ЗАПАВЕ́ДНІКІ,

1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл. Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».

Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн. га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.

На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.

2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.

Літ.:

Заповедники и национальные парки мира. М., 1969;

Заповедники Белоруссии: Исслед. Вып. 1—6. Мн., 1977—82;

Заповедники СССР: [Справ.]. М., 1980;

Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993;

Березинский биосферный заповедник. Мн., 1996.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІКІ,

прадстаўнікі адной з плыней рас. грамадскай думкі 1840—50-х г., якія выступалі за развіццё Расіі па зах.-еўрап. шляху. Сярод З. пераважалі дваране, былі таксама разначынцы і выхадцы з багатага купецтва. Да З. належалі: літаратары П.Я.Чаадаеў, І.С.Тургенеў, М.​А.​Мельгуноў, В.​П.​Боткін, П.​В.​Аненкаў, вучоныя Ц.М.Граноўскі, С.М.Салаўёў, К.​Дз.Кавелін, І.В.Вярнадскі і інш., прымыкалі пісьменнікі Дз.В.Грыгаровіч і І.А.Ганчароў, В.​М.​Майкаў, М.А.Някрасаў, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын і інш. У грамадскай барацьбе супраць «тэорыі афіцыйнай народнасці» і ў ідэйных спрэчках са славянафіламі 1840-х г. на баку З. выступалі і атаясамлівалі сябе з імі А.І.Герцэн, М.П.Агароў, В.Р.Бялінскі. З. супрацоўнічалі ў часопісах «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник», «Атеней», газ. «Московские ведомости» і інш. На філас. погляды З. значны ўплыў зрабілі творы зах.-еўрап. філосафаў Ц.Штрауса, Г.Гегеля, В.Баўэра, Г.Бокля і інш. Аснова іх светапогляду — запазычанае ў асветнікаў прызнанне вядучай ролі чалавечага розуму ў пазнанні, філас. асэнсаванні і практ. засваенні рэчаіснасці. Гіст. працэс З. ўспрымалі як прагрэс грамадства ад горшага да лепшага. Яны сцвярджалі самакаштоўнасць чалавечай асобы як носьбіта розуму, не прымалі патрыярхальную ідэю «сямейнага адзінства» памешчыкаў і іх прыгонных, былі прыхільнікамі хутчэйшага вызвалення сялян. З. лічылі «справядлівым» тое грамадства, дзе створаны ўсе ўмовы для існавання і самарэалізацыі асобы, крытычна ставіліся да парадкаў і сац. адносін у Зах. Еўропе, тлумачылі «заходні» шлях Расіі як перайманне лепшых рысаў зах.-еўрап. цывілізацыі. З. падзяляліся на т. зв. лібералаў (большасць), якія выступалі за мірныя, рэфарматарскія шляхі змен, і радыкалаў (лідэры А.​І.​Герцэн, і М.​П.​Агароў), якія дапускалі магчымасць рэв. змен у грамадстве. У 1860-я г. паміж радыкальнымі і ліберальнымі З. адбыўся рашучы разрыў. Многія тэарэт. палажэнні, выпрацаваныя З., сталі ідэалаг. асновай шэрагу радыкальных і ліберальных плыней рас. грамадскай думкі.

Літ.:

Сладкевич Н.Г. Очерки истории общественной мысли России в конце 50-х — начале 60-х гг. XIX в. Л., 1962;

Щукин В.Г. Русское западничество сороковых годов XIX в. как общественно-литературное явление. Краков, 1987;

Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,

устойлівая сістэма выразных сродкаў харэаграфічнага мастацтва. У ёй распрацаваны пазіцыі ног, рук, корпуса, галавы, асн. позы, рухі (прысяданні, скачкі, вярчэнні) са строга вызначанымі правіламі выканання. Асн. прынцып К.т. — вываратнасць (свабодны разварот ног вонкі ад сцягна), якая садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю магчымасцей чалавечага цела. Тэрмін «К.т.» узнік у Расіі ў 19 ст. і стаў агульнапрынятым для абазначэння пэўнага віду харэаграфіі ў адрозненне ад інш. відаў (народны танец, характарны танец, танец мадэрн).

К.т. склаўся гістарычна шляхам адбору найб. выразных, рэалістычна ўмоўных рухаў. Тэарэтычна сістэма К.т. распрацоўвалася з 16 ст. ў Італіі (Ф.​Кароза, Ч.​Негры і інш), Францыі (П.​Башан, Р.​Фёе, Ж.​Ж.​Навер і інш.), адкуль прыйшла асн. тэрміналогія, і ў Расіі. К.г. цесна звязаны з прафес. музыкай, якая дае вобразную і часавую аснову, вызначае змест, настрой, метрарытм танца. Муз. харэаграфічная рэформа П.​Чайкоўскага і М.​Петыпа адкрыла неабмежаваныя магчымасці для развіцця балетнага мастацтва. Рус. школа К.т. з яе нац. акрэсленасцю, высакароднасцю і драм. асэнсаванасцю пластычнай мовы зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі. На аснове яе традыцый фарміруюцца розныя нац. балетныя т-ры, у т. л. ў краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі і Афрыкі.

На Беларусі К.т. пачаў развівацца з сярэдзіны 18 ст. ў буйных прыватнаўласніцкіх т-рах, пры якіх існавалі школы, дзе зах.-еўрап. харэографы Л.Дзюпрэ, Ф.Г.Ле Ду, Г.Петынеці, А.Пуціні, Ф.Марыні, бел. балетмайстар А.Лойка і інш. навучалі прыгонных (гл. Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Слуцкая балетная школа, Шклоўская балетная школа, Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза). Пазней бел. артысты паспяхова працавалі ў буйных прафес. балетных трупах Варшавы, Пецярбурга і інш. Авалоданне сродкамі К.т. ляжыць у аснове сучаснай харэаграфічнай адукацыі, якая пачалася ў 1928 у харэаграфічным класе Бел. муз. тэхнікума, працягвалася ў 1930-я г. ў Бел. студыі оперы і балета і балетнай школе пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР, з 1945 у Дзяржаўным харэаграфічным каледжы Рэспублікі Беларусь, выпускнікі якога складаюць аснову трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;

М., 1963.

Ю.​М.​Чурко.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВЫЯ ЭСЭ́РЫ, левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры (інтэрнацыяналісты),

партыя сацыяліст. кірунку ў Расіі ў 1917—23. З пач. 1-й сусв. вайны існавалі як плынь, з лета 1917 — як фракцыя ў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў); як самаст. партыя аформіліся на сваім 1-м з’ездзе 19—28.11(2—11.12).1917 у Петраградзе. Яе лідэры: Б.​Д.​Камкоў, М.​А.​Натансон, М.А.Спірыдонава і інш. Цэнтр. орган — газ. «Знамя труда» (1917—18). У ліп. 1918 80 тыс. чл. Выступалі за неадкладную перадачу зямлі сялянам, за выхад Расіі з 1-й сусв. вайны, супраць кааліцыі з кадэтамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, галасавалі за дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, увайшлі ў ВЦВК (30 чл.), аднак адмовіліся ўвайсці ў сав. ўрад (СНК), патрабуючы стварыць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў сацыяліст. партый. З ліст. 1917 на пазіцыі Л.э. перайшла большасць эсэраўскіх арг-цый Беларусі. У студз. 1918 Л.э. ўвайшлі ў СНК (7 чал.). Выступалі супраць Брэсцкага міру 1918, а пасля яго ратыфікацыі (сак. 1918) выйшлі з СНК. Асуджалі палітыку бальшавікоў у адносінах да сярэдняга і заможнага сялянства, на сваім 2-м з’ездзе (крас. 1918) афіцыйна заявілі аб разрыве з імі. Улетку 1918 адбыўся леваэсэраўскі мяцеж 1918 у Маскве (6—7 ліп.), выступленні ў інш. месцах, у т. л. ў Оршы і Сянне (5—6 жн.), якія былі падаўлены. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў Л.э. са складу Саветаў, дзесяткі тыс. радавых чл. пакінулі партыю. У вер. 1918 з Л.э. вылучыліся партыі «народнікаў-камуністаў» і «рэв. камуністаў», якія ў 1920 увайшлі ў РКП(б). Большая ч. леваэсэраўскіх кіраўнікоў, у т. л. Спірыдонава, А.А.Ізмайловіч і інш. працягвалі змагацца супраць бальшавікоў у падполлі. Страціўшы ўплыў на масы, Л.э. ў 1923 самаліквідаваліся.

Літ.:

Литвин А.Л., Овруцкий Л.М. Левые эсеры: программа и тактика: (Некоторые вопр.). Казань, 1992;

Малашко А.М. К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. Мн., 1969;

Фельштинский Ю. Крушение мировой революции. Брестский мир, октябрь 1917 — ноябрь 1918. М., 1992.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЕ́ЛЬНАЕ ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,

сістэма сялянскага ўладання зямлёй у Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Утварылася ў выніку сялянскай рэформы 1861, дзяржаўных сялян рэформы 1866—67, чыншавай рэформы 1886, рэформ удзельных сялян і інш. З пераходам сялян на выкуп, зацвярджэннем выкупных і люстрацыйных актаў надзельныя (гл. Надзел) і частка арандаваных зямель сталі іх уладаннямі. Уласнікам гэтай зямлі да сталыпінскай аграрнай рэформы была дзяржава. Н.з. захоўвала напаўпрыгонніцкі характар. Продаж і дарэнне надзельнай зямлі былі вельмі абмежаваныя. Сялянам забаранялася закладваць яе нават пасля выкупу. У той жа час сял. надзельныя ўчасткі свабодна адчужаліся для дзярж. і грамадскіх патрэб. Усё гэта стрымлівала развіццё капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Н.з. існавала ў абшчыннай і падворнай формах. Падворная форма яго панавала ў Прыбалтыцы, зах. і цэнтр. паветах Беларусі, на Правабярэжнай Украіне, у Бесарабіі, Каралеўстве Польскім. У астатніх рэгіёнах еўрап. Расіі панавала абшчыннае землеўладанне. Памеры Н.з. ў розных катэгорый сялян былі неаднолькавыя. У 1905 у б. дзярж. сялян надзел на двор у сярэднім дасягаў 12,5 дзес., а ў б. памешчыцкіх сялян — 6,7 дзес. У сярэднім на памешчыцкую латыфундыю ў еўрап. Расіі прыпадала 2,2 тыс. дзес., а на сял. двор — 11,1 дзес. зямлі пры тым, што мінімальныя патрэбы сял. гаспадаркі мог забяспечыць надзел, не меншы як 15 дзес. На пач. 20 ст. з 12,3 млн. сял. двароў 6,2 млн. мелі да 8 дзес. зямлі, а 2,2 млн. — больш за 15 дзес. Паскораны працэс разлажэння сялянства вёў да малазямелля асн. масы сялян, якое ўзмацнялася натуральным ростам сял. насельніцтва, і надзел часта не мог пракарміць сял. сям’ю. Пашыралася арэнда зямлі, найперш памешчыцкай. Не менш за ​1/2 усёй зямлі, арандаванай сялянамі еўрап. часткі краіны, было сканцэнтравана ў руках сельскай буржуазіі (кулацтва), якая вяла на ёй капіталіст. гаспадарку. Рыначнай з’явай была купля зямлі сялянамі па-за межамі Н.з. Усяго з 1877 да 1905 сяляне еўрап. Расіі набылі 7,5 млн. дзес. зямлі, з якіх ад ​2/3 да ​3/4 знаходзілася ў руках кулацтва.

На Беларусі ў канцы 1870-х г. надзельныя землі (5535,7 тыс. дзес.) складалі ​1/3 ад агульнай плошчы прыдатнай зямлі, памешчыцкія і казённыя — больш за 75. У 1877 на сял. двор тут прыпадала ў сярэднім 14,6 дзес., у 1905—10,2, на памешчыка і памешчыцкі маёнтак адпаведна 1097 і 813 дзес. Пры гэтым надзел на двор б. казённых сялян у сярэднім быў роўны 17 дзес., а б. памешчыцкіх сялян — 13,8 дзес. У 1877 менш за 15 дзес. (мінімальна неабходны надзел) мелі 61,9% бел. сялянскіх гаспадарак, у 1905—84,5%. Ва ўсх. Беларусі (у Магілёўскай і бел. паветах Віцебскай губ.), дзе захаваліся абшчынныя надзельныя землі, перыядычны іх перадзел у асн. не ажыццяўляўся. У Магілёўскай губ. да 1904 агульныя і прыватныя перадзелы зямельныя не праводзіліся ў 88% сельскіх грамад. У Віцебскай губ. агульныя зямельныя перадзелы таксама адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем. Недахоп надзельнай зямлі абумоўліваў на Беларусі арэнду сялянамі пазанадзельных зямель. На мяжы 19—20 ст. арандаваныя бел. сялянамі пазанадзельныя землі складалі каля ​1/3 ад плошчы надзельнай зямлі. Адначасова бедната частку сваіх надзельных угоддзяў здавала ў арэнду заможным аднавяскоўцам. Побач з арэндай сяляне ўзмоцнена куплялі зямлю. На Беларусі плошча купленых імі зямель з 1877 да 1905 павялічылася ў 8,3 раза і дасягнула 21,5% ад надзельных. 82,1% сялянскай асабістай купленай зямлі тут належала заможным кулацкім вярхам вёскі. Землі, набытыя сял. грамадамі і т-вамі, таксама размяркоўваліся «па грошах» і траплялі пераважна ў рукі тых жа заможных гаспадароў. З часу сталыпінскай агр. рэформы сяляне атрымалі права выхаду з пазямельнай абшчыны і замацавання надзельнай зямлі ў асабістую ўласнасць без абмежаванняў. За час гэтай рэформы плошча Н.з. па Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. скарацілася: да 43% абшчынных зямель сталі асабістай уласнасцю сялян. За 1907—14 ў 5 зах. губернях 40 820 сялян прадалі свае атрыманыя ў асабістую ўласнасць надзелы (187,8 тыс. дзес.), якія перайшлі пераважна ў рукі сельскай буржуазіі. Н.з. ліквідавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у выніку нацыяналізацыі ўсёй зямлі.

Літ.:

Зайончковский П.А. Проведение в жизнь крестьянской реформы 1861 г. М., 1958;

Ленін У.І. Аграрнае пытанне ў Расіі к канцу XIX в. // Тв. Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч, Ж.​Б.​Чэпа.

т. 11, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕНА́Л (франц. arsenal),

установа для захоўвання ваеннай зброі і боепрыпасаў. Узніклі ў 16 ст. Да канца 19 ст. займаліся таксама вырабам, рамонтам і зборкай узбраення і боепрыпасаў. У Расіі гал. арсеналы былі ў Маскве, Пецярбургу, у Англіі — у Вуліджы, у Францыі — у Ліёне, у Германіі — у Мюнхене, у Італіі — у Турыне, у ЗША — у Спрынгфілдзе. У 20 ст., калі вытв-сць зброі была вылучана ў самастойную галіну прам-сці, арсеналы сталі выконваць функцыі базаў і складоў рознага прызначэння. У Францыі і ЗША арсеналамі наз. некаторыя суднабуд. заводы.

На Беларусі арсеналы (цэйхгаузы) будавалі ў вял. замках, абарончых вузлах гарадоў, сядзібна-палацавых комплексах. У мураваных або драўляных 1- або 2-павярховых будынках вылучаліся памяшканні, дзе захоўваліся гарматы, ручныя стрэльбы, халодная зброя, запасы пораху, ядраў, куль і інш. У 17—18 ст. арсеналы існавалі ў Слуцку, Крычаве, Бабруйску і інш. гарадах, у 19 ст. — у Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУ́РНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ.

Змяшчаюць матэрыялы па архітэктуры, будаўніцтве, абсталяванні будынкаў, добраўпарадкаванні населенай тэрыторыі. На Беларусі з 1970 выдаецца час. «Архитектура и строительство Беларуси» (4 нумары ў год). Матэрыялы па архітэктуры публікуюцца ў час. «Весці АН Беларусі» (серыя гуманітарных навук), «Мастацтва» і інш. У Расіі першы архітэктурны часопіс «Архитектурный вестник» выдаваўся ў 1859—61 у Пецярбургу, у 1872—1917 — час. «Зодчий» Пецярб. т-ва архітэктараў з дадаткам «Неделя строителя». У СССР выдавалася больш як 20 архітэктурных часопісаў, у т. л. «Современная архитектура» (1926—30), «Архитектура СССР» (1933—91), «Архитектура и строительство Москвы» і інш.

Найб. вядомыя замежныя архітэктурныя часопісы, якія шырока асвятляюць пытанні сучаснай архітэктуры, «Joournal of the Royal institute of British architects» («Часопіс Каралеўскага ін-та Брыт. архітэктараў», Лондан, з 1893); «Baumeister» («Будаўнік», Мюнхен, з 1902); «Werk» («Праца», Цюрых, Швейцарыя, з 1914); «L’architecture d’aujourd’hui» («Сучасная архітэктура», Парыж, з 1930), «L’architecture francaise» («Французская архітэктура», Парыж, з 1940) і інш.

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСМА́НАВЫ,

расійскі баярскі род канца 15 — пач. 17 ст.

Родапачынальнік Даніла Андрэевіч Пляшчэеў, празваны Басманам. Памёр у палоне ў ВКЛ пасля 1514. Аляксей Данілавіч (?—1570), ваенны і дзярж. дзеяч Расіі. З 1552 акольнічы, з 1555 баярын. Удзельнік Казанскіх паходаў 1545—52, Лівонскай вайны 1558—83, у т. л. аблогі і ўзяцця маскоўскімі войскамі Полацка ў 1563, і інш. Апрычнік, давераная асоба цара Івана IV Грознага, па загадзе якога забіты сынам Фёдарам. Фёдар Аляксеевіч (?—1570), фаварыт Івана IV. Краўчы (1567), камандуючы апрычнымі войскамі на Пд краіны (1569). Памёр у ссылцы. Пётр Фёдаравіч (?—17.5.1606), набліжаная да Барыса Гадунова асоба. Акольнічы (з 1599), баярын (з 1605). У 1605 перайшоў на бок Ілжэдзмітрыя I, стаў яго даверанай асобай; забіты разам з ім. Іван Фёдаравіч (?—вер. 1603), ваенны і дзярж. дзеяч. Акольнічы (з 1602) Забіты ў час задушэння Хлопка паўстання 1603. Пасля смерці двух апошніх мужчынская лінія роду Басманавых спынілася.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛГАРАД-ДНЯСТРО́ЎСКІ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Адэскай вобл. 65,6 тыс. ж. (1992). Порт на Днястроўскім лімане, за 18 км ад Чорнага м. Чыг. станцыя. Харч. (рыба- і сока-кансервавая, масла- і вінаробная, мясная і інш.), мэблевая, лёгкая прам-сць; вытв-сць мед. вырабаў, буд. матэрыялаў. Краязнаўчы музей.

Вядомы з 6 ст. да н.э. як стараж.-грэч. горад-дзяржава Тыра, на месцы якога ў 9 ст. ўсх.-слав. племя ціверцаў заснавала г. Белгарад. У 13 ст. ў складзе Галіцка-Валынскага княства, захоплены татарамі, якія назвалі яго Ак-Ліба. У 14 ст. належаў генуэзцам, у 15 ст. — Малд. княству (наз. Чатаця-Алба), з 1484 тур. крэпасць Акерман (Белы Камень, назва горада да 1944). 30.2.1806 заняты рус. войскамі і паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору 1812 адышоў да Расіі. У 1918 захоплены Румыніяй, у 1940 вернуты СССР. З 1944 цэнтр раёна ў Адэскай вобл.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 21.11(4.12).1904 да 16(29) 11.1905 у Мінску на рус. мове. У залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі часта мяняла кірунак. Спачатку скіроўвалася на шлях ліберальна-бурж. «надпартыйнага» асветніцтва, абвяшчала праграму яднання ўсіх класаў, саслоўяў і нацыянальнасцяў краю на аснове гуманізму і справядлівасці. Пасля адмовілася ад лібералізму, выступала за «непарушнасць самадзяржаўя», за вайну з Японіяй да пераможнага канца, супраць «несвоечасовых і нават пагібельных для будучыні Расіі» рэформаў, адмаўляла нац. і культ. самабытнасць беларусаў і ўкраінцаў. Пад націскам рэв. руху летам 1905 набыла ліберальна-бурж. афарбоўку, нярэдка друкавала матэрыялы апазіцыйнага і выкрывальнага зместу, выказвалася за паліт. рэформы. Пасля таго як улады прыпынілі выданне газ. «Северо-Западный край», мінская дэмакр. грамадскасць фактычна ператварыла «Белорусский вестник» у сваю трыбуну, дзе выкрываўся ўрадавы тэрор, прапагандаваліся дэмакр. ідэі. У такіх умовах выдаўцы спынілі выданне газеты.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)