пераме́на, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераменьваць — перамяніць.

2. Замена аднаго другім. Дзедава настаўленне было доўгім. Усе яго часткі вялі да таго, каб коні не адчулі перамены гаспадара-даглядчыка. Ермаловіч.

3. Змена, паварот да чаго‑н. іншага. Яшчэ адна вялікая перамена сталася з Лукавіцыным — ён стаў шчырым беларусам. Крапіва.

•••

Перамена дэкарацый — пра змену абставін, агульнага выгляду чаго‑н. і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераспе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі спелы. У паветры адчуваўся пах пераспелага рамонку і прэлага жаўталісця. Хведаровіч. На старым вішняку дзе-нідзе чарнелі буйныя пераспелыя ягады. Ігнаценка.

2. перан. Разм. іран. Які выйшаў з гадоў, узросту, уласцівага якому‑н. становішчу. Пераспелая нявеста. □ Пераспелы кавалер, калі Казік Сядзёлка ў свае трыццаць з лішкам год усё яшчэ не дабраў часу наладзіць асабістае жыццё. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераста́рак, ‑рка, м.

Разм.

1. Той, хто стаў старым для чаго‑н.; які перасягнуў мяжу адпаведнага ўзросту. «Вывучуся яшчэ. Не перастарак, маё ад мяне не ўцячэ. Вернецца Барыс, тады тое будзе», — падахвочвала часам бацьку і сябе дзяўчына. Пальчэўскі.

2. Старая дзеўка. [Антаніна] была перастарак, даўно заседзелася ў дзеўках і хоць добры мела пасаг, ніхто не квапіўся на яе багацце. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перуно́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да перуна (у 1 знач.). Чорнае дупло, у якім хаваліся ад дажджу, стала яшчэ большае, ды верхавіна ад перуновага ўдару крыху расшчапілася і засохла. Ляўданскі. Спевы, грукат перуновы Слухаць буду рад, Толькі не грымі ты, лесе, Грукатам гармат. Русак.

2. перан. Аглушальны, вельмі моцны, гулкі. Размахнуўся з-за пляча гранатай — Раз! — і грымнуў перуновы выбух. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́мста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Адплата за прычыненае зло. Ідуць, закованыя ў сталь, На нас драпежнікі і каты... Народ, на бой рашучы устань! Устань для помсты і расплаты! Крапіва. // Жаданне адпомсціць. І ў самых запаветных тайніках .. [Міхасёвай] мары гарыць яшчэ незгасальная іскра помсты самому каменданту .. за смерць бацькі. Якімовіч.

•••

Кроўная помста — помста забойствам за забойства сваяка як перажытак родавага ладу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праку́длівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які любіць пракудзіць; свавольны, гарэзлівы. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Істота нябачная, але надзвычай пракудлівая. Мала таго, што сама не любіць працаваць, дык і мяне падбухторвае на гэта. Пальчэўскі. // Які з’яўляецца свавольствам, штукарствам. Шэйдак ведаў: за Людку няма каму заступіцца,.. яшчэ больш выдумляў розных пракудлівых рэчаў і не даваў ёй спакойна сядзець. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Зрабіць абмен, абмяняць. — І яшчэ адно, Андрэй Ігнатавіч, — шэптам загаварыў барадач, — трэба збыць тавар, прамяняць на чырвонцы, з імі спакайней... Якімовіч. // на каго-што. Адмовіўшыся ад каго‑, чаго‑н., аддаць перавагу другому. Ну і кожны з хлопцаў бадай што роднага бацьку прамяняў бы на .. [Піліпа]. Кулакоўскі. — Самасад ні на якія папяросы не прамяняю, — заявіў .. [Васіль], згортваючы цыгарку. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Адолеўшы перашкоды, прайсці, прарвацца праз што‑н. А тут карнікі абклалі так, што нідзе не праткнуцца, толькі вось гэты краёчак балота аставаўся яшчэ не закрыты. Быкаў.

2. Прайсці праз што‑н. наскрозь. Хоць сонца ўзнялося, Па возеры дымна: Туман — нават промню Сюды не праткнуцца. Калачынскі.

3. Быць праткнутым. Папера праткнулася. Мех праткнуўся на цвік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., што.

Прымацаваць да чаго‑н. што‑н. ліпкае або чым‑н. ліпкім; прыклеіць. Прыляпіць аб’яву да сцяны. □ Янка прыляпіў свечку воддаль ад бочак і ўзяўся за работу. Ваданосаў. // перан. Разм. Даць каму‑н. (прозвішча, мянушку). [Доктарку] Рыгор добра ведаў. Яшчэ пазалетась на практыцы пазнаёміўся і мянушку ёй прыляпіў: «Сучок». Б. Стральцоў. // Разм. Прырабіць, прымацаваць да чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыплы́сці і прыплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. прыплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

Плывучы, дасягнуць якога‑н. месца, прыбыць куды‑н. У тыю ж ноч, пад раніцу, прыплылі на лодцы са старым рыбаком дзедам Лаўрэнам Цімох Бураў і Алена Рыгораўна. Шамякін. Шмат год таму назад, калі яшчэ на месцы сённяшняй сталіцы Ісландыі было голае месца, першымі сюды прыплылі нарманы. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)