МІ́ЛЕС ((Milles) Карл) (23.6.1875, Лага, каля г. Упсала, Швецыя — 19.9.1955),
шведскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і вячэрніх класах тэхнікума разьбы па дрэве (1892—97), Парыжы ў акадэміі Каларосі (1897—1904), Мюнхене (1905—06). У 1920—31 праф. Каралеўскай АМ у Стакгольме. У 1931—51 працаваў у ЗША. Зазнаў уплывы А.Радэна, сярэдневяковай пластыкі, грэч. архаікі. З канца 1910-х г. звярнуўся да манумент.-дэкар. скульптуры, якую імкнуўся звязаць з арх. і прыродным асяроддзем. Фантанныя кампазіцыі вылучаюцца складанасцю пабудовы, пышнасцю форм, маляўнічасцю, у стварэнні якой вял. ролю адыгрываюць вадзяныя струмені: «Водбліск сонца» (1918), «Арфей» (1936), «Чалавек і Пегас» (1949; усе ў Стакгольме), «Пасейдон» (1930, г. Гётэборг), «Сустрэча вод» (1940, г. Сент-Луіс, ЗША). Аўтар манумента «Рука бога» (1954, Стакгольм).