазбаўлены вастрыні, займальнасці, жывасці; сумны. Прэсныя жарты. □ — Не! Трэба нарэшце вырвацца з-пад улады гэтай прэснай ідыліі! Трэба ўзняцца над ёю самому і ўзняць, вырваць адгэтуль Люду!Брыль.Вядома, ён гаворыць і робіць усё правільна, але сам Туміловіч — чалавек сумны і прэсны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.Буднікам, Я.Глебавым, Э.Зарыцкім, І.Лучанком, Ю.Семянякам, Л.Захлеўным, У.У.Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ШЧАРДАЎСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я, на Пн Віцебскай вобл. (усх. частка Расонскага р-на) і ў Расіі (большая частка). На Беларусі мяжуе з Полацкай нізінай, працягнулася з Пн на Пд на 22 км, з 3 на У на 29 км. Пл. 650 км². Выш. 180—220 м, найб. 224 м (на ПнУ).
Прымеркавана да Латвійскай седлавіны. Магутнасць асадкавага чахла да 300 м. Вылучаны адклады валдайскай серыі верхняга дакембрыю (пясчаныя і пясчана-гліністыя), ардовіку (вапнякі, мергелі, даламіты), дэвону (стракатаколерная пясчана-гліністая тоўшча). Антрапагенавыя адклады (магутнасць 30—60 м) складзены з валунных супескаў і суглінкаў, участкаў маламагутнага покрыва водна-ледавіковых асадкаў. Фарміраванне ўзвышша звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення.
Сучасны рэльеф сярэднеўзгорысты і ўзгорыста-западзінны, ускладнены камамі і азёрнымі катлавінамі. Ваганні адносных вышынь 10—25 м. Марэнныя ўзгоркі складзены з валунных суглінкаў, супескаў, камавыя — з пяску з уключэннем жвіру і галькі. Трапляюцца озавыя грады з пяскоў, жвіру і валунна-галечнага матэрыялу з марэнным чахлом. Сярэднія т-ры студз. 8,4 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 629 мм за год. Н.ў. дрэніруюць р. Дрыса і яе правыя прытокі. Азёры Нешчарда, Усвечча, Валоба, Межава і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя. Пад лесам каля 40% тэрыторыі. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі на вяршынях і стромкіх схілах узгоркаў. Пераважаюць бары, субары, ельнікі, па далінах рэк і азёр з дамешкамі дубу. Па паніжэннях бярозавыя і альховыя лясы. Пад ворывам 15% тэрыторыі.
Нешчардаўскае ўзвышша ў Расонскім раёне Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТЫ́НЯ,
занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл.Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч.тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт.Пустынныя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБО́ДКА,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў—Друя. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнУ ад г. Браслаў, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Друя. 860 ж., 387 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, абл. псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Лабараторыя азёразнаўства БДУ, турысцкая база нац. парку Браслаўскія азёры, летнія базы адпачынку. Помнік архітэктуры — Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Каля вёскі 2 гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.
У гіст. крыніцах вядома таксама пад назвамі Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова. Упершыню ўпамінаецца ў 1618 як паселішча Друйскага двара. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 згадваецца як мяст. Слабада. У 18—19 ст. адносілася да маёнтка Завер’е, што належала Мірскім. У 1806 С.Мірскі фундаваў буд-ва мураванага касцёла. У сярэдзіне 19 ст. С. — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., 303 ж., 27 двароў, валасное праўленне, пазыковая каса, касцёл. У 1865 адкрыта нар школа. 643 ж., 124 двары (1897). У 1-ю сусв. вайну побач з мястэчкам пабудавана вузкакалейка, якая ў 1920—60-я г дзейнічала як пасажырская лінія. Летам 1919 С. была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстання «зялёных». З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 1931 у С. 848 ж., 146 двароў, чыг. станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не.
1. Стаць у нейкім парадку, на нейкім месцы — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Пастаць у рад. □ Браты пасталі па абодва бакі, пачалі мыць рукі.Лобан.Салдаты пасталі паўкругам каля прамоўцы.Грахоўскі.З бакоў шарэнгай роўнай пасталі камяніцы...Аўрамчык.
2. Спыніцца — пра ўсіх, многіх. Убачыўшы Машу яшчэ каля сасонніку, .. [жанчыны] ўсе, як адна, пасталі і .. глядзелі на яе.Шамякін.
3. Ужываецца ў складзе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑н. або якім‑н. — пра ўсіх, многіх. А потым, калі .. ўсталявалася, аціхла — Радчукі зноў леснікамі пасталі.Сачанка.Вайна толькі паскідала наноснае, людзі пасталі самі сабой.Карпюк.
4. Узяцца за нейкую справу, распачаць работу ў стаячым становішчы — пра ўсіх, многіх. Тыя, якія раней за іншых адвязаліся ад сваіх парашутаў без усялякай каманды, механічна, пасталі з аўтаматамі на варту.Чорны.
5. Утварыцца, узнікнуць у вялікай колькасці. Азёры пастануць у лагчынах за адну гадзіну — такія спорныя былі тады дажджы.Калюга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)