ЛЕНАРТО́ВІЧ (Lenartowicz) Тэафіль (27.2. 1822, Варшава — 3.2.1893),

польскі паэт, скульптар. Друкаваўся з 1840-х г. З 1851 у эміграцыі. У 1879—83 выкладаў слав. л-ры ў Балонскім ун-це. Паэт. зб-кі «Польская зямля» (1848), «Ліра» (1855), «Новая ліра» (1859) прынеслі Л. славу «мазавецкага лірніка». У вершах выкарыстоўваў матывы і інтанацыі фалькл. песень, перадаваў каларыт сял. жыцця, прыгажосць вясковых краявідаў. Рэліг. ўяўленні народа адлюстраваў у паэмах «Захапленне» (1851) і «Блаславенная» (1854). Тэма паўстання 1794 у паэме «Рацлавіцкая бітва» (1859). Пад уражаннем паўстання 1863—64 напісаў паэму «Марцін Баралёўскі-Лялевель» (1864). Стварыў шэраг скульпт. партрэтаў і кампазіцый на гіст.-патрыят. і рэліг. тэмы, некаторыя з якіх упрыгожваюць італьян. касцёлы.

Тв.:

Wybór poezyi. Warszawa, 1991.

Літ.:

Źięba M. Liryka Teolila Lenartowicza wobec pieśni ludowej. Wrocław, 1983.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕС (Milles) Карл (23.6.1875, Лага, каля г. Упсала, Швецыя — 19.9.1955),

шведскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і вячэрніх класах тэхнікума разьбы па дрэве (1892—97), Парыжы ў акадэміі Каларосі (1897—1904), Мюнхене (1905—06). У 1920—31 праф. Каралеўскай АМ у Стакгольме. У 1931—51 працаваў у ЗША. Зазнаў уплывы А.Радэна, сярэдневяковай пластыкі, грэч. архаікі. З канца 1910-х г. звярнуўся да манумент.-дэкар. скульптуры, якую імкнуўся звязаць з арх. і прыродным асяроддзем. Фантанныя кампазіцыі вылучаюцца складанасцю пабудовы, пышнасцю форм, маляўнічасцю, у стварэнні якой вял. ролю адыгрываюць вадзяныя струмені: «Водбліск сонца» (1918), «Арфей» (1936), «Чалавек і Пегас» (1949; усе ў Стакгольме), «Пасейдон» (1930, г. Гётэборг), «Сустрэча вод» (1940, г. Сент-Луіс, ЗША). Аўтар манумента «Рука бога» (1954, Стакгольм).

К.Мілес. Чалавек і Пегас. 1949.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) з Аргаса, старажытнагрэчаскі скульптар і тэарэтык мастацтва 2-й пал. 5 ст. да н.э. Адзін з вядучых прадстаўнікоў высокай класікі. Працаваў у Аргасе. Творчасць вызначаецца імкненнем да маст. нарматыўнасці, што выявілася ў яго сачыненні «Канон» (захаваліся 2 фрагменты). Пад уплывам Піфагора спрабаваў матэматычна абгрунтаваць і ўвасобіць ідэальныя прапарцыянальныя суадносіны фігуры чалавека, стварыць узвышаны гарманічны вобраз грамадзяніна поліса. Статуі, якія вызначаліся цяжкавагавасцю прапорцый, унутр. дынамікай, абагульненасцю і класічнай яснасцю пластыкі, свабоднай ураўнаважанай кампазіцыйнай пабудовай, не захаваліся і вядомы паводле рым. копій і сведчанняў ант. аўтараў: «Дарыфор» («Кап’яносец», каля 440 да н.э.), «Параненая амазонка» (каля 440—430 да н.э.), «Дыядумен» (каля 420—410 да н.э.), хрысаэлефанцінная статуя Геры ў свяцілішчы Гераён у Аргасе і інш.

Паліклет. Параненая амазонка. Рымская мармуровая копія. Каля 440—430 г. да н.э.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РМЕКЕ (Permeke) Канстан (31.7.1886, г. Антверпен, Бельгія — 4.1.1952),

бельгійскі мастак; вядучы прадстаўнік бельг. экспрэсіянізму. Вучыўся ў АМ у г. Гент (1904). У 1909—12 узначальваў «2-ю групу» бельг. маст. латэмскай школы. Для ранніх твораў характэрны пошукі выразных сродкаў праз аналіз мясц. мастацтва: «Зіма ў Фландрыі» (1.912), «Мацярынства» (1913). Пазней працаваў у рэчышчы экспрэсіянізму: «Чужы», «Мяснік» (абодва 1916), «Аматар сідру» (1917), «Едакі бульбы» (1935). Творам (марыны, выявы сялян і рыбакоў, аголеная натура), выкананым у шырокай манеры з насычаным каларытам, уласцівы жывапісная экспрэсія ў кантрасце з цяжкавагавасцю форм, трагізм светаўспрымання, містычная напружанасць маст. бачання. З 1935—36 працаваў і як скульптар («Галава Хрыста», 1936, і інш.).

Літ.:

Алпатов М.В. Пейзажи К. Пермеке // Алпатов М.В. Этюды по истории западноевропейского искусства. 2 изд. М., 1963.

К.Пермеке. Едакі бульбы. 1935.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛО́Н (Pilon) Жэрмен (1536—37, Парыж — 3.2.1590),

французскі скульптар і медальер; прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў П.​Бантана. Працаваў у Парыжы. З 1572 гал. кантралёр Каралеўскага манетнага двара. У ранні перыяд зазнаў уплыў Ж.Гужона. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю, тонкай рытмічнасцю, мяккасцю пластычнай формы (група «Тры грацыі» для урны з сэрцам Генрыха II, 1563, і інш.). З 1570-х г. у творах узмацнілася эмац. драматычнасць і напружанасць вобразаў («Маці Божая Засмучаная», 1586, і інш.). Майстар-партрэтыст: скульптуры грабніцы Генрыха II і Кацярыны Медычы ў абацтве Сен-Дэні (1563—70), бюст Генрыха II (1570—75), надмагілле Валянціны Бальбіяні (1583), надмагільная статуя канцлера Рэнэ дэ Бірага (1583—85) і інш. У медалях віртуозную прапрацоўку дэталей спалучаў са строгай гармоніяй кампазіцыі (медалі з партрэтамі Генрыха III, Карла IX, Кацярыны Медычы і інш.).

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЮЖЭ́ (Puget) П’ер (хрышчаны 16.10.1620, г. Марсель, Францыя — 2.12.1694),

французскі скульптар, жывапісец і архітэктар; прадстаўнік барока. Вучыўся скульптуры ў Ж.​Рамана. У 1640—43 жыў у Італіі, дзе займаўся пераважна жывапісам пад кіраўніцтвам П’етра да Картоны. Працаваў у Тулоне, Марселі, Парыжы, Генуі. Скульпт. творы вызначаліся яснасцю кампазіцыі, экспрэсіўнасцю вобразаў, пераканаўчасцю перадачы фізічнага напружання і пакут: 2 паўфігуры атлантаў, якія падтрымліваюць балкон ратушы ў Тулоне (1656—57), «Гальскі Геркулес» (1660—61), «Св. Себасцьян» у царкве Санта-Марыя ды Карыньяна ў Генуі (каля 1661—67), «Мілон Кратонскі» (1672—82), «Аляксандр Македонскі і Дыяген» (1681—92), «Персей і Андрамеда» (1683—84), «Чума ў Мілане» (1692—94) і інш. Жывапісу ўласцівы энергічны каларыт: «Хрыстос Выратавальнік свету» (1665) і інш. Аўтар арх. праекта перабудовы Марселя (1660-я г., не ажыццёўлены).

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРКСЯ́Н Ара Мігранавіч (7.4.1902, г. Стамбул, Турцыя — 14.6.1969),

армянскі скульптар. Нар. маст. СССР 1963. Правадз. чл. АМ СССР (1958). Скончыў маст. школу ў Канстанцінопалі (1921) і АМ у Вене (1924). З 1945 выкладаў у Ерэванскім маст.-тэатр. ін-це (з 1947 праф.). Адзін з заснавальнікаў армянскага філіяла Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Творы вызначаюцца яркасцю псіхал. характарыстык, строгім лаканізмам форм: помнікі С.​Спандарану (1927), Н.​Сцепаняну (1950) і А.​Туманяну (1957) у Ерэване, С.​М.​Кіраву ў Ванадзоры (1942), У.​І.​Леніну ў г. Камо (1959), партрэты хлопчыка (1922), А.​Мелік-Пашаева (1934), А.​Джывелегава (1942), Спандарана (1947), Т.​Тараманяна (1950), С.​Шаўмяна (1952) і інш. Аўтар рэльефу для помніка героям майскага паўстання ў г. Ленінакан (цяпер г. Гюмры, 1930—31).

А.Сарксян. Рэльеф помніка героям майскага паўстання ў Ленінакане. 1930—31.

т. 14, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМАШКЕ́ВІЧ Раман Мацвеевіч (1904, в. Лебедзева Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

бел. жывапісец, графік, скульптар. Скончыў бел. гімназію і маст. студыю ў Вільні, Віцебскі маст. тэхнікум па класе скульптуры і жывапісны ф-т Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Удзельнік 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1930). У графічных і жывапісных работах адлюстроўваў побыт сялян, родную прыроду, а таксама сац.-рэв. тэматыку: «Даліна ракі Граматухі. Алтай», «Коннік на белым кані», «Белыя кветкі», «Галадоўка палітзняволеных у Лукішскай турме», «На этапе», «Паны забіраюць апошнюю карову», «Бойка з секвестратарамі», «Здзек паліцыі». Аўтар групавога партрэта М.​Галадзеда, М.​Гікалы і А.​Александровіча, партрэтаў А.​Грыневіча, В.​Таўлая, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. Выканаў скульпт. кампазіцыю «Юны змаганец».

Літ.:

Ліс А. Пякучай маланкі след. Мн., 1981.

А.​С.​Ліс.

т. 14, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ДАЎ (Schadow),

сям’я нямецкіх мастакоў канца 18—19 ст.; бацька і сын. Нарадзіліся ў Берліне.

Іаган Готфрыд (20.5.1764—27.1.1850), скульптар; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Берліне, Рыме (1785—87). З 1788 кіраваў прыдворнай скульпт. майстэрняй у Берліне. З 1805 віцэ-дырэктар, з 1815 дырэктар Берлінскай АМ. Творы вылучаюцца пластычнай і эмацыянальнай раскаванасцю (квадрыга з фігурай Перамогі на Брандэнбургскіх варотах у Берліне, 1788—94), часам індывідуалізацыяй вобразаў («Кронпрынцэса Луіза і прынцэса Фрэдэрыка», 1795—97). Вядомы таксама як графік і тэарэтык мастацтва. Фрыдрых Вільгельм (6.9.1788—19.3.1862), сын Іагана Готфрыда, жывапісец-рамантык; адзін з заснавальнікаў Дзюсельдорфскай школы жывапісу. Неаднаразова наведваў Рым (выканаў фрэскі на сюжэты легенды пра Іосіфа ў доме Бартольдзі, 1816—17). З 1819 праф. Берлінскай АМ, у 1826—59 дырэктар АМ у Дзюсельдорфе.

І.Г.Шадаў. Кронпрынцэса Луіза і прынцэса Фрэдэрыка. 1795—97.

т. 17, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУБО́НІС (Jokübonis) Гедзімінас Альбіна (н. 8.3.1927, г. Купішкіс, Літва),

літоўскі скульптар. Засл. дз. маст. Літвы (1965). Нар. маст. СССР (1987). Правадз. чл. АМ СССР (1983). Скончыў Маст. ін-т Літвы ў Вільнюсе (1951). З 1964 выкладае ў Літ. АМ (з 1974 праф.). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Творы вызначаюцца нац.-рамант. пафасам, абагульненасцю форм, энергічным выяўленнем пластычнай структуры аб’ёму: партрэты Й.​Янулёніса (1962), Ю.​Венажынскіса (1964), помнікі ахвярам фашызму ў в. Пірчупіс (1960), У.​Леніну ў Маскве (1967), Майронісу ў Каўнасе (1977), А.​Міцкевічу ў Вільнюсе (1984), князю Вітаўту для касцёла ў Каўнасе (1991) і ў г. Пірштонас (1997), А.​Баранаўскасу ў г. Сейны (Польшча, 1999) і інш. Дзярж. прэмія Літвы 1960. Ленінская прэмія 1963.

Г.Якубоніс. Маці. Мадэль фігуры да помніка ахвярам фашызму ў в. Пірчупіс. 1960.

т. 18, кн. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)