ПАЛІНАЛО́ГІЯ (ад грэч. palynē тонкі пыл + ...логія),
раздзел батанікі, што вывучае форму і будову абалонак пылковых зерняў і спор сучасных (рэцэнтная П.) і стараж. вышэйшых раслін і інш. выкапнёвых мікрааб’ектаў расл. паходжання (палеапаліналогія); даследуе таксама іх развіццё, заканамернасці рассейвання, пахавання і інш. Звязана з гіст. геалогіяй, палеанталогіяй, сістэматыкай раслін. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў аграноміі, археалогіі, крыміналістыцы, медыцыне, стратыграфіі, экалогіі і інш.
Зараджэнне рэцэнтнай П. (17—18 ст.) звязана з даследаваннем мікраструктуры раслін, палеапаліналогіі (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — з вывучэннем бат. складу торфу і распрацоўкай спорава-пылковага аналізу. Тэрмін «П.» ўжываецца з 1944 (англ. палеабатанікі Х.Хайд і Д.Уільямс). Уклад у развіццё П. зрабілі У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў, ням. вучоныя А.Ібрагім, Г.Патанье, англ. — Г.Крэмп, швед. — Г.Лагерхейм, Л.Пост, Г.Эртман, рас. — І.Э.Вальц, В.Ф.Дзюба, Л.А.Купрыянава, А.А.Любер, С.М.Навумава і інш.
На Беларусі палеапаліналогія развіваецца з 1925 (У.Шафер). Сістэм. даследаванні вядуцца з 1948—56 (Н.А.Махнач, Г.І.Кеда, С.С.Маныкін), сканцэнтраваны ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (А.Ф.Бурлак, Т.Б.Рылова, В.Л.Шалабода, Я.К.Яловічава і інш.) і Бел. геолагаразведачным НДІ (Т.Р.Абухоўская, В.А.Аўхімовіч, Н.С.Някрата, Л.У.Піскун і інш.) і маюць біястратыграфічны і марфал. кірункі.
Літ.:
Палеопалинология. Т. 1—3. Л., 1966;
Кремп Г.О.У. Палинологическая энциклопедия: Пер. с англ. М., 1967;
Споры палеозоя Белоруссии. Мн., 1974;
Флора и растительность Белоруссии в палеогеновое, неогеновое и антропогеновое время. Мн., 1981.
Т.Р.Абухоўская.
т. 12, с. 5