КА́ЗАЧНІК,
таленавіты майстар-выканаўца казак, хавальнік казачных традыцый. Вызначаецца індывід. манерай выканання, складам рэпертуару. Славутыя К. ў рускіх — А.Навапольцаў, А.К.Барышнікава (Купрыяніха), М.М.Каргуеў, М.А.Сказкін, Г.М.Каралькова, у ўкраінцаў — Р.Ф.Чмыхала, А.С.Калін, К.Дзеравенчанка, у беларусаў — І.Азёмша, А.Ваўчок, П.П.Гаспадароў, П.В.Іулевіч, Я.Дзежка, Д.Кулеш, І.Ю.Макей, В.Міхайлаў, Рэдкі, М.Спірыда і інш., у славакаў Е.Смолка і інш.
У фарміраванні казачнага рэпертуару вял. ролю адыгралі прафес. К. На Русі і Беларусі — скамарохі, вандроўныя «баяры́» Казкі найчасцей расказвалі на вячорках, асабліва ў калядны тыдзень. У.Дабравольскі ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» (ч. 1, 1891) апубл. значны матэрыял пра індывідуальны маст. стыль бел. К. вёскі Бердзябякі Ельнінскага пав. Смаленскай губ. Міхайлава. Ад селяніна Дзежкі з в. Новая Хадароўка Сакольскага пав. Гродзенскай губ. М.Федароўскі запісаў больш за 70 казак, жартаў, анекдотаў, легенд, паданняў. Гаспадароў за ўдзел у рэв. выступленнях у 1905 высланы ў Алонецкую губ., дзе ад яго запісана 106 казак. Пра высокую культуру К. Бел. Палесся сведчаць прасякнутыя задушэўным лірызмам, нар. мудрасцю, напоўненыя новымі ідэямі казкі і апавяданні Рэдкага (ад яго запісана 38 тэкстаў), Азёмшы (запісаны 32 казкі), М.Савіцкага, Куляша, М.Бохмат і інш. Самабытна развіваў сац. матывы ў быт. казках Ваўчок (запісана 18 казак і апавяданняў). У Вял. Айч. вайну творчасць К. адлюстроўвала барацьбу за свабоду. Пастух М.Багрым з в. Даўляды Нараўлянскага р-на расказваў «сон» пра хуткае выгнанне акупантаў. Эсэсаўцы яго расстралялі. Агітац. рыфмаваную казку «Зоркавы горад» расказвалі ў Пухавіцкім р-не, у Астрашыцкім Гарадку. Пасля вайны ад А.С.Коржань (г. Орша) запісаны казкі-легенды пра К.С.Заслонава. Макей (в. Алексічы каля Зэльвы), Я.П.Яфіменкаў (в. Ластавічы Глыбоцкага р-на) «разыгрывалі» казку ў асобах. Сучасныя К. пісьменныя, з шырокім кругаглядам. Пераважаюць жанчыны, якія выконваюць і інш. фалькл. творы. Для многіх расказванне казак — неабходнасць, звязаная з выхаваннем дзяцей, таму ў іх рэпертуары шмат казак пра жывёл і блізкіх да іх чарадзейных. У 1960—80-я г. ў розных раёнах Беларусі выяўлены таленавітыя К.: К.Мельнікава з Лоеўскага, Ф.Вяргун з Мазырскага, Е.Ляўчэня з Любанскага, П.Акулевіч з Бярэзінскага, С.Паўлянкова з Гомельскага, М.Коўтун з Чэрвеньскага, Н.Краснякова з Крупскага, У.Русіновіч з Светлагорскага, Л.Цыбульская з Уздзенскага р-наў (ад іх запісана па 30—15 казак). Вылучаюцца К.-імправізатары, якія не выходзяць за межы традыц. сюжэта, свабодна абыходзяцца з матэрыялам, часам кантамінуюць некалькі сюжэтаў, падкрэсліваюць дыдактычны бок казкі (М.Казлоўская, У.Рамбальская, Пастаўскі р-н), і К.-традыцыяналісты, якія строга трымаюцца сюжэтнай схемы і вядомага ім тэксту (Д.Гапеева, Быхаўскі р-н). Есць К.-маралісты (Е.Варашкевіч, Ляўчэня, Любанскі р-н), эпікі (Р.Глусцоў, Быхаўскі р-н, С.Вежнавец, Светлагорскі р-н), гумарысты (Акулевіч, Русіновіч). Крыніцы папаўнення рэпертуару сучасных К. істотна пашырыліся (кнігі, радыё, тэлебачанне), але па-ранейшаму гал. роля належыць тэкстам, што перайшлі ад дзядоў і бацькоў.
Літ.:
Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911. С. I—VII;
Сказки Ф.П.Господарева. Петрозаводск, 1941. С. 7—55;
Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963. С. 5—8;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 46—60, 227—251;
Кабашнікаў К.П., Барташэвіч Г.А. Сустрэчы з казкай. Мн., 1984;
Калеснік У. Жыў-быў казачнік... // Калеснік У. Тварэнне легенды. Ми., 1987;
Кароткая Л.Л. Жывое, роднае... Мн., 1989;
Азадовский М.К. Русские сказочники // Азадовский М.К. Статьи о литературе и фольклоре. М., Л., 1960;
Шастина Е.И. Сказки, сказочники, современность. Иркутск, 1981;
Оповідання Р.Ф.Чмихала / Зібр. Володимир Лесевіч // Етнографічній збірник. 1904. Т. 14;
Зачаровані казкою: Укр. нар. казки Закарпаття в запісах П.В.Лінтура. Ужгород, 1984.
К.П.Кабашнікау. І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 424