Клява́ць ’біць, удараць дзюбай, дзяўбаць’, ’хапаць прынаду (пра рыбу)’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Яруш., Сержп. Пр.), кляваць носам (Юрч. Фраз. 2). Укр. клювати, рус. клевать, ст.-рус. кльвати ’тс’, балг. кълва, макед. колве, серб.-харв. кљу̏вати, славен. kljuváti ’тс’, польск. kluć, klwać, чэш. klvati, славац. kľuvať, kľuť, н.-луж. kluwaś, kluś ’тс’. Гэтыя формы ўзыходзяць да прасл. klьvati ’кляваць’, якое з’яўляецца праславянскай інавацыяй. Бліжэйшая паралель: літ. kliūti ’чапляць’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 83). Іншыя індаеўрапейскія паралелі неверагодныя. Параўн. Ваян, RÉS, 19, 105; Пізані, Paideia, 9, 325; Махэк₂, 260 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Агло́бля, аглабня (КТС), аглабіна, аглабец ’верхняя частка драбін’ (Бір. дыс.), укр. оголоблі, рус. оглобля, оглобень, агульнаўсходнеславянскае да глоба ’балка’. Параўн. балг. зглоб, серб.-харв. згло̏б ’частка цела, член’, о̀глобље ’частка ткацкага стану’, чэш. ohlobně ’слуп’. Мяркуючы па апошніх дзвюх формах, усходнеславянскае слова — семантычнае новаўтварэнне або новаўтварэнне з больш шырокім арэалам (і тады словаўтваральна-семантычнае). На захадзе гэта слова ў значэнні ’аглобля’, магчыма, было выцеснена нямецкім па паходжанню дышаль. Гл. Патабня, РФВ, 5, 125; Брандт, РФВ, 22, 121; Ільінскі, РФВ, 62, 256. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. glóbti ’ахапіць’ і іншыя балтыйскія формы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анты́хрыст ’супраціўнік Хрыста > бязбожнік > неміласэрны’; анціхрыст (Нас.), анчихрыст (Рам; Карскі 1, 363); ст.-бел. антихристъ (XVI ст. Гіст. мовы 1, 307). Ст.-рус. антихрьстъ, ст.-слав. антихрьстъ. Агульнаславянскае слова. У розных славянскіх мовах развіты пераносныя лаянкавыя адценні гэтага слова, амаль ва ўсіх народных славянскіх мовах сустракаюцца фанетычныя змены, напр., субстытуцыя ц/ч замест т, таму нельга катэгарычна сцвярджаць на аснове формы з анці‑ аб яе паходжанні праз рус. мову, а на анты‑ праз польск. Напэўна, тут пераход у народную мову з царкоўнай, у якой з ст.-грэч. Ἀντίχριστος (Шанскі, 1, А, 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дру́гі́ ’другі, іншы’ (БРС, Нас., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. друго́й ’іншы’, ’другі’, укр. дру́гий і г. д. Падрабязны агляд форм ва ўсіх слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 131–132. Прасл. *drugъ, *drugъ(jь) лічыцца этымалагічна звязаным з друг ’сябар і да т. п.’ (прасл. *drugъ; агляд форм у Фасмера, 1, 543; Трубачова, там жа). Роднасныя формы: літ. draũgas ’прыяцель’, лат. dràugs ’тс’, ст.-ісл. draugr ’муж’ і г. д. Гл. Фасмер, там жа; Бернекер, 1, 230–231; Траўтман, 59; Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ду́ла ’дула’ (БРС), ’лужына’ (Касп.), ’багаты рыбай заліў ракі’ (Яшкін), ’pars posterior, anus’ (Нас.). У Трубачова (Эт. сл., 5, 148–149) пад праформай *dud(ь)lo параўноўваецца шмат слав. слоў з рознай семантыкай (ад ’канец трубы’ да ’ямка ў зямлі, варонка’). Частка прыкладаў выводзіцца ад дзеяслова *duti ’дуць, дзьмуць’ (суфікс *‑dlo); іншыя формы, магчыма, зыходзяць да *dud‑ьl‑. У нашым выпадку, бясспрэчна, трэба зыходзіць з *du‑dlo. Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 551.

Ду́ла (ж. р.) ’завея’ (Касп.). Магчыма, дзеепрыметнікавая форма на ‑л‑ ад дуць (гл.). Параўн. Фасмер, 1, 551.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́ржкі ’гульня хлопчыкаў — бабкі’ (гродз., Нар. словатв., 260). Улічваючы, што жох2 — назва элемента гульні ў бабкі — звязана, відаць, з гэтым словам, але зазнала ўплыў нейкага іншага слова. Фасмер (2, 62) адзначае жорж ’прайдзісвет’ у сувязі з жох ’тс’, указваючы, што непасрэднай сувязі паміж гэтымі словамі, якую бачыў Крастоўскі (ИОРЯС, 4, 3, 1070), няма, бо жорж < франц. George. Аднак наяўнасць формы жорж у двух значэннях жох можна лічыць сведчаннем у карысць пэўнай сувязі жоржжох, але сувязі хутчэй кантамінацыйнага характару, калі франц. імя суадносілася са старой назвай жох.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́ўжык ’свавольнік, гарэза’. Рус. дыял. кур., зах., паўд., смал. же́вжик ’невялікі, але рухавы чалавек’, же́вжик ’вяртлявы, рухавы чалавек’, ’верабей’, ст.-укр. з 1651 г. (Хрэст.). Усх.-слав. жартаўлівае (Булахоўскі, Нариси загального мовознавства, 1959, 108) слова можа быць узведзена да прасл. формы *žьv‑, што чаргуецца з *živ‑ (гл. жывы і жвавы). Супрун, Бел.-польск. ізал., 126. У слове жэўжык другое ж, відаць, у той ці іншай меры адлюстроўвае ўплыў першага ж, а значыць, можа разглядацца як рэдуплікаванае, што для жартаўлівага слова цалкам зразумела. Суфікс ик (> ‑ык) часта выкарыстоўваецца для назваў асоб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заўзяты ’ўпарты, напорысты, напружаны’. Рус. завзя́тый, укр. завзя́тий, польск. zawzięty ’тс’, славац. zavzalý ’тс’; параўн. славен. zavzę́ten ’дзіўны, цудоўны; цяжкі на пад’ём’. Паводле формы, дзеепрыметнік на ад *za + vъz‑ę‑ti (гл. узяць), утвораны хутчэй за ўсё па польск. глебе, дзе вядомае і цяпер zawziąć ’узяць’ у ст.-польск. мела шырокае ўжыванне з далейшым развіццём значэння ’узяты’ > ’захоплены’ (у прамым і пераносным сэнсе) > ’упарты’. З польск. у бел. укр. > рус., а таксама славац. Фасмер, 2, 72; Брукнер, 640. Славен. мае іншае значэнне і ўтварэнне і можа лічыцца асобным словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́брыкі ’расліна братаўка дуброўная (брат-сястра), Melampyrum nemorosum L.?’ (ельск., Жыв. сл.). Параўн. рус. дан. зе́брик ’шчарбіна’. Паколькі ў кветак зебрыка адзначаюцца зубцы, якія таксама бываюць факультатыўна ў асновы лісткоў, відаць, бел. назва расліны звязана з рус. зебрик ’шчарбіна’, якое, відаць, суадносіцца з зебры ’жабры’, ’сківіцы’ паводле формы, вядомых у тых жа гаворках (параўн. і бел. зябры); гл. жабры. Назва зубца з памяншальным суфіксам ‑ик > ‑ык, а назва расліны па мн. л., магчыма, у сувязі з парнай назвай брат з сястрою, Иван да Марья і г. д. Трубачоў, Дополн., 2, 91. Гл. зябер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кава́лак ’кусок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Выг., Гарэц., Грыг., Касп., Нас., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Шат., Яруш.), кавалак ’кусок вымешанай гліны’ (палес., Вярэн.), ’зямельны надзел квадратнай формы’ (палес., Выг.), ’тоўстае бервяно’ (БРС), у выразе кавалак дурня (Сцяц.), кавалачак (ТСБМ, Нас.). Больш шырока, чым кавал (гл.), распаўсюлжаны паланізм. Гэта можа тлумачыцца або больш раннім пранікненнем яго ў бел. гаворкі, або тымі ж чыста моўнымі семантычнымі асаблівасцямі, паводле якіх кусок больш ужывальнае, чым кус. Неабходна адзначыць, што, як і ў выпадку са словам кавал, пашыралася менавіта значэнне ’частка цэлага’. Аб этымалогіі гл. кавал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)