ПАЛІНАЛО́ГІЯ (ад грэч. palynē тонкі пыл + ...логія),
раздзел батанікі, што вывучае форму і будову абалонак пылковых зерняў і спор сучасных (рэцэнтная П.) і стараж. вышэйшых раслін і інш. выкапнёвых мікрааб’ектаў расл. паходжання (палеапаліналогія); даследуе таксама іх развіццё, заканамернасці рассейвання, пахавання і інш. Звязана з гіст. геалогіяй, палеанталогіяй, сістэматыкай раслін. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў аграноміі, археалогіі, крыміналістыцы, медыцыне, стратыграфіі, экалогіі і інш.
Зараджэнне рэцэнтнай П. (17—18 ст.) звязана з даследаваннем мікраструктуры раслін, палеапаліналогіі (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — з вывучэннем бат. складу торфу і распрацоўкай спорава-пылковага аналізу. Тэрмін «П.» ўжываецца з 1944 (англ. палеабатанікі Х.Хайд і Д.Уільямс). Уклад у развіццё П. зрабілі У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў, ням. вучоныя А.Ібрагім, Г.Патанье, англ. — Г.Крэмп, швед. — Г.Лагерхейм, Л.Пост, Г.Эртман, рас. — І.Э.Вальц, В.Ф.Дзюба, Л.А.Купрыянава, А.А.Любер, С.М.Навумава і інш.
На Беларусі палеапаліналогія развіваецца з 1925 (У.Шафер). Сістэм. даследаванні вядуцца з 1948—56 (Н.А.Махнач, Г.І.Кеда, С.С.Маныкін), сканцэнтраваны ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (А.Ф.Бурлак, Т.Б.Рылова, В.Л.Шалабода, Я.К.Яловічава і інш.) і Бел. геолагаразведачным НДІ (Т.Р.Абухоўская, В.А.Аўхімовіч, Н.С.Някрата, Л.У.Піскун і інш.) і маюць біястратыграфічны і марфал. кірункі.
Літ.:
Палеопалинология. Т. 1—3. Л., 1966;
Кремп Г.О.У. Палинологическая энциклопедия: Пер. с англ.М., 1967;
Споры палеозоя Белоруссии. Мн., 1974;
Флора и растительность Белоруссии в палеогеновое, неогеновое и антропогеновое время. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БІЯХІ́МІЯ,
раздзел біяхіміі, які вывучае змены абмену рэчываў, што ўзнікаюць у арганізме ў выніку дзеяння на яго іанізавальнага выпрамянення. Цесна звязана з радыебіялогіяй. Асн. задача Р.б. — высвятленне механізмаў узнікнення асаблівасцей цячэння метабалічнай рэакцыі арганізма ў адказ на апрамяненне на малекулярным, субклетачным, клетачным, аргана-тканкавым, арганізмавым узроўнях. На Беларусі Р.б. развіваецца з канца 1950-х г. Даследаванні праводзяцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі Нац.АН, БДУ, Віцебскім мед. ін-це і інш. Уклад у Р.б. зрабілі А.Ц.Пікулеў, Л.С.Чаркасава, Т.М.Міронава, В.Г. і К.В. Фамічэнкі і інш. Вывучаліся дзеянні лятальных доз рэнтгенаўскіх і гама-прамянёў на бялковы і вугляводны абмен у функцыянальна важных тканках жывёльнага арганізма, малых доз вострага, фракцыянаванага і хранічнага апрамянення на паказчыкі абмену рэчываў (прыярытэт бел. школы біяхімікаў), складаных бялковых біяпалімераў, амінакіслот, ферментаў вугляводна-энергет. нуклеінавага абмену, дзеянне адносна невял. доз нейтронаў прамежкавых энергій на абмен рэчываў. Пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986) арганізаваны Ін-т радыебіялогіі Нац.АН Беларусі, Н.-д. клінічны ін-т радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі. Даследуюцца эфекты малых доз радыяцыі на гарманальны статус арганізма (гармоны шчытападобнай, падстраўнікавай і палавых залоз), фосфарна-кальцыевы абмен, метабалізм вугляводаў, імуналагічныя паказчыкі (Я.Ф.Канапля, Г.Р.Гацко, І.М.Багель і інш.).
Літ.:
Ионизирующее излучение и обмен веществ. Мн., 1962;
Фамічэнка К.В., Петрусенка Г.П. Сістэма нуклеаз у тканках пасля адрэналэктаміі і рэнтгенаўскага апраменьвання // Весці АНБССР. Сер. біял.навук. 1985. № 5;
Основные итоги выполнения научного раздела Гос. программы РБ по минимизации и преодолению последствий катастрофы на Чернобыльской АЭС на 1996—2000 гг. за 1996 г.Мн. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗАЧНІК,
таленавіты майстар-выканаўца казак, хавальнік казачных традыцый. Вызначаецца індывід. манерай выканання, складам рэпертуару. Славутыя К. ў рускіх — А.Навапольцаў, А.К.Барышнікава (Купрыяніха), М.М.Каргуеў, М.А.Сказкін, Г.М.Каралькова, у ўкраінцаў — Р.Ф.Чмыхала, А.С.Калін, К.Дзеравенчанка, у беларусаў — І.Азёмша, А.Ваўчок, П.П.Гаспадароў, П.В.Гулевіч, Я.Дзежка, Д.Кулеш, І.Ю.Макей, В.Міхайлаў, Рэдкі, М.Спірыда і інш., у славакаў Е.Смолка і інш.
У фарміраванні казачнага рэпертуару вял. ролю адыгралі прафес. К. На Русі і Беларусі — скамарохі, вандроўныя «баяры́» Казкі найчасцей расказвалі на вячорках, асабліва ў калядны тыдзень. У.Дабравольскі ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» (ч. 1, 1891) апубл. значны матэрыял пра індывідуальны маст. стыль бел. К. вёскі Бердзябякі Ельнінскага пав. Смаленскай губ. Міхайлава. Ад селяніна Дзежкі з в. Новая Хадароўка Сакольскага пав. Гродзенскай губ. М.Федароўскі запісаў больш за 70 казак, жартаў, анекдотаў, легенд, паданняў. Гаспадароў за ўдзел у рэв. выступленнях у 1905 высланы ў Алонецкую губ., дзе ад яго запісана 106 казак. Пра высокую культуру К. Бел. Палесся сведчаць прасякнутыя задушэўным лірызмам, нар. мудрасцю, напоўненыя новымі ідэямі казкі і апавяданні Рэдкага (ад яго запісана 38 тэкстаў), Азёмшы (запісаны 32 казкі), М.Савіцкага, Куляша, М.Бохмат і інш. Самабытна развіваў сац. матывы ў быт. казках Ваўчок (запісана 18 казак і апавяданняў). У Вял.Айч. вайну творчасць К. адлюстроўвала барацьбу за свабоду. Пастух М.Багрым з в. Даўляды Нараўлянскага р-на расказваў «сон» пра хуткае выгнанне акупантаў. Эсэсаўцы яго расстралялі. Агітац. рыфмаваную казку «Зоркавы горад» расказвалі ў Пухавіцкім р-не, у Астрашыцкім Гарадку. Пасля вайны ад А.С.Коржань (г. Орша) запісаны казкі-легенды пра К.С.Заслонава. Макей (в. Алексічы каля Зэльвы), Я.П.Яфіменкаў (в. Ластавічы Глыбоцкага р-на) «разыгрывалі» казку ў асобах. Сучасныя К. пісьменныя, з шырокім кругаглядам. Пераважаюць жанчыны, якія выконваюць і інш.фалькл. творы. Для многіх расказванне казак — неабходнасць, звязаная з выхаваннем дзяцей, таму ў іх рэпертуары шмат казак пра жывёл і блізкіх да іх чарадзейных. У 1960—80-я г. ў розных раёнах Беларусі выяўлены таленавітыя К.: К.Мельнікава з Лоеўскага, Ф.Вяргун з Мазырскага, Е.Ляўчэня з Любанскага, П.Акулевіч з Бярэзінскага, С.Паўлянкова з Гомельскага, М.Коўтун з Чэрвеньскага, Н.Краснякова з Крупскага, У.Русіновіч з Светлагорскага, Л.Цыбульская з Уздзенскага р-наў (ад іх запісана па 30—15 казак). Вылучаюцца К.-імправізатары, якія не выходзяць за межы традыц. сюжэта, свабодна абыходзяцца з матэрыялам, часам кантамінуюць некалькі сюжэтаў, падкрэсліваюць дыдактычны бок казкі (М.Казлоўская, У.Рамбальская, Пастаўскі р-н), і К.-традыцыяналісты, якія строга трымаюцца сюжэтнай схемы і вядомага ім тэксту (Д.Гапеева, Быхаўскі р-н). Есць К.-маралісты (Е.Варашкевіч, Ляўчэня, Любанскі р-н), эпікі (Р.Глусцоў, Быхаўскі р-н, С.Вежнавец, Светлагорскі р-н), гумарысты (Акулевіч, Русіновіч). Крыніцы папаўнення рэпертуару сучасных К. істотна пашырыліся (кнігі, радыё, тэлебачанне), але па-ранейшаму гал. роля належыць тэкстам, што перайшлі ад дзядоў і бацькоў.
Літ.:
Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911. С. I—VII;
Сказки Ф.П.Господарева. Петрозаводск, 1941. С. 7—55;
Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963. С. 5—8;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 46—60, 227—251;
Кабашнікаў К.П., Барташэвіч Г.А. Сустрэчы з казкай. Мн., 1984;
Калеснік У. Жыў-быў казачнік... // Калеснік У. Тварэнне легенды. Ми., 1987;
Кароткая Л.Л. Жывое, роднае... Мн., 1989;
Азадовский М.К. Русские сказочники // Азадовский М.К. Статьи о литературе и фольклоре. М., Л., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЯВІ́СТЫКА (ад лац. medius сярэдні + aevum век, эпоха),
галіна гіст. навукі, якая вывучае гісторыю сярэдніх вякоў, пераважна ў Зах. Еўропе. Гісторыю зах.-еўрап. краін пасля падзення Рым. імперыі асвятлялі сярэдневяковыя гіст. творы — гісторыі, хронікі, аналы, біяграфіі, агіяграфія, у аснове гіст. канцэпцыі якіх ляжаў хрысц.правідэнцыялізм. У 15—16 ст.італьян. гуманісты вылучылі гісторыю сярэдніх вякоў у асобны перыяд, указалі на сістэму феодаў і феад. раздробленасць як на яго характэрныя рысы. Гісторыкі эпохі Асветніцтва ўвялі ў навуку паняцце феадалізм, у 18 ст. вылучылі М. ў асобную гіст. дысцыпліну. На мяжы 18—19 ст. у зах.-еўрап. гістарыяграфіі ўзнікла «рамантычная» плынь, прадстаўнікі якой (Ю.Мёзер, Ж. дэ Местр, Э.Бёрк і інш.) ідэалізавалі сярэдневякоўе, рацыяналізму асветнікаў проціпастаўлялі правідэнцыялізм. Вучоныя 1-й пал. 19 ст. (французы Ф.Гізо, А.Цьеры, Ж.Мішле, англічанін Т.Карлайл, немец В.Цымерман і інш.) вывучалі пераважна паліт. падзеі, юрыд. нормы, дзейнасць выдатных асоб. У Расіі М. як навука склалася ў 1830—40-я г. (Ц.М.Граноўскі). Да паліт. кірунку ў рас. М. належалі П.М.Кудраўцаў, С.В.Яшэўскі, У.І.Гер’е, М.А.Асокін і інш. Яе сац.-эканам. праблемы вывучалі І.В.Лучыцкі, М.І.Карэеў, М.М.Кавалеўскі, праблемы культуры — М.С.Карэлін, Л.П.Карсавін і інш.Асн. кірункамі сусв. М. 2-й пал. 19 ст. былі паліт. (Ф.Дан, Г. фон Зібель), гісторыка-прававы (Г.Л.Маўрэр, У.Стэбс, Г.Мэн) і пазітывісцкі (Н.Д.Фюстэль дэ Куланж, І.Тэн, Г.Мано). Марксізм, які трактуе сярэдневякоўе як час панавання феадалізму і разглядае яго як адну з грамадска-эканам. фармацый, паўплываў на сав. медыявістаў 1920—80-х г. (Я.А.Касмінскі, М.П.Грацыянскі, А.І.Няўсыхін, С.Д.Сказкін і інш.) і некаторых еўрап. даследчыкаў. На ўзровень канцэптуальнага асэнсавання сярэдневякоўя М. вывелі франц. вучоныя М.Блок і Л.Феўр, якія з 1929 выдавалі час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»), Склалася «Аналаў» школа, на базе якой аформілася некалькі плыней, у т. л. «татальная гісторыя» (Ж.Ле Гоф), што вывучае матэрыяльную, духоўную, інтэлектуальную культуру і з’явы паўсядзённасці як адзіны комплекс, «гісторыя ментальнасцей» (Ж.Дзюбі, У.Раўльф), што арыентуецца на праблемы сац. псіхалогіі і светаўспрымання. Блізкія да іх сучасныя кірункі «новай сацыяльнай гісторыі» ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краінах. У СССР падобныя даследаванні праводзілі М.М.Бахцін, А.Я.Гурэвіч, Ю.Л.Бяссмертны і інш.
У Беларусі навук. вывучэнне сярэдневякоўя вядзецца з 18 ст. На высокім узроўні выкладалася гісторыя сярэдніх вякоў у Віленскім ун-це. У 1756 з’явілася праца Ф.Папроцкага «Еўропа са старажытнейшых часоў». Сістэматычныя курсы па М. ў сярэдзіне 19 ст. склаў А.Здановіч. У 20 ст. цэнтрам даследаванняў па М. стала кафедра гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 — кафедра гісторыі сярэдніх вякоў). З 1920-х г. школу бел. М. ўзначальваў У.М.Перцаў. Праблемы гісторыі каталіцкай царквы, пачатку рэфармацыі, вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе даследаваў Г.М.Ліўшыц. Сярэдневякоўе Чэхіі вывучала Н.А.Гусакова, міжнар. адносіны ў познім сярэдневякоўі — Ю.Я.Івонін. Сучасная бел. М. вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалаг. падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.І.Гарамыкіна і Я.Р.Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.П.Сушкевіч, гісторыю каталіцкай царквы — В.А.Фядосік, духоўную культуру ранняга сярэдневякоўя — І.А.Еўтухоў, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.Дз.Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.І.Малюгін, франкскай Дзяржавы — А.М.Сурта, праблемы Адраджэння — А.П.Вахніна. Пра вывучэнне гісторыі сярэдневяковай Беларусі гл. ў арт.Гістарыяграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ві́ваўка ’івалга, Oriolus galbula L.’ (Маш.), роднасная да іншых фанетычных палескіх варыянтаў: йі́волга, вʼі́волʼга, і́велга, велʼга́ і інш. (Ніканчук, БЛ, 5, 65–67). Рус.и́волга ’жоўты дрозд, Oriolus galbula’, польск.wywielga, wywiłga, wywiełga, wywilga, wilga, wilgła, wywiołga, wywiga, wyliga, fiołga, ст.-польск.wilga ’івалга’, чэш., славац.vľha, vilha, славен.vólga ’тс’, серб.-харв.ву̏га ’рэмез’, балг.авлига ’івалга’, ст.-слав.влъга. Прасл.vьlga (Брукнер, 621) або vlʼga (Струтынскі, Nazwy ptaków, 90 і Ніч., Wybór pism, 2, 29). Мае і.-е. адпаведнікі (Махэк, ZfslPh, 20, 49; Мюленбах-Эндзелін, 4, 498; Эндзелін, IF, 33, 126; Фасмер, 2, 114). Бел. форма ўзнікла, відаць, з праформы (i)vl̯ga з цвёрдым якое перайшло ў ‑у‑. Канчатак ‑к‑a з’яўляецца інавацыяй: аналогіі да іншых назваў птушак, назоўнікаў жаночага роду з памяншальным суф. ‑к‑a, напр., бел.зязюлька, качка, укр.євка (< йова), польск.fijółka ’івалга’. Прычынай было незвычайнае (для славян) фанетычнае афармленне (магчыма, гэта іншамоўнае запазычанне ў прасл. мове), адсюль розная рэфлексацыя ‑і‑ і пазнейшыя прыстаўныя; параўн. палес.йі́вола, і́лова, і́вова, ві́лова, вʼійа, йімала, иыулʼга́, укр.вольга, єва, вивільга, вільга і інш. з перастаноўкай ці заменай зычных у аснове (е̂вола ⟷ ілова, г → д або г → к: укр.іговда, польск.wywiołda, wywielk). Да івалга (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ву́дзіць1 ’смярдзець, смуродзіць, псаваць паветра’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 132, зэльв.). Ц.-слав.ѫдити ’вэндзіць’, укр.вудити ’тс’, польск.wędzić, чэш.uditi, славац.údiť, славен.(v)oditi ’тс’. Параўн. таксама чэш.дыял.oudno ’душна, млосна’. Другая ступень чаргавання ў рус.вянуть, бел.вянуць і г. д. Роднаснае ст.-в.-ням.swintan, с.-в.-ням.swinden, н.-в.-ням.schwinden, ст.-в.-ням.swedan ’паліць павольна і з вялікім дымам’ (Фасмер, 1, 375; Брукнер, 608 і наст.; Махэк₂, 666; Рудніцкі, 1, 493). Змяненне значэння, відавочна, адбылося ў сувязі з запазычаннем польск.wędzić ’вэндзіць’ і адцясненнем вудзіць на перыферыю.
Ву́дзіць2 ’красці’ (Жд., 2) Рус.смал.вуднуць ’секануць, украсці’ (Дабр.), ву́дзіць ’біць’ (Раст.). Няясна. Магчыма, роднаснае чэш.uditi ’дзяліць, расчляняць’, серб.у́дити ’расчляняць, рэзаць на кавалкі, рассякаць’ і далей да уд (гл.) (Брукнер, 592).
Ву́дзі́ць3 (БРС, Нас., КТС, Бяльк.). Да вуда (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гама́рня, ’медны завод’ (Нас.), ’рудня, медзеплавільная майстэрня, плавільны завод’ (Яшкін). Укр.гама́рня ’металаплавільны завод’. Як можна меркаваць, гэта запазычанне З польск.hamernia ’тс’ (а гэта да ням.Hammer ’молат’); параўн. ст.-бел. XVI ст. гамеръ ’кузня’ < польск.hamer < ням. (Булыка, Запазыч., 78). Рудніцкі (553–554) бачыць крыніцу запазычання прама ў ням.Hammerwerkstatt (без польскага пасрэдніцтва). Такая версія гісторыі адпаведных слоў вельмі няпэўная. Параўн. форму гамэ́рня (гл.) з другасным значэннем, якая, як здаецца, пацвярджае магчымасць польскага пасрэдніцтва.
Гама́рня2 ’шумная гутарка’ (Шат.), ’шум, садом’ (Касп.), ’гамарня, шумнае месца’ (Бяльк.), ’шумнае месца; будынак музычнай установы; школа’ (Яшкін). Укр.гама́рня ’крык, шум’ (гл. Рудніцкі, 553). Па паходжанню ідэнтычнае з гама́рня1 ’плавільны завод і да т. п.’ (гл.). Перанос значэння ’плавільны завод, майстэрня і да т. п.’ — ’шумнае месца’, ’шум, гутарка і г. д.’ не патрабуе дакладная паяснення. Параўн. гамэ́рня.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Баго́р. (Бяльк.). Рус.баго́р, укр.баго́р. Вельмі няяснае слова. Насуперак Фасмеру, 1, 102, відаць, усё-такі не славянскае. Але адкуль? Нічога не дае параўнанне (Гараеў, 8; Ільінскі, ИОРЯС, 24, I, 121) з рус.бага́й, база́н ’шост’ і ст.-англ.becca ’кірка’, с.-в.-ням.bicke (Ільінскі, там жа; Фасмер, 1, 102, параўн. і Ван–Вейк, IF, 24, 232). Шмат версій пра запазычанне (Мікала, Berühr., 80; Мацэнаўэр, Cizí sl., 100; параўн. і Карловіч, Wyrazy obce, 21; Праабражэнскі, І, 11; агляд гл. Фасмер, 1, 102). Праеўрапейскім лічыць гэта слова Махэк₁, 22, але яго параўнанне з ням.Felge не пераконвае. Насуперак Бернекеру, 38, Праабражэнскаму, 1, 11, Фасмеру, 1, 102, Махэку₁, 22 і Шанскаму, 1, Б, 7, іншага паходжання ўкр.ба́гор, славац.bahor і г. д. ’частка вобада кола’ (усё гэта з славац. мовы, дзе bahor < běhor да běgъ, běgati, параўн. Краўчук, Бел.-укр. ізал., 39).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мачы́ць ’рабіць мокрым, вільготным’, ’трымаць у чым-небудзь вадкім, каб надаць пэўныя якасці’, ’насычаць вадкасцю’, ’засольваць (агародніну, грыбы, фрукты)’, мачы́цца ’рабіцца мокрым’, ’мокнуць’ (ТСБМ, Янк. 1, Бяльк., Яруш., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС; докш., Янк. Мат.). Укр.мочи́ти(ся), рус.мочи́ть(ся), польск.moczyć, н.-луж.mocyś, в.-луж.močić, чэш.močiti, славац.močiť, славен.mocíti, серб.-харв.мо̀чити, мо̀чати, макед.моча, балг.мочам. Прасл.močiti асновы mok‑, якая праглядвае ў бел.мокнуць ’станавіцца вільготнай’, ’псавацца ад празмернай вільгаці’, ’ляжаць у вадзе’ (ТСБМ, ТС; міёр., З нар. сл.), укр.(про‑)мокнути, рус.мокнуть, польск.moknąć і г. д., прасл.moknǫti, роднаснымі да якога з’яўляюцца літ.makė́ti ’уступіць у балота’, maknóti ’ісці па гразі’, лат.maknît ’ісці па балоце’, літ.makónė ’лужа’, makalỹnė ’гразь, слота’, лат.makņa ’балота, дрыгва’ (Бернекер, 2, 69; Мюленбах-Эндзелін, 2, 554; Фасмер, 2, 640; Бязлай, 2, 190).