Стра́ус ‘буйная афрыканская птушка’ (ТСБМ), стра́вус ‘птушка Strucio camelus’ (Некр. і Байк.). Новае запазычанне праз рус. стра́ус ‘тс’ з нов.-в.-ням. Strauss ‘тс’; іншая форма струсь ‘тс’ (Ласт.) праз польск. struś ‘тс’, сяр.-н.-ням. strûs < ст.-лац. strūtiō, strūthiō ад грэч. στρονθίων, στροῡθς ‘птушка’ (Брукнер, 521; Фасмер, 3, 771). Ст.-бел. струсъ ‘страус’ (XVII ст.) < ст.-польск. strus (Булыка, Лекс. запазыч., 145); ст.-бел. строуць ‘тс’ (XVI ст., Альтбаўэр), магчыма, непасрэдна з лацінскай, насуперак Віткоўскаму (Зб. Лімінгу, 179), які лічыць, што замена s (ś) на ц адбылася на ўсходнеславянскай глебе. Ст.-бел. пструсъ, пъструсъ (XVI ст., Скарына) з чэш. pštros ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стыка́цца ‘зачыняцца’, ‘сутыкацца’ (Нас.), ‘бываць, знаходзіцца’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл.; ТС; віл., Жыв. сл.; Юрч., Варл.; бялын.; Янк. 3.), звычайна ў спалучэннях з не: не стыкацца дома (у хаце) ‘затрымлівацца, пабыць; вандраваць, бадзяцца, блукаць’, ‘паказвацца, мала бываць’ (Барад., Ян.): дома не стыкаецца (Нар. Гом.), ‘межаваць, судакранацца’ (Ласт., ТС), ‘злучацца’ (Варл.). Гл. тыкаць. Значэнне ‘зачыняцца’ Мяркулава (Этимология–1979, 12) тлумачыць у сувязі з дзеясловам ткаць, параўн. заткала ‘затычка’ (Нас.), рус. пск., цвяр. заткать ‘заткнуць, схаваць’, заткаться ‘знікнуць’; значэнне ‘быць, знаходзіцца’ узнікла, магчыма, у выніку эліпсіса слова-злучэння стыкацца з кім‑небудзь ‘сустракацца’. Да значэння ‘з’яўляцца, паказвацца’ параўн. ст.-слав. сътъкати, стъкати ‘абвясціць, паведаміць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́мнік ’залатацень, залатая розга, Solidago virgaurea L.’ (маг., мін., Кіс.). Параўн. укр., сму́тник ’вятроўнік, Filipendula hexapetala Gilib.’. Няясна; магчыма, з-за падабенства з вятроўнікам мае тую ж матывацыю, звязаную з даўнімі забабоннымі ўяўленнямі ці практыкамі — вытворнае ад сумнысум, гл.), аналагічна да ўкраінскай назвы (гл. смутак), што ўключаецца ў семантычны рад назваў раслін з падобнай матывацыяй: польск. старое tużobnik, чэш. tužebník славац. túžobník, балг. тъ́жник (гл. туга). Параўн. Махэк, Jména, 101; ЕСУМ, 5, 332. Менш верагодна ад сумна2 ’надта многа’ (гл.), што магло быць звязана са шматлікасцю кветак (“буйная расліна з мяцёлкай жоўтых суквеццяў”, гл. Расл. св., 168) або іх шматпялёсткавасцю.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́рла, сурло́ ’мурло, морда, тоўсты твар’ (Юрч., Юрч. Сін.). Параўн. рус. дыял. су́рла ’твар’, серб. су̑рла ’хобат; рыла (свінні)’ (Вук), харв. sȗrla ’дудка, жалейка пастуха’, макед. сурла ’хобат’, ’музычны інструмент’. Апошнія словы выводзяць з тур. zurna ’музычны інструмент’ (Скок, 3, 665) або з перс. surnā ’тс’; у беларускую мову, магчыма, праз укр. сурна́ ’музычны інструмент’, рус. раз. сурна́, пенз. сурно́ ’морда’, якія да рус. сурна́ ’музычны інструмент’ (Фасмер, 3, 807), гл. сурма2. Горбач (Арго, 22) выводзіць укр. аргат. су́рло ’морда’ з рум. súrlă ’свіння; рыла’. Не выключана збліжэнне з народнымі экспрэсіўнымі ўтварэннямі тыпу балг. дыял. су́рльо ’неахайны, апушчаны чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярто́ліцца ’быць у неспакоі, неспакойна пачувацца, сядзець’ (лаг., Гіл.), ’выконваць доўгую і цяжкую работу’ (ушац., Нар. лекс.). Словаўтваральны варыянт да сёртаць (гл.): *sьrtati > *sьrt‑olʼa > sьrt‑ol‑iti (sę), што да прасл. *sьrt‑ < і.-е. *ser‑ ’цячы, рухацца’ (Варбат, Этимология–1975, 32–34). Параўноўваюць з балг. дыял. ср̥тим ’цяжка, з намаганнем працаваць’ (Пятлёва, Этимология–1985, 18). Сюды ж, магчыма, і ўкр. се́ртувати ’цягаць сюды і туды’, якое выводзіцца з польск. certować ’цырымоніцца, браць удзел у барацьбе, змагацца’ < лац. certo ’змагаюся’ (ЕСУМ, 5, 222), што не выключае кантамінацыі згаданых дзеясловаў. Адносна экспрэсіўнага суф. ‑oli‑ гл. Борысь, Etymologie, 697.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талала́йства (талала́йство) ’зброд’ (беласт., Сл. ПЗБ), талала́ства, талала́йства ’зборышча, вечарынка’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Укр. талала́йство ’набрыдзь’, ’няпэўныя людзі’, талала́йство ’зборышча, натоўп’, польск. tałałajstwo ’навалач, набрыдзь, зброд’, tałalejstwo, taładajstwo, tałatajstwo ’тс’ (Варш. сл.). Вытворныя ад талалой ’крык, шум, гам’, гл. талала з т. зв. “вертыкальнай заменай” гукаў, магчыма, як вынік кантамінацыі. Звяртае на сябе ўвагу падабенства са славен. tolovȃjstvo ’разбой’, вытворнае ад tolovȃj ’бандыт, разбойнік’ з венг. tolvaj ’злодзей’ (Сной у Бязлай, 4, 195), аднак магчымая сувязь з ім застаецца няяснай. Фанетычна ненадзейнае вывядзенне адпаведных польскіх слоў з tałędać, tałyndać się ’валэндацца, валачыцца’, прапанаванае Брукнерам (564). Гл. і ЕСУМ, 5, 507.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тале́рка ’плоская сталовая пасуда круглай формы, міска’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Байк. і Некр., Нік. Очерки, Касп., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; ЛА, 4), тарэ́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 4), талі́рка ’тс’ (Сл. ПЗБ), талі́рок ’тс’ (Сл. Брэс.), тале́рка ’металічны кружок над вісячай лямпай’ (Сцяшк. Сл.), тале́ркі ’дыскі’ (Кал.). Паводле Карскага (1, 315), з ням. Teller ’талерка’ (гл. талер2) з захаваннем характэрнага для беларускай мовы спалучэння л–р (без метатэзы, параўн. укр. тарілка, рус. тарелка ’тс’), магчыма, пад уплывам польск. talerzyk, дыял. talerka ’тс’, асабліва talarek ’малы кружок’. Параўн. адаптаванае ў народнай мове тэро́лка ’талерка’ (бяроз., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тараба́н1 ’кош, сплецены з дранкі’ (Сл. Брэс.). Магчыма, ад тарабаніць2, гл.

Тараба́н2 ’барабан’ (Байк. і Некр.). Укр. тараба́н ’барабан; бразготка на шыю скаціне, што пасецца без дагляду’, рус. дыял. тараба́н ’барабан’, польск. taraban ’вялікі турэцкі барабан’. З тат. дараба́н ’барабан’ шляхам аглушэння пачатковага зычнага ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтворана бараба́н (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517). Сюды ж тараба́н ’балбатун’ (Сцяшк. Сл.) як метафара або адваротны дэрыват ад тарабаніць1, гл.

Тараба́н3 ’музычны інструмент з 24 струнамі, які вісеў на грудзях; музыка надзяваў на пальцы адмысловыя кіпці і перабіраў струны’ (Варл.). Гл. тарбан.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубі́ць1 ‘гудзець, раўсці, крычаць, плакаць, голасна распавядаць’ (Янк. 2, Сл. ПЗБ, Кольб.): жабы тру́бяць (ДАБМ, камент.). Пераносна да трубі́ць, дэнамінатыва ад труба1 (гл.).

Трубі́ць2 экспр. ‘трушчыць, грызці’ (Тур.): нехай кужэль мушы трубяць (ТС), экспр. ‘піць, ссаць’ (ТС): ст.-бел. зъ великого кубка трубитъ (XVIII ст., “Прамова Мялешкі”). Параўн. укр. тру́би́ти ‘многа есці’, польск. trǫbić ‘прагна піць’, в.-луж. trubić ‘хлябтаць’. Рэгіянальнае семантычнае развіццё дэнамінатыва трубіць, першапачаткова, відаць, — ‘гучна піць, есць’ (ЕСУМ, 5, 654; Шустар-Шэўц, 1535; Тувім, Słownik, 2009, 19), гл. труба1. Сюды, магчыма, з супрацьлеглым значэннем u kułak trubić ‘галадаць’ (Федар. 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трызво́н ‘звон ва ўсе званы (у царкве)’ (Нас., Байк. і Некр., Шымк. Собр.), ‘перазвон’ (РБС), ‘распаўсюджаная чутка’, ‘гамонка, пагалоска’, ‘поўха’, ‘суровая вымова’, сюды ж трызво́ніць ‘званіць’, ‘голасна, публічна гаварыць пра нешта’ (Нас.). Да звон (гл.); прыстаўка тры‑ з ц.-слав.-рус. трь‑/тре‑, ст.-слав. трь‑ (напр., трьблаженъ ‘тройчы шчаслівы’) (Фасмер, 4, 95 і 97), параўн. трыкляты (гл.), серб. триклет ‘тройчы пракляты’. Аднак у дадзеным выпадку, магчыма, зыходнае рус. трезво́нить — першапачаткова было ‘званіць ва ўсе званы — па тры звоны’, бо святочны звон быў не менш як у тры звоны, трезвон ‘святочны звон увогуле’, дать трезвона ‘даць кухталя, грымака, каб у вушах пачуўся трызвон’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)