САРКСЯ́Н (Ара Мігранавіч) (7.4.1902, г. Стамбул, Турцыя — 14.6.1969),
армянскі скульптар. Нар.маст.СССР 1963. Правадз.чл.АМСССР (1958). Скончыў маст. школу ў Канстанцінопалі (1921) і АМ у Вене (1924). З 1945 выкладаў у Ерэванскім маст.-тэатр. ін-це (з 1947 праф.). Адзін з заснавальнікаў армянскага філіяла Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Творы вызначаюцца яркасцю псіхал. характарыстык, строгім лаканізмам форм: помнікі С.Спандарану (1927), Н.Сцепаняну (1950) і А.Туманяну (1957) у Ерэване, С.М.Кіраву ў Ванадзоры (1942), У.І.Леніну ў г. Камо (1959), партрэты хлопчыка (1922), А.Мелік-Пашаева (1934), А.Джывелегава (1942), Спандарана (1947), Т.Тараманяна (1950), С.Шаўмяна (1952) і інш. Аўтар рэльефу для помніка героям майскага паўстання ў г. Ленінакан (цяпер г. Гюмры, 1930—31).
А.Сарксян. Рэльеф помніка героям майскага паўстання ў Ленінакане. 1930—31.